Вы ня ведаеце, хто такі Эдды Клонц (Eddie Clontz)?

Эдды Клонц быў ці ня самым буйным містыфікатарам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Магчыма, вы сапраўды ніколі ня чулі гэтага імя, але хутчэй за ўсё знаёмыя з прадуктамі яго фантазіі і фантазіі супрацоўнікаў
"Weekly World News", рэдакатарам якой быў Клонц. Гэтае, безумоўна "жоўтае", выданьне сталася крыніцай сэнсацыйнай інфармацыі і творчага натхненьня для таблёідаў усёй плянэты. Калі вам патраплялася інфармацыя, што прэзыдэнт ЗША Абрагам Лінкальн быў насамрэч жанкою, якую застрэліў ейны палюбоўнік, то бяз цяжкасьці зразумееце галоўны прынцып містэра Клонца: неймаверна ўразіць чытача ў любы спосаб. Так ён распавёў амэрыканцам, што ў іх садох можа таіцца небясьпека, бо пад выглядам традыцыйных статуяк гномаў дзе-нідзе хаваліся ісламскія тэрарысты-карузьлікі. У нахабнасьці ілжы Клонц не саступаў Гёбэльсу. Аднак, калі Гёбэльс выкарыстоўваў выключную хлусьню ў ідэалягічных мэтах, дык хлусьня клонцаўскай газэты больш дурасьлівая, гарэзьлівая. Нібыта ў падлетка-вырваса, катораму жадаецца пацешыць сяброў. Здаровы глузд, здаецца, ніколі не паверыў бы ў заклік аб стварэньні прытулку для духаў памерлых дзяцей. Але цэлыя груды лістоў (відавочна рэальных, а ня выдуманых) на адрас рэдакцыі выказвалі жаданьне ўсынавіць фантомчыкаў-бедачын.

А ці магло б адбыццца нешта падобнае ў беларускіх забаўляльных мэдыях? Ці здатны сёньня які-кольвек "жоўты" выдавецкі праект, грунтуючыся на беларускім матар'яле, прэзэнтаваць нашай публіцы першаклясную хлусьню аля "Weekly World News"? Хіба што часткова. Адныя негатовыя, бо галавою знаходзяцца ў Расеі. Іншыя і хацелі б, ды асьцерагаюцца таго, што публіка іх не зразумее да канца, нават у выпадку поўнай расейскамоўнасьці такога гіпатэтычнага выданьня. Чаму? Каб містыфікаваць, напрыклад, беларускую гісторыю, трэ' быць пэўным, што шырокая аўдыторыя здольная ўбачыць сэнсацыю ў нестандартнай інтэрпрэтацыі гістарычных сюжэтаў. А для гэтага яна (аўдыторыя) павінна хоць збольшага знацца ў сюжэтах стандартных. Інфармацыйна-адукацыйная прастора ў Беларусі пабудавана такім чынам, што па сканчэньні сярэдняй школы юны грамадзянін мае даволі цьмянае ўяўленьне аб гісторыі сваёй краіны. Пра беларускую гісторыю падлетак чуе пераважна ў школе, а па-за школай папулярныя інфармацыйныя плыні зьліваюць ім на галаву амаль суцэльную маскоўшчыну.

Добра, калі хоць на рэшткавым узроўні памяці, захоўваюцца імёны трох-чатырох беларускіх гістарычных асобаў. І калі зараз вярнуцца да нашага гіпатэтычнага таблёіда, то загалоўкі кшталту "Ластоўскі вырваўся з лапаў НКВД і аж дасёньня жыве ў полацкіх лябірынтах" пакуль паявіцца ня могуць. Мала хто памятае пра таго Ластоўскага. А аддаваць лішнюю газэтную плошчу для чыстага асьветніцтва ня будзе нават "бульварка", якая друкуеца 12 памерам шрыфта гарнітуры "Times New Roman". Больш рэальнымі насёньня маглі б стаць артыкулы з назвамі "Янку Купалу забіў полтэргейст" ці "Машэрава скралі іншаплянэтнікі". Ахвочых верыць ці, прынамсі, цешыцца з гэтых баек знайшлося б ня так і мала, як можа падумацца.
Беларусь мае сваю пэўную містыфікатарскую традыцыю. Беларускім летапісцам даводзілася містыфікаваць раньнюю гісторыю Вялікага княства Літоўскага, прыдумляючы рымскі радавод шляхцкага стану. Адбывалася гэта, зразумела, не ад вірлівай фантазіі, а ад мусовасьці выконваць палітычную замову.

