N.R.M. “Spravazdača 1994-2004”. (С), (Р) N.R.M., 1994, 1995, 1996, 1998, 2000, 2002,
2004.Музыкі надта рызыкавалі, даверыўшы вызначаць
склад свайго the best’у фанатам. Галасаваньне заўсягды рэч
суб’ектыўная. Таму і маем на плытцы гушчу нечаканасьцяў, кшталту
“Юра, ёлкі-палкі, Коля”, што аніяк не адлюстроўваюць настрой
адпаведных NRM-аўскіх альбомаў. Аднак галасаваньне адбылося,
справа ўчынена, лёсы кінуты – у рукох пазалочаны (пазалаці ручку!)
дыск зь 19 трэкамі 1994-2004 гг. кампіляцыя ўкладзена ў адваротным
храналягічным парадку, і мы паступова, нібыта на машыне часу самай
настаяшчай, вяртаем свае вушы й душы ў далёкі (нягож?) год
электаральнай рэвалюцыі. Як фанаты не стараліся, у складанцы ўсё
адно бальшыня зь лепшага прысутнічае (“Песьня падземных жыхароў”
“Паветраны шар”, “Катуй-ратуй”, “Лёгкія-лёгкія”). Дзьве новыя
песьні на самым пачатку кружэлкі, як спадар Вольскі і абяцаў,
змрочна-дэпрэсіўныя. Кампазыцыя “10” (нагадала шэраг песьняў з
альбому “Absolution” гурта “Muse”) прысьвечна дзесяцігодзьдзю
нашага супольнага быцьця ў палоне, запоі, застоі (патрэбнае
падкрэсьліць). Але нават пасьля гэтых дзесяці гадоў “беспрасьвета
калгасных” застаецца спадзеў: “Дзесьці, калісьці, напэўна, можа
быць, дзеці заменяць. Для гэтага трэба жыць”. Ня
меней гаючага пэсымізму ў “Рок-н-рол не ўратуе” пра парадкі нашага
горада, дзе “панкі слухаюць фанкі, байкеры слухаюць байкі”, а зь
нябачных скалаў апусьцілася сьнегавая навала... Цяжка меркаваць, якім
будзе новы альбом нашай найлепшай рок-каманды.
J_МОРС. «Montevideo». (С) & (Р)
2001-2004 J_МОРС
Альбом ці ня самага папулярнага з
маладзейшых гуртоў нашых “J_МОРС” чакаў я з пэўнай асьцярогай.
Катавала-дратавала неадчэпная думка: ці здалеюць спадарочкі
Уладзімер Пугач і Рамана Арлоў датрымаць у паўнафарматніку (пасьля
дзьвюх сынглавых выданьняў!) хаця б які моўны балянс. Як
выявілася, не здалелі. На стылёва аздобленай плытцы «Montevideo»,
складзенай зь дзесяці трэкаў (+ 1 “схаваны”) па-беларуску гучыць
толькі кавэр NRM-аўскай “Катуй-ратуй” і нічагусьці зь белмоўнага
даробку саміх “морсаў”. Так-сяк яшчэ можна зразумець, што з
агульнага канцэпту выпадала зацяжкая “Прапанова”. Аднак
адсутнасьць “Глядзі” і “Маё дзяўчо” выдае на вельмі дзіўную а
незьясьнімую праяву. Не спраўдзіліся надзеі прыхільнікаў гурта
пачуць на кружэлцы беларускую вэрсію супэр-гіта “Монтэвідэа”.
Увогуле ж альбом цалком заслугоўвае добрага слаўца. Нават
па-расейску творчасьць “J_МОРС” выглядае больш шчырай і цёплай,
чым у той раптоўнай лявіне пеюноў і пяюляк, што запаланілі
тутэйшыя “хит-подряды” пекнымі ўзорамі малпаваньня
“златограмофонных” маскалёў. Слухачы “J_МОРС” параўноўваюць яго з
“A-ha” (песьни «Календарём», «Айсберги»), з “БИ-2” («Монтевидео»), з
“Океан Ельзи” («Смотри»).
Мне ж на розум прыходзіць іншая асацыяцыя: “NRM” –
Багушэвіч, а “J_МОРС” – Неслухоўскі нашага часу. Можа памыляюся.
Але мову, панове, не пакідайце.
