|
НАВІНЫ: ПАДЗЕІ, ЛЮДЗІ, РОЗГАЛАС
Віславухая Прынцэса
Будучы фанатам лірычнага шэдэўру гурту J:МОРС "Вислоухая принцесса", я пэрыядачна заганяю гэтае спалучэньне ў пошукавік, каб адсачыць чарговую рэакцыю шырокіх народных інтэрнэт-гушчаў. І вось трапляецца спасылка на блог kexxxx'а. Спрабую перайсьці, а не атрымліваецца. І цікавасьць разьядае, а што зробіш? Дапамагла рэзэрвовая копія, зробленая мудрагелістай машынай дзядзькі Яндэкса. А ў копіі знайшлася фатаграфія дзяўчыны, названай аўтарам Віславухай Прынцэсай. Далей справа была за тэхнікай. Іншай тэхнікай... Ты печальна, ты прекрасна...
Адцінак альтэрнатыўнага шчасьця
Югася чытае кнігу "Судебные речи известных русских юристов". Так трэба. Гэта для натхненьня і для творчай, не пабаюся гэтага слова, патэнцыі. Я вось падручнік па постмадэрнізму чытаю, а самым знакамітым расейскім юрыстам лічу станавога прыстава Кручкова зь "Пінскай шляхты". Хто на што вучыўся. Яно мо' і карысна. Кругагляд і ўсе дзялы. Пакуль чарговы Афанасій папраўляецца пасьля судовай прамовы доктаркі Югасі, яна рыхтуе яму лекцыю пра што такое шчасьце? і ўжывае знаёмае да траўматычнага трымценьня нэйронаў слова адцінак. Гэта можа спужаць Афанасія ці яго маленькіх францускіх сяброў з-пад Бабруйску. Ува мне ж ад таго адно настальгія па часох, калі можна было беспакаранна выпраўляць у народ свае сімулякры і пачувацца камфортна на сямі вятрах прастытутна няправільнай дарогі. Зараз іншыя часы. Мы не пасьпелі азірнуцца і ўбачыць, як хутка растуць чужыя дзеці і не старэюць старыя крыўды. Мы чытаем Бахарэвіча і верым у альтэрнатыўнае шчасьце. Я ў сваё. Яна ў сваё. Нас лучыць сіні дызэль "Гомель-Гомель" і перакананасьць, што данцова сасётненагібаяз. Прывет зьвязда!
Зьдзіўленьне як стыль жыцьця
Яна ўвесь час зьдзіўляецца. І ты проста мусіш зьдзіўляцца ў адказ. І пачувацца вузельчыкам ва ўзорах стужак Мёбіюса, сплеценых ёй паводле народных матываў. І быць адным з тысячы маленькіх сонцаў, што абіліся ў бліннай гарачыні. І адчуваць сябе заўсёдна вінаватым у тым, што нешта прапусьціў, недаглядзеў, што ты абсалютна паза дыскурсам, якім курсам ні ідзі. Ты ведаеш нешта – у тваёй галаве толькі адзін стэрэаскоп стэрэатып, народжаны прыватнай гутаркай за філіжанкай кавы і шклянкай бананавага соку, што родніць яе (гутарку) з падзамочным запісам. Таму маўчок. Маўчок і зьдзіўленыя вочы кожнага, хто натрапіць на гэтыя радкі ці даведаецца пра спробы паставіць у батлейцы "Прынцэсу цырка" Імрэ Кальмана. Безнадзейна, нібы сягі драпежнага зьвера, што крадком уначы мкнецца ўзяць рэванш. Кунежны немец ці воўк Усяславіч? Стаіць пытаньне.
ЗЫ. У рубрыцы "Дзяўчына тыдня" – brazgotka [ фота]. Заўжды ёсьць шанец зьдзівіцца.
Сёстры
Зіма. Самы час захутацца ў вязаны шаль (па адным на сястру) і сесьці перад фотааб'ектывам, як робяць паненкі, што назваліся сёстрамі. Справа – задуменная. Зьлева – какетлівая. Зірнеш на іх і разумееш, як жа гэтай зімой халодна. Цёплыя "Дзяўчыны тыдня" на гэтым сайце. Пакуль не прыйшоў пацук.
Нарэшце паза глямурам
Некалькі гадоў я чытаю ейны дзёньнік, і ўсё ніяк не магу зразумець, дзе яна ў гэты канкрэтны момант знаходзіцца. Яна і там, і сям, і вунь яшчэ недзе. Якаясь замежная праца (за межамі Беларусі і майго разуменьня). Нейкія вечна глямурныя вечарынкі ў складзе інтэрнацыянальных брыгадаў. І фоткі, фоткі, фоткі, на якіх яна побач з мужчынкамі, мужчынкамі, мужчынкамі. А ў нас жа рубрыка як называецца? Га? Правільна, "Дзяўчына тыдня". Зачэм нам зьдзесь мужчынкі? Ані нам ненужны. І вось я нарэшце дачакаўся, калі яна – блогерка Lianka_ – зьмесьціць у сваім вундэрфал лайвджорнале проста фота – без глямуру, інтэрнацыянальных брыгадаў і мужчынак. І што ж? Усё добра. Некалі, яшчэ ў даюгасіну эпоху Унутраны Голас напісаў, што кожны беларускі блогер павінен марыць пабрацца шлюбам зь Lianka_'й. Яно то можна і памарыць. Толькі як не закамплексаваць у ружовым тумане падобных мараў?.. Аліса Селязьнёва не даруе.
29.11.2007
Час вяртацца дамоў: уражаньні ад новага альбома J:МОРС
На сайце разьмешчаны тэкст "Час вяртацца дамоў", які прысьвечаны беларускамоўнаму альбому групы J:МОРС "Адлегласць".
