КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Музычныя рэцэнзіі (2006 г.)

J:Морс. Босиком по мостовой. West Records, 2006
Альбом успрымаецца як своеасаблівы цыкл сагаў гарадзкога беларуса, які здымае зь сябе дасьпехі паўсядзённага цынізму і прагматычнасьці, каб на сорак зь нечым хвілін стаць трохі дзіваком і рамантыкам. Гэткі "байцоўскі клюб" навыварат, калі галоўным жаданьнем робіцца прага заспакаеньня і кунегі пасьля баёў у бітвах за першапачатковае назапашваньне капіталу. Жаданьне здаецца невыканальным, бо стабільна недасяжнай зьяўляецца цудоўная дама босага байцоўскага сэрца. І спрэс перашкоды паэтыка-псыхалягічнага кшталту.

J:Морс. Босиком по мостовой По углям больно. По воде страшно. Але ж з ласкі безназоўнага злога генія ўсё адно мусіш падаць ніцма ў халодны попел, студзіць крылы аб вулічнае каменьне і марна ўглядацца ў раптоўную сьнежную кудасу, за якой губляецца сьлед імавернага каханьня. Куды яно зьнікае? Можа быць у ледзь чутным пульсе з-пад руінаў, ці ў месяцовай цьмянасьці, ці паранармальным палёце ледаколаў убок выраю...

Герой шукае. Шукае ўпарта, як Супэрмарыё, сваю прынцэсу. Хоць і круцяцца думкі пра ошибку сценария і паветра ня тое, пра несапраўдны сьмех у прынцэсіных вачах. Урэшце, адбіўшы ўсе атаки фриков і драконаў уласных фобій, ён знаходзіць жаданую спатолю. "Мілы мой, ты прайшоў сто дарог...", – чуе герой чароўны жаночы голас і адчувае сябе шчасьлівым. Не віртуальна, а рэальна.

Цяжка сказаць, ці дадасьць альбом шчасьця слухачам. Але прынамсі надзею на сьветліню ён гарантуе. Вельмі цешыць наяўнасьць на дыску трох беларускамоўных кампазыцыяў ("Паветра", "Жыві", "Сонца сьмяецца"). Тэкст да адной зь іх стаў для фронтмэна групы Уладзімера Пугача першым самастойным (і да таго ж удалым) экспэрымэнтам з родным словам.

J:МОРС "НЕ УМИРАЙ", інтэрэнт-сынгл, 2006.
Прывітаньне, Ліна!
Ты пыталася пра “морсаў”. Так, сапраўды, пакуль табе добра адпачывалася на моры, яны замуцілі новы інтэрнэт-сынгл. Сьціплейшы за папярэдні: адна студыйная песьня, адзін live (чамусьці in heaven) і адзін dark remix (бачыш, якія выдумшчыкі?) на загалоўную песьню. Няма таго, што раньш было...

J:морс. Не умирайГэта табе ня “Сто дорог”. Гэта “Не умирай”. Амаль, як у Багушэвіча – “каб ня ўмёрлі”, дарма што загалоўная кампазыцыя, каторая дала імя сынглу, напісана на расейскай. Але й па-беларуску таксама ёсьць (тая, што in heaven). “Паветра” называецца. Песьні ніштаватыя. Слухаць можна. Праўда, начытаўшыся анонсаў, я наіўна чакаў чагосьці больш выбуховага і вогненебясьпечнага. Як жа ж, абяцаўся рокавы надрыў, адыход ад стылістыкі папярэдняга альбому “Апрель”. Але ўрэшце маем ўсё той жа пазнавальны гук &драйв J:Морс, усю тую ж парадаксальна шчымлівую лірыку. Зрэшты я па-ранейшаму думаю, што ўсе гэныя “алые просветы”, “искорки слёз” і “черепки перламутра” не здаюцца папсовым хлудам толькі таму, што сьпявае пра іх Уладзімер Пугач. Ты ж таксама дагэтуль у бяспамяцтве ад яго адмысловага вакалу? Вось і зразумей: частуюць нас сынглам, бо ведаюць, што нам хочацца новых песень. А што пачастунку так мала, дык яно ўсё з разьлікам разьятрыць слухацкі апэтыт у чаканьні паўнавартаснай стравы – новага альбому. Гэта, Ліначка, называецца піяр.

