КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 НАВІНЫ: ПАДЗЕІ, ЛЮДЗІ, РОЗГАЛАС

Архіў навінаў 2006 г.

"V generaci spisovatelů středního věku"

На чэскім сайце www.iliteratura.cz зьмешчаны агляд "Běloruská literatura v posledních patnácti letech", прысьвечаны асноўным тэндэнцыям разьвіцьця беларускае літаратуры апошняга пятнаццацігодзьдзя. Паказальна, што ў адрозьненьні ад беларускіх выданьняў Сяргей Балахонаў тут характарызуецца не як малады пісьменьнік, а як пісьменьнік сярэдняга ўзросту:

"Z nadaných debutujících básníků a prozaiků zmiňme alespoň Jaraslavu Anankovou (často vystupuje pod pseudonymem Uljana Lenina), trochu kontroverzní Jugasju Kaljadovou, Fedora Koněva, Hleba Labadzenku, Valeryji Kustavovou, v generaci spisovatelů středního věku vynikají Andrej Chadanovič a Sjarhej Balachonau".

"Згадка ў адным кантэксьце з Хадановічам ня можа ня цешыць", – адзначыў спадар Сяргей.

9.12.2006

J:МОРС — па бруку басанож

На сайце разьмечаны водгук Сяргея Балахонава на альбом групы J:МОРС "Босиком по мостовой". Першая публікацыя адбылася на слушным музычным партале "Тузін Гітоў".

22.12.2006

Песьня "Калябаранцкая калядная"

Нямецка-беларуская народная песьня, пра злыя парадоксы ваенных часоў, калі, напрыклад, калядная ялінка суседзіць з шыбеніцамі. Пампуем песьню ў фармаце mp3 (2.09 мб)

9.12.2006

J:МОРС — па бруку басанож

На сайце разьмечаны водгук Сяргея Балахонава на альбом групы J:МОРС "Босиком по мостовой". Першая публікацыя адбылася на слушным музычным партале "Тузін Гітоў".

8.12.2006

Антынастальгія па войску

Сяргей Балахонаў зараз піша прадмову да кнігі вайсковых нататкаў нашаніўца Сямёна Печанка. Праца прабіла пісьменьніка на ўспаміны, і ён зьвярнуўся да аднаго з сваіх армейскіх блякнотаў, дзе з 2000 г. засталіся накіды "Слоўніка рэальнага вайсковага быцьця". "Гэта не настальгія па войску, – тлумачыць пісьменьнік, – гэта чарговая спроба адстароненага погляду на зьявы армейскае службы, якія давялося назіраць і зазнаваць на собскай скуры ў далёкім 2000 годзе". Мы пачынаем публікаваць гэты слоўнік, памяшчаючы штодня на сайце артыкулы са словамі на тую ці іншую літару.

1.12.2006

Вішнёвая катаракта ў Сеціве!

Адзін з самых адыёзных водгукаў гэтага году на кнігу Сяргея Балахонава "Імя грушы" нарэшце апублікаваны ў Сеціве. Маецца на ўвазе артыкул Зьмітра Вішнёва "Катаракта пані Грушы, альбо Шпацыр па целе адной інсінуацыі", які ўвесну друкаваўся ў часопісе "Дзеяслоў".

29.11.2006

Сьціслая правакацыя Дубаўца

Колішні рэдактар газэты "Наша Ніва", аўтар радыёпраграмы "Вострая Брама" Сяргей Дубавец пакінуў у сваім інтэрнэт-дзёньніку допіс "Імітацыя", які ёсьць сьціслай рэфлексіяй па прачытаньні кнігі Сяргей Балахонава:

"Прачытаў балахонаўскую “Грушу”. Практыкаваньне бездыханнае. Здаецца, дыхні ў яго жыцьця, яно б распухла ў ладную кніжыцу... Хоць гэта ілюзія. Бо тут аўтарскі падыход: не пісаць літаратуру, а — імітаваць літаратуру".

Балахонаў толькі ўсьміхаецца.