Насьцёнаў многа не бывае
У рубрыцы "Дзяўчына тыдня" юная бляндынка – натуральная, ненатуральная ці сьветапоглядная ня ведаю. Завуць Насьцёна. На іншых Насьцёнаў падобная мала. І ў гэтым кантэксьце такое выглядае зусім нармалёвым. Пакуль некаторыя зь іх чвякаюць піцу, падпіраючы пізанскую вежу, а некаторыя іншыя адпачываюць зь Якиным в Гаграх, яно зусім дапушчальна.
25.11.2007
Залом рашучасьці
Чарговая падборка сучасных сагаў месьціць гісторыі пра добрага аптэкара і нерашучага падлетка, злодзейку ў мясным аддзеле, а таксама пра вясёлага хлопца, што любіў катацца на лыжах улетку.
Неяк дзяўчаты каля Лябірынту...
На фатаграфіі дзьве дзяўчыны, і адна зь іх – Таня – ставіць віртуальныя рожкі другой – Агніі. Вядома ж, гэта ўсё толькі жарт, прыкол, забаўка, пастановачны кадар. Але нейкім дзіўным чынам ён выклікае пажарную трывогу ў сэрцы Тэзэя. Можа быць праз тое, што за сьпінамі дзяўчат альтэрнатыўны ўваход у Лябірынт. І яны, ведаючы пра гэта, займаюцца дэканструкцыяй даўно зашмальцаванага міту: стараюцца ўдаваць зь сябе адначасова і Тэзэя, і Мінатаўра, і Арыядну... А можа быць дзяўчаты папросту жывуць уласным жыцьцём, чакаючы сваіх віславухіх прынцаў, неба в алмазах і лімонавых гаяў. "Дзяўчыны тыдня", як жа ж.
ЗЫ. Фота зьмяшчаецца з какетлівай згоды Агніі, у блогу якой яна была ўпершыню апублікавана. Між іншым пад замком  .
19.11.2007
Вясельны сюрпрыз
Публікуюцца чародныя тры сучасныя сагі: пра сэксуальныя нягоды бэтмана, небясьпечнае выпрабаваньне парфумы і калектыўны прагляд адмысловых фатаграфіяў на вясельнай урачыстасьці.
15.11.2007
Біяграма па-немяцку
13.11.2007
Не баліць галава ў дзіцёнка
Разьмяшчаюцца тры чарговыя сучасныя сагі пра засьцярожаны тынэйджарскі сэкс, хітрыкі на цэнтралізаваным тэставаньні і дзіўнае сабачае ўдушша.
Дзеўкі з Хатаевіча
Што за нагода прымусіла сабрацца цэлую дзявочую аргаду каля 27-га дома на гомельскай вуліцы Хатаевіча? Я ня ведаю, дый ведаць не хачу. Галоўнае, што сфоткацца змаглі, і фотка атрымалася з галімай прэтэнзіяй на глямур. Нічога страшнага, што ў гэтым групавым партрэце адчуваецца повязь з адным рэйтынгавым расейскім сэрыялам пра сапраўдную і фальшывую жаночую прыгажосьць. "Дзяўчыны тыдня" рознымі бываюць.
9.11.2007
Гарбатка для расейцаў
8.11.2007
Паміж пірсынгам і гераінам
Вашай увазе прапануецца пераклад 13 і 14 эпізодаў сцэнара фільма Квэнціна Таранціна "Pulp Fiction": "Белыя хлопцы, што ўмеюць адрозьніць добрую чмуту ад кепскай, яны заўсёднікі ў гэтай хаце".
Мокрымі запалкамі
Усё запозьнена і нестабільна. Нядаўна дождж. А зараз нешта інакшае. Толькі Масква ў галаве застаецца і ў дождж, і ў сьнег, і падчас ПМС. Бедная беларуская дзяўчынка Маргарыта Герасімовіч спрабуе ўзяць Маскву сваёй галавы, як ня штурмам, дык аблогаю. Паліць златоглавую і белокаменную мокрымі запалкамі. І ня ясна мне з вышыні маёй слановай вежы, ці гарыць там нешта за Смаленскам. Нейкія плямы. Агонь? Беларускае золата? Мігценьне каналаў RSS? Застаюся зімаваць безь цябе і тваіх запалак, ясачка... Дакота ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня". Гэта вам ня фабрыка.
6.11.2007
Блізкая "Адлегласць"
20 лістапада група J:МОРС выпусьціць першую ў сваёй гісторыі беларускамоўную кружэлку. Яна атрымала назву "Адлегласць". Больш падрабязна аб зьмесьце дыску можна прачытаць тут.
4.11.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Новымі сагамі па крэольскім маразьме
Я даўно не зьвяртаўся да жанру сучаснай сагі. І здавалася, што чарговага звароту ніколі ня будзе. Але само жыцьцё дыктуе патрэбу ў фіксаваньні і публікаваньні легендаў цяпершчыны, пагатоў у той час, калі квітнее маразм крэольшчыны, увасабляючыся ў выблюдкавыя праекты, накшталт "Наша Белараша". Публікацыя сагаў мае быць рэгулярнай – не радзей за аднаго разу на два тыдні (прынамсі, да канца 2007 г.). Піяр вітаецца.
Чарговая падборка сагаў – тут.
1.11.2007
Паўнамёкі ў інтэр'еры стрыптыз-клюбу
Праект перакладу на беларускую мову сцэнара фільма Квэнціна Таранціна "Pulp Fiction" працягваецца: "Хутка ў бой, і магчыма ты адчуваеш, што нешта цябе зьлёгку джаліць. Гэта цябе гордасьць баламуціць. На сухі лес яе! Ад гордасьці толькі шкода і ніякай карысьці. З гэтай трасцай трэба змагацца". Чарговая частка тут.
