Слова ў дарожкуМаскалік – кароткі рыфмаваны дасціпны верш, які ёсць пародыяй на фрагмент «Паланэза Касцюшкі» Райнальда Сухадольскага (1831 г.):
Kto powiedział,
że Moskale
Sąto dla Lechitów,
Temu pierwszy w łeb wypalę
Przed kościołem Karmelitów.
У двух першых радках, якія пачынаюцца фармулёўкай «Хто сказаў, што...» ці нечым падобным, змяшчаецца пэўнае меркаванне, што найчасцей утрымлівае ў сабе назву народу ці племені. У трэцім радку – пагроза таму, хто гэтай меркаванне сфармуляваў, а ў чацвертым – месца, дзе пагроза павінна быць ажыццёўлена (звычайна гэта храм альбо іншы царкоўны будынак). Рыфмы – abab.
Ідэя стварэння падобных вершаў нарадзілася ў 50-я гг. ХХ ст. у польскай паэткі Віславы Шымборскай і яе мужа Адама Влодэка.
У адрозненні ад лімэрыкаў, маскалікі як жанр у сучаснай беларускай літаратуры яшчэ не атрымалі распаўсюджання.
Спроба актуалізацыі гэтага жанру на беларускай глебе была прадпрынята ўвосень 2002 года
Наталляй Васілевіч. Аднак практычных наступстваў яна не мела.
Ніжэй пададзены шэраг маскалікаў майго ўласнага аўтарства. У кожным з іх я пастараўся вытрымаць фармальныя патрабаванні. А ўжо наколькі дасціпнымі яны атрымаліся, меркаваць шаноўнаму чытачу.
Беларускія маскалікі1.Хто сказаў, што беларусы
спажываюць мала сала,
той заробіць колькі гузаў
ля сабору Пётры й Паўла.
2.Хто нахлусіў, што ліцвіны
ўсю скурылі радыёлу,
пакаштуе той дубіны
ля Чырвонага касцёлу.
3.Хто сцвярджае, што славяне
людзі чэрствыя, сухія,
той па шчэлепах дастане
у цяньку святой Сафіі.
4.Хто надумаўся, што балты
вугальком фарбуюць бровы,
знойдзе тварам той асфальту
ў полі ля святой дубровы.
5.Хто сказаў, што дух крывіцкі
ўвесь забраў шайтан пякельны,
будзьма добра таго біцькі
ля баптысцкае малельні.
6.Хто прыдумаў, што яцвягі
не кладуць у брагу дрожджы,
атрымае ў лыч без звягі
каля самае Каложы.
7.Хто наплёў, што для расейцаў
водка ёсць нязводнай кармай,
той не знойдзе, куды дзецца
каля офісу Газпраму.
8.Хто пляткарыў, што літоўцы
развялі нас, быццам лохаў,
будзе біты пры дарожцы,
дзе касцёл святога Роха.
9.Хто збрахнуў, нібы палякі,
калі й любяцца, дык млява,
той сваёй не зносіць сракі
ля касцёлу Станіслава.
10.Хто прамовіў, што джэдаі –
апівошы й свінапасы,
той іх сілу паспытае
ля царквы святога Спаса.
лістапад 2009 г.
Выява паводле shichiten.deviantart.com