Цікава, што "Кроніка Быхаўца", рукапісная копія якой захоўвалася ў гісторыка-рамантыка Тэадора Нарбута пэўны час выклікала падозраньні ў несапраўднасьці. Падозраньні нарадзілася не без дай прычыны: Нарбут у сваіх працах часьцяком даваў спасылкі на непраўдзівыя або цалкам выдуманыя крыніцы, кшталту Раўданскай кронікі. Этнограф Павал Шпілеўскі, выдаючы адукаваным чытачам Расейскай імпэрыі зьвесткі аб перажытках язычніцтва ў Беларусі, на столькі моцна заблытаў сапраўдныя назіраньні і ўласныя прыдумкі, што аж дасюль навукоўцы ня могуць толкам разабрацца. Між тым гаворка ідзе пра імавернасьць таго, што ён выдумаў і наўмысна ўвёў у беларускі этнографа-гістарычны кантэкст "народныя ўяўленьні" пра Каляду, Купалу, Ладу, Лёлю, Ярылу. Акром таго Шпілеўскі "з вуснаў народа" "даведаўся" і паведаміў навуковай грамадзе легенду пра тое, што паэт "Авідый жыў колісь ля цяперашняга г. Пінска ў пячоры, на высокім узгорку", куды яго выслалі з Рыму за дзёрзкасьць паэзіі. Далей у лес, дык болей труску: містыфікатар выказаў гіпотэзу, што свае "Мэтамарфозы" Авідый напісаў спачатку на "польска-пінскай ці беларускай гаворцы", а толькі пазьней пераклаў на лаціну.
Магчыма, што некаторыя містыфікацыі застаюцца не раскрытымі, бо прага аб'ектыўнай ісьціны натыркаецца на супраціў нацыянальнай традыцыі. Так не выключаецца імавернасьць таго, што Паўлюк Багрым ня быў аўтарам хрэстаматыйнага "Зайграй, зайграй, хлопча малы" дый наагул вершаў не пісаў. Між вершам і дакумэнтальнымі матар'яламі сялянскага бунту ў Крошыне (1828 г.) ёсьць супярэчлівасьці. Бацька Паўлюка ўдзелу ў бунце ня браў, тады як у вершы цьвердзіцца, што ён "кіямі забіты". Зразумела гэта можна патлумачыць як паэтычны вобраз. Але задужа гэты верш увязваецца з канонамі рамантызму (вобразы ваўкалака, каршуна, кажана), каб сапраўды паверыць, што яго напісаў шаснаццацігадовы сялянскі дзяцюк, пагатоў у сталым веку яго паэтычны талент ніяк не праявіўся. Беларускія гісторыкі з Польшчы Алег Латышонак і Яўген Мірановіч лічаць, што твор быў напісаны ў 50-х гг. ХІХ ст. кімсьці іншым. Хутчэй за ўсё верш выйшаў з кола Ўладзіслава Сыракомлі. Містыфікацыя ж адбылася, верагодна, з жаданьня атрымаць хоць бы кволы цень свайго Шаўчэнкі.
"Мэмуары" Альгерда Абуховіча пазыцыянуюцца нашымі гісторыкамі літаратуры як адзіныя беларускамоўныя ўспаміны ХІХ ст. Арыгінал "Мэмуараў" не захаваўся, а адзінай крыніцай тэксту зьяўляецца публікацыя 1916 г. пад назвай "З папераў Альгерда Абуховіча" у газэце "Гоман", рэдактарам якой быў Вацлаў Ластоўскі.

