жыцьцё-быцьцё ад зімы 2001- да лета 2003 года
КРАІНА
ПЛЭЕРАЎНехта зь беларускіх паэтаў,
здаецца, Дранько-Майсюк, быў уражаны падлеткамі, якія
самазабыцьцёва разьяжджалі на скейтах, слухаючы плэеры. З таго
ўражаньня нарадзіўся футурыстычны верш пра часы, калі людзі
хадзіцьмуць па вуліцах, узьдзеўшы на вочы нейкія відэаакуляры, абы
не глядзець на гэты сьвет. Апошняе на сёньня яшчэ не атрымала
шырокага распаўсюджаньня, плэеры ж цяперака можна сустрэць скрозь.
Іншым разам цяжка адкаснуцца ад зданьня, што палова вакольнага
люду ходзіць у слухаўках. Хтосьці ў такой акалічнасьці ўбачыць
сьведчаньне дабрабыту беларускіх грамадзянаў. Але гэткі пагляд
будзе аблудным — папросту рынак Беларусі завалены таннай
радыётэхнікай. Вушнікі, за малым выняткам, ёсьць сьведчаньнем
жудаснай адзіноты, ад якой пакутуюць многія мае сучасьнікі.
Надзетыя вушнікі — сапраўдныя ўцёкі ад існых у краіне праблемаў,
дадатковая гарантыя, што ніхто не накіне на вушы здрадніцкае
локшыны падазроных адценьняў. Моцы змагацца за зьмену сытуацыі
стае ня ў кожнага, таму бальшыня абірае сьвядомую адзіноту. Нават
сто гадоў адзіноты, сканцэнтраванай у пэрыядзе кіраваньня
Лукашэнкі. Гэта, калі хочаце, акт нутраное эміграцыі з РБ у краіну
Zэмфіры, воласьць Алсу ці ў лепшым выпадку на прасьцягі NRM,
“Новага Неба” ды ў затуманныя землі KRIWI. І тут ня дужа
зразумела, што пазначае гэткая эміграцыя: пасіўнае стаўленьне да
рэчаіснасьці з-за немажлівасьці, нават няподумнасьці супраціву
альбо сьвядомы яе байкот. Ёсьць беларусы, якія хваравіта рэагуюць
на многія працэсы ў краіне, але маўчаць, бо не ўсталявалася
быцьцёвае традыцыі ўголас гаварыць пра малыя ды пустыя грошы,
чалавечыя ды шлюбныя здрады, хваробы бязь лекаў, нястачу ёду, хлеб
бяз сала, як і сала бяз хлеба, здравый смысл і мазаічную
псыхапатыю ППРБ ды іншае ўсялякае.
Кожны абірае свой шлях
зыходу ад гэтых “радасьцяў” сучаснае беларускае сытуацыі.
Элемэнтарны недахоп сілы волі спрычыняецца да зрываў у п’янства,
наркаманію, звальны блуд, а то і да зыходу на той сьвет. Сацыёлягі
сьцьвярджаюць, што колькасьць самагубстваў у сувэрэннай Беларусі
ладна падрастае і што вялікі адсотак тут складае моладзь. Прычыны
самыя розныя, але згаданая намі адзінота, даведзеная да
скрайнасьці дзяржавай без здаровых ідэяў і ідэалаў (найперш
нацыянальных), робіцца тут самым істотным чыньнікам. Гэта пагатоў
горкае явішча сёньняшняга грамадзтва, бо бальшыня самагубцаў, як
сьведчаць навукоўцы, перад зыходам што ёсьць моцы сыгналізуюць пра
свае намеры, але іх ніхто ня чуе.
У сёньняшняй РБ з рэжымам
султанісцкага тыпу, дзе галаўнейшым заняткам улады ёсьць
ператрахіваньне ўсіх і ўсяго, нібы ў тым гарэме, значна
ўзмацнілася маргіналізацыя беларускага грамадзтва. Яшчэ ўчора ты
ведаў цалкам прыстойнага чалавека, які падаваў немалыя надзеі, а
сёньня спатыкаеш яго ў кампаніі няпэўнага веку людзей з прапітымі
пакамечанымі тварамі. Пры жаданьні кожны можа прывесьці горы
падобных прыкладаў. Але поруч з гэткай прыкрай зьявай назіраецца і
штосьці іншае. Мноства людзей, не зважаючы на інсьпіраваныя
гарэмнай палітыкай цяжкасьці, ня йдзе ні ў бамжы, ні ў наркаманы,
ні ў прастытуткі. Аднак і да апазыцыі актыўным чынам не
далучаецца, хоць і разумее, зь якой дупы растуць ногі большасьці
жыцьцёвых няўдаліцаў. Яны ня пэўныя, што апазыцыя здатная
адчувальна й дзейсна вызваліць ад адзіноты. Вось і апранаюць
вушнікі, прычым не заўсёды рэальныя, а часьцяком хутчэй
сымбалічныя. Дык усё ж такі сьвядомы байкот? Байкот маўклівых
адзінотнікаў, схільных да станоўчага ўспрыманьня насьпелых
пераменаў у грамадзтве і дзяржаве, якая ўсё яшчэ працягвае звацца
беларускай. Яны чакаюць пераможцаў адзіноты.