ВІКТАР ШАЛКЕВІЧ. “За сто крокаў ад
Вострае Брамы, альбо Геаграфія ВКЛ і ваколіцаў”. (С) & (Р)?
Год выданьня?
Альбом
алюзіяў і паралеляў, ужо пачынаючы з назвы. Першая ейная частка
нагадала эпізод з “Аповесьці бяз назвы” Ю.Крашэўскага, калі галоўны
герой студэнт Віленскага унівэрсытэта ў прыпадку рэўнасьці,
перамаешанай з голадам, гэткім шаляніцай апынуўся перад Вострай Брамай,
дзе яму добразычліва параілі: “Апамятайся, чалавеча!”. Другая частка
назвы напомніла пра рыцараў і мэцэнатаў, Статуты і мэтрыку, бітвы і
наезды... “За сто крокаў ад Вострае Брамы, альбо Геаграфія ВКЛ і
ваколіцаў” разам – быццам словы “апошняга ліцьвіна” Чэслава Мілаша.
Слухаючы Вктара Шалкевіча, заўсёды зьдзяйсьняеш падарожжа ў нейкую
краіну – такую родную, але мройную, няісную. Мілашава ВКЛ гучыць у
песьнях Шалкевіча. І пры гэтым зусім ня важна, аб чым бард сьпявае: пра
анёлаў, што наклікалі ў Гародню дождж, пра электрычку, што выпускае ў
Койданаве незнаёмку ці пра час, які ў рытмах блюза на “Запарожцы”
ўцякае па былым Ленінскім праспэкце ад лірычнага героя. Альбом стварае
адметную пачуцьцёвую атмасфэру, якая ў нечым нагадвае аўру культавага
“Народнага альбома”. Паралелі так і просяцца на язык. У “Народным
альбоме” – блакітнавокі кантрабандыст, у “Геаграфіі” – пераапрануты
польскім паручнікам агент ГПУ Мэнахэм Вольфсан; прыхадні, што лазяць па
хатах і тыцкаюць пальцамі ў сала – перакананыя “вызваліцелі, што
патрабуюць ад “вызваленых” гарэлкі й сала для супольнага сьвяткаваньня
“вызваленьня”; “дарагія мае масквічы, уважаемые ленінгадцы” –
“расьцьвіталі яблыні і сьлівы, у некаторых месцах алыча”... Той самы
сум і сьлёзы, сьмех ды іронія. На альбоме гучыць ня толькі гітара
спадара Віктара, але й іншыя музычныя інструмэнты ўдзельнікаў ягонае
суполкі (клявішныя, скрыпка), што надае бардаўскаму прадукту яшчэ
большую адметнасьць. Шкада, што ў шырокім продажы кружэлку знайсьці,
бадай, немагчыма. Шукайце ў незалежных распаўсюднікаў!
FUCK SHOW BUSINE$$. (F) 2003, FSB
RECORDS.
На
бацькаўшчыне стае людцоў, каторыя сіляцца супрацьстаяць (ці прынамсі
выгляд робяць) камэрцыялізацыі музыкі, рухаючыся проці паноўнае плыні.
Гэтая кружэлка – тутэйшае фэ сусьветнаму шоў-бізу. У 17-ці трэках
“немодные, но свабодные” пераважна беларускія гурты (ё адзін расейскі)
перавярнулі навыварат гіты апошніх гадкоў так дваццаці пяці. Ніякае
адмысловае канцэпцыі, акром сьцёбу і сёру, нашыя падземныя песьняры
(ой, сад-анэграўнд!) тут незапрэзэнтавалі. Кожны, відаць, проста ўзяў
першую лепшую песьню зь якога-кольвек “сраного хит-парада” и задаў ёй
добрага жорсткаэратычнага дыхту (гл. яшчэ раз назву!). У бальшыні
выпадкаў прадукт, незважаючы на раскіданыя там-сям лёгкія лаяначкі, не
адпрэчвае, што ў прынцыпе зьдзіўляе. Вот слухаеш новыя ўвасабленьні
гітоў Ace of Base ці Desireless (нашыя хлопцы – 3t.ON ды Виниловые сны)
і міжволі настальгуеш па піянэрских дыскатэках канца 80-х – пачатку
90-х гг.ХХ ст.: менавіта так рэзка і мусілі гучаць у вушах, уражанага
наяваю неўзаемнага каханьня, і “All that she wants”, i “Voyage”.
