
***Хто даўмеўся, што гасконцы –
гэта выклятыя шэльмы,
плямы ўбачыць той на сонцы,
дзе стаіць царква Вільгельма.
***Хто плявузгаў, што баварцы
п’юць кісель заместа піва,
той дастане ў нос пры арцы,
што вядзе да храму Шывы.
***Хто вярзе, маўляў кашубы
шылахвосты й шугавеі,
мы таму накруцім чуба
ля царкоўкі Дасіфеі.
***Хто сцвярджае, што мараўцы
чыпірадлы і прытворы,
качанём таго мы ў траўцы
пры царкве Анісіфора.
***Хто сказаў, што паляшучкі,
як цалуюць, то ў чвэрць сілы,
мы таго пад белы ручкі
возьмем ля царквы Вавілы.
***Хто пляце, што трансільванцы
крывасмокі нізкай пробы,
тога ў клуб звядзем на танцы
ля малельні дзядзькі Боба.
***Хто дапетрыў, што валійцы
сушаць корань мандрагоры,
з тым мы будзем жорстка біцца
пад харал з царквы Рыгора.
***Хто балбоча, што фламандцы
па стагах хаваюць голкі,
будзем біць таго ў альтанцы
блізу Залатое Горкі.
***Хто курняўкаў, што цірольцы
не ўсміхаюцца ніколі –
будзе больку мець на больцы,
дзе стаіць касцёл Баболі.
***Хто мянціць, што сіцылійцы
мафіёзі спакон веку,
той скулы спазнае ніцай
у басейне свентых рэкаў.
ліпень 2010 г.
Выява паводле takusi.deviantart.com