Літоўскі дасьледчык літаратуры У.Абрамавічус у складзенай ім бібліяграфіі беларускай літаратуры ХІХ ст. (1949) назваў гоманаўскую публікацыю перакладам з польскае на беларускую. Калі чытаеш гэтыя "Мэмуары", то немінуча выходзіш на думку, што іх мова больш літаратурная, чым мова "Нашай Нівы" 1906 г. Але такая літаратурнасьць магла быць цалкам верагоднай менавіта ў 1916 г. пасьля нашаніўскага дзесяцігодзьдзя і досыць значных посьпехаў тагачаснага беларускга пісьменства. Верагодна, што часткова ці поўнасьцю пераклад зрабіў рэдактар "Гомана". Ускосна гэта пацьвярджаецца "Расійска-крыўскім", дзе Ластоўскі спасылаецца на "паперы Абуховіча", цытуючы іх па-польску. У выпадку слушнасьці такой думкі можна сьцьвярджаць, што гэта самая ўдалая, хай можа і частковая, містыфікацыя, якую зрабіў Ластоўскі. Ягоны верш "Песьня а князю Вітаўце" (1916, 1923) быў своеасаблівай мягкай містыфікацыяй без прэтэнзіі на тое, каб ёй нехта паверыў. Нездарма ён удакладняў, што гэта твор "на страбеларускія матывы". Між тым і сярод сучасьнікаў Ластоўскага і сярод нашых сучасьнікаў былі і ёсьць тыя, хто прымаў і прымае "Песьню" за тэкст ХV ці ХVІ ст. Сваім часам пра сапраўднасьць верша гаварыў Рамуальд Зямкевіч. Сёньня арыгінальнасьць твора прапагандуе лідэр гурта "Стары Ольса" Зьміцер Сасноўскі. За малым застанецца "адшукаць" рукапісы вершаў Рагнеды Рагвалодаўны ці Лазара Богшы...
А што ж газэты?

Самай буйной газэтнай містыфікацыяй у гісторыі Беларусі мабыць варта лічыць "качку" пра "Лігу вольнае любові", якую запусьціла ў красавіку 1908 г. менская "Окраина". Губэрнскія журналісты з удаваным абурэньнем цытавалі рукапісны статут няіснай таемнай араганізацыі, паведамляючы, што ейныя сябры імкнуцца аднавіць старажытны ідэал фізычнага хараства, любові і асалоды, а новыя адэпты Лігі вэрбаваліся толькі зь ліку выхаванцаў сярэдніх навучальных установаў. Пад канец свайго артыкула "акраінцы" зьвярнуліся да сваіх чытачоў зь пільнай просьбай - даць рэдакцыі любую дадатковую інфармацыю пра Лігу. Журналісцкая фантазія гарманічна спалучылася з чытацкай. Новыя нумары "Окраины", а таксама некаторых іншых газэт ("Минское слово", "Минский курьер") красавалі падрабязнасьцямі з жыцьця вычварэнскай Лігі. На газэтных палосах распавядалася, што "Ліга вольнае любові" мела тры зборных пункты ў розных частках Менска, што сябры Лігі на сваіх сходах учыняюць звальны блуд, што арганізацыя мае адмысловы грашовы фонд для сваіх удзельніц на выпадак іх цяжарнасьці і г.д. Гамарня вакол гэтых публікацыяў была значная. Здаецца, што менавіта зь Менску містыфікацыя разьляцелася па ўсіх кутках Расейскае імпэрыі, дзе газэтнікі сталі "выкрываць" падобныя суполкі ў сваіх гарадах. Даходзіла да разьбіральніцтваў і судовых зыскаў (менскі віцэ-губэрнатар, напрыклад, падаў у суд на "Минский курьер").
З найноўшай гісторыі беларускіх мэдыяў удалай масавай містыфікацыяй (не бяром у разьлік прапагандыскі хлуд) можна назваць першакрасавіцкі жарт праграмы "Беларуская маладзёжная" на Беларускім радыё ў пачатку 1990-х гг. Вядоўцам ня трэ' было выдумляць пінскага Авідыя: яны проста паўтаралі зь нейкім часавым інтэрвалам, што неўзабаве ў этэры прагучыць важнае ўрадавае паведамленьне. Сытуацыя ў краіне тады была няпэўнай, і ладная бальшыня слухачоў замерла ля радыёкропак (клятых FM-аў яшчэ не было!) у трывожным чаканьні. Журналісты "Беларускай маладзёжнай" атрымалі тады па шапцы ад начальства і мусілі колькі разоў перапрашацца перад разьюшанай слухацкай аўдыторыяй, якая даведалася, што зь ёй усяго толькі жартавалі.
Ці зьявяцца наступнікі гэтай пакручастай традыцыі? Ці зьявіцца беларускі Клонц, які прымусіць напаўняць сваімі выдумкамі таблёіды, калі не ўсяго сьвету, дык прынамсі роднай Беларусі? Яшчэ пару гадоў таму, калі пісалася першая вэрсія гэтага артыкула, падобныя пытаньні здаваліся чыста рытарычнымі. Тое, што землякі прагнуць дзівосаў і гатовыя ў іх безаглядна верыць, давялося зазнаць на ўласнае шкуры. Неаднойчы выпадала назіраць, што пэўная маса чытачоў не дала рады разгледзіць містыфікацыю ў маіх творах пра беларускіх
аднарогаў ці
фэніксаў. Адзін дзядзька ўвогуле адмыслова расшукаў мой тэлефон, каб толькі спытаць, ці ня маю я фатаграфіі фэнікса, расстралянага расейскім карнікамі ў 1863 г., пра якую ўзгадваў у сваім опусе. І якой жа зьбянтэжанасьцю веяла ад павіслага ў слухаўцы маўчаньня пасьля таго, як я патлумачыў, што ўся гісторыя беларускіх фэніксаў ёсьць суцэльнай прыдумкай, містыфікацыяй!
Сёньня ж ёсьць усе падставы казаць, што беларуская тэматыка пачынае па-троху выкарыстоўвацца бульварнымі выданьнямі.