АДДЗЕЛ
СУСТРЭЧАЎКалі на небе ёсьць
які-кольвек бюракратычны апарат, то ў ім мусова існуе аддзел, што
адказвае за людзкія сустрэчы. Тых, хто доўга ня бачыўся, папросту
сутыкаюць ілбамі ды з анёльскім замілаваньнем назіраюць, што ж
далей будзе… У рэстарацыях, каварнях, бістро, альмарэях я бываю
нерэгулярна, таму бальшыня сустрэч адбываецца ці ў транспарце, ці
на вуліцы. Цікавасьць да нюансаў чужога жыцьця сягае мізэру, калі
ягоны (жыцьця) носьбіт зьяўляецца перад вачыма ня ў самы зручны
для цябе момант. Прывітаньні, дзяжурныя фразы, няёмкасьць і
адзіная думка: “Колькі ж нам яшчэ прыпынкаў ехаць
разам?”
Цёпла. Але кіроўца на нешта ўключыў абагрэў у салёне.
Гутару з колішнім аднаклясьнікам, што пасьля 9-е клясы пайшоў
іншымі дарожанькамі. Уручае візытоўку. Фірма “Рэспэкт”. Інжынэр па
абслузе кампутарнай тэхнікі. Хто на што вучыўся. Лёха яшчэ за
Гарбачовым ў школу ўсякія драбязкі на мікрасхемах цягаў. За
дзесяць гадоў мала што зьмянілася. “Наташка Шатула ў Менску ў
асьпірантуры”, — паведамляе ён вядомую мне інфармацыю пра нашую
паўклясычную выдатніцу, што скончыла аддзяленьне замежных моваў
ГДУ. Калісьці мы ўсе былі малыя ды сьмешныя, і вельмі простым было
паспрачацца дзьвюм дзяўчынкам, з каторай сядзе за парту гэты
хлопчык. І ўсё было лёгка вырашаць. Гэта дарослыя нам падораць
спачатку чырвоныя гальштукі, а потым Фройда зь Юнгам ды навучаць
яшчэ трымаць у кішэні дулю.
Абсалютна безь ніякіх дуль ды іншых
“авашчэй і фруктаў” сустракаю яшчэ аднаго школьнага таварыша, зь
якім сканчаў 11“А” клясу ў векапомным 94-м. Тады Андрэй заміж
паступленьня матлянуўся на месяц у Нямеччыну. Таму штудыі на
гістфаку пачаў браць толькі праз год. Цяперака ж Андрэй вярнуўся з
войска. Служыў “пагранцом” у Смургонях. Усьміхаецца й кажа пра
зьніклы цяжар над галавой. Я таксама гэтак пасьля “армейкі”
гаварыў. У школе “дэмбель” працаваць не зьбіраецца. Распавядае пра
маленькі гешэфт у Рэчыцы, зьвязаны з кніжным шапікам. “Па
знаёмстве?” — пытаюся проста. “Яснае дзела”, — проста адказвае
той.
Зь нейкіх прычынаў (мабыць, перад праверкаю Начальства)
нябесныя чыноўнікі ладзяць адмысловыя дні, што становяць сабою
доўгі шэраг выпадковых сустрэч. Заходжу ў крыты рынак і шпацырую
без парасона пад дажджом зазыванак прыдбаць цяляцінкі, паляндвічкі
ці “васхіціцельнай каўбаскі”. Між мясным і рыбным прылаўкамі бачу
знаёмы твар. Затрымліваю позірк, і мяне пачынае “глючыць”: я
ведаю, што гэты хлопец вучыўся на першых двух курсах разам са
мною, але не магу згадаць ні імя, ні прозьвішча, ні нават мянушкі.
Мабыць, і ён у такім самым становішчы. Але ж балбочам. Я пра
школу, дзе працую. Ён пра ЦЭЦ, дзе робіць. Згадваем супольных
знаёмцаў, чые імёны яшчэ не зацярушыліся… Цераблю свой шлях далей,
выходжу на паветра, дзе пахне таварам і грашыма. Аліўкі,
памаранцы, ашуканцы. Чакалядкі, пракладкі, асадкі. Ападкі ў
выглядзе кароткачасовага (30 сэкундаў) дажджу цыганскага —
прывітаньне ад нябесных бюракратаў. Чалавек у белым, вязаным
клапатлівымі рукамі, швэдры. Гэтага дзядзьку я ведаю. Саслужбовец.
Разам у Ваўкавыску лямку цягнулі. Дзьмітру было тужэй, бо ў Гомелі
заставаліся ягоныя жонка з трохгадоваю донечкай. Цяпер яны побач.
Жонка за прылаўкам згортвае дзённы гандаль. У нас жа паўтараецца
папярэдні дыялёг. Дадаецца толькі супольная затрымка заробкаў — у
іх, вытворцаў (Дзьмітры шчыруе на “Будматэрыялах”), і ў нас,
бюджэтнікаў. Дабаўляецца Лука. Дастасоўваюцца згадкі пра нашых
колішніх “дзядоў” і “чарапоў”. Між іх успамінаем і апошняга
гомельскага габрэя Яўгена Міцюрыча.
