КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Музычныя рэцэнзіі (2003 г.)

Я ЛЮБЛЮ ЦЯБЕ, АКСАНА!
заміж рэцэнзіі на альбом:
КРАСКИ. Я  люблю тебя, Сергей! Iceberg music, 2003.
Слухаючы музычную прадукцыю поп-праектаў народжаных у Беларусі, заўсёды ходаюся зь неадчэпнаю думкай: а на якой бы мове яны ўсе сьпявалі б, каб не мундэрэфэр 14 траўня 1995 г.? ці ёсьць расейшчына тых сьпевачкоў і пяюшак, каму зараз 20 – 25 гадоў, зьявішчам a priori зададзеным без увагі на моўную палітыку дзяржавы? Можна доўга варажыць, але слушнага адказу атрымаць досыць складана. Яны кінуліся пад расейскі парасонік шукаць прыбытку й славы. А мы – каму хоць трошкі баліць за беларускае – як бы махнулі на іх рукою: "Наб'юць гузоў – вярнуцца дамоў!". І гэта заміж таго, каб паспрабаваць даць ім патрэбны імпульс…

Гурт "Краски", узьнікшы пару гадоў таму, вельмі шпарка заваяваў постсавецкія прасторы сваімі просьценькім мэлядычнымі пясьнюлькамі, пад якія маладзьба можа й паскакаць услодыч і павольна патанчыць, наступаючы адно адному на ногі. Ашаламляльны посьпех мог бы увадначас закружыць голаў салістцы, а заразом і аўтарцы песень Аксане Кавалеўскай. Яна б спросту магла кінуць "эту Беларуссию" ды настала атабарыцца ў расейскім Бабілёне. Аж не! Вось яна, прыгожая-харошая, на сваёй Радзіме. Усьміхаецца і мовіць з крыўдаю на многіх з нас: "Мы – беларусы і прынцыпова не зьбіраемся зьяжджаць ні ў якую Маскву". Важкая і годная пазыцыя, на якую мы не павінны заплюшчваць свае нацыналістычныя вочы. На дробныя памылачкі, кшталту згадак пра "славянскую публіку", увагі можна і не зьвяртаць – выдаткі сталеньня. Штаб-кватэра "Красок", аднайменная з гуртом студыя, знаходзіцца ў Менску. Адсюль і ажыцьцяўляецца іхняя поп-інвазія ў Расею і ня толькі. Сьмешна, але "Краски", здаецца, зрабілі тое, што шэсьць зь нечым стагодзьдзяў таму ня здолеў зрабіць вялікі князь Альгерд. Вось толькі мова ў сьпевах расейская. Можа таму Аляксандар Рыгоравіч у сваім сёлетнім сакавіцкім выступе па пытаньнях дзяржаўнай ідэалёгіі Беларусі назваў "Краски" ў шэрагу истиннорусских "Стрелок", "Блестящих", "Тату" etc. Што праўда, чынавенства, ведаючы пра беларускае грамадзянства гурта, ледзьве не на другі дзень пасьля прэзыдэнцкага выступу завяло на некаторых удзельнікаў праекту крымінальныя справы. Нібыта за вымагальніцтва. Дзяржаўная прэса пісала пра гэта. Неяк ганебна выглядае: людзі паспрабавалі абараніць свае аўтарскія правы, а ў выніку пацярпелі самі.

Між тым праблемы не завадзілі выдаць чародны альбом пад гучнай назваю "Я люблю тебя, Сергей!". Загалоўная песьня будзе міла ўсім Сяргеям-Сержукам-Сярожам сваёй наіўнай беспасярэднасьцю:

Всё, что хочешь! Всё, что хочешь, милый мой!
Мы сегодня здесь останемся с тобой.
И на свете нет любви моей сильней!
Всё, что хочешь! Я люблю тебя, Сергей!