28.11.2006

Балахонаўшчына на Podcasting.by

27 лістапада Сяргей Балахонаў улучыўся ў шэрагі падкастэраў: на беларускім падкастынг партале Podcasting.by быў адкрыты акаўнт "Балахонаўшчына". Пісьменьнік выклаў у сеціве псэўданародную песьню "У канвойных вайсках", якую дагэтуль маглі чуць толькі вузкае кола сяброў, а таксама ўдзельнікі менскай і буда-кашалёўскай прэзэнтацыяў кнігі "Імя грушы". Спадар Сяргей мяркуе паступова дадаваць новыя падкасты: як сьпевы, так і дэклямаваньні.

На нашым жа сайце неўзабаве будзе адчынены разьдзел "Падкасты" з наўпроставымі спасылкамі на новыя гукавыя файлы "Балахонаўшчыны". Фармат файлаў — mp3. Якасьць — homeaudio.

25.11.2006

Сто гадоў "Нашай Ніве"

У гонар сотай гадавіны першай беларускай газэты з рысункамі Сяргей Баоахонаў зьвярнуўся да працаўнікоў выданьня са словамі віншаваньня.
"Шаноўнае спадарства!
Віншую ўсіх нашаніўцаў і чытачоў са стагодзьдзем газэты нашае душы!
Зычу, каб беларускі Мінатаўр, імя якому самота быў урэшце пераможаны!
Вытрымкі і плёну! Радасьцяў вялікіх і яшчэ большых!"

Сто гадоў Нашай Ніве

24.11.2006

Наша раптоўная Амэрыка

У сваіх ляктронных архівах Сяргей Балахонаў адкапаў тэкст 2004 г. пад назвай "Наша Амэрыка". Аўтар сьцьвярджае, што твор нідзе не публікаваўся раней, хоць і гучаў некалькі разоў у сяброўскай талацэ. Ня доўга думаючы, мы вырашылі разьмясьціць гэтую містыфікацыю на нашым сайце. Калі ласка.

23.11.2006

Пакаленьне, што чытае з манітора

На старонках газэты "Беларусь Сегодня" апублікаваныя вынікі круглага стала, прысьвечанага праблемам сучаснай чытацкай практыкі і звужэньня кола чытачоў. Сярод удзельнікаў дыскусіі былі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і інфармацыі, навуковых установаў, часопісаў, а тасама маладыя пісьменьнікі.

Цікава, што, калі гаворка пайшла пра чытаньне і Сеціва, пісьменьніца Аксана Бязлепкіна дапусьціла зусім нечаканы, але прыемны для нашага сайта пасаж: "И не нужно противопоставлять Интернет книге. Выросло поколение, которое читает не со страницы, а с монитора. И эмоции прочитанное вызывает те же самые. У меня были случаи, когда я читала книги с монитора и плакала. Я знаю людей, которые специально загоняют книги в наладонные компьютеры. Другое дело, что некоторые читают только в Интернете. И если там мало представлено произведений, скажем, Янки Купалы, отсюда будет и небольшое знакомство с ним. Есть хорошие сайты, — например, Владимира Короткевича или молодого гомельского писателя Сергея Балахонова. И для читателя Интернета оба эти сайта равнозначны, потому что там нет иерархии, нет авторитетов".

Прыемнасьць і ўдзячнасьць удвая большая, бо згадка пра наш сайт супала з панаўленьнем яго дызайну.

22.11.2006

Салодкае слова рэдыз

Як ужо заўважылі сталыя наведнікі нашага сайту, цягам лістапада памянялася яго дызайнавае ўвасабленьне. Таксама дадаліся некаторыя тэхнічныя магчымасьці. Прыкладам, зараз можна адпраўляць камэнтары да твораў Сяргея Балахонава проста з тых старонак, дзе яны разьмешчаныя. Яшчэ мы нарэшце завялі т.зв. "жывільнік", то бок rss-канал. Ёсьць верагоднасьць зьяўленьня і іншых інтэрактыўных дадаткаў.

10.11.2006

"Порах у Балахонава, канечне, ёсьць..."

Карэспандэнт газэты "Наша Ніва" Зьміцер Панкавец апублікаваў у сваім інтэрнэт-дзёньніку "Маленечкі цытатнік рэдакцыі "Нашай Нівы" пра Сяргея Балахонава". Са згоды (дый па прапанове) складальніка уся падборка разьмяшчаецца на "Тэзэі".