Яго я згледжу літаральна
праз 15 хвілінаў добрага настрою, жуючы дзяжурную піцу й сёрбаючы
халоднае “Дняпроўскае”. Наш найкруцейшы (з-за жыдоўскае кемнасьці)
“дзед” топчацца сюды-туды за вітрынай “Бярозкі”. Той самы
ашчэр-усьмешка і адсутны зуб. Што дзіўна, бо легенды казалі, што
на дэмбель Жэня павёз 500 даляраў і дзьве кайстры зэкаўскіх
майстрункаў. На зуб гэтага мусіла хапіць! Старая жанчына праз пару
хвілінаў аддае яму стосік фіялетавых паперак, і Міцюрыч разам з
прыяцелем хаваецца зь відавоку. Дзяўчына ж, якая бяскрыла залятае
ў “Бярозку”, зусім мяне не прыкмячае з-за нізкага зроку ці яшчэ
якой прычыны й крочыць далей ад пірожных і салодкай вады. Толку,
што я пазнаю яе? Не азываюся, каб не рабіць дарма чужой
работы.
МУЛЯЖЫ КАХАНЬНЯУ даўным
напаўлегендарным інтэрвію “Нашай Ніве” Зянон Пазьняк сказаў, што ў
нармальным цывілізаваным грамадзтве эротыкі няма і ня можа быць.
Увачавідкі ён надта пагарачыўся з гэтым.
Сякі-такі сэкс у
беларусаў ёсьцека. А вось здаровага пачуцьця каханьня практычна не
засталося. Замест яго мы маем сымпатыю, разнастайныя разьлікі,
спачуваньне, полавую цягу й элемэнтарную звычку. Ясна, у чыстым
выглядзе ўсё гэта рэдка сустракаецца, часьцей спалучаецца ў
вычварны кактэйль, на які наўмысна мацуецца цэтлік “Каханьне”.
Каханьне, ці, хутчэй, закаханасьць, сталася цяперака валокаю хіба
тынэйджараў. Але й яны, падрастаючы, кідаюць яго як ганебную й
непатрэбную рэч у жыцьці, дзе пануюць замяняльнікі, эрзацы,
муляжы, імітатары каханьня.
Сымпатыя, бывае, моцна нітуе
людзей. Яна робіцца часам такой усёабдымнай, што падаецца
каханьнем. Хоць насамрэч сымпатыя больш адпавядае любові, і гэта
ня самае горшае ў жыцьці сёньняшніх беларусаў. Усё часьцей, аднак,
у дачыненьнях паміж поламі людзі кіруюцца не пачуцьцёвасьцю, а
максымальным пралічэньнем выгодаў і дабротаў ад гэтых дачыненьняў.
Вось маладзічка-гамяльчанка зьбіраецца замуж, але збольшага
маўчыць пра гэта, бо эмацыйнае ўцехі ў душы — ані кроплі. Затое з
рацыянальнага гледзішча ўсё ладна: суджаны працуе ў міністэрстве,
мае рэсурс і патэнцыял для росту, гатовы забраць жоначку ў Менск.
Стае й мужчынаў, што ідуць на гэткія разьлікі. Прычым сям’я
часьцяком імкнецца падштрухнуць да гэтага. “Нам жа ня трэба
абы-чаго, нам жа трэба хоць троху руку заскабіць”, — вобразна
навучае бабуля свайго любага ўнучка. Нават праблемы вайсковага
прызыву ці разьмеркаваньня пасьля ВНУ стаюцца падставай для шлюбу.
Добра, калі хоць найдрабнейшы адсотачак з тых жанімстваў спалучае
разьлік з сымпатыяй.
Зь цягаю полаваю ўсё, здаецца, прасьцей:
цягне адно да аднаго, і канцы тут. Давялося мне ведаць хлопца зь
дзяўчынай, якія ледзьве апыналіся сам-насам, адразу пачыналі
злучацца на любоў. І ён і яна выдатна ўсьведамлялі, што ніякіх
супольных пэрспэктываў у іх няма, а зьвязвае іх толькі злучэньне.
Прынамсі шчыра. У бальшыні ж выпадкаў пануе фальш,
псэўдарамантычнасьць, а то й наагул сьвятое нічога. Або звычка.
Маладыя людзі прызвычаіліся быць разам. Пра іх ведаюць бацькі,
сябры, знаёмыя. Яны гуляюць у каханьне. Яны сварацца з кожнае
мізэрнае нагоды й ня могуць бяз болю зрабіць адно адному найменшае
саступкі. Яны разам, бо так трэба, бо ў грамадзтве такая традыцыя.
Толькі дзівакі дэманструюць сваю самоту на сьвет цэлы. Большасьць
аддае перавагу самоце непрыкметнай. Уявіце сабе паненку, якая ясна
ўсьведамляе адсутнасьць каханьня, але папросту страшыцца адмовіцца
ад наяўнага муляжу дзеля пошуку чагосьці сапраўднага. Альбо,
напрыклад, ідзе па вуліцы міленькая такая парачка, ён і яна,
трымаюцца за ручкі, словам — 100% каханьня. А да вушэй выпадковага
мінака далятаюць абрыўкі іх дыялёгу: “Добра, іншым разам купім
табе адразу, што захочаш. Абы ты толькі потым не
п*зьдзела”.