1.11.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Аладка ідэальных парамэтраў
Каб дужа ня парыцца з выбарам, спынемся на ідэальных парамэтрах мінулага тыдня: 90-60-90. Гэта Алена Аладка, якая паедзе ад нашай любадайнай Бацькаўшчыны ў Паднябесную, дзе будзе змагацца за тытул "Міс Сьвету 2007". Дзевачцы 22 гадкі. Вучыцца яна на гістарычным факультэце БДУ. Атрымліваецца, што каляжанка мая. Шкада, што інфармацыйныя агенцыі, паведаміўшы пра ідэальнасьць яе мадэльных парамэтраў, ні словам не абмовіліся пра зьмесьціва яе залікоўкі, пра тэму чарговай курсавой работы. Трасца, так хочацца, каб хоць раз у гісторыі нашай краіны падручнік гэтай самай гісторыі напісала супэрмадэль. Можа і падручнік нарэшце займее ідэальныя парамэтры.
22.10.2007
Золата наша і ваша
На сайце зьмешчаны водгук Сяргея Балахонава на чарговы чарговы інтэрнэт-сынгл групы J:МОРС "Беларускае золата". Чытаць водгук тут.
Дзяўчына зь леспрамгасу
Разьвялося на белым сьвеце размаітых конкурсаў прыгажосьці, што й ня ведаеш, ці ёсьць нагода цешыцца з тых-сіх перамогаў беларускіх паненак на іх. Вось і зараз беларуска Юлія Сіндзеева адзначылася на міжнародным спаборніцтве красуняў зь дзіўнай назвай Miss International-2007, ад якой вее водарам полымя сусьветнай рэвалюцыі, ажно хочацца ў адзіным бальшавіцкім парыве ўзьняцца, як першы штучны спадарожнік Зямлі, у блізкі компас і, сьведчачы пра непазьбежнасьць краху імпэрыялізму ўсіх акрасаў, запяяць неўміручае радкі на мове жыхароў забранага краю:
Паўстань пракляццем катаваны!
Паўстань, хто з голаду век пух!
Бурліць наш розум збунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг!
Стары парадак мы зруйнуем
Магутным выбухам сваім
І свет на новы лад збудуем:
Хто быў нічым – той будзе ўсім!
Я ня ведаю пухла Юля з голаду ці проста сядзела на дыетах, але трэцяе месца ў памянёным спаборніцтве (яно дарэчы праходзіла ў горадзе Токіё – логаве японскае ваеншчыны) заняла. Кажуць, што наша паненка таварыш дзяўчына – спартсмэнка, камсамолка, студэнтка Мінскага тэхналягічнага ўнівэрсітэту – апынулася пісанай красавіцай у параўнаньні зь сямі дзясяткамі канкурэнтак. Калі гэта праўда, то скажам таварышу Юліі наша гучнае "ура!" і будзем спадзявацца, што пасьля сканчэньня ВНУ ад разьмеркаваньня ў які-кольвек леспрамгас яна касіць ня стане.
ЗЫ. Фатаграфія пазычана з рэсурсу Belarusmodels.by.
Вясна народу
Выйшла новая кніга "Вясна народу". Гэта зборнік "нашаніўскай" эсэістыкі 1991-2007.
Сьпіс аўтараў папросту ўражвае: Вячаслаў Адамчык, Уладзімер Арлоў, Зьміцер Бартосік, Андранік Антанян, Наталка Бабіна, Васіль Быкаў, Андрэй Дынько, Севярын Квяткоўскі, Міхась Тычына, Сяргей Харэўскі, Карлас Шэрман, Людка Сільнова, Пётра Рудкоўскі, Андрэй Хадановіч, Мікола Статкевіч, Адам Глёбус, Павал Севярынец, Людміла Рублеўская, Рыгор Барадулін, Уладзімер Содаль, Віктар Шніп, Алесь Кудрыцкі, Сяргей Астравец, Андрэй Расінскі, Сяргей Балахонаў, Лявон Вольскі, Уладзімер Лобач, Сяргей Дубавец, Ігар Бабкоў, Алег Дашкевіч, Генадзь Сагановіч, Алесь Чобат, Аляксей Знаткевіч, Віталь Тарас, Аляксандар Фядута, Сяргей Богдан. Наймаладзейшым аўтарам кнігі зьяўляецца Зьміцер Панкавец.
15.10.2007
Танцы з туалетным качанём
(-)_(-) з забытай тэчкі
Калі трэба па-рыхламу адшукаць чарговую фотку для рубрыкі "Дзяўчына тыдня", а лазіць па сеціве і хочацца, і колецца, і мама не вяліць, тады прыходзіцца прачэсваць за тэчкаю тэчку на кампе ў спадзеве на тое, што можа некалі нешта захаваў, а потымака забыўся. Во і на гэты раз было так. Праўда, фотка неяк адразу трапіла пад нашыя радары, нечаканаю назваю прывабіўшы да сябе: "(-)_(-) аўтар Тануфка". Хто на здымку, (-)_(-) ці сама Тануфка бог весть. І хоць дзяўчына падобная на незнаёмку з мабільнікам ужо красавала тут у адзін з папярэдніх тыдняў, нельга быць поўнасьцю ўпэўненым, што гэта менавіта яна. Гомельскі тып, ня інакш.
Песьня ў чарце. Голас аддайце!
Песьня "Чароўны мур" у выкананьні гурту Termin X зьявілася ў 77-м туры сеціўнага чарту "Тузін Гітоў". Нагадаем, што гэта беларускі кавэр на кампазыцыю "Wonderwall" брытанскае каманды Oasis. Беларуская вэрсія зьявілася, дзякуючы перакладчыцкаму плёну Сяргея Балахонава. Падтрымайма песьню сваімі галасамі!