3.11.2006

Грушавы дэсант у Буда-Кашалёва

2 лістапада адбылася прэзэнтацыя кнігі Сяргея Балахонава "Імя грушы" ў Буда-Кашалёўскім аграрна-тэхнічным каледжы. Сьціслая творчая справаздача пісьменьніка разьмешчана у ягоным блогу і на інфармацыйным сайце "Імя грушы".

1.11.2006

Чаканьне "Калосьсяў"

Падрыхтаваны да друку другі сёлетні нумар легендарнага часопіса "Калосься" (праект Алеся Аркуша). У нумары будуць апублікаваны тэксты Сяргея Балахонава: апавяданьне "Сьнег капітана Мантгомэры" і артыкул "Трышчан пайшоў на балота". Варта дачакацца гатовага прадукту і абавязкова набыць!

21.10.2006

"Адкажы, чаму змутнеў душы крышталь?!"

Сяргеем Балахонавым быў перакладзены тэкст тужлівай песьні ўкраінскай сьпявачкі Ані Лорак "Розкажи". "Я ня ведаю, ці шмат хто ў Беларусі чуў ўкраінскі арыгінал. Але він мене вразив", – адкамэнтаваў літаратар. У перакладзе песьня атрымала назву "Адкажы".

20.10.2006

Алесь Аркуш: "Беларуская эзатэрыка гомельскага разьліву"

Знаны беларускі пісьменьнік і выдавец Алесь Аркуш у сваім інтэрнэт-дзёньніку пакінуў водгук з нагоды прачытаньня "Імя грушы": "Нарэшце знайшоў час для чытаньня "Імя грушы" Балахонава. Мне падабаецца. Ня ведаю, ці хто адзначаў, што рэч напісаная пад уплывам "Лябірынтаў" Ластоўскага: прыгодніцкае тло, развагі герояў твору пра гісторыю Беларусі (розныя дзіўныя (эксклюзыўна-альтэрнатыўныя) вэрсіі), таямнічы дух...
Так бы мовіць, беларуская эзатэрыка гомельскага разьліву.
І якія там "няўцямныя" словы ў "Грушы" знайшоў Вішнёў. Як раз мова твора — яго асноўная прываба".

7.10.2006

Наш Каратынскі

Літаратуразнавец Людміла Рублеўская ў артыкуле "Перекрёстки Винцеся Каратынского", прысьвечаным загадкам жыцьця і творчасьці беларускага паэта ХІХ ст., прыгадвае эсэ Сяргея Балахонава: "Каким же он был на самом деле? Это пытаются понять и молодой литератор Сергей Балахонов в эссе «Литвин с бородою Маркса», и маститые ученые вроде Владимира Мархеля". Варта адзначыць, што эсэ было напісана пяць гадоў таму. Зь яго поўным тэкстам можна пазнаёміцца на "Тэзэі".

4.10.2006

Лімэрык пра Балахонава

Карыстальнік "Жывога Журналу" nutranyburatina зьмясьціў у сваім блогу падборку лімэрыкаў, суправаджаючы іх наступнай рэмаркай: "Карацей, лімэрыкі пра мясцовых, вядомых у вузкіх колах знакамітасьцяў, пераважна акалялітаратурнага сьвету. Можа, хоць апасьля гэтага паста у каго-небудзь узьнікне жаданьне набіць мне твар, бо неяк сумна жывем, камарадзішы". Героем аднаго з дасьціпных пяцірадкоўяў стаў і Сяргей Балахонаў. Лімэрык можна прачытаць у блогу аўтара або на гэтым сайце ў падразьдзеле альбомнай лірыкі.

30.09.2006

Ганна Кісьліцына: "Раман Балахонава — запрашэньне да гульні"

У галіновым часопісе для настаўнікаў беларускае мовы і літаратуры "Роднае слова" (2006 г., №9, с.23-25) апублікаваны аглядны артыкул Ганны Кісьліцынай "Мадыфікацыя празаічных жанраў у сучаснай беларускай літаратуры". Немалая ўвага ў гэтым аглядзе аддадзена раману С.Балахонава "Імя грушы". Фрагмэнт артыкула разьмешчаны на інфармацыйным сайце "Імя грушы".

