Рэалізацыя праекту інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» працягваецца. Беларускія музыкі запісваюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх гітоў. «Серебряная свадьба» пасьля гастроляў па Нямеччыне і Польшчы ўрэшце дабралася дамоў, каб пачаць запіс «Новага маста», Atlantica фактычна гатовая прадставіць свой гіт «Выбар ня ў нас», а Юры Дземідовіч запісаў адразу дзьве вэрсіі свайго «Чароўнага трусіка», адна зь іх зробленая ў дэнс-апрацоўцы.Гурт «
Серебряная свадьба» выбралі ўрэшце час між пастаяннымі гастролямі і канцэртамі, каб запісаць сваю песьню «
Новы мост», якую перакладалі сумеснымі высілкамі вакалістка гурта
Сьвета Бень і літаратар
Сяргей Балахонаў. Сьвета характаразуе новую вэрсію песьні, як «
вельмі сымпатычную» і ўпэўненая, што яна палюбіцца прыхільнікам гурта. «
Галоўная ідэя нашага твору ў працэсе перакладу засталася той самай. Мы апяваем ідэю максымальнай спрошчанасьці», — інтрыгоўна заяўляе сьпявачка. Музыканты гурта па традыцыі запісваюцца ў студыі сваім мэтадам — без усялякіх накладаньняў і асобнага запісу кожнага інструмэнту. «
Мы пішамся ўжывую, каб перадаць усю экспрэсію і стварыць для слухача эфэкт прысутнасьці», — тлумачаць музыканты. Яны толькі што вярнуліся з туру па Нямеччыне і Польшчы, а пасьля працы над «Новым мастом» ад’яжджаюць з канцэртамі ў Нідэрлянды.
Амаль скончаная праца над беларускай вэрсіяй песьні «
It's Not About Us» праекту
Atlantica, якая атрымала назву «
Выбар ня ў нас». «
Беларуская мова куды мягчэйшая за расейскую і ангельскую, — кажа
Алекс Дэвід, які ўпершыню запяе на роднай мове ў межах свайго праекту. —
А гэта значыць, што зьмяняецца тэмброўка, то бок голас мой будзе гучаць зусім інакш. Мяркую, што слухачы зьдзівяцца ды запытаюцца: а дзе ж падзелася звыклая Atlantica:)».
А вось
Юры Дземідовіч з сваім «
Чароўным трусікам» стаў самым спрытным удзельнікам праекту «Тузін. Перазагрузка». Па-першае, ён хутчэй за ўсіх справіўся з пастаўленай задачай. Беларускі варыянт песьні зьявіўся на наступны дзень пасьля ўзгадненьня перакладу. Але маладому выканаўцу і гэтага аказалася замала. Наўздагон быў зроблены яшчэ і дэнс-варыянт беларускага варыянту песьні. Так што цяпер Юра разам з сваім кіраўніком Уладзімерам Глушаковым думаюць, які ж варыянт прэзэнтаваць у межах праекту. Не выключана, што беларускі «Трусік» прагучыць і на фінале адбору на дзіцячую «
Эўравізію», які пройдзе ў верасьні.
Паводле інфармацыі партала "Тузін гітоў", 20.07.2009 г.