Оо!
Зазірнеце ў гэтыя вочы. Паглядзеце на гэтыя вусны. Падзівіцеся гэтаму пірсінгу. Магчыма жыцьцё стане на колькі хвілін весялейшым. Нехта Оо ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня."
Між "Спартаком" і "Камунаркай"
А вы зьвярнулі ўвагу на тое, што мноства дзяўчат на абсягах інтэрнэту абіраюць сабе мянушкі, якія так ці інакш зьвязаныя са слодычамі? Якія падставы яны маюць для гэтага, часьцяком невядома. Іншым разам здаецца, што насамрэч ім ніхто ніколі ў жыцьці не казаў, што яны салодкія, і такімі яны ўяўляюцца толькі самім сабе. Што да чарговай прадстаўніцы цудоўнай (хай прабачаць мяне зацятыя фэміністкі!) паловы з рубрыкі "Дзяўчына тыдня", дык тут вам і толькі вам вырашаць, ці не спарола яна гарачку, даўшы сабе нік Цукерачк@ (Конфеточк@). Фотку глядзім тутака. Chat.mygomel.com па-ранейшаму руліць.
За чароўным мурам
Творчая супраца Сяргея Балахонава і менскага гурту Termin X прынесла плён – па-беларуску загучала песьня "Wonderwall" брытанскае каманды Oasis. Пісьменьнік распавядае: Улетку да мяне нечакана зьвярнуўся саліст гурту Termin X Кірыл Домніч і прапанаваў перакласьці ці ня самую клясную песьню Oasis. Я ні сэкунды не вагаўся і ўзяўся за працу, якая выявілася досыць складанай. Ужо самае першае параўнаньне "афіцыйнага" тэксту песьні "Wonderwall" з тым, што насамрэч выконваецца, спарадзіла пытаньне: якім тэкстам кіравацца пры перакладзе? Давялося арыентавацца на сьпеўны варыянт. Але нават гэта ня стала для беларускага тэксту выратаваньнем, бо я сам, спрабуючы напяваць тыя-сія перакладзеныя радкі, адчуваў, што музыкам будзе няпроста іх прасьпяваць. Таму гатовы варыянт перакладу я аддаў Кірылу і блаславіў яго на далейшую дапрацоўку тэксту для зручнасьці выкананьня. Што ж урэшце атрымалася? Ацаніць канчатковы вынік працы магчыма, паслухаўшы беларускую вэрсію песьні. Яна даступна да спампоўваньня па наступных спасылках: у гукавой якасьці 128kbps і 256kbps. Таксама раім зьвярнуцца да першаснага варыянту перакладу і артыкулу "Кавер на Oasis – Wonderwall ад Termin X".
29.09.2007
Пісьменьнікі і склад
24.09.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Някепская альтэрнатыва
Ты чакаеш глянцу? Ты прагнеш глямуру? Яго сёньня ня будзе. Зусім. Гэта табе кажу нават ня я. Гэта прамаўляе са здымку дзяўчынка, імя якой Altern@tive. Лаўка на адной з пляцформаў гомельскага чыгуначнага вакзалу – гэта, ведама ж, не фантан каля цырку (месца тусоўкі тутэйшае моладзі). Гэта альтэрнатыва яму, дарма што за сьпінай дармовая прыбіральня, а наперадзе будучыня, маршруты якой ня вызначыць ніводны машыніст, а пагатоў першы-лепшы баец транспартнае міліцыі, нават калі ён і чытаў усе кнігі пра Гары Потэра. Гледзячы на дзяўчыну, не магу прыдумаць нічога лепшага, як спытацца словамі амаль 200-галовае даўніны: "А чым жа, дзеванька, твая галоўка занята?" Можа быць хіп-хопам і недавучаным параграфам па гісторыі Беларусі? Ці мо' пакутлівым выбарам між чарговымі дзімкамі, якія аднолькава добра ўмеюць пудрыць дзявочыя глузды, абяцаючы залатыя горы аргазму. Ich weiss es nicht. А вы?... ЗЫ. Фатаграфія пазычана з рэсурсу Chat.mygomel.com.
Ніка Ліс
Здавалася, што рубрыка "Дзяўчына тыдня" беззваротна кане ў Лету ўжо на гэтым тыдні. Аднак, мабілізаваўшы тыя-сія сілы, хоць і запозьнена прэзэнтуем фатаграфію спадарыні Нікі Ліс. Хто яна такая, мы ня знаем. Усьміхаецца ня горш, а мо' й лепш, чым Джаконда. Зрэшты, як жа не ўсьміхнуцца, калі перад табой мужык (нехта Santi з gomelphoto.com) з двума фотапаратамі!
Я Tokio Hotel перакласьці
Апублікаваны на днях у блогу Сяргея Балахонава пераклад песьні нямецкае групы Tokio Hotel выклікаў у некаторых жж-юзэраў падозраньні, што перакладчык сабраў усе свае манаткі і падаўся ў эмо. Між тым, як запэўнівае сам Сяргей, ніякіх падставаў для хваляваньняў няма: Я толькі хацеў перакласьці песеньку, якая так кранальна гучыць. Маецца на ўвазе кампазіцыя "Rette mich", якая ў беларускай вэрсіі мае назву "Уратуй мяне".
Беларускае золата
У кастрычніку мяркуецца выданьне беларускамоўнага дыску групы J:МОРС. Чакаецца, што ў складанку будуць уключаны як ужо вядомыя песьні, так і зусім новыя камапзіцыі. Дакладна вядома, што сярод новых твораў на кружэлцы будзе прысутнічаць песьня "Беларускае золата", прэм'ера якой адбылася 20 верасьня на "Pre-Party MTV RMA 2007" ў Менску.