Складанка залучае ў сабе стоберкаўцовыя (беркавец – мера вагі ў
ВКЛ ~ 74,96 кг) гіты, якія пры жаданьні пэўных асобаў маглі б гучаць на
нашых доблесных радыёстэйшананах. Дзецюкі з IQ-48 зусім па-даросламу
палюбілі In-Grid, якая заклосьціла была ўсіх сабой і сваім баянам (на
хвіга казе баян?). У выніку нарадзіўся цудоўненькі, але мурзаценькі
“Талян, павер!”. Гурт Alles Mein рызыкоўна заняўся зводніцтвам,
паяднаўшы ў аднэй пясьнюльцы лаціначку Shakir’у і чарнасоценца Ягорушку
Летава (“Луна і грош”). Пад чуйнымі рукамі й языкамі гурта Атоми Кайлі
Міноўк, дакладней ейнае “Can’t get you out of my head”, загучала больш
пераканаўча і, я б сказаў, жыцьцесьцьвярджальна. Сярод паразаў
кампіляцыі, як на мой густ і глузд, DJ Stanny Tape зь перакручаным
Эмінэмам. Лyпня ад гэнага дыджэя зарабіў ня столькі беласкуры
амэрыканскі рэпэр, колькі цэлае соймішча народу беларускае і расейскае,
так бы мовіць, эстрады. Занадта зласьлівы атрымаўся сьцёбчык. Яшчэ
адзін мінус кампіляцыі – адсутнасьць беларускае мовы. Усе кавэры або ў
арыгінале, або па-расейску. Акурат белмоўнасьць дадала б праграме
большую інтрыгоўнасьць. Выдаўцы мяркуюць працягнуь сэрыю, абяцаючы
прасабачыць маскальскую папсяціну і... айчынных зорак. Ой, мамуня, што
то будзе!
ГЕНЭРАЛЫ АЙЧЫННАГА РОКУ. (С)
& (Р) Кампіляцыя, БМАgroup/БелПІ, 2004Гэткая
справаздача новага фэсту беларускае рок-музыкі. Сярод іншых складанак
БМАgroup гэтая выгодна адрозьніваецца тым, што ўсе гурты па-беларуску
сьпяваюць не з-пад налуску, а зх собскае ахвоты. Значнае дасягненьне,
бо нарэшце маем магсымасьць слухаць кампіляцыю і не перашчоўкваць
трэкі, якія не падабаюцца. Тут падабаецца ўсё. Маладога і юнага слухача
напэўна няхіленька шакуюць песьні старых гуртоў часу распада СССР: “Я
рок-музыкант” ад МРОІ, “Прыйдзе іх дзень” ад БОНДЫ і асабліва “Наш
шлях” ад Мясцовага часу. Да іх прымыкаюць Кася Камоцкая і
Zygimont VAZA. Рэгі-вэрсія партызанскай “Лясной песьні” ў выкананьні
N.R.M. дзярзкаватая, а ад таго і прыцягальная, бо безтафіцыёзнага
захлісту. Мусіць спадабацца ўсім беларускім рамантызатарам таварыша Чэ.
Нэйра Дзюбель зь ледзяным сэрцам пужае замшэлых дзядоў,
немаўлят-сысункоў і штатных вядоўцаў аналітычных праграмаў БТ
непаўстрымным “Belarus uber alles”. Стары гіт – упершыню па-беларуску
(цікава, ці пераклаў ужо Вітаўт Мартыненнка ляпісаўскія “Залатыя
яйцы”?). увогуле зь нямецкамоўнымі прыпевамі ў нас сёлета – у 60-тыя
ўгодкі выгнаньня фашыстоўцаў зь Беларусі – усё нармальна: “Mein
Faterland, auf wiedersehn” сьпявае КРАМА, не даючы сябе пазнаць. Як
Варашкевіч і абяцаў, очань дажа жэорстка, хоць і не зусім панятна аб
чом. Урэшце ё магчымасьць заслухаць паўлегендарную, дарма што
маладзенькую, Русю з гурта INDIGO, якая патрапіла ў анамальную зону і
згледзіла ў небе цэлых “Тры сонцы”. Піт Паўлаў і ўсе GARADZKIJA ніяк не
могуць даць ёй веры, зацыкліўшыся на тэстах Роткірха і пытаньнейку
сумнеўніка “Так ці не?”. ZNICH ад усіх анамаліяў мае найвыдатнейшую
дапамогу – “Крыжы-абярэгі”. TESAURUS аруплены собскім replay’ем
(“Аднова тэзаўрусу”). Zet шпарка рушыў па сьлядох аднаго Бураціны і,