Але гэта шчэ ня ўсё. Як вы думаеце, што значыць
узяць шлюб па спачуваньні? Чулае сэрца шкадуе змучанага чалавека,
а чалавек той потым на карак сядае. А вы кажаце мore
каханьня...
Зірніце, тысячы беларусаў прагнуць каханьня, а
натыкаюцца на эрзацы. Гэта адсюль занураньне ў Сеціва й пошукі
віртуальных сяброў. Гэта адсюль шкадоба да котачак, сабачак ды
герояў мыльных опэраў і адпаведнае зьневажаньне праўдзівага
чалавека. Такое ёсьць. Летась у Менску была выкрытая падпольная
галяндзкая порнавідэастудыя. У брыдкіх фільмах здымаліся студэнткі
прэстыжных сталічных ВНУ. Гэта яскрава сьведчыць пра адсутнасьць у
грамадзтве ўяўленьня аб каханьні. Я ўжо ня згадваю настаўніц, што
падзарабляюць прастытуцыяй. Не перастаю пераконвацца ў слушнасьці
пастаўленага часопісам “ARCHE” ў 1998 г. знаку роўнасьці між РБ і
парнаграфіяй. Тым часам слова каханьне відочна робіцца састарэлым,
і новы беларускі слоўнік выйдзе з пазнакаю на гэты конт. Але ж
вельмі шкада...
ПАН
НАСТАЎНІК мужчына ў школеДаўно ўжо
склаўся стэрэатып, што настаўніцтва — занятак жаночы. Сапраўды, у
школе жанчыны цяпер у большасьці. Мужчынаў засталося мала. Хтось
падаўся ў структуры кіраваньня адукацыяй, хто яшчэ на пачатку 90-х
— у бізнэс. Габрэі, як мой клясны кіраўнік Марк Аронавіч, рушылі ў
землі запаветныя. Савецкая, а потым і беларуская дзяржава нібы
наўмысьля выціскала мужчынаў са школьных сьценаў.
Найперш —
мізэрнымі настаўніцкімі грашыма, на якія нават пры вялізнай
колькасьці гадзінаў (паўтары-дзьве стаўкі) бязь “левых”
падпрацовак немагчыма ўтрымліваць сям’ю. Надта ж не адпавядаюць
маральна-псыхалягічныя дый фізычныя высілкі на школьную працу
куртатым лічбам ў разьліковых цэтліках. Нездарма тыя мужыкі, што
засталіся працаваць у школе, намагаюцца напрамілы бог унікнуць
кляснага кіраўніцтва. Яно абрынае на галаву масу нуднае папяровае
працы, патрабуе лішняга часу, але вельмі рэдка дае лішнія
грошы.
Адсутнасьць мужчынаў у школе настолькі прыкметная, што
зьяўленьне маладых кадраў нежаночага полу выклікае сэнсацыю.
Хто-ніхто бачыць у гэтым пэўную карысьць. “Мужыкам у школе
даруецца тое, што і на сотую долю не папусьцілі б жанчыне”, — кажа
знаёмая ліцэйская настаўніца. А хтось даводзіць, што мужчына ў
школе — лішні кампанэнт.
Раз на закід аднае паненкі пра тое,
што мужчына мусіць працаваць дзе заўгодна, але толькі не
настаўнічаць, мой калега адказаў: “Цалкам згодны, але да
выкладаньня асобных прадметаў жанок нельга й блізка дапускаць”.
Тут ён закрануў важную праблему, якая праглядаецца за жаночым
панаваньнем у школе. Цэлыя генэрацыі гадуюцца пад уплывам
настаўніц. Жаночы погляд на рэчы перадаецца ўсім вучням — і
дзяўчынкам, і хлапцам. Адбываецца фэмінізацыя мысьленьня й
сьвядомасьці. Вось і чуем нараканьні на нястачу мужнасьці ў
хлапцоў. Выраблянства, “пантаватасьці” ў іх хоць адбаўляй, а як
справа даходзіць да адказнасьці за свае ўчынкі, пачынаюцца
гістэрыкі й непаразуменьні. Цешыць, бывае, думка, што зьяўляешся
для шкаляроў носьбітам іншае ісьціны.
Ва ўнівэрсытэце яшчэ на
малодшых курсах хлопцы адзін перад адным выхваляліся, што па
сканчэньні вучобы настаўнічаць ня пойдуць, і прыкідвалі
віртуальныя міліцэйскія пагоны. Але, каб трапіць у міліцыю ці на
якую іншую добрааплатную працу, трэба пратэкцыя, ці папросту блат,
які перажыў савецкія часы й няблага пачуваецца ў сувэрэннай
Беларусі. Мой аднакурсьнік пасьля войска сунуўся быў у міліцыю,
але, акрамя халодных адказаў “вакансіяў няма і не прадбачыцца”,
нічога ня выхадзіў. Працуе настаўнікам ды клясным кіраўніком у
адной з гомельскіх школаў.
Блату хапае і ў самой сыстэме
адукацыі. Пасьлявээнушнае разьмеркаваньне, пераразьмеркаваньне,
адмацаваньне, працаўладкаваньне трымаюцца на ім. У школу на працу
яшчэ можна трапіць без пратэкцыі, асабліва ў пачатку каляндарнага
году, калі разьмеркаваныя выпускнікі сыходзяць у войска. А вось з
вучэльняй ці тэхнікумам ужо ўзьнікаюць праблемы. Адзін мой знаёмец
у аддзеле кадраў спытаўся быў пра тэхнікум, дык на яго глянулі так
шматзначна, што ў поглядзе чыталася: “Ты ад кагосьці канкрэтнага
прыйшоў?”