15.09.2007
Віртуальная карыда з вэб-казламі
Для тых, хто паленаваўся спампаваць сёлетні пяты нумар маладзёвага pdf-часопісу "КАКАVО", разьмяшчаем тэкст Сяргея Балахонава "Віртуальная карыда з вэб-казламі", які быў апублікаваны тамака.
Нехтачка
Верасьнёўская каляіна зноў не дазваляе супыняцца на нюансах. Фотка ў рубрыку "Дзяўчына тыдня" восеньскім лістом прыляцела зь незабыўнага Gomelchat.com. А ляцела такім чынам, што згубіла ўсё, апроч парадкавага нумару, якім абазваць незнаёмку ніяк няможна. Таму проста Нехтачка ці Somebody, хаця сапраўдныя знаўцы ангельскае мовы мяне за гэта прыбілі б вялікім Оксфардскім слоўнікам. ЗЫ.Усім шпіёнкам наш нізкі паклон. Толькі не спадзявайцеся, што к лесу перадам. 
Бяз слоў
На жаль, зараз няма асабліва часу велягурыстыя глаголы ўносіці. А па сім будзе сказана коратка: Yannushka – у рубрыцы "Дзяўчына тыдня". Зусім выпадковае фота.
27.08.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Кантэкст каляровых усьмешачак
А вось ёсьць дзяўчаты, якія маюць фантастычную здольнасьць чароўна ўсьміхацца і выклікаць узаемную ўсьмешку ці ня кожнага сьведкі гэтага чараўніцтва. Пані Марына ( maryns) зь ліку акурат такіх дзяўчат. Усьміхаецца. Дорыць гаючыя імгненьні пазытыву, быццам фея, што адпраўляе Сіндэрэлу на баль. Фатографу даводзіцца пракладаць неймаверныя намаганьні, каб зафіксаваць Марыну без усьмешкі, і мабыць гэта ніколі не атрымліваецца, бо так ці інакш яна ўсьміхаецца. Падазраю, што такім чынам Марына знайшла сабе мноства сяброў і прыхільнікаў ці яны знайшлі яе, як караблі, што плывуць на сьвятло маяка...
Адна з усьмешак пані Марыны ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня". Толькі б не закахацца... ЗЫ. Аўтар здымку: eugene_grabkin.
20.08.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Музэй дзяўчатаў
Я адно магу здагадвацца, хто гэтая таямнічая Ксюша, якую Андрэй Хадановіч прадставіў публіцы як аматарку стракатых чытанак. Паэт апублікаваў у сваім блогу верш "Музэй дзяўчатаў", у якім апавявае пра цэлую гаму (калі не сказаць, кагорту) маладзёнак, што належаць да розных субкультурных плыняў, але, сьціскаючы зубы, спажываюць, спажываюць, спажываюць літаратуру. І, зазвычай, літаратуру беларускую. Зрэшты, з памянёнай Ксюшай нямашака ніякае соцыякультурнай пэўнасьці. Мяркуйце самі:
Ксюша –
добры слых, прыгожыя вушы –
чытае “Імёны Ружы і Грушы”
й жаночую энцыкляпэдыю “Тысяча спосабаў ня думаць аб мужы”. Верагодна, яна цанавальніца музыкі, любіць, як і многія жанчыны, вушамі (толькі не кідайце мяне ў цярновы хмыз!), а таксама вельмі хоча замуж ці, як інтэрпрэтацыйны варыянт, мае патрэбу, подаўгу ня бачачы мужа, неяк трываць растаньне. Усё ж, кім бы яна не была, дзяўчына чытае між іншым і правільныя кнігі – "Імя ружы" Умбэрта Эка ды "Імя грушы", самі знаеце каго. Прывітаньне Хадановічу.
20.08.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Дзяўчына ў кепцы
Захаваў у адмысловую тэчку фотку. Захаваў, але імя/нік адлюстраванай на ёй дзяўчыны не занатаваў. І пра аўтара забыўся. Здараецца. Гэта пэўна, як і з жывапісам: ёсьць карціна, але хто на ёй пададзены і хто аўтар не адкажа нават найгеніяльны экспэрт, хіба прыблізна. Таму і падпісваюць зусім проста – Невядомы мастак, а самі палотны называюць па нейкіх асаблівых прыкметах, адлюстраваных на ёй людзей, падзей, памідораў – "Невядомая дзяўчына", "Партрэт невядомай з кветкамі", "Невядомая наносіць удар у адказ" і г.д.
Так і мне даводзіцца абвяшчаць дзяўчынай тыдня фотапартрэт з умоўнай назвай "Дзяўчына ў кепцы" і сіратлівым лінкам на Gomelphoto.com. А на фотку ўсё ж зірнеце. Б'юся аб заклад, што дзяўчына ў кепцы нагадае кагосьці з вашых асабістых знаёмых. Такі ўжо ж у яе тыпаж. Чэсна.
13.06.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Прыўкраснае барока
Звычайна яно як бывае? Чувак зьмяшчае ў сваім блогу фота дзяўчыны і падпісвае "Маё дзяўчо", "Мая жонка", "Мая сяброўка" ці штось падобнае. А тут разгортваю фрэндстужку, і – бац! – фатаграфія сястры. Не, не маёй, а майго фрэнда пана tadevusz'а, які вядзе прыкметна барочны дзёньнік, не ўнікаючы элемэнтаў айчыннага клясыцызму. Партрэт яго сястрыцы Насты ( anspringgirl) – быццам прывітаньне з той далёкай эпохі, не зважаючы на наручны гадзіньнік, джынсы і нейкае падабенства гаражаоў пад шатамі дрэваў. Але гэта белая кашуля вышытая рознакаляровымі кветкамі – шляхецкі закос пад сялянства, акурат, як у XVIII стагодзьдзі. Але гэты пагляд – пранікненьне ў сармацкія далячыні з інтэр'ераў эўрапейскага палацу. Здаецца, яшчэ адно імгненьне – і зайграе клявісын, а недзе зусім побач пачуюцца вершы:
Kto nie zna trosków, smutku i zgryzoty,
Nudów, zazdrości, skarg, żalu, tęsknoty;
Kto nie wie, co to łzy, wzdychania jęki,
Gniew, rozpacz, męki.