Аўдыторыя, на якую разьлічаныя песьні ў прынцыпе можа быць размаітай, але найперш – гэта  падлеткі й моладзь з усяго спэктру сацыяльных слаёў. Прыкметныя, да прыкладу, новапіянэрскія матывы з "нашей сменой", "шортами по колено", "кострами" ды "новыми ребятами", што "въедут в корпуса" (кампазыцыя "Летняя песня"). Дваровым сюжэцікам надаецца рамантычнага бляску й лоску ("Пацаны"). Выпускніцаў, абітурыентак і студэнтак Аксана Кавалеўская зь ледзь прыкметнай іроніяй заклікае  крыху забыцца пра іспыты ды выйсьці пагуляць на вуліцу ("Экзамены"). Але ж вуліца поўная небясьпек: можна не па-дзіцячы закахацца, а потым прасіць прабачэньня ў матулі за тое, што зьнянацку стала "любовь взрослая знакома" ("Мамочка моя"). Зрэшты мама паплача разам з дачушкаю, якая "письмо большое написала папе", але ніхто ня хоча ёй даць яго дакладнай адрэсы, а то й наагул цьвердзіць, што "папы нет" ("Мне сегодня грустно"). Бясспрэчнай акрасай альбому стала танцавальная вэрсія NRM-аўскіх "Трох чарапахаў", якіх Аксана сьпявае зь нечаканай шчырасьцю. Тым самым яна дае добры прыклад. Прыклад многім нашым расейскапеўным, якія пытаньняў пра беларускую мову ў сваёй творчасьці баяцца, як савы смаленай, і зазвычай лапочуць штось пра свою "искренность"  ці спасылаюцца на падманлівую расейскамоўнасьць вуліцы. Самай філязофскай у альбоме "Красок" ёсьць песьня зь дзіўнай назвай "PS2": "Здравствуй, утро. Здравствуй, город мой… / Я, как странник, с сумкой за спиной / Я, как птица, путь ищу домой ". Застаецца спадзявацца, што шлях дадому Аксана Кавалеўская ніколі ня згубіць. Што назва гурта ўсё ж будзе пісацца па-беларуску "Краскі", бо слова ж наскае і азначае тое ж, што і кветкі. Што ў новым альбоме салістка пацешыць нас ня толькі мэга-дэнсынгавай вэрсіяй NRM-аўскіх "Трох чарапахаў-2", але і парачкаю ўласных беларускамоўных гітоў.  І  гэта трэба толькі вітаць.

DEADMARSH  "Грані". (Р) DEATHBELL PRODUCTIONS, БМАgroup. 2003.
Яшчэ недзе павясьне ўдзельнікі гурту “DEADMARSH” паведамілі краіне аб працы над сваім беларускамоўным альбомам. Як тады. Так і цягам усяе інфармацыйна-рэклямнай кампанііі падкрэсьлівалася, што праграма будзе збудавана на цяжкіх музычных увасабленнях вершаў беларускіх паэтаў мінуўшчыны. Аднак. Узяўшы ў рукі гатовы прадукт калектыву, давядзецца зьдзівіцца з тае нагоды, што насамрэч толькі дзьве песьні альбома маюць небезьвядомыя для многіх прыхільнікаў паэзіі нашай словы – вершы “Мой кут” (Ларыса Геніюш) і “De la musique avant tout chose” (назва паводле эпіграфа да клясычнага верша Максіма Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў...”). Астатняе ж – уласна deadmarsh’аўская ў супольнасьці з з колам добрых сяброў (музыкаў і тэкставікоў) творчасьць.

Праца тым ня менш пакідае добрае ўражаньне: ад стылёва аздобленай вокладкі-кніжыцы з тэкстамі й фота да саміх песьняў. Сем трэкаў альбому гучаць ажно 42 з капкаю хвілінаў. Усе кампазыцыі (за выняткам караценькай а пекнай інструмэнтальнай “Манодыі”) ёсьць праўдаістымі рок-балядамі ды маюць адпаведную настраёвую скіраванасьць. “Непазьбежнасьць”, “Апошні жах”, “У бязьлітасьці” – назвы самагаваркія і, безумоўна, адпудзяць нашых FM’аўскіх функцыянэраў. Для іхных радзіюсаў-дзіяметраў – гэта нефармат. Але добраму слухачу будзе  чым спатоліць лёгкую і важкую тугу. “Апошні жах” – сапраўдны гвозд праграмы, песьня-асэнсаваньне няміскіх трагедыяў, проста ў кавалкі разрывае сэрца. Нават Пмідораў з “Крывавым сьвятам” неўпрыцям занікае перад гэнай песьняй. Не адстаюць і кагадзе памянёныя ўвасабленьні твораў Геніюш і Багдановіча. Ільга прадбачыць, што многім слухачам, звыклым да вэрсіі Барыса Паліводы, апошняя кампазыцыя не ўсмакуе. Але дзеля сваёй мяккасьці яна, як цьвердзяць самі музыкі, была імі абрана як візытоўка альбому, на яе ж ужо адзьняты кліп. Ролік можна пабачыць па БТ у “Кліп-абойме”. Купляйма й галасуйма! Музыкам жа парада: больш не рыфмаваць у трох песьнях альбому словы “шлях” і  “жах”, бо губляецца спаважнасьць.