Яўным лідэрам тут стала менская "Аналитическая газета: Секретные исследования", якая мае шырокую чытацкую аўдыторыю ня толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы. Выданьне часьцяком зьвяртаецца да гісторыі Беларусі, прэзэнтуючы нестандартную яе інтэрпрэтацыю зь яўным дамешкам містыфікатарскага рамантызму. Аўтары стараюцца здавацца разважлівымі і, канечне, ня пішуць, што крыжакі прайгралі Грунвальдзкую бітву з-за таго, што ў вялікага князя Вітаўта была на ўзбраеньні чароўная
папараць-кветка. Аднак ня могуць не зьдзіўляць зьвесткі пра адсутнасьць у Вялікім княстве Літоўскім прыгоннага права, пра тое, што ў езуіцкіх навучальных установах Беларусі ХІХ ст. панавала беларуская мова, а ў бібліятэках захоўваліся шматлікія кнігі, напісаныя беларускай лацінкай, пра дзевяцігадовую ліцьвінскую акупацыю Масковіі пасьля паходаў вялікага князя Альгерда, пра тое, што ўсе канцлеры ВКЛ былі з паходжаньня беларусамі... Пералік дзіўнот (чытай: містыфікацыяў) можна доўжыць а доўжыць. Хаця рэдакцыя і прэтэндуе на годнасьць апошняй інстанцыі спадарыні Ісьціны, робіць яна гэта ў самаіранічным фармаце, гуляючы. Магчыма гэтая гульня і прываблівае чытачоў. Застаецца дачакацца таго часу, калі многія з носьбітаў розных рэдакцыяў беларускай нацыяанльнай ідэі перастануць зацыклівацца на завядзёнцы голага
беларусаманскага асьветніцтва і прапануюць масам захапляльную гульню.
сьнежань 2004 - люты 2007 г.
Выказваньні чытачоў
ВОжЫК 7.02.2007. 22:44
Эпахальна, аднак:)
З цікавасьцю прачытаў.
ЗЫ. А пра Вашыя містыфікацыі - як бы намякаецца артыкулам? ;)
Балахонаў 7.02.2007. 23:23
Дзякуй. Тут не намёкі, тут наўпростыя спасылкі, як і падабаець Паўсюднму Самазамілаванаму чэлу ;)