Адным словам, калі карціць, пампуй песенькі сама (www.jmors.by). Калі ж можаш трохі патрываць, дык я закатаю для цябе сынгл на дыск і нават вокладку раздрукую. Толькі не забывай, што для прыватнага праслухоўваньня. А яшчэ нагадай, ці маеш на мабілцы wap-паслугу, бо магу табе парачку легальных “морсаўскіх” рынгтонаў пераслаць у падарунак да новага навучальнага года.

ЗЫ. Пагадзіся, вельмі скрушна, што ў сынгле не апынулася месца для фірмовай мінусовачкі якой-небудзь вядомай песьні “морсаў”. Я не даганяю, чаму Серёга можа выкласьці ў сеціве мінусоўкі да песьняў цэлага альбому, а нашыя ўлюбёнцы нават адной не адшкадуюць. Мабыць, паветра ня тое...

Усяго найлепшага,
твой – Балахонаў

ZET "RADZIMA.COM", (с) Zet, (p) Go records, 2006.
Калі я сказаў прыяцелю, што зьявіўся новы альбом гурту Zet, ён ня даў веры: "Балёне, ці ня пяць гадоў таму ты мне казаў тое ж самае... " Сябра трохі памыліўся гаворка адбывалася гады чатыры назад, калі БТ (былі ж часы!) анансавала хуткае зьяўленьне альбому музыкаў у масках. Але час ляцеў і альбом ніяк не зьяўляўся, ператвараючыся ў гэткі гарадзкі міт, сагу гарадзкога беларуса-мэлямана, што палюе на айчынныя музычныя навінкі. І вось дачакаліся. Вострасацыяльная лірыка і ніводнага разу нефарматная музыка на кружэлцы, выдадзенай на родненькім гомельскім лэйбле "Go records" - тым самым лэйбле, які выдваў першы альбом "радзіміцкага Эмінема" Сярогі. Неспасьціжныя шляхі гуказапісу! Што ж урэшце канкрэтна маем на дыску з web-назваю "Radzima.com"? А маем ажно 17 трэкаў, шэраг якіх ("1, 2, 3", "Сьветлы шлях", "The best" (ранейшая назва "Краіна дурняў") , "Анёл") ужо вядомы па сякіх-такіх ранейшых рэлізах. Хоць збольшага музыкі стараюцца ня рэзаць слухача скальпэлям, а прыхоўваюць свой настрой за дурасьлівымі крыўляньнямі, усе песьні прасякнуты болем і тугой за лёс Айчыны. Кпіны жорсткія, гумар цяжкі, пэрсанажы пазнавальныя. У вар'яцкім карагодзе круцяцца вэтэран кожнае крывавае вайны і калгасны старшыня, сьвіньні, што садзяць апэльсыны, і хор рэдкасных казлоў, зьвіхнутыя аматары БТ і лёзунгу "Back in USSR"... Zet бэсьціць спажывецкія ідэалы, якімі значная частка нашага грамадзтва падмяніла патрэбу ў свабодзе і выяўленьні нацыянальнай годнасьці ("Аб'явы", "Мужчына"). Музыкі бязьлітасныя, як да штатных ідэолягаў ("Крумкачы", "The best"), гэтак і да штатных апазыцыянэраў ("Джала", "Анёл"). Zet амаль не праракуе (хіба толькі ў песьні "Заўтра" пра такое блізкае жыцьцё, што расьцьвіце папараць-кветкаю). Zet больш канстатуе, абмалёўвае і даводзіць абмаляванае да абсурду. А яшчэ Zet спадзяецца. Спадзяецца на прыйсьцё белакрылага анёлу, што вызваліць нас ад уласнаручна створанага палону, ад нашай унутранай зьмяі, каб нарэшце стомленая Айчына падарыла нам ласкавую ўсьмешку. Найлепшыя песьні альбому (суб'ектыўна): "Твая Айчына", "Зьмяя ўнутры цябе", "Анёл".

