КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Штрых-код адзіноты

Крочыш па Лябірынце эмоцыяў. Ты памятаеш, што гэта тваё працоўнае месца? Ага. Калідор пусты. У актавай залі гучыць павольная музыка і анёльскія сьпевы.

У цішы над зямлёй
У эфіры начным
Чысты голас гучыць
Так пяе херувім


Песьня на словы Зянона Пазьняка. Так проста пасярод выкручанай зімы, наваротаў дзяржаўнай ідэалёгіі і прыправак да крымінальнага кодэксу. Ірэальнасьць - наша Радзіма. Нібыта дзяўчынка Аліса, ты хочаш адкусіць кавалачак чароўнага грыба, абы хоць нештачка перамянілася: ці то навокал, ці то ў табе самім. Але па-першае, Аліса зь цябе, як з Набокава Багдановіч. А па-другое, ніякіх грыбоў, апроч шампіньёнаў у мамінай салянцы, няма, дый унутраны цэнзар (ці ўсё такі Цэзар?) не дае твайму хаценьню найменшай папусткі. Таму нічога не зьмяняецца. Толькі ірэальнасьць множыцца ў такіх прагрэсіях, што ня сьнілася ні Фройду, ні Бабкову. Без "Хазарскага слоўніка" нікуды. Штодзённы шлях праз торжышча. Сёньня ён аздабляецца монаспэктаклем кветачніцы. Яна тэлефануе свайму пэрсанальнаму Чапліну, разоў сорак узгадвае усходнеславянскі penis на літару "х" і спрабуе адчыніць пры гэтым дзьверы сваёй крамкі, манэрна стукаючы ў іх нагой. Мінакі, нібы сапраўдныя апошнія, сьмяюцца. Але ты чамусьці пэўны, што празь якіх 18 гадзін у яе з Чаплінам усё будзе добра. І па-славянску, і па-лацінску, і па-старжытнаіндыйску.

Ці будзе штосьці добрае ў цябе, бадай ня ведае сам усемагутны Алах. Бо ад добрага лепшага не шукаеш. Бо на простыя рашэньні не наважваешся. Дык жа зусім эгаістычна адпрэчваеш тых, хто не спазнаў узаемнасьці, пасьмеўшы займець ласку да цябе. "Давай пасьля Лябірынту сходзім куды-небудзь", - прапаноўвае адна. Ну што ты можаш ёй адказаць на гэта? Нічога. Якімі думкамі пра шчасьцейка падзяліцца? Ніякімі. Бо шчасьце, бо долю ня ў гэтым ты бачаш. А шчасьце, а доля - гэтая абаяльная дзяўчынка - глядзіць табе ў вочы, усьміхаецца і дасылае чародную SMS-ку пра "нармалёк" ці "дасягнуты эфэкт". І большай уцехі душы непатрэбна. Бо ілюзорнасьць, бо ірэальнасьць.

А праўда якая? Шэрая ў блёстачках. Даведваешся, як двух тваіх шчасьлівых сяброў кідаюць іх дзеўчыны. Кідаюць зьнянацку, дарма што ўсё ў іхных стасунках здавалася до безобразия стабільным. "Я відзеў душы стабільныя", - уздыхнуў бы на новы лад клясык. Ты ж нават і словаў ніякіх для падтрымкі не знаходзіш. Многага ня скажаш. Асабліва не супакоіш. Вялікія хлопчыкі самі ўправяцца з часовым клопатам адзіноты. Хлопчыкі ня плачуць. А слёзы от ветра, а слёзы от пепла... Адзін знойдзе сабе чулую панімаюшчую студэнтку-старшакурсьніцу, другі - харошую настаўніцу аматарку карпаратыўных вечарынак. І ўсё будзе зупэргут і фантастыш. Пакуль жа фантастыкай глядзяцца раптоўныя кветкі ад іншых маладажонаў ля помніка Кірылу Тураўскаму ў цэнтры твайго любадайнага горада. І зайздрасьць даймае з тае прычыны, што падобную традыцыю запачаткаваць давялося не табе. Ты ж знаеш у каго трэба набываць кветкі, каб ужо дакладна па-ўсходнеславянску атрымалася.

сярэдзіна сьнежня, 2005 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.