Дзяржава, калі хоча ачуняць, павінна вярнуць мужчынаў
у школу. Нармалёвыя суадносіны полаў мусяць забясьпечыць здаровую
атмасфэру ў школьнай грамадзе. Менавіта гэта павінна стаць адным з
галоўных заданьняў новай школьнай рэформы. Мужчына школе на
зашкодзіць.
НІКОЛІ НЕ КУПЛЯЙЦЕ АЎТАМАБІЛЯ, ДАРАЖЭЙШАГА
ЗА ВАШ МЕСЯЧНЫ ЗАРОБАК
Слова пляж не беларускае. Калі
яго чуеш, умомант прыпамінаеш сугучнае пазычаньне зь нямецкай
пляжыць, то бок “біць, ніштожыць”. Сонца іншым разам можа добра
стукнуць па галаве. Тым больш што большасьць пляжнікаў завітвае
сюды ня столькі адпачыць, колькі засмажыцца. Каб потым выйсьці на
працу і выглядаць там не бялей за іншых, а пры нагодзе выдаць
нашае сонца за замежнае.
Ляжу. Пляжуся.
У агульным гармідары
з плескатаньня вады і ўзрушаных крыкаў купаньнікаў гострыш вуха на
размовы, што вядуцца на суседніх посьцілках. Адна баба з парэпаным
тварам хваліцца другой, што ўжо паўтара месяца не піла. У другой
рэкорд — тыдзень. Зь іншага боку прадстаўнік залатое ПТВушнае
моладзі выгаворвае дарагой сяброўцы сваёй за тое, што зьбегла да
вады безь яго. Ясачка ціхенька апраўдваецца. Улюлюкае
пэйджар.
Жаночыя бікіні на маіх суседках не стасуюцца з
зададзенымі прыродаю парамэтрамі. На мужыку на суседнім радне
майткі “Белшына” — чэмпіён!”
Хтось прыходзіць, хтось
адыходзіць. “Усё цячэ, усё зьмяняецца”, — шэпчаш ты й
чыбултыхаешся ў ваду. Дзьве гёрлы, сапраўдныя пампушкі, пялёхаюцца
побач і прымудраюцца ў вадзе яшчэ пра нешта размаўляць. Чуваць іх
словы: Бог, пастар, грошы. Хіба пратэстанткі? Дзяўчаты бавяцца
цытатамі зь Бібліі ды з амэрыканскіх прапаведнікаў: “Ніколі не
купляйце аўтамабіля, даражэйшага за агульную суму вашых месячных
заробкаў, інакш ніколі ня станеце
заможнымі...”
Дзеўка-сямнаццацігодка ўся аж іскрыцца ўсьмешкамі
й электрыкай. Бойфрэнд, які пляжыцца разам зь ёю, увесь час
спрабуе куды-небудзь яе пацалаваць. Тая дазваляе няшмат і
раз-пораз азіраецца па бакох. Вачыма яна нагадвае Талімэну з “Пана
Тадэвуша”. Тады як сутаварыша яе ніяк не намінуеш на Тадэя
Сапліцу. Аб’яўляюцца іх супольныя знаёмыя і адразу “наяжджаюць” з
пытаньнем: “А Дзяніс твой дзе?” А Дзяніс, выяўляецца, у Крыме.
Пляжная здрадніца ад сораму дазваляе закапаць сябе ў беленькі
пясочак, пакідаючы на паверхні адно галаву.
Дзьве паненкі й тры
спадарычы абмяркоўваюць уплыў міжнароднае сытуацыі на турызм.
Адзін зь іх выпраўляецца ў Францыю. Што сябрам адтуль прывезьці?
Думкі круцяцца вакол усялякіх экзатычных рэчаў, кшталту крабаў ды
рыбы-іголкі. Згадваецца нават “трава-мурава”. Але сябрына
аднагалосна раіць не рызыкаваць. Урэшце сыходзяцца на вінаграднай
гарэлцы ды прыкмячаюць, што іх гутарку падслухоўваюць. Ты вінавата
таропішся ў неба. Адна зь лёгкіх аблачынаў нагадвае табе раптам
Натальлю Арсеньневу са здымка 1955 г., і вусны амаль незалежным ад
розуму парадкам вымаўляюць аскепачак ейнае “Сьпякоты”: “…а я так
піць хачу…” Табе ня трэба вінаграднай гарэлкі. Стане й халоднага
парэчкавага ўзвару. Для душы.
РАСЕЙСКІ ФАРМАТ Лятальныя талеркі па-ранейшаму атакуюць
ускраіны Гомелю. «Беларусь сегодня» ня грэбуе гарачанькай
зьвесткаю пра тое, што ў паўночным крыле палацу
Румянцавых-Паскевічаў жыве (губа ня дура) «астральная істота з
космасу». Ня ведаю, ці вядуць касьмічныя засланцы вайну за Гомель.