24.09.2006

Гомельскія глюкі Linkin Park

Сяргей Балахонаў пераклаў тэкст песьні гурту Linkin Park "With You". "Творчасьць гэтай каманды сталася для мяне адкрыцьцём толькі сёлета, – адзначае перакладчык. – Песьня "With You" мяне вельмі ўразіла, удала легшы на настрой майго восеньскага раздарожжа поўнага невутлумачальных клінаў і глюкаў". Беларуская вэрсія песьні атрымала назву "З табой", папаўняючы калекцыю песьняў перакладзеных спадаром Сяргеем.

22.08.2006

Пайду ў гушчар затканы мглою

Тэкст яшчэ адной песьні гурту Rammstein быў пераствораны Сяргеем Балахонавым на беларускую. Гэтым разам пад пільную ўвагу спадара Сяргея патрапіла песьня "Ohne dich" ("Безь цябе"). "Некаторыя знаўцы называюць гэны рамштайнаўскі твор папсовым, зважаючы на павольную лірычную мэлёдыю і кліп аля фільм "Вэртыкаль" ("если друг оказался вдруг"). Але ж у нямецкім тэксьце прыкмячаецца брутальная іронія, якую я спрабаваў перадаць у беларускай вэрсіі, спэкулюючы, напрыклад, на вядомай патрыятычнай песьні Даньчыка і самай знакамітай беларускай калыханцы", – адзначыў перакладнік. Пераклад вельмі хутка ацанілі пастаянныя чытачы інтэрнэт-дзёньніка Сяргея Балахонава, дзе твор быў выстаўлены ўпершыню. Цяпер ён маецца і на гэтым сайце.

10.08.2006

Хто народны?

Сяргей Балахонаў удзельнічаў у апытаньні"Нашай Нівы". На пытаньне карэспандэнта газэты Зьмітра Панкаўца "..." спадар Сяргей адказаў: «Зь вялікай нацяжкай мог бы назваць Юр’я Станкевіча». Гэты адказ прывёў неописуемый восторг некаторых юных блогераў. Цікава, што імя Станкевіча назвала літаратуразнавец Юнэля Крупенька (Сальнікава), аўтарка прадмовы да кнігі С.Балахонава "Імя грушы"

10.08.2006
аўтар: Ad Minataurus

Каго чытае Андрэй Федарэнка?

Пісьменьнік Андрэй Федарэнка даў абсяжнае інтэрвію газэце "Наша Ніва". Закранаючы ў размове праблему сучаснага літаратурнага працэсу карэспандэнт не прамінуў пацікавіцца: "Каго зь цяперашніх беларускіх аўтараў Вы чытаеце з асалодай?" На што аўтар культавай "Смуты" адказаў: "Хадановіча, Глёбуса, Сьцяпана. З маладзейшых – Югасю Каляду вельмі хваляць, але яна не зусім мой аўтар. Балахонаў падабаецца. Люблю Някляева. Часта перачытваю Мележа. Раўняюся на двух апошніх творцаў. З замежнага чытаю Мапасана, Фолкнэра, якога чамусьці разьлюбіў. Скандынаўскую дзіцячую літаратуру".

Я зьвярнуўся да спадара Сяргея па камэнтар з гэтае нагоды, але пачуў толькі адно: "Спытай лепш у Югасі".

8.08.2006

"Давай сюды Балахонава!"

Магілёўскія майстры паэтычнае кухні Віталь "Вожык" Рыжкоў ды Алена "Анка Упала" ўдзельнічалі ў паэтычным фэсьце "Парадак слоў 2006". Іхняя вандроўка, напоўненая камічнымі выпадкамі, была апісана спадарыняй Аленай у іскрамётнай справаздачы па выніках. Што цікава, аўтарка прымудрылася згадаць у сваім допісе і Сяргея Балахонава, які ўдзелу ў названай імпрэзе ня мог браць паводле вызначэньня. Прыводзім адпаведны фрагмэнт:

"Увогуле пачуцьцё зайздрасьці чырвонай, так бы мовіць, ніцьцю праходзіла праз нашыя з Вожыкам зносіны падчас вандроўкі, выліўшыся непасрэдна на фэсьце ў непрыгожую бойку за прызавую кніжку С. Балахонава, якую Віталь Рыжкоў атрымаў за лепшае пытаньне да аўтара ў сеткавым інтэрвію.
– Давай сюды Балахонава!
– Не дам!
– Чаму гэта ТАБЕ, а не МНЕ?!
– Я Моцарт!
– А Я тады ХТО?!
– Ты... Ліля Брык!
– Не хачу Ліля Брык, хачу Моцарт!!!