Słowem: co to jest dla marnej słodyczy
Tysiąc umartwień, tysiąc mieć goryczy:
Wszystkiego miłość nauczy go płocha:
Niech się zakocha.
Фотапартрэт пані Насты ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня". Не памыліцца б стагодзьдзямі.
ЗЫ. Грэх не ўзгадаць аўтара фатаграфіі – in_suede.
10.08.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Варажба на Kakavo'ай гушчы
У сеціве зьявіўся чарговы нумар беларускага маладзёвага pdf-часопісу "КАКАVО" (№5). Сярод аўтараў выпуску значыцца і Ваш пакорлівы а найніжэйшы служка – Сяргей Балахонаў з тэкстам "Віртуальная карыда з вэб-казламі", які прысьвечаны фэномэну сеціўных ананімаў. Тэматыка нумару разнастайная: праявы маладзёвай суб-культуры (гопнікі, цэлафаняты), гарадзкі кантэкст, беларускае войска, рэп і хіп-хоп у сучаснай Беларусі ды інш. Спампаваць нумар можна адсюль [5 384 Кб] .
10.08.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Жнівеньскія журавінкі
Лета хіліцца да свайго завяршэньня. На дварэ жнівень, які ўжо здолеў пакрасавацца і навальніцамі, і неверагоднай сьпёкай. Апошняя даймае акурат зараз і гоніць на бліжэйшы пляж. Але пэўныя цікавосткі, якімі пасьпеў падзяліцца жнівень, прымушаюць да часу заставацца за клявіятурай, каб падзяліцца імі з аўдыторыяй сайту маёй творчасьці. 1 жніўня ў рубрыцы "Три вопроса критику" газэты "Советская Белоруссия" Людміла Рублеўская ў чарговы раз прыгадала мой раман "Імя грушы". Вы спытаеце: у якім кантэксьце? Адкажу. Нехта Anatolij досыць наіўна спытаў у спадраыні Людмілы літаральна наступнае: Правда ли, что жанр романа умер? А что же тогда пишут прозаики? Вядоўца рубрыкі адзначыла трансфармацыі, якія зазнаў жанр раману, назвала прыклады раманаў сучасных беларускіх пісьменьнікаў: Пишут романы и у нас. Игорь Бобков собрал свои эссе, объединил образом виртуального философа Яна Клакоцкого и объявил, что это роман, войти в который можно, а выхода из него нет. Леонид Дранько-Майсюк написал "Нервовы раман". Молодой прозаик Сергей Балахонов – постмодернистский роман "Імя грушы". Виктор Козько – роман классической формы "Бунт незапатрабаванага праху". Так что "пациент скорее жив, чем мёртв". 8 жніўня іншая дзяржаўная газэта "Звязда" зьмясьціла на сваіх старонках у аўтарскай рубрыцы Ганны Кісьліцынай "Дзённік бландзінкі" ейныя нататкі пра літаратуру і ня толькі. Між іншым адзін з допісаў спадарыні Ганны мае назву "Балахонаў i правiнцыйны клуб", дзе яна не пагаджаецца з пэўнымі ацэнкамі, якія даў маёй творчасьці Макс Шчур і задаецца рытарычнымі пытаньнямі: Аднак жа цiкавая рэч – чаму ў нас самымi раскрытыкаванымi аказваюцца ўсё ж самыя любiмыя публiкай аўтары? Чаму менавiта iм выстаўляюць раз за разам гамбургскi рахунак... Такое ўражанне, што крытыкi ўсё ж трошачкi раўнуюць чытача да паэтаў i празаiкаў... У тую самую жнівеньскую сераду карэспандэнтка-казачніца anka-upala даслала мне нагоду для ўсьмешкі:
На сайце simpsonizeme.com можна запампаваць сваю фоту і зрабіць свой партрэт у стылі Сімпсанаў. Во, здагадайся, хто гэта! Здагадацца было вельмі проста, ня столькі з-за падабенсва са мною, колькі з-за назвы карцінкі. 
6.08.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Вольга, смоль і вінаградзінка
Калі мне кажуць "Luckra_", я ведаю, што гэта Вольга Афіцэрава, хоць і пацзамком, как гаварат у нас ф ЖЖ. Калі мне кажуць "Вольга Афіцэрава", я ўспамінаю 16 чэрвеня 2006 г. Тады я на ватовых нагах заходжу ў малу залю Дома Клітаратара ў Менску (Мінску?), прадчуваючы драйв уласнай матэрыалізацыі ў тамтэйшых шыротах, і бачу неверагодна сымпатычную і абаяльную дзяўчыну, якая праз колькі гадзін будзе сьпяваць "Застацца смольлю на губах...", дарма што амаль ніхто, акром можа fievel_, такога не чакае. Але зараз пытаньне ў іншай плашчыні: колькі такіх дзяўчат – чароўных, няўрымсьлівых, здарова іранічных (да прасьціт нам сей вольный тон яе дражайшый супруг) – у нашай чароўнай РБ? Адказ знаходзіцца ня проста. Можна сказаць, што адказу зусім нямашака. Але ёсьць, дзякуй Богу, Luckra_, якая растаўляе (разам з мужам) мноства кропак над "і", "ё" ды інколі над іншымі літарамі беларускага альфабэту ў сваім жывым дзёньніку. Ладна, я сёньня, здаецца, залішне расплявузгаўся. Але што ня зробіш для добрай дзяўчыны з вінаградзінкай у роце! Пагатоў яна – "Дзяўчына тыдня". І цэ цалкам справядліва.
