Адзін з удзельнікаў праекту ТГ "Перазагрузка" гурт Naka зрабіў новую версію відэа на кампазіцыю "Бяжы".
Нагадаем, што "Бяжы" нарадзілася ў выніку супрацоўніцтва лідэра каманды, аўтара слоў і музыкі гурта Настассі Шпакоўскай і літаратара, перакладчыка Сяргея Балахонава. Рускамоўная "Беги" – кампазіцыя з новага альбому калектыву – "Пара", дзякуючы пераходу ў беларускамоўнае вымярэнне атрымала новае нараджэнне і прыхільнікаў і, як след, патрабавала да сябе асаблівага стаўлення.
У выніку відэаролік на "Бяжы" не прымусіў сябе доўга чакаць. Рэжысерам відэа стаў вядомы кліпмейкер Максім Сіры, які аднойчы ўжо прынес славу гурту, зрабіўшы ролік на кампазіцыю "Мой герой – Таня Буланава". Максім і гэтым разам прапанаваў незвычайны відэашэраг на песню Насты Шпакоўскай, мэта нібыта якога – выклікаць вялізную колькасць сэнсавых інтэрпрэтацый і тлумачэнняў.
Відэа на "Беги" і "Бяжы" рабіліся адначасова. Але асаблівую нюансіроўку беларускай мовы ў варыянце "Бяжы" было вырашана ўраўнаважыць спецыфічнай – аніміраванай – тэхнікай выявы. Нягледзячы на мноства дадатковых сэнсаў, якія прапаноўвае відэакліп, галоўныя ідэя роліка, што хаваецца за яскравымі колерамі, вельмі простая – быць шчырым перад самім сабой.