INDIGA “ЗАЕНЬКА”, БМА-груп, 2006.
Бывае, прыйдзеш дахаты і аж да амарокі катуешся жаданьнем караскацца на сьцяну ці выць на лямпачку. Дэпрэсія бо. Нехта ў такім стане залішне братаецца з Бахусам. Нехта правіць лязом свае вены. Я ж у такім разе слухаю дэпрэсіўную музыку. Клін клінам б’юць. Да апошняга часу ўлюбёнымі лекамі для мяне ў гэтым сэнсе былі пэўныя брытанцы і чыста канкрэтныя немцы. Але цяпер, дзякуючы гурту “Indiga”, аб’явілася добрая магчымасьць утаймоўваць прыступы тутэйшай дэпрэсіі якасным айчынным музычным прадуктам. Нетаропкасьць, мэлядычнасьць, выразнасьць вакалу прывабяць ня толькі заўзятых дэпрэсантаў, але й кожнага цанавальніка добрай сучаснай музыкі...

Indiga. ЗаенькаЛітаральна кожная з шасьці кампазыцыяў сынглу цудоўна ўпісалася б у саўндтрэк рознажанравых фільмаў. Традыцыйнай беларускай песьні пра заеньку і яго тры домухны яўна не ставала Квэнціну Таранціне у “Kill Bill-2”. Уяўляеце? Мэксіканская пустэльня, прагная да помсты гераіня Умы Турман з самурайскім мечам шукае наступную ахвяру, а фонам гучыць выкшталцоны дуэт салісткі “Indiga” Русі й фронтмэна “Крамы” Ігара Варашкевіча: «А ў заенькі тры домухны». Пад акустычную вэрсію той жа песьні, запісаную супольна зь беларускім псыха-фолькавым праектам “Нагуаль”, зусім лёгка можна было б адправіць на атлянтычнае дно цэлую флятылію чарговых шырокаэкранных “Тытанікаў”. Пад англамоўную “Honey Goes Down” Дэвід Лінч мог бы уваскрэсіць легендарную Лору Палмэр з Твін Піксу. Spaceman remix гэтай песьні, зроблены аўстрыякам Roland’ам Von Der Aist, зусім лёгка мог бы натхніць Бруса Ўіліса на барацьбу з касьмічным злом ці ашалелым астэроідам. Калі б жа нехта ўзяўся здымаць “Антыбумэр”, дык там добра пасаваў бы рэмікс на “Honey Goes Down” ад Der Fette Koenig (таксама аўстрыйскі дыджэй). А вось рэмікс “Заенькі” за аўтарствам dj Vertical Movement варта было б пазычыць вытворцам вусьцішнай кампутарнай гульні “Silent Hill”. Змрок і прадчуваньне бяды ўзьведзены ў абсалют. Падымеш з падлогі якую-небудзь лялечку ці цацачку і чорта з два здолееш выблукаць з трох японскіх соснаў. Невыпадкова вокладку кружэлкі аздабляе працяты моркаўкай плюшавы зайчанятка...

І ўсё ж па дзвюх арыгінальных кампазіцыях цяжка меркаваць пра тое, якім будзе наступны альбом “Indiga” цалкам. Калі ты ніколі ня бачыў слана, ты не пазнаеш яго па хвасту і хобату. Застаецца спадзявацца, што будучая [гукавая] карціна нас усіх прыемна ўразіць. А дэпрэсія будзе толькі мімалётнай часткай у агульным штурм унд дранг шаноўнага гурту.

2006

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.