Урэшце фізічная моц і нахабнасьць перамаглі выкшталцоную элегантнасьць і яскравы талент – Балахонаў застаўся ва ўладальніка".

Прачытаць справаздачу цалкам магчыма на сайце www.morok.ru

7.08.2006

Эстэтыка дыстанцоркі

На старонках газэты "Літаратура і Мастацтва" (4 жніўня, 2006 г., №31, с. 7) зьявіўся крытычны водгук Натальлі Якавенка "Эстэтычная дыстанцыя", прысьвечаны кнізе С.Балахонава "Імя грушы". Вытрымкі з артыкула і камэнтары да іх публікуюцца на інфармацыйным сайце "Імя грушы".

25.07.2006
паводле: Historyka

Легенда зь пяску ў Гомелі

З 21 па 23 ліпеня ў Гомелі адбыўся VI пленэр пясчанай скульптуры зь нізкі пленэраў "Легенда зь пяску". У нядзелю прайшла прэзэнтацыя скульптуры пясчанага гомельскага цмока.

Тры дні каманда зь менскіх і гомельскіх скульптараў мяшала пясок з вадой і ўручную ўкладвала ў "цела" будучай 20-метровай скульптуры. На яе стварэньне пайшло блізу 50 тонаў пяску.

Удзельнікамі пленэру сталі каля чатырох дзесяткаў чалавек – студэнты, школьнікі і проста неабыякавыя месьцічы, што прыйшлі пазагараць на пляжы ў выходны дзень.

На прэзэнтацыю скульптуры ўвечары сабралася некалькі сотняў чалавек. Цікавы гістарычны экскурс у мінулае цмокаў на гомельшчыне зрабіў арганізатар мерапрыемства Яўген Малікаў. Свае зьвесткі пра цмокаў паведамілі і мясцовыя літаратары – Андрусь Скідан і Сяргей Балахонаў. Музычную частку склалі гурт "Бан-Жвірба" і бард Зьміцер Вінаградаў.

Агромністая скульптура выклікала цікавасьць у жыхароў Гомеля – да самага зьмярканьня вакол яе віравалі адпачывальнікі, каб сфатаграфавацца.

Іншыя матэрыялы пра пленэр:
Сяргей Балахонаў. Легенда зь пяску і Балахон
Лена Зайцева. Легедна из песка

19.07.2006

У Беларусі зьявіцца свой Пялевін

На сайце беларускай службы Радыё Свабода адбылася онлайнавая канфэрэнцыя з удзелам крытыка і літаратуразнаўцы Ганны Кісьліцынай, аўтаркай колькіх кніг, прысьвечаных сучаснай беларускай літаратуры ўлучна зь сёлетняй "Новая літаратурная сітуацыя: зьмена культурнай парадыгмы". Канфэрэнцыя распачалася з актуальных пытаньняў С.Балахонава і зусім нечакана праходзіла пад ягоным сьцягам. Прапануем ейную поўную вэрсію.

16.07.2006

Матэрыялізацыя: як гэта было

Урэшце інфармацыйным сайце "Імя грушы" і часткова на "Тэзэі" зьмешчаны матэрыялы, зьвязаныя зь менскай прэзэнтацыяй кнігі. Гэта, па-першае, даволі падрабязная аўтраская справаздача "Мая матэрыялізацыя ў Менску: як гэта было". Па-другое, рэфлексія Ігара Бабкова "Балахонаў – утопіі другога ўзроўню". І нарэшце "Адкрыты ліст да Сяргея Балахонава" культавай гомельскай пісьменьніцы Югасі Каляды, якая ў часе прэзэнтацыі знаходзілася ў Кракаве.
Апрача таго публікуецца падборка глядацкіх рэфлексіяў з нагоды прэзэнтацыі і фотасправаздачу. Здымкі зьмяшчаюцца з ласкавай згоды аўтараў.