Але штодня адчуваецца змаганьне за родны горад іншых, зусім
зямных, сілаў. Увесь час здаецца, што расейцы хочуць адарваць
першай менавіта нашую частку Беларусі.
У цэнтральных газэтах
апошнім часам модным стала любіць Беларусь. У тутэйшых жа
пэрыёдыках спрэс і побач — русский, российский, московский,
отечественный... З нумару ў нумар. Апэратаркі пэйджынгавых
станцыяў, спасылаючыся на суровы наказ начальства, ня хочуць
прымаць паведамленьні ў беларускай. Мясцовыя FM-станцыі
самазабыўна малпуюць адлучаныя кагадзе маскоўскія. На адной зь іх
адсутнасьць у этэры беларускай мовы тлумачаць «жаданьнем
спонсара». На другой ніяк не маглі дапяць, чаму гэта заганна
круціць песьню пра Пуціна, калі яна «нават нам самім падабаецца».
Па горадзе разьвешваюць расейскамоўныя шыльды.
Улады чамусь не
«асаджаюць пугаўём» гэтае пуставойцтва, хаця самі спрабуюць
фармаваць нейкую гарадзкую традыцыю. Навобмацак рухаюцца ў
цямрэчы, бо мала што пра гісторыю і «так называемую спадчыну»
ведаюць.
Грамадзкія арганізацыі другі год ці то ня могуць
ачомацца ад 9.09.01, ці проста здаліся перад расейскім патопам.
Прынамсі, дзейнасьць многіх зь іх заўважыць надта праблематычна.
Міжволі згадваюцца 1998—99 г., як апатэоз іх актыўнасьці — ня
толькі кулюарна-сэмінарскай, але й публічнай, якая запомнілася
правядзеньнем разнастайных канцэртаў ды вечарын. Сёньня гэта
чамусь (мабыць, грошай няма) запрапала. Выняткі (канцэрт «Старога
Ольсы», вечарына да ўгодкаў БНР) вельмі рэдкія і расхістаць
цяперашні расейскі фармат Гомелю няздатныя. Неабходная
сыстэматычнасьць. Хай гэта будзе кропля, але яна мусіць ці не
штодня тачыць той закляты камень. У гэтым пляне аптымальнай
выглядае пазыцыя гомельскай «Талакі». Арганізацыя рэгулярна
ўказвае сваю прысутнасьць у гарадзкім жыцьці, у партнэрскіх
дачыненьнях зь мясцовымі ўладамі па канкрэтных справах, важных для
ўключэньня Гомелю ў беларускі кантэкст. Гэтае кантактаваньне ані
не зьмяняе прынцыпова беларускіх пазыцыяў талакоўцаў.
Гомелю
не стае сваёй нармальнай беларускай газэты. Недзяржаўным
арганізацыям па-ранейшаму выгодна разьменьвацца на бюлетэньчыкі
«дзьвесьце дзевяноста дзявяткі» зь няпэўнай аўдыторыяй і накладам
299 ас. Ранейшыя цікавыя праекты зьніклі, не атрымаўшы разьвіцьця.
Няма цяперака ў Гомелі выданьня, якое б распавядала па-беларуску
пра панкаў, кіслотнікаў, рэпэраў, пра сэкс урэшце, што ў 1999—2001
г. рабіў «Undergroўnd». Адкуль чакаць прыходу новых сілаў,
амаладжэньня, калі дзеці сталеюць у горадзе, дзе нават візуальна
адсутнічае Беларушчына? Спадзявацца на такіх
апантанцаў-настаўнікаў, як ваш пакорлівы слуга, наўрад ці выпадае.
Мукі бо з таго зерня, што спрабуем змалоць на жорнах Беларушчыны,
вобмаль. Спрацоўваюць фактары адчужэньня, дый бацькоўскія
стэрэатыпы палымнеюць у глуздох малых. Як у дрэнным фільме,
застаюцца спадзевы на дзяржаву, на яе новы ідэалягічны нахіл, з
каторага трэба няшчадна карыстаць у працы для Беларусі цэлай і для
Гомелю ў прыватнасьці.
CЫЗМОР
Папулярная
сёньнячы лексэма 'маразм' у ведамым слоўніку Ластоўскага
перакладаецца ня менш гучным і экспрэсіўным слаўцом
'сызмор'. Атрымліваецца быццам ня проста змор, зморанасьць
розуму й душы, а ўсё тое самае памножанае на два ці нават болей
разоў. Гаварыць пра сызмор выпадае часьцяком. Вельмі горка і
прыкра, калі ў яго абяртаюцца ў ісьце добрыя задумы й
справы.
Не сакрэт, што цяперашні год у нашай дзяржаве ё
годам добраўпарадкаваньня. Пра гэта нам нагадваюць ня толькі
беларускамоўныя big board'ы, але і сама чыннасьць адпаведных
установаў і арганізацыяў. Вось у апошнім геній добраўпарадкаваньня
дае збой, заступаючы месца сызмору. Мяркую па сваім родным Гомелі
– рамантаваць дарогі ў начы пры сьвятле пражэктараў у нас яшчэ не
навучыліся. За тое добра засвоілі, як неспадзеўкі перакрывць тыя
рамантаваныя шляхі, а транспарт пушчаць у аб'езд, як гэта на
тыдзень сталася з рознымі часткамі галоўнай вуліцы. На рэакцыю
людзей увагі чамусьці мала зварачаюць. А дарэмна, бо адвучаюць
такім чынам бачыць патрэбу ў тым, каб уласны горад, як і цэлы
край, быў насамрэч прыгожым. Цяпер у людцаў на рознага кшталту
добраўпарадкаваньні адна рэакцыя: "Гэта Лукашэнка хутка прыедзе".