ZNICH “Zapaviet aposniaha starca”. (С) & (Р) БМАgroup. 2003.
Добры знаўца беларускай музычнай прадукцыі апошніх трох гадоў пачне слухаць гэны альбом зь лёгкай гіроніяй. Праграма бо пачынаецца з intro “Запавет”, дзе “заслужаны артыст РБ” (так на вокладцы!) Георгі Маляўскі чытае паганскі заклён. Заклёнам, нагадаю, пачынаўся. Ідэбютны альбом знанага добрас сёньня гурта “Стары Ольса” «Келіх кола» (2001). У песьнях “Зьніча” чутны і традыцыйны стараольсаўскі набор музычных інструмэнтаў – дуда, бубны, варган, колавая ліра etc. – у спалучэньні з электрагітарамі. Беларускія народныя песьні ў выкананьні калектыва пацяжэлі не на адзін кіляграм. Непадрыхтаваныя слухачы, ці то аматары аўтэнтыкі, ці то палацаўска-крывяўскіх апрацовак рызыкуюць трошкі страціць раўнавагу (пры ўмове, што раней яны не былі знаёмыя з творчасьцю нашага нязгаснага). З васьмі песьняў дзьве цалкам народныя (вядома ж у апрацоўцы), пяць народныя наполову (аўтарская музыка + фальклёрныя тэксты) і толькі адна поўнасьцю аўтарская. Апроч інвазіяў сола-гітараў у зыкі дуды і дудкі, калярыту песьням дадае “кактэйль Молатава”, што складаецца са звонкага жаночага вакалу і добрага мужынскага рыку. У выніку гэтага альбом проста немагчыма слухаць без усмешкі, пры тым што тэксты пераважна сур’ёзныя. Сур’езным жа зьяўляецца і прысьвячэньне сваёй працы “тым старым вяскоўцам, якія захавалі для нас старажытныя тэксты й мэлёдыі”. “Мы добра памятаем іх запавет – любіць і берагчы сваё...” – робяць выснову яны. Апроч таго на кружэлцы запісаны кліп і дакумэнтальны фільм пра творчасьць каманды. Слухайце і глядзіце (калі атрымаецца).

ВАЛЬЖЫНА ЦЯРЭШЧАНКА “ХТОСЬ КРАНУЎСЯ КРЫЛАЎ”.
(С) 2003, ValzhynaTsiareshchynka
Чыста народнымі высілкамі ў Гомелі на студыі гуказапісу тутэйшага цэнтра культуры выйшаў сыгнальны наклад кампакт-дыска ведамай бардэсы Вальжыны Цярэшчанка “Хтось крануўся крылаў”. Спадарыня Вальжына – музыка “талакоўскага прызыву” сярэдзіны 80-х гг. ХХ ст., знаная перавжна як аўтарка песьняў на вершы забароненых і паўзабароненых у БССР паэтаў (Алесь Гарун, Ларыса Геніюш ды інш.). У альбом увайшло ці ня ўсё самае найлепшае зь ейнага канцэртнага рэпэртуару. Таму на дыску слухач знойдзе ажно 35 трэкаў. Апроч песьняў на вершы беларускіх паэтаў на альбоме значную частку займаюць народныя калядныя сьпевы.  Сама Вальжына Цярэшчанка тлумачыць, што галоўнай мэтай акурат такога падбору твораў для альбома ёсьць мэта асьветніцкая. Сябе яна сьціпла залічвае адно да мэдыятараў, што даносяць да люду пекныя ўзоры беларускае паэзіі. “Паэзія – перад усім,” – зазначае сьпявачка. Але ж нельга не заўважыць (а калі чуеш упершыню, то і быць прыемна шакаваным) тым галасавым спэктрам, каторы прэзэнтуе  спадарыня Вальжына. Ня менш радуюць прачулыя дуэты (на плытцы іх пяць) пяюхі зь іншым гомельскім бардам Зьмітром Вінаградавым (заўважаны таксама ў прысожаўскіх рок-праектах “Бан-Жвірба” і “Homo Erectus”).