12.07.2006
аўтар: Ad Minataurus

Двухаблічны Балахонаў

Як адміну гэнага сайту мне прыходзіцца часьцяком займацца вэб-сёрфінгам з выкарыстаньнем розных – вядомых і маргінальных – пошукавых сыстэмаў, што прыводзіць іншым разам да нечаканых вынікаў. Так надоечы, юзаючы шукалку на tut.by, я натыркнуўся на згадку пра Сяргея Балахонава ў нэтавым дзёньніку нейкага neiman'а на рэсурсе www.cetki.com. Гэты блогер-пачатковец 1 ліпеня 2006 г. вывесіў наступны пост:

"Сёньня здаў свой апошні іспыт. Сэсія, а разам зь ёй і навучальны год, нарэшце скончыліся. І, як заўсёды, я не адчуў доўгачаканай асалоды… Замест таго сёньня перад мной паўсталі цікавыя пытаньні.

Пачаў чытаць літаратурныя творы аднаго майго знаёмага, і заўважыў, што у звычайным жыцьці гэты чалавек ЗУСІМ іншы. Мне цяжка, амаль немагчыма, суаднесьці гэтых “дзьвюх” людзей (знаёмага й літаратара). Больш за тое, я ніколі ня мог уявіць, што “знаёмы” можа нешта пісаць, а аказалася, што ён “модны” беларускі пісьменьнік. Шчыра, кажучы, дагэтуль ён мне ня вельмі падабаўся. Зараз жа, калі я убачыў яго з другога боку, мае стаўленьне зьмянілася. І вось я ніяк не магу зразумець, чаму людзі ў розных абставінах выглядаюць дыямэтральна па рознаму? І чаму гэта часьцей за усё выяўляецца менавіта ў творчасьці?"

Іншы карыстальнік гэтай сыстэмы ў камэнтарах пацікавіўся: "Хто гэта такі (калі не сакрэт)???" і атрымаў пэўны адказ: "Сяргей Балахонаў".

Я тэрмінова падкінуў адпаведны лінк спадару Сяргею, на што ён спакойна сказаў: "Пры кожнай нагодзе я імкнуся пэкрэсьліць, што я-пісьменьнік і я-чалавек-паўсядзённага-жыцьця – па вялікім рахунку розныя людзі". На пытаньне аб асобе, што магла зрабіць вышэй цытаваны пост, пісьменьнік (і чалавек!) выказаў меркаваньне: "Я так разумею, што справу маем зь якім-небудзь маім былым вучнем. Я нават здагадваюся, хто гэта, але прозьвішча называць ня буду. Зусім верагодна, што гэта той самы чалавек, які распачаў быў дыскусію ў гасьцёўні майго сайту". Вось такія піражочкі.

19.06.2006

Матэрыялізацыя Балахонава ў Менску

16 чэрвеня ў Менску ў асадах Галерэі Б. адбылася літаратурна-тэатралізаваная вечарына – прэзэнтацыя кнігі Сяргея Балахонава "Імя грушы". Неафіцыёзную справаздачу аб імпрэзе можна прачытаць на старонках блогу сп. Балахонава: «Справазадача. Зьлевапрыёмка». Іншыя матэрыялы прысьвечаныя менскай вечарыне будуць разьмешчаны неўзабаве.

20.05.2006

Кніга проці манітора

Учора на старонках газэты "Беларусь Сегодня" быў апублікаваны артыкул Людмілы Рублеўскай "Кніга проці манітора", дзе разглядаецца праблема чытаньня ва ўмовах працягу навукова-тэхнічнае рэвалюцыі ды імкненьнем літаратараў ператварыць творчасьць у шоў. У гэткім кантэксьце прыгаданы і раман С.Балахонава "Імя грушы": «Полным погружением в игру слов и смыслов грозит и роман Сергея Балахонова «Iмя грушы». Детективная история XIX века раскрывается в дневниках трех женщин, принимавших участие в событиях. Естественно, версии совершенно разные...».

Пра Балахонава па-ангельску

Дзень пры дні на старонках англамоўнай вольнай энцыкляпэді "Wikipedia" зьявіўся артыкул «Siarhiej Bałachonaŭ». Да яго разьмяшчэньня спрычыніўся беларускі вікіпэдыст і блогер Іван Марозаў. С.Балахонаў ужо выказаў яму словы шчырай падзякі.

1.05.2006

За творцу!