ЗЫ. Калі хтось у танку і ні халеры ня поняў, фотка Вольгі Афіцэравай тут.
Люстэрка для гераіні
Бывае глядзіш на фатаграфію незнаёмага чалавека, і міжволі ўзьнікаюць неспадзяваныя асацыяцыі. Так было і з гэтым фота – выявай незнаёмкі, якую адразу ж захацелася назваць Гераіняй. І чаму? Пад рукой у яе няма ні кулямёта, ні квазімоды, ні чароўнай патарчакі, спатыкнуўшыся аб якую, патрапляеш у недалёкае мінулае, дзе мусіш даводзіць, што не вярблюд. Але ж гераіня! Гераіня, што стаілася ў міжчасьсі, не пускаючы ў сваё сэрца ні Гары Потэра, ні трансформэраў, ні Дэвіда Бэкхама са сваёй дражайшей супругой. Унутраныя дынамікі зашыпелі, каб урэшце выраніць гіпнатычныя словы заклінальніка часу:
На призыв мой тайный, страстный,
О, друг мой прекрасный,
Выйди на балкон.
Как красив свод неба атласный
И звездный и ясный,
Струн печален звон...
Невядомая Гераіня – дзяўчына мінулага тыдня. Фота: gomelphoto.com.
Штучная зваба
На вачах цёмныя акуляры. Прыхаваны погляд ня выдасьць фальшы. Складзеныя ў робленым пацалунку губкі створаць ілюзію шчырасьці адно для выпадковых нэт-мінакоў і вэб-мальцоў, якія пастаянна падпісваюцца нікам Хочу Девушку. Штучная зваба. Быццам дзяўчыны з плякатаў другое сусьветнае для салдат. Быццам дамчкі на картках pin-up для сярэдняга абываталя. Быццам Наташа Растова для Аліндаркі. Нехта ChUpA ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня".
Розбрыкі ў пакоі №49
Пасьля досыць працяглага перапынку на "Тэзэі" працягваецца публікацыя сцэнару фільма Квэнціна Таранціны "Pulp Fiction" у перакладзе С.Балахонава. Паводле сцэнарнага падзелу – гэта восьмы эпізод трох гісторый пра адну гісторыю, у якім гангстэры Джулз і Вінцэнт жорстка "разьбіраюцца" зь некалькімі маладзёнамі, што паспрабавалі былі падмануць свайго дзелавога партэнэра. У пакоі №49 гучаць назвы рэстарацый хуткага харчаваньня, пісталетныя стрэлы і біблійскія цытаты ў перамешку з апокрыфамі ад самога Таранціны. Пераклад па-ранейшаму непазбыты ўласна беларускай іроніі і сакавітай мовы.
Жыві!
У нашым шчасным Дацкім каралеўстве кожная дзяўчына можа марыць ня толькі пра ўласнага прынца, але і пра змрок, адкуль прыходзяць прывіды. Зрэшты мала хто з такіх назаве сябе Афэліяй, выбіраючы халодны кактэйль эпатажу з кавалчкамі грэйпфрута і мігдалёвым горкім пахам. Называцца нікам ymRi – гэта добра ці кепска? Гэта быцьцё ці нябыт? Гэта гайдэгераўская радасьць усьведамленьня ўласнай сконнасьці ці вымеры суіцыдальнай прасторы, па якой шпацыруе дзяўчынка-падлетак? Пытаньні без адказу. Пытаньні бяз сэнсу, быццам пялёсткі жоўтых цюльпанаў, на якія пазірае дзяўчынка. Стомлена пазірае. У свае наццаць гадоў. І хочацца сказаць ёй зусім па-братэрску: "Кінь дурное! Жыві!" Але ж ці часта дзяўчынкі такога ўзросту слухаюцца старэйшых братоў?.. Пагатоў дзяўчынка тыдня.
Silent Hill 5 не за гарамі
Кампанія Konami афіцыйна анансавана Silent Hill 5 для Xbox 360 ды PlayStation 3, гульня выйдзе ў 2008 годзе.
Сюжэт чарговай часткі культавай кампутарнай гульні выглядае наступным чынам. Вэтэран вяртаецца ў родны горад з мэтай адшукаць свайго крэўнага брата, які зьнік пры таямнічых акалічнасьцях. Дарога прывядзе галоўнага героя ў жахлівае і ўсімі пакінутае мястэчка Silent Hill (Ціхі Схіл). Гульня займее новую баявую сыстэму, дзе можна будзе абіраць размаітыя наступальныя і абарончыя тэхнікі. Сяргей Балахонаў, які зьяўляецца адным з прыхільнікаў сэрыі гульняў "Silent Hill", дае свой камэнтар:
У Сайлент Гілах мяне прыцягвае ня столькі гульнёвы працэс, колькі заблытанасьць і шматварыянтнасьць разьвіцьця сюжэту. Вабяць таксама таямнічыя, але почасту непазбаўленыя абаяньня вобразы герояў. Спадзяюся, што ўсё гэта будзе ўласьціва і новай частцы гульні. Таксама хочацца мець надзею, што саўндтрэк да Silent Hill 5 будзе ня менш патрэсным, чым да ранейшых эпізодаў. Музыка Akira Yamaoka, сьпеў Melissa Williamson – гэта тое, што стварае вакол гульні незвычайную эмацыйную атмасфэру.
