ПРЭМ’ЕР ТУЗІН 2005 © Розныя выканаўцы. (Р) 2005, “Тузін Гітоў”, ТДА “Вэстрэкардз-Плюс”.
“Тузін Гітоў” ня ведае казьлючага слова “нефармат”. Слухач ня знойдзе на дыску ні чарнічных разьбітых сэрцаў, ні штурханутай дали-чужбинушки,
якія сталіся ўвасабленьнем масавай беларускай музыкі безь беларускага
слова. Даць веры вушам няпроста...
Дзіўна ўяўляць ускормленага убоствам тутэйшых fm’аў беларускага
слухача, які возьме ў рукі складанку лепшых песень 2005 года “Прэм’ер
Тузін”. Ён ня знойдзе на ёй ні чорных бумераў, ні чарнічных разьбітых
сэрцаў, ні штурханутай
дали-чужбинушки,
якія сталіся ўвасабленьнем масавай беларускай музыкі безь беларускага
слова. На дыску толькі беларускае – па мове, па настроі, па ідэалёгіі.
Калі наш гіпатэтычны слухач ніколі не трапляў на музычны партал “Тузін
Гітоў” і не спампоўваў стуль масу песьняў, яму будзе зусім няпроста
даць веры вушам, слухаючы ісьціна беларускую дванаццатку. Гэта
праўдзівы тузін процілегласьцяў, якія імкнуцца спалучыцца,
парадаксальна дапоўніць адна адную, ня ведаючы казьлючага слова
“фармат”. Таму побач песьні пра “не пайшоў нам клафелін” (КРАМБАМБУЛЯ
“Турысты”) і пра “цяпер за Радзіму адказвае кожны з нас” (UltraВожык
“Атлянтыда”), пра “вецер на тваіх далонях” (J:MOPC “Так-цік-так”) і пра
“схавай у мяне сваіх саладат” (Neuro Dubel “Жыцьцё”). Сьмех і грэх,
каханьне і патрыятызм – усё ў адным “тузіноўскім” фляконе. Да ўсяго
варта адзначыць прагрэсіўнасьць тузіноўцаў (Wiecier Mechaniczny, Сяргей
Будкін, Аляксей Мінчонак): адчуваючы нястачу на беларускім рынку
айчынных кружэлак з mp3-запісамі, яны дапоўнілі свой выніковы прадукт
мэгабонусам з трыццацёх песень акурат у mp3. У мэгабонусе датрыманы той
самы прынцып спалучаных супрацьлегласьцяў. “Тузін Гітоў” даўно стаў
правобразам добрага беларускага музычнага радыё заўтрашняга дня. Слухач
жа, не зважаючы ні на што, ужо здаецца пасьпеў.
J:MOPC "Моё солнце". (С), (Р) 2000-2005 J:MOPC
Хоць і пяе Ўладзімер Пугач, што ня мае здольнасьцяў зьдзіўляць, насамрэч ён гэта разам са сваім гуртом робіць досыць рэгулярна. J:MOPC не сядзіць, склаўшы ручкі, не адпачывае на ляўрах, як цьвердзяць зайздросьнікі. J:MOPC працуе на тое, каб пастаянна прыцягваць увагу стракатай і капрызьлівай беларускай аўдыторыі. І гэта дакладна ўдаецца: дыск лепшых і рарытэтных "морсаўскіх" песьняў "Маё сонца" - другі рэліз за сёлета. Ня кожны можа пахваліцца такім даробкам, пры чым без страты для якасьці. Пад памаранчава-чорную вокладку сабрана ўсё, што хоць некалі ў творчасьці J:MOPC зрабілася гітамі (ад віртуальна-фатальнага "Web-дизайна" да бізнэс-рамантычнага "Так-цік-так"). Адчуваючы ўзрастаньне цікавасьці слухача да сябе, музыкі гурту рызыкнулі прэзэнтаваць шэраг рэдкіх ды нават невыдаваных кампазыцыяў: дэмбельска-шалапутлівы "Октябрь", постдэкадэнцкі "LSD или чай?", каляжныя "Партизаны". Але чамусьці не знайшлося месца для рэдкаснай беларускамоўнай песьні "Маё дзяўчо", каторая выдавалася толькі аднойчы. Як і на папряэдніх альбомах і сынглах, на "Маім сонцы" зьмяшчаецца некалькі рэміксаў. Сюрпрызам жа для любога аматара J:MOPC станецца відэабонус зь пяцьцю кліпамі. Але ўсё ткі здаецца, што галоўныя сюрпрызы варта чакаць трошкі пазьней - у наступным арыгінальным альбоме.
J_МОРС «Апрель» . (с) «J_Mopc», 2005. (p) «J_Mopc», 2005. «Вэст Рэкардс-плюс»
Альбом гурту «J_Mopc» «Апрель» можна выдаваць з падзагалоўкам:
«Каханьне й шоў-бізнэс у эпоху інфармацыйна-кампутарнай цывілізацыі».
У тэкстах песень прыгадваюцца мабільнікі і MMS, правайдэры і лінкі,
прадусары і вокладкі модных часопісаў. Гэта зьбянтэжыць неабазнанага
слухача, але відавочна прывабіць дасьведчанага.