Менавіта такім тостам была распачатая нефармальная вечарына, прысьвечаная прамінуламу дню народзінаў Сяргея Балахонава. Сустрэча адбывалася вузкім колам сяброў у адной з гомельскіх рэстарацыяў. Агульную ўвагу і добрыя ўсьмешкі выклікалі ня толькі зачытаныя спадаром Сяргеем фрагмэнты новага няскончанага твору, але і дэклямаваньне крытычных артыкулаў Л.Рублеўскай і Зьм.Вішнёва. "Гэта добра, што адбываецца рознавэктарны ўплыў на патэнцыйнага чытача", – зазначыў дырэктар выдавецкага праекту "Імя грушы" Аўген Касьцюшка.

28.04.2006

З тамтамам вакол грушы

У чародным нумары часопіса "Дзеяслоў" (№2, 2006 г., с.311 - 314) зьявіўся крытычны артыкул пісьменьніка-постдэкадэнта Зьмітра Вішнёва "Катаракта пані Грушы, альбо Шпацыр па цела адной інсінуацыі", прысьвечаны кнізе прозы С.Балахонава "Імя грушы". Жорсткія, але з пэўным глямурным адценьнем, выпады спадар Вішнёў чарадуе з дробнымі рэвэрансамі на адрас пісьменьніка. Увогуле ж, як здаецца, апалягета афрыканскіх матываў найбольш непакоіць рэклямная кампанія разогрнутая вакол кнігі С.Балахонава.

У сеціве артыкул Зьм.Вішнёва пакуль неразьмешчаны, таму раім набыць гэты нумар "Дзеяслова", дзе можна будзе пачытаць і больш выгодныя рэчы сучасных беларускіх пісьменьнікаў, а таксама пераклады з творчасьці замежных аўтараў.

25.04.2006

Онлайн-канфэрэнцыя Сяргея Балахонава

Сёньня завяршылася онлайн-кафэрэнцыя з удзелам Сяргея Балахонава. Цягам трохі больш, чым тыдня наведнікам нашага сайту давалася магчымасьць задаць літаратару самыя розныя пытаньні. І хоць такім чынам канфэрэнцыя не адбывалася ў рэжыме рэальнага часу, накапілася дастаткова шмат пытаньняў, калі ўлічваць яшчэ й тое, што канфэрэнцыя асабліва не рэклямавалася. З вынікамі канфэрэнцыі можна азнаёміцца на спэцыяльнай старонцы гэтага вэб-праекту.

24.05.2006

Балахонаў у Вікіпэдыі

У беларускай Вікіпэдыі зьявіўся артыкул прысьвечаны творчай і жыцьцёвай біяграфіі Сяргея Балахонава. Афіцыйная прэзэнтацыя артыкула ў віртуальнай вольнай энцыкляпэдыі супала з днём народзінаў пісьменьніка. Спадар Сяргей выказвае шчырыя падзякі людзям, якія спрычыніліся да гэтай справы, а менавіта Аксане Бязлепкінай і Яўгену Зелянко.

Трэба зазначыць, што і раней імя С.Балахонава ўзгадвалася на старонках бедларускае Вікіпэдыі: у артыкулах "Сьпіс беларускіх літаратараў" ды "Сьпіс блоґаў вядомых беларусаў". Акрамя таго сам пісьменьнік зьяўляецца адным з аўтараў Вікіпэдыі, хоць і ня самым актыўным.

12.04.2006

Рублеўская пра "Імя грушы"

11 красавіка ў газэце "Беларусь Сегодня" зьмешчана рэцэнзія на кнігу Сяргея Балахонава "Імя грушы". Аўтарам рэцэнзіі зьяўляецца пісьменьніца і літаратуразнаўца Людміла Рублеўская, якая актыўна прапагандуе здабыткі сучаснага беларускага пісьменства на старонках афіцыёзнага дзяржаўнага выданьня.

11.04.2006

Сярожанька пра "Заеньку"

У пачатку гэтага месяца зьявіўся сынгл "Заенька" гурту INDIGA. Сярод традыцыйных падзякаў розным добрым людзям і структурам гурт, у асобе салісткі Русі, згадваецца і Сяргей Балахонаў. Спадар Сяргей — аўтар вытанчанай рэцэнзіі на названы музычны прадукт. Яе можна прачытаць на гэтым сайце. Дыск жа магчыма замовіць праз сыстэму "Кнігі-поштай".

