КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЦЯЖНАЯ

 ЛЮБОЎ НАРОДНАЯ: АРТЫКУЛЫ, ІНТЭРВІЮ, ГУТАРКІ, ДОПІСЫ

«Я – подзаборник, циник и ёрник…»

Натрапіла я сёння на артыкул Л. Сіньковай пра раман С. Балахонава "Імя ружы", і гэты артыкул выклікаў у мяне столькі недаўмесек, што не магу не падзяліцца. ЖЖшка ў мяне ціхая і мірная, і калі раптам здарыцца цуда і на мяне пасыплюцца гаршчкі з кветкамі, магу адразу пазласлівіць: а я, між іншага, у назве сваю пазіцыю патлумачыла.

А сам артыкул – тута.

Першую, тэарэтычную, тбм, частку артыкула я пакіну па-за ўвагай, бо сёння мяне больш цікавіць, як даследчыца ацэньвае раман “Імя грушы”. Не, не пакіну. Вельмі вось пра гэта хочацца пагаварыць: “Як вядома, постмадэрнізм ігнаруе аксіялогію, затое пастулюе гульню, іронію, кантамінацыі рознаўзроўневых цытат”, піша Л. Сінькова. То бок пляваць постмадэрнізм хацеў на каштоўнасці. Нават калі ўявіць сабе, што постмадэрнізм увогуле можа мець нейкія дачыненні з каштоўнасцямі, з’яўляецца пытанне: на чые каштоўнасці ён хацеў пляваць? На каштоўнасці сусветнай літаратуры? На каштоўнасці асобна ўзятага беларускага народа? На каштоўнасці Л. Сіньковай? А калі ўявіць, што каштоўнасці Л. Сіньковай посмадэрнізм не хвалююць? Што ў яго – вось жа – свае каштоўнасці! Якія цудоўна сябруюць з каштоўнасцямі Сяргея Балахонава і разам з імі ходзяць на піва? Усё, пагаварыла.

А цяпер пра ацэнку рамана “Імя грушы”. Першае, што выклікае пярэчанне – гэта азначэнне С. Балахонава як пісьменніка, для якога важнае “імкненне не абцяжарваць чытача асаблівымі інтэлектуальнымі высілкамі”. Безумоўна, любы шараговы, хай сабе і беларускамоўны, чытач кожны дзень абцяжарвае сябе перачытваннем Шпілеўскага, Вярыга-Дарэўскі для яго – увогуле папса, а любыя намёкі на Ластоўскага і Эка ён ловіць з першае фанемы.

Яшчэ адна фраза, якая выклікае пярэчанне: “Вяртаючыся да рамана Умберта Эка, адзначым, што калі б не рыфма «ружы» – «грушы», то, магчыма, чытач і не згадаў бы ў сувязі з творам С. Балахонава, гісторыка ХІХ ст., славуты ўзор медыявіста Эка” – выклікае хаця б таму, што сама даследчыца пасля яе ж і абвяргае, згадваючы пра “сімволіку з выдуманай кнігі “Мэнкі джаханнам” і наўпростую адсылку да Эка. Зрэшты, спіс гэты можна падоўжыць. У студэнцкія часы мы, помніцца, доўга разважалі на тэму, з чаго б гэта раман называецца “Імя ружы”, калі сама кветка згадваецца ў рамане раз ці два і разважалі, ці не сімулякр гэтая ружа. У рамане С. Балахонава грушы развешаныя дзе толькі можна наце, падавіцеся сваімі разважаннямі, але пытанне назвы чамусьці ад гэтага не здымаецца. Дарэчы, згадкі пра грушы ў эпіграфе даследчыца чамусьці назвала “глыбакадумнымі” (двукоссе не маё, а Л. Сіньковай) – як мінімум, маем тут усім апраўданую аўтарскую задуму, а таму двукоссе падаецца знакам памылковым. Такія “перазовы з Умберта Эка” даследчыца называе нешматлікімі і неагрэсіўнымі – безумоўна, “дасканалы крывіч” – гэта нашмат больш крыўдна, чым “мандавошка”, хаця ў любым выпадку далёка не так абражальна, як сам тэрмін “агрэсіўная алюзія”. Асноўная агрэсія пісьменніка закранае “сакральны дыскурс” – сакральны, то бок (глядзім у слоўнік) “рытуальныя, рэлігійны” альбо “крыжовы (у анатамічным значэнні)”. Не верыце – праверце. Антыклерыкал ён, ваш Балахонаў, вось ён хто.

Згадваючы пра “шкуцянку” як спосаб арганізацыі тэксту рамана, даследчыца забывае згадаць, што гэта яшчэ і спосаб самарэфлексіі, такі маленькі-маленькі кавалачак паэталагічнага складніка, і самарэфлексія гэтая таксама ёсць рысай бессаромнага постмадэрнізму. Гэта ж якая паслядоўнасць аўтара хоць крытыкаў пабаяўся б – яшчэ адзін мінус у карму цалкам мог бы і схапіць.

У апошнім сказе хочацца прычапіцца да ледзь не кожнага слова, а таму буду нахабна сунуць свае думкі ў дужкі: “Аднак у беларускім культурным кантэксце просталінейнае, выразна тэндэнцыйнае зніжэнне канцэптаў (якіх менавіта канцэптаў? У артыкуле казалася толькі пра алюзіі на Ластоўскага і Эка), якія замацаваныя ў сакральным дыскурсе (пра гэта ўжо казала), разбурае пэўнасць постмадэрнісцкага пісьма: аўтарскі стыль успрымаецца (кім успрымаецца? Даследчыцай? Я ўспрымаю гэту зорку спадарожнікам вооось той планеты) як агрэсіўна-ёрніцкі, дзе аксіялогія супраць волі аўтара (даследчыца прачытала волю аўтара? Дзякуй Богу, не апошнюю) і постмадэрнісцкіх «правілаў гульні» не толькі не элімінуецца, а, наадварот, выходзіць на першы план (дзе, ну дзе хоць крышачку казалася пра тое, што аксіялогія выходзіць на першы план? Ну давядзіце гэта, не кажыце галаслоўна; і дзе доказы таго, што зніжэнне канцэптаў разбурае пэўнасць постмадэрнісцкага пісьма?). Гэта правакуе чытача (тут мы мусім чытаць: даследчыцу, бо прыватна мяне, напрыклад, менавіта на гэта нічога не правакуе) ўвесь час трымаць у полі зроку апазіцыю «Ластоўскі – Балахонаў» з паслядоўнай дыскрэдытацыяй якраз сучаснага, а не класічнага, прэцэдэнтнага тэксту”.

І апошні сказ, так бы мовіць, парада старэйшага крытыка маладым літаратарам: “варта мець на ўвазе найперш стратэгічныя мэты, калі яны бяруцца за прэзентацыю беларускай ментальнасці, беларускай культуры ў свеце: ніякія сучасныя тэхналогіі не прыхаваюць брак інтэлігентнасці, якая апрыёры была ўласцівая беларускаму “краснаму пісьменству” ва ўсіх яго відах, жанрах, мастацкіх формах”. А гэта значыць: “толькі я ведаю праўду, а вы маўчыце і пішыце, як я вам кажу”. Думаю, наступным крокам мусіць зрабіцца выданне Падручніка “Як Трэба Пісаць Беларускую Літаратуру”, за невыкананне ўказанняў якога пісьменніку будзе дазволена... ну хіба што вучыць дзяцей гісторыі.

Публікацыя паводле: lady-z-shalomam.livejournal.com

Выказацца з нагоды прачытанага

Напісаць асабіста трымальніку сайта







Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.