Парадаксальнае суседзтва «флэшак для ціноў» і «віславухіх
прынцэс» у лірыцы «J_Mopc» надае ёй адмысловы шарм. У спалучэньні з
характэрным вакалам Уладзімера Пугача гэты шарм падвойваецца і не
дазваляе гурту сасьлізнуць у бок пашлаватага патасу тыповых хлапчуковых
камандаў.
Зрэшты, цалкам унікнуць небясьпечнага крэну групе не ўдалося: песьню
«Работа над ошибками» паспалітае вуха ўраз пераблытае з даробкам
Валерыя Меладзэ.
У параўнаньні з папярэднім, у новым альбоме паболела беларускай
і сэрбскай мовы. Па-беларуску гучаць гітовыя кампазыцыі «Яна» (аб
паньне сэрца, што здатная дапамагчы, «нават калі не кахае цябе») і ужо
вядомая «Так-цік-так». Па-сэрбску гаворыць дзяўчына ва ўступе да песьні
«Снилось», якая апявае юную фанатку, што толькі-толькі закінула цацкі
ды імкнецца далучыцца да сьвету дарослых кактэйляў і зоркавага
сьмецьця.
Паравіны году ў песьнях «Апрель», «Мятное лето» і «Вместе
навсегда» («100 дорог») сутыкаюцца процілегласьцю настрояў: вясновая
беспрычынная радасьць ад карамэляў, бесклапотнасьць летніх басэйнаў на
гатэльных дахах, восеньская задуменнасьць пра няўлічаныя вынікі
сьцісканьня сусьвету. Але тое самае сьцісканьне не змагло сапсаваць
кавэр на савецкі касманаўцкі гіт «Трава ля дому».
«J_Mopc» ступіў у стадыю медных трубаў. Наступны альбом павінен
будзе засьведчыць, наколькі музыкі змогуць абстрагавацца ад накатанай
каляіны вытворчасьці гітоў і прэзэнтаваць нешта сьвежае і арыгінальнае.
«Усё дзеля Вас». (с) «Зьмяя», 2005. (р) «БМАgroup», 2005
Няпросты альбом. Трэба быць падрыхтаваным або мець прыдатны настрой,
каб адным лётам праслухаць усе 12 трэкаў. Нішто не ўратуе ад штурму й
драйву, якія дэманструе Зоя Каральчук з кампаніяй. Адчайны жаночы
вакал, што раз-пораз зрываецца на рык, сымпатычна спалучаецца з
мэлядычнасьцю.
Усе песьні па-беларуску. «Цяпер я — музыка BY», — сьпявае
«Зьмяя», бо гурт адмовіўся ад расейскамоўных вэрсій некаторых сваіх
кампазыцый.
Беларускія тэксты — экспрэсіўныя, часам эпатажныя (нечаканыя
мацюкі ў песьні «Ў яму»), перасыпаныя іроніяй (лысая сямейка ў
«Цётцы»).
Матывы папсова-эстраднай лірыкі даведзены «Зьмяёй» да абсурду
(адрынутая дзяўчына, якая штовечар шнарыць у майтках з надпісам
«Бывай»). Вельмі цікавы фальклёрна-геймэрскі хаўрус у песьні
«Counter-Strike Source», дзе традыцыйныя каліны-рабіны суседзяць з
гульнёвымі БОТамі і вінтоўкай М-16.
Самая сур’ёзная, бясьсьцёбная песьня «Вайна» — змрачнаватая
футурыстычная карціна з салдатамі невядомай арміі і шчырым антываенным
патасам. На жаль, у пляне лексыкі мова «Зьмяі» недасканалая. І нават
пахвальны момант самастойнага перакладу ранейшых тэкстаў з расейскай
блякне перад плоймай памылак. Але гэта справа папраўная.
POSTSCRIPTUM «Вандроўка». (с) «Postscriptum», 2005. (р) «БМАgroup», 2005.
Бывае, што альбомы спазьняюцца. А бывае — забаўляюцца. Дзіўнае
ўражаньне робіць кружэлка гурту «Postscriptum». Здаецца, што гэта ўсё
было — ці то ў іх, ці ў іншых. Псэўдафольк перамяшаны з рокам і
прыпраўлены народнай аўтэнтыкай. Здаецца, што бальшыня трэкаў (агулам
іх 12) стваралася музыкамі для саміх сябе і сваіх верных фанатаў. Я не
хачу прымяншаць узроўню прафэсійнасьці каманды Юліі Белізяк, але мушу
разважаць як абывацель. За што зачэпіцца паспалітае вуха? Што ўпадабае
цынік-рэдактар «Кракадзілус-FM»?
Без увагі на тое, што ў загалоўнай кампазыцыі пяецца «Вандроўка
— прэч ад тугі», ладная колькасьць песень напоўнена сумам. І сум гэты
часьцяком напяты, штучны (за выняткам прачулай «Вецер з поўначы»).
Гарадзкія матывы («Ведаць бы яшчэ», «Дарую табе») марнеюць у
псэўдафолькавым вакале. А там, дзе вакалістка паўстрымлівае сябе ад
надужыцьця сваімі галасавымі данымі, удаецца зусім няблага (восеньскі
горад у «Мне не шкада»). Некаторыя крытыкі пасьпелі назваць мэга-гітом
альбому песьню «Званы». Пагарачыліся. Трохі весялейшая за іншыя, і ўсё.
Няма тут мэга, з гітамі таксама складана.
2005