І дуды вобзем! Зрэшты, глядзіш зараз на той раўнюсенькі асфальт на
Савецкай і дзівішся з калюгаў ды выцерабаў, у каторых мадзеюць
сумежныя зь ёю малыя вулкі. Дзівіца выпадае і адносінамі
адпаведных структураў да гомельскіх дрэваў. Дапрыкладу,
пераяжджаючы Палескі мост, яшчэ й сёньня льга пабачыць падраўняныя
таполі – гэткія абрубкі-куксы ўзьнятыя да неба. А ў адной з
гомельскіх ваколіц, па трасе за Ўваравічамі тое відовішча дзеля
вялікай колькасьці абкрамсаных у гэткі дзікунскі спосаб дрэваў
стаецца больш жахлівым. Калі мне гэта здаецца наступствамі
чыйгосьці сызморнага нядбальства, дык для некаторых гэтая справа з
дрэвамі мае зусім іншае сэнсавае напаўненьне.
Маю на ўвазе
зусім не эколягаў, а тую групку гамельчукоў, каторых сёй-той
называе не інакш, як праваслаўныя масоны. Яшчэ летась, калі гэтыя
старыя хлопцы спрабавалі папрасіць ва Ўкраіне палітычнага
прытулку, іх было трое. Сёлета па ад'ездзе аднаго з паплечнікаў у
паўночныя абшары Расеі шчыраваць на ніве "борьбы с лукашизмом"
даводзіцца толькі ўдвох. Гэны ж дуэт і выпрацаваў сваю новую
"канцэпцыю", патрабуючы сувора пакараць згубцаў "зеленых
насаждений". Усё б нічога, калі б ня дужа апрычонае рэзюмэ:
зьніштажэньне дрэваў у сувэрэннай Беларусі, на іх погляд,
адбываецца наўмысьля, бо ўлады, нібы, ствараюць найлепшыя ўмовы
для правядзеньня вайсковых апэрацыяў амэрыканскае арміі, якая не
прызвычаілася ваяваць у лясістай мясцовасьці!!! Кніга бязглузду,
старонка трэцяя справа! Сызмор натыкаецца на сызмор. І гэныя
"новыя зялёныя" спадзяюцца данесьці сваю апінію да шырокіх
народных гушчаў, спадзяюцца на цікавасьць да сябе з боку
мэдыяў.
З мэдыямі між тым у Гомелі адбыўся чарговы далякоідушчы
прарыў. Сваё вяшчаньне на наш сонечны горад пашырыла менскае радыё
"Б**й". Ці штосьці выбітна новае пачула гамялецкае вуха з этэру
гэтага FМ? Канечне ж не. Калі б ня згадка менскае мікратапанімкі ў
рэклямных пярэрвах, то наагул цяжкавата было б зьлякалізаваць
месца адкуль ідзе трансьляцыя. "Фсё палучітся," – гавораць. Вось і
атрымліваецца ў дзень гадавіны нападу фашыстаў на радыё "Б**й" рэй
вядуць анэкдоцікі пра Штырліца і партызан. Ня выключаецца гэткі
разбэшчана сызморны барзомэтар і ў дзень пахаваньня Быкава.
Ды-джэі вітаюць прысаедзяніўшыйся Гомель і зачытваюць пэйджынгавыя
паведамленьні нібыта з Гомеля, якія больш нагадваюць прадукцыю
бяздарных піяршчыкаў. Вось я думаю, як гэтыя дзядзечкі й
цётачкі здолеюць вытрымліваць у сваіх плэй-аркушах квоту ў 50 %
для беларускае музычнае прадукцыі. Мабыць будуць стаўляць
расейскасьпеўнае. "А я цібя выдумал і назвал Беларусьсія".
Ці накшталт таго. Але ж і іхныя калегі-канкурэнты таксама ня
могуць знайсьці слушнага тору.
Ва ўсім гэтым добрая таблетка
патрэбная. Ды дзе ж яе знайсьці? Таму й застаецца, глядзячы на
вакольныя праявы сызмору, усьміхацца да скроняў і ціхенька
прамаўляць: "Дай Бог
здароўя!".
САКОЛКІКалі чалавек чапляе на
сябе якісьці значык, гэта зазвычай пра нешта сьведчыць. Асоба
падкрэсьлівае такім чынам сваю індывідуальнасьць, маніфэстуе свае
погляды й меркаваньні, сыгналізуе сваім аднадумцам. Здаецца, тое ж
мусіла б назірацца і ў вопратцы, прыкладам на майках (саколках).
Спаглядаючы штодня соткі апранахаў мінакоў-суайчыньнікаў,
цяжкавата прыплысьці да адзінай высновы: што яны маюць на ўвеце?
