КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЦЯЖНАЯ

 ПРОЗА: МІСТЫФІКАЦЫІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Эпісталярны жанр ХІХ стагоддзя

«Прашу дараваць, што так доўга не адказвала на апошні ліст»

Студзеня 19 д. 1865 г.

Шаноўны пане!

Прашу дараваць, што так доўга не адказвала на апошні ліст вяльможнага пана. Былі на тое дужа важкія прычыны. Самая галоўная з іх – гэта нечаканыя госці, што абрынуліся на нашу сядзібу, быццам з неба спалі. Шаноўны пан, пэўна ж, цудоўная разумее, што за клопат сягоння прымаць нязваных гасцей. І адмовіць – не адмовіш, і радавацца – не ўзрадуешся. Неяк перажылі мы тое гасцяванне і ўжо цешымся, што госці не паклікалі за сабой кагось з нас. А што ўпадабаную шаноўным панам грушу спілавалі, то неўзабаве наш пляменнік Вацлаў па прыездзе ў Вільню раскажа.

Што да нашага цяперашняга стану, то збольшага ён мала адрозніваецца ад звычайнай правінцыйнай паўсядзённасці. Так мала ў вясковым жыцці таго, што пісьменнікі і летуценнікі называюць ідыліяй. Сусед наш пан Сасноўскі прайграў заезнаму масквічу палову сядзібы, бочку саланіны і бутэльку “віна каметы”. Не ведаем, як гэтая справа пойдзе далей.

У Рудні высахла крыніца. Тая самая, паданні пра якую шаноўны пан запісваў ад сялян пазалетась. Ніхто не ў стане растлумачыць прычыну гэтага здарэння. Люд па старой звычцы наракае на чараўнікоў. Кажуць, што нават адну бабу-шаптуху ледзь не разарвалі, вінавацячы яе. Добра, што казакі блізка праязджалі. Не дазволілі ўчыніць самасуд, як гэта часцяком робіцца зараз у Паўночнай Амерыцы.

Зрэшты, бываюць і прыемныя моманты. Муж мой Канстанцін адшукаў у нашай бібліятэцы рукапісны томік сямнаццатага стагоддзя. Ён заваліўся за масіўныя фаліянты, што стаяць на верхніх паліцах. Выявілася, што маем справу са зборнікам кулінарных рэцэптаў. Пісаны ён на тутэйшай гаворцы са шматлікімі асаблівасцямі, якіх у сённяшняй жывой мове не сустрэнеш. Але ўсё чыста можна зразумець. Мы ўжо многае з тых рэцэптаў апрабавалі. Смаката! Спадзяюся, што шаноўны пан знойдзе вольную часіну і адведае нас як самы чаканы і вельмі паважны госць. Мяркую, што печаную гусь, накрыпаную блінцамі з грыбамі, арэхамі і іншымі прысмакамі пан ніколі не забудзе, як не забывае і нашай гасціннасці. Для сапраўдных гасцей наша брама заўжды адчынена! І радасць наша для іх сапраўды бязмежная!

Шаноўны пан пытаў у мінулым лісце, ці бытуюць сярод тутэйшых сялян песні са згадкамі пра мора. Толкам дазнацца пра гэта не выйшла. Толькі бандароўна Наста ўспомніла песню, дзе ёсць такія радкі:

Зыбнула мора, зыбнула,
Там наша Агатка ўтанула.


Як пан прыедзе да нас, то зможа запісаць усю песню. Можа, і яшчэ якая-небудзь адшукаецца.

З праўдзіваю і найглыбейшаю павагаю да вяльможнага панства застаёмся заўсёды іх вернымі і найніжэйшымі служкамі.


Эліза і Францішак Скарбоўскія
маёнтак Акшынка ў Магілёўскай губерні

Выказацца з нагоды прачытанага

Напісаць асабіста трымальніку сайта







Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.