Аксане Пятроўне Бязлепкінай ахвяруюУ Паўночных Афінах Агінскі
заляцаўся да пекнае кіскі:
прысьвяціў палянэз
і ў алькову залез,
каб любіць кіску ў рытмах Limp Bizkit.
У макдоне Міцкевіч Адам
піў ня колу – ліцьвінскі агдам,
піў за звычай стары,
заядаў бульбай-фры,
троху слэміў у зьзяньні рэклям.
Адна жаба Баршчэўскаму Яну
заявіла: “Ніколі ня стану
я князёўнай тваёй”.
Мусіў жабер-травой
суцішаць Ян душэўную рану.
Вудзіў рыбу аднойчы Чачот,
а русалкі хацелі пяшчот.
Ян трымаўся, як мог...
А пасьля яго блог
маляўнічы аздобіў аччот.
Гапары перастрэлі Манюшку:
“Слыш, мужык, дай табакі панюшку!”
А Манюшка ў адказ
гапарам збэцаў джаз,
паспускаўшы з насоў іхных юшку.
Далэнга-Хадакоўскі Зарыян
пад Гомелем знайшоў сьляды славян:
у падземных хадах
насьлядзілі, што жах,
тэкілу расьпівалі пад кальян.
Гісторык па прафэсіі, Лялевель
узяў аднойчы ў свае рукі гэбель.
З дрэў каштоўных парод
змайстраваў ён iPod,
што палічыў расейскі брат за небыль.
На замову раз Хруцкі Іван
маляваў не грыбы, а канкан
беларускіх паэтэс,
што здымалі танцам стрэс –
аж мастак зьведаў колькі нірван.
Агратур зладзіў Павал Шпілеўскі
І крычаў: “Цудны край мой палескі!”
Між балотных купін
журавінамі сплін
ён лячыў пад фантазіі ўсплескі.
Аднойчы Сыракомлю Ўладзіслава
спаткала вельмі прывідная слава:
пад яго супэр-гіт
дамы сьлёзы наўзрыд
лілі і дупцямі трусілі жвава.