Мо' сапраўды мы маем справу з зацятымі носьбітамі пэўнага кшталту
ідэалёгіі? Ці можа быць носіцца ўсё, што носіцца, і яны
асабліва не ўпадаюць за высьвятленьнем сэнсу надпісаў-сымбалеў,
якія маюць на сабе? Не разумеючы па-ангельску (па-нямецку,
па-француску і г.д.), людзі спадзяюцца, што й іншым будзе
заскладана разабрацца. Гэта сапраўды нялёгка, пагатоў некаторыя
саколкі ўтрымліваюць тэксту, якога хапіла б для ладненькай
малатыражкі.
Але што ж з сэнсам? Значная частка насаколкавай
эпіграфікі зеўрае чарадзейным спалучэньнем чыстага бязглузьдзьдзя
з хісткім кампрамісам між эротыкай і парнаграфіяй. Памятаеца, як
на пачатку 1990-х гадоў, калі піянэрска-школьная атрыбутыка ў
адзежы пачала дэактуалізавацца, дзяўчаткі імпэтна пераходзілі на
саколачкі. Разам з тым высьпяваючыя матроны агучвалі сагу пра
дзевачку, што на сабе насіла страшэнную іншаземную фразу з
выразным поклічным сэнсам: "Зашпунтуй!". То былі апошнія акорды
дзіцячай міталёгіі, хаця насамрэч даводзілася бачыць штосьцейкі
падобнае, адно што не такое страшнае. "Kochaj mnie!", - мела
аднаклясьніца на сваёй драгацэннай польскай саколцы. Тэма
па-ранейшаму модная. Глядзіш сёньня на жаночую палавіцу (а акурат
жанкі ў пляне ўсялякіх надпісаў на вопратцы больш разьняволеныя) і
дзівішся з размаітасьці. Нехта з малой доляй сьціпласьці рэклямуе
сябе як сэкс-дзяўчынку. Іншая папераджае ўсіх і кожнага, што яна
іскрыстая дзеванька-вар'ятка. Яшчэ адна паўстае доблеснай
жаўнеркай сэксуальнай арміі. Хтось жа на поўныя грудзі абвяшчае
пра кіпучы-магучы дух сэксуальнага антаганізму. Сьмешныя ж
недалетачкі (малалетачкі), накарміўшы манкай сваіх лялек і гары
потэраў, напоўніцу пачынаюць марыць пра чакалядныя цукеркі з
каханьнем. Ось цо да! Зрэшты ня ўсё так жарасна, гарача й палка,
бо часьцяком прыкмячаеш дзяўчын ледзянога каханьня. Што за яно, ня
ведаю, але мардуюць цьмяныя алюзіі на Кім Бэсэнджэр, Шарон Стоўн,
гомельскую фабрыку марозіва і куляшоўскага хлапца, што мужна стаяў
на дапросе. А можа яны намякаюць на прымавачку із збораў Міхала
Федароўскага: "Адна дзяўчына сем хлапцоў сагрэе на ляду"? Зрэшты й
гэта ўсё блякне перад імавернымі ідэолягамі ці то
ультранарцысізму, ці то адметных спосабаў баўленьня вольнага часу.
"Я

мяне!", - сьвярджаецца на
іх саколках. У каханьні да самога сябе, як сказаў бы Самсон
Самасуй, галоўнае не апасьці ў рэўнасьць. Інакш ёсьць рэальная
рызыка займець якую-кольвек трасцу, і будзе ў цябе хворае
разламанае сэрца. Як жа да такога органа станеш прыслухоўваца?! А
да апошняга заклікаюць ноьбіткі наступнай дужа апрычонай
ідэалёгіі. "Худзей сам, здраднік!" – зьвяртаюцца гэныя пампушкі
мабыць да якога-небудзь дылера гербалайфа, а потым падбадзёрваюць
зацятых таўстуноў: "Кіруйся сваім сэрцам!". Што праўда, гітом
саколкавага сэзону баржджэй льга паменаваць вялікае
неперакладабельнае MONDIGO у спалучэньні з малюпаськімі
перакладабельнымі эпітэтамі beautiful, sweet, dream's. Калі
натрапляеш на такое, то пачуваешся нібыта ў сьне Славаміра
Адамовіча ад 24.IV.1995.
Акром такога кшталту нісянеціны, на
саколках можна пабачыць яшчэ шмат розных недарэчнасьцяў. Чамусьці
вельмі паулярна напінаць на сябе саколкі з ангельскім надпісам
Буйвал. Да таго ж вызначаюцца гэтым як паненкі, гэтак і дзецюкі.
Цікава, а ці добра куплялася б апранашка з цудоўным надпісам
"experimental pig-breeding complex"? Напэўна так, бо надта ж людцы
сьпяшаюцца за новай чалавечай заморскай рэдакцыяй моды. Вось і
дэманструецца ўсячына зь невядомых морскіх і няморскіх
узьбярэжжаў. Пікантна выглядаюць саколкі з надпісам "кельцкая
культура" на пэнсыянэрках, якія штурмуюць аўтобусы із сваімі
несканчальнымі кайстрамі-клункамі-каляскамі. Нават псэўдапанкі з
банальным панк не памёр не йдуць тут ні ў якае параўнаньне. "Nеw
human way", - цьвердзяць адмыслоўцы. І памыляюцца.
2001-2003 гг.