каб не забыцца, дзе знаходзіцца, паўтарае чароўныя словы:
трэкс-пэкс-фэкс (“Краіна дурняў”). DEADMARSH, узяўшы лішніх кіляграмаў
(у сэнсе цяжаліні музыкі), па-ранейшаму змагаюцца з хімэраміт (“Ня
больш, чым дым”). КУКЛЫ напэўна вельмі рады палітычным посьпехам
Шварцэнэгэра (“Кібэр”). PARTYZONE працягвае даказваць, што ён не
RAMSTEIN, а напару і тое, што “Сьмерці няма”. :Б:Н: (такая назва на
плытцы), вырваўшыся з дастапамятанай Бярозы, заўважыў, што навокал ня
толькі мястэчкі, але й “Гарады” з аўтобусамі, тралейбусамі і
аўтамабільнымі запорамі. P.L.A.N. усур’ёзку загруз у шынку, кідаючы
перад “Шынкарачкаю” панты пра багатых родзічаў. Па суседзтву “Ў карчме”
даймае карчмітку СТАРЫ ОЛЬСА, патрабуючы ня піва ёцавіцкага разьліву, а
чыста канкрэтную крамбамбулю. Нават перад СЬЦЯНОЙ мы ўсе жадаем
пабачыць чароўную “Вясну.by”. Прыдзе вясна з нашымі генэраламі.
СЕРЁГА. «Мой двор: свадьбы &
похороны». (С) & (Р) Go RECORDS.
З
гэным Сярогам (Сяргей Пархоменка) мне давялося вучыцца ў адной
гомельскай СШ зь нямецкамоўным профілем. Што праўда знаёмства мы ня
мелі – Сяргей быў на клясу старэйшым, дый жыў, калі не памыляюся, у
Старой Валатаве, хлапцоў з каторай большасьць нашых (новавалатаўскіх)
нянадта любілі зачапляць. У апошнія савецкія гады і напачатку
незалежнасьці Старая Валатава была тыповым гомельскім маргінэсам з
адпаведнай паўкрымінальнай атмасфэрай. Дык жа матывы паэтызацыі
гарадзкіх ускраін у творчасьці Сярогі вельмі адчувальныя (чыткі “Чорны
бумэр”, “Песенька пра сьлесара шостага разраду”, “Манькіна вясельле”).
Нажаль у тэкстах гэтая тутэйшасьць непадкрэсьлена: аўтар унікае
беларускае тапанімічнае прывязкі сюжэтаў сваіх кампазыцый, за чым і
губляецца ладная доля цымусу. Прычына ведамая – прадукт арыентаваны на
постсавецкую прастору, найперш на Расею. Адсюль у тэкстах “кароль
маскоўскіх вуліц”, “дзеці масквы”, “сутэнэры на Цьвярской”, то бок
джэнтэльмэнскі набор расейскага, так бы мовіць, шансона. Хацелася б усё
ж больш двара і менш Масквы. Сам Сярога добра спалучае стылістыку таго
самага шансона і рэпу. Манэра чыткі даволі адметная, ад чаго можа быць
добра пазнавальнай. Што да зьместу, то часьцяком дужа цяжка
зразумець, ці аўтар сур’ёзны, ці ён займаецца пародыяй. Цяжка ўсур’ёзку
ўспрымаць рэп пра пахаваньне крутога маскоўскага бандзюгана і яго
жыцьцяпіс, калі ў самым пачатку называецца імя яго жонкі – Параня (“Пра
Лёньку Фінта”). У гэтым і тоіцца небясьпека для спажыўца – вялікая
імавернасьць няслушнай інтэрпрэтацыі аўтарскага пасыла. Яно ўжо й зараз
бачна, калі песьні Сярогі гучаць у машынах тутэйшых бандзючкоў і ня
очань. Безумоўныя гіты – памянёны “Чорны бумэр” (пра простага хлапца,
што любіць катаць дзевак на сваім самаходзе) і “Загубілі Лялю”
(сапраўды трагічная гісторыя пра дзяўчынку, што, пакахаўшы не таго,
пайшла церабіць няслушны шлях). Радыё-вэрсія “Лялькі” на парадак
прайграе арыгіналу, якога на альбоме нямашака. Няма тут, дарэчы, хоць
бы й бонус-трэкам, і беларускамоўнага варыянта гэтае самае песьні,
ведамай абазнанаму слухачу па складанцы “Пасадзіў DEAD RAPку”.