ТЯНИ-ТОЛКАЙ  “Танцевальный”. (С) & (Р) WEST RECORDS. 2003.
Да творчасьці гурта “Цягні-штурхай” (а так у беларускую перакладаюць назву самі музыкі ) можна ставіцца па-рознаму. Іхны стыль – гэтакі сьцёбавы рокапоп з магчымымі нахіламі ў розныя бакі – для постсавецкае прасторы неарыгінальны. Ён эксплюатуецца і “Ляпісам Трубяцкім”, і Веркай Сярдзючкай, і халернаю кучай расейскіх гуртоў (“Жуки”, “Дискотека Авария” ды інш.). Ва ўмовах яшчэ добра адчувальнай прывязкі Беларусі да расейскай інфармацыйна-культурнай прасторы вельмі цяжка заслужыць увагу слухача і статус собскае адметнасьці. “Крамбамбулі”, напрыклад, гэта ўдаецца дзеля нязвыклай у папсовай традыцыі белмоўнасьці. “Цягні-штурхай” сьпявае пераважна па-расейску і часьцяком апэлюе да агульнасавецкіх культурных сымбаляў. Аднак, слухаючы альбом “Танцавальны”, даволі складана памыліцца і палічыць гурт расейскім. Беларускае паходжаньне выдаюць асаблівасьці гуку, аранжыраваньня (Генадзь Сыракваш), у пэўнай ступені слэнгу і алюзіяў (“Сёньня ў нашай хаце heavy metal party!”). Героі  ж песень нібы перавандравалі з Глёбусавага “Дамавікамэрона”: мадэлі ў чужой пасьцелі, аголеныя ў роснае траве, дзевачкі-маньячкі з заточкамі, цнатлівазьнішчальнік, рэпэтытарка, што любіць маляваць на целе... “Танцавальны” здатны расшаволькаць і КХП, і КГБ. Музыкам жа можна пажадаць толькі аднаго: пабольш беларускай мовы.

НАША МУЗЫКА – 1. Розныя выканаўцы. ARLOmusic. 2003.
Беларускія прадусары нячаста ідуць на тое, каб выпускаць у сьвет кружэлкі не аднаго калектыву ці выканаўцы, а т.зв. складанкі. “Наша Музыка - 1” ёсьць чарговым рэдкім выняткам з гэтай завядзёнкі. Прадукт атрымаўся досыць стракатым, але ў прынцыпе слухабельным. На кружэлцы 14 “яўных” і колькі “схаваных” трэкаў. Чатырнаццатка склалася па выніках меркавньняў слухачоў, што цягам паўгады замаўлялі беларускае на адной зь менскіх радыёстанцыяў. Сярод беларускамоўных кампазыцыяў найбольш гітовымі зьяўляюцца “Лёгкія-лёгкія”(маркесаўскі Палкоўнік на міцкевічаўскіх Дзядах ад NRM), “Глядзі” (постіндустрыяльная акулістыка ад J_МОРС) і “Не трывай мяне” (высьвятленьне сноў ад бярозаўскага гурта BN). Не званітуе сьвядомага беларуса і ад ладнай часткі расейскамоўных песьняў, напрыклад: “Новый год” (земфіроідная інструкцыя постаббаўскага happy new year’а  гурта “Лонгальеры”), “Между Минском и Римом” (новая “Кроніка Быхаўца” паводле “Стокс”), “Давай покурим” (антынікатынавая жуйка ад “Каравана”). Прадусарам – падзяка і зычэньне канцэптуальнасьці на наступным CD.

2003

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.