|
КЛУБОК АРЫЯДНЫ
ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
|
|
ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ
Творчыя пляны нашых майстроў
Маленькае апытаньне майстраў нашага краснага пісьменства (канец першай чвэрці XVI ст.)
Аўтар паэмы “Пруская вайна” Ян Вісьліцкі: “Працую зараз над новай паэмай, якая будзе называцца “Глінская вайна”. Гаворка ў ёй вядзецца пра падзеі нашай блізкай гісторыі – мяцеж чарнакніжніка Міхала Глінскага. Я пастараўся адыйсьці ад ранейшых стандартаў. Паэма ня будзе мець строгай структуры. Радкі будуць разьмешчаны хаатычна. Для ажыцьцяўленьня гэтага праекту мне давялося зьмяніць ужо колькіх мецэнтаў. Адны называюць мой будучы твор барочным, іншыя – постмадэрнісцкім. Я ня ведаю, адкуль яны бяруць усе гэтыя словы, але факт застаецца фактам – грошай на выданьне я ад іх не атрымаў. Тым ня менш знайшоўся добры чалавек, які ўжыў яшчэ адно дзіўнае слова “апохуйдым” і шчодраю рукою уфундаваў маю кнігу.” Пан Ян адмовіўся называць гэтага дабрадзея, каб не сурочыць. На пытаньне пра адметнасьці сюжэту паэмы “Глінская вайна” аўтар патлумачыў, што жадае трымацца гістарычнае праўды. Разам з тым ён выказаў засьцярогу: “У нашым Вялікім княстве Літоўскім хапае ведзьмакоў, якім невыгодна зьяўленьне твора падобнага кшталту”. Аднак пісьменьнік сьвядома ідзе на эпатаж і правакацыю цёмных сіл. Ён прызнаўся, што зараз падчас шапцыраў носіць з сабою ня толькі шабельку, але і парачку асінавых калкоў. “Каб імаверная сустрэча зь нежыцьцю насіла цёплы і дружалюбны характар”, – з усьмешкаю адзначыў Ян Вісьліцкі.
Аўтар паэмаў “Песьня пра зубра” і “Сьпеў пра аднарога” Мікола Гусоўскі найперш папрасіў называць яго па-беларуску Мікалаем Узоўскім. “Я ж нарадзіўся ў Узе, што не далёка ад украіннага замка Гомей”, – патлумачыў ён. На пытаньне пра новы твор пісьменьнік сказаў: “Я зараз складаю паэму пра жыцьцё і дзеі сьвятога Гіяцынту. Мала хто ведае, што Гіяцынт паходіць з нашых краёў. А калі казаць больш канкрэтна, дык зноў жа з ваколіцаў Гомея. Некаторыя лічаць гэта фантазіяй. Аднак пра тое, што Гіяцынт нарадзіўся ў зямлі радзімічаў мне расказваў мой бацька. А калі з кнігаў вучыў я славянскіх наш сьвет старавечны, дык у адным зь летапісаў напаткаў пацьверджаньне бацькавых словаў. Бацька казаў прыўду. Вось і я табе чалавеча раю: слухай бацьку! А наагул твор павінен атрымацца цікавым. Толькі б выдаўцы ў чарговы раз нічога там не накруцілі”.
Эпатажны творца, перакладнік старажытнагабрэйскіх бэстсэлераў, былы спэцназавец доктар Францішак Скарына таксама не адмовіўся падзяліцца сваімі творчымі плянамі: “Я даўно ведаў, што гравюры з усіх асноўных перакладзеных мной кніг дужа падабаюцца чытачам. У размовах зь людзьмі на літаратурна-музычных прэзентацыях гэта неаднаразова падкрэсьлівалася. У роздумах на гэты конт у мяне нарадзілася ідэя стварыць графічны раман. Я ведаю, што на мяне абрынуцца папрокі. Але ж пасьля таго, як мае кнігі атрымалі гарачае (нават вогненнае!) прызнаньне ў Маскве, я папрокаў і закідаў у свой бок не баюся. Так, магчыма многіх расчаруе той факт, што я буду выкарыстоўваць даўно вядомы, зьбіты да немагчымасьці сюжэт гамэраўскай “Адысеі”. Але мяркую гэта зусім не загана. Што рабіць, калі добрыя сюжэты даўно вычарпаныя? Застаецца гуляцца са старымі. І чаму бульбашу Джойсу можна эксплюатаваць творчы даробак Гамэра, а слаўнаму палачаніну Скарыне нельга?” На пытаньне пра асаблівасьці графічнага рамана пан Францішак сказаў: “Ён будзе складацца зь некалькіх тысяч мініятурных гравюр, якія распавядуць чытачу пра прыгоды князя Адысмонта і яго вайсковых паплечнікаў. Па сюжэту князь вяртаецца зь бітвы за Царград, але патрапляе на Палесьсе, дзе блукае доўгі час, праходзячы праз розныя выпрабаваньні”. Акром таго доктар Скарына празрыста намякнуў, што зацікаўленьне яго будучым раманам ужо выказаў рэжысэр Квенцін Таранціна.
Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)
|
| 



|