Відавочны мінус, бо вокладка дае зразумець, што ў нас на руках
т.зв. “белорусская версия” альбома. Беларускае мовы ў ім няма. Але ў
белмоўных слухачоў ёсьць харошая магчымасьць самім перакласьці песеньку
пра бумэр і сьпяваць яе на прыватных вечарынках, бо мінусоўка
(“караоке-вэрсія”) у наяўнасьці. “Сядай сьмялей, дзявулька, пакатаемся
з табой!”.
РАСЕЙСКІЯ ГОРКІ. Выпуск 1. Складанка
супэр гітоў ад “Расейскага радыё”. AistMUSIC,
2004.Беларусь, твой слухач дачакаўся ўжо! У дыскарнях
зьявілася складаначка зь дзіўнюткай назваю “Русские горки”.
Скажаш, што такога дабра ў нас заўсёды плойма –аж да Масквы шашу
забрукаваць можна. І памылешся. Уся анамалія гэнага зборніка
ёмістасьцю ў 21 трэк палягае на тым, што выканаўцы тут спрэс
тутэйшыя. Але ні на ваклодцы, ні на кружэлцы пра гэта нідзе ня
сказана. Догадайся, мол, сама! Дык жа гэны мамэнт, уласна, і
зьдзіўляе, лішні раз пацьвярджаючы ў якіх палё пасьвяцца пэўныя
нашыя шоў-бізнэсоўцы. Здавалася б, чаго прасьцей – ну, напішы ты
на дыску “Белорусские горки” ці “Белорусский сборник” (на
вокладку партрэт Еўдакіма Раманава за капітальнай
завушніцай!). Дык не, не дазваляе нешта. І нават элемэнт дызайну,
што нагадвае стылізаваны бел-чырвона-белы сьцяг – баржджэй
выпадковасьць.
Калі ж абстрагавацца ад першасных эмоцыяў,
можна сказаць, што гэная кампіляцыя становіць сабою ў прынцыпе
неблагую падборку лёгкай музыкі, зробленай у Беларусі. Бальшыня
выканаўцаў сталі збольшага вядомымі за апошнія год-два, парваўшы
тутэйшыя папсовыя гіт-парады. З агульнай канвы падборкі выпінаюцца
той ці іншай ступеньню арыгінальнасьці Аня Багданава (манэра
выкананьня паасобных радкоў ў “Проста словах” творыць міжвольнае
ўражаньне, што пяюха во-во й выскача із сваіх джынсікаў), J_МОРС
(гульня сугуччаў і сэнсаў у “Альбіёне”), Сярога (шансон навыварат
у “Ляльцы”), ВІА Харлі (зь беларускамоўнымі “Танцамі на палянцы”),
Лепрыконсы (зь нечаканымі постмадэрнісцкімі іголачкамі ў песьні
“Мора”: “мы лета правадзілі ў сёлах, а хто па-кручэ ў лагерах”) ды
дуэт Іны Афанасьевай з гуртом Цягні-Штурхай (самім фактам гэткага
двохсьпева і некаторай цяжалінёю песьні “Позна. Назаўжды”). Пра
Ляпіса Трубяцкога тут казаць не выпадае – гурт ня здраджвае сваёй
манэры, да таго ж кампазыцыя на дыску з даўнейшага даробку
(“Юнацтва”). За многімі астатнімі зорачкамі даводзіцца назіраць
трывалы пераймальны сьлед. Ларыса Грыбалёва (песьня “Што-кольвек”)
капіюе Анжаліку Варум. Ната Раманава (“Чужая”), Вольга Драздова
(“Шыпы і ружы”) – Эву Польну з “Гостей из будущего”. Чук&Гек
(“Прыйшла вясна”) – “Отпетых мошенников” ці “Горячих голов”. Шэраг
можна доўжыць, калі паглядзець які-небудзь расейскі “Залаты
грамафон”. Тэндэнцыя. Паслухаўшы колькі разоў плытку, я прыплыў да
высновы: няблага было б для пачатку увесь гэты калектыў заставіць
зрабіць трыб’ют “Народнага альбому”. І прыкольна, і па-свойску.
2004