8.03.2006

"Час надыйшоў, і пачуцьці сасьпелі..."

Учора ў Сеціве была разьмешчана песьня гурту "SIVER", напісаная на верш Сяргея Балахонава "Белая рэвалюцыя". Кампазыцыя атрымала назву "Колер маё рэвалюцыі" і мае выразна рокавае гучаньне, хаця паводле першаснай задумкі аўтра тэкста гэта мусіў бы быць рэп.

Спампаваць песьню зараз можна, перайшоўшы на старонку "Тузін Гітоў", лінк унізе артыкула.

УВАГА! Калі Вы раней ня бралі песьні з "Тузіна", то варта зазірнуць ВОСЬ СЮДЫ і на спэцыяльным банэры прачытаць інфармацыю патрэбную для пасьпяховага спампоўваньня файла ў фармаце mp3.

Песьня бярэ ўдзел у чародным туры тузіноўскага гіт-параду, які стартуе праз колькі дзён.

7.03.2006

Хлапец ЖЖ

Сяргей Балахонаў перамог у адной з намінацыяў конкурсу карыстальнікаў LIVEJOURNAL.COM ("Жывы Журнал") "Твоя лучшая фотка", які ладзіўся з ініцыятывы беларускага фатаграфічнага парталу FOTKA.BY. Гэты партал выступіў у ролі галоўнага арганізатара і фундатара, а галоўным правадніком і штурхачом стаў гарадзенскі праграміст, ведамы як Unutranyholas.

Паводле ўмоваў конкурсу былі прадугледжаныя тры намінацыі: "Дзяўчына ЖЖ", "Хлапец ЖЖ" ды "ЖЖ і жыцьцё". У выніку колькідзённага галасаваньня беларускіх карыстальнікаў LIVEJOURNAL.COM Сяргею Балахонаву была аддадзена рашучая перавага ў другой намінацыі. На гэты момант чакаецца афіцыйнае абвяшчэньне пераможцаў і ўсіх адпаведных бонусаў, зьвязаных зь перамогаю.

6.03.2006

Балахон колеру indiga

Да Сяргея Балахонава зьвярнулася салістка гурту INDIGA пераможца "Рок-каранацыі-2005" Руся з просьбай адному зь першых праслухаць кампазыцыі сынглу "Заенька", каб скласьці сваё пэўнае ўражаньне і адлюстраваць яго ў рэцэнзіі ці крытычным водгуку. Сп.Балахонаў як ведамы мэляман і музычны аглядальнік газэты "Наша Ніва" з ахвотай пагадзіўся ўзяцца за цікавую і пачэсную справу. "Я заўсягды быў неабыякавы да творчасьці INDIGA і грамадзянскай пазіцыі Русі. Да таго ж я у мяне проста паляўнічы інстынкт на ўсе беларускія музычныя", — адкамэнтаваў сваё рашэньне ён.

3.03.2006

Жукоўскі і паветраныя ловы

У новым нумары ARCHE (№2, 2006 г.) апублікаваны крытычны артыкул Данілы Жукоўскага "Вылоўліваньне ідэй з паветра", дзе разглядаецца кніга Сяргея Балахонава "Імя грушы" і твор магілёўскага літаратара Аляксея Бацюкова. Разгляд вызначаецца пэўнай мяккасьцю і амаль поўнай адсутнасьцю скандальных выкрываньняў, што надта разьмінаецца з ранейшымі артыкуламі шаноўнага крытыка з Горадні. Больш падрабязна пра асноўныя тэзісы артыкулу можна будзе неўзабаве даведацца на інфармацыйным сайце прысьвечаны кнізе "Імя груша".

20.02.2006

Грушавы сайт дзейнічае

Сёньня ў сеціве пачаў працу інфармацыйны сайт, прысьвечаны кнізе прозы Сяргея Балахонава "Імя грушы". Ён створаны як атожылкавы праект "Тэзэя беларускага постмадэрнізму". На сайце можна знайсьці найбольш вычарпальную інфармацыю аб аўтары, кнізе, чытачах, а таксама навіны і водгукі.





Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.