Зараз даступны для спампоўваньня трэйлер да гульні.
11.07.2007
Эх, скручу я дудку
На сайце разьмяшчаецца падборка прыпевак падрыхтаваная на аснове публікацыяў, зробленых карыстальнікамі папулярнага блог-сэрвісу Livejournal.com зь ліку фрэндоў Сяргея Балахонава. Тэксты прыпевак і спасылкі на іх крэатыўных аўтараў можна пабачыць, перайшоўшы па наступнай спасылцы.
Дзяўчынкі гуляюць у іншае
На мінулым тыдні мы сталі сьведкамі таго, як украінскія прымаскаленыя інтэлектуалы нема зараўлі, што "лолита умерла": Современная лолита – это доця, у которой есть барби, песочница, милые трусики и трое детей за пазухой, а также грудь, достойная 30-летних матрешек. Між тым простыя беларускія дзяўчаты бязьлітасна крамсаюць усе наваствораныя стэрэатыпы, зьмяшчаючы ў сваіх блогах завострана іранічныя фотаздымкі. Вось, як Kitax, вывесіўшы конгеніяльную фатаграфію з выявай сябе любімай (на здымку з выстаўленай каленкай) і сваёй сяброўкі. "Глядзіце Гумберты, глядзіце! Нам непатрэбны ні вы, ні вашы сыліконавыя барбі!" – нібыта ўсьміхаецца дзяўчынка, думаючы пра якога-небудзь дзіму ці пецю з суседняга спальнага мікрараёна тыповага беларускага горада эпохі ўрачыстых шэсьцяў і татальнай эканоміі. Дзяўчынкі тыдня, аднак.
Запалка пры камлі грушы
Менская перакладчыца, блогерка, публіцыстка і прочая, прочая, прочая Марыйка Мартысевіч, уразіўшыся апошняй публікацыяй С.Балахонава ў часопісе "ARCHE", зьмясьціла ў сваім блогу цікавы візуальны шэраг, дапасаваны да пэўных фрагмэнтаў памянёнай публікацыі. На "Тэзэі" гэты крэатыў разьмяшчаецца з ласкавай згоды аўтаркі.
Паляваньне на пачварную вавёрку
Магілёўская пісьменьніца, блогерка і журналістка Анка Упала разьмясьціла ў сваім інтэрнэт-дзёньніку своеасаблівы фотакомікс, на аснове здымкаў зробленых у часе вечарыны С.Балахонава "Грушавы бальзам у Машэкі". На "Тэзэі" комікс разьмяшчаецца з ласкавай згоды аўтаркі.
Пяроспар на конт WC-літаратуры
У чарговым нумары часопісу "ARCHE" (№6, 2007, с. 209-213) апублікаваны палемічны артыкул Сяргея Балахонава "WC-літаратура альманаху «Тэксты»". Аб'ектам крытычнага разгляду становіцца правакацыйны артыкул "Літаратура ня пахне", які рэдакцыя «Тэкстаў» (№3, 2007, с.239-241) падпісала прозьвішчам "Д.Жукоўскі", увёўшы многіх сваіх чытачоў (у т.л. С.Балахонава) у аблуду.
Палеміка С.Балахонава ўжо атрымала пэўны розгалас у калялітаратурных колах, зацікаўленай частцы беларускай блогасфэры. Прачытаць артыкул магчыма, набыўшы часопіс "ARCHE". Электронная вэрсія пад аўтарскай назвай "Танцы з туалетным качанём, або Што замінае кепскаму баксэру?" будзе зьмешчана на "Тэзэі", але не раней, чым на сайце "ARCHE".
Магілёўскі бальзам
29 чэрвеня ў Магілёве адбылася прэзэнтацыя кнігі Сяргея Балахонава "Імя грушы". Пісьменьнік пазнаёміў гледачоў з рознымі пластамі сваёй творчасьці. Гучалі яго ўласныя вершы і паэтычныя пераклады, урыўкі з рамана "Імя грушы" і апавяданьня "Second security". Выконваліся беларускія вэрсіі песьняў гурту Rammstein і іншыя песьні. Разам з Аўгенам Касьцюшкам сп. Балахонаў прэзэнтаваў "Гутарку двух гангстэраў" – дыялёг Вінцэнта і Джулза паводле скрыпта да фільма Квэнціна Таранціна "Pulp Fiction". Бард Андрэй Мельнікаў парадаваў гледачоў сваімі знакамітымі творамі ("Вядзьмарка", "Песьня зь мінуўшчыны" ды інш).  Адбылася жывая дыскусія, якая закранала размаітыя пытаньні сучаснага беларускага культурнага працэсу. Аўтар найбольш цікавага пытаньня атрымаў падарунак – толькі што выдадзены дыск "Начная чытанка" (праект Радыё Свабода). Неафіцыёзная справаздача аб магілёўскай імпрэзе будзе прадстаўлена пісьменьнікам неўзабаве на старонках ягонага блогу "Вяртаньне на крукі свая".
Не тупі, гэта ня Брытні
Ну, якая табе Брытні Сьпірс?! Гэта зноў жа гомельская дзяўчынка. Так-так, яна паобна на тую маладзенькую прыгажуню, якой колісь была амэрыканская зорка. Наша зямлячка, якая мянуе сябе Little_Angel, пакуль ня зорка. Але хто можа паручыцца, што заўтра яна ёй ня стане. Зрэшты, мне не хацелася б, каб яна паўтарала шлях Брытні Сьпірс ці нават Ірыны Дарафеевай. Little_Angel – "Дзяўчына тыдня" тут і сёньня.
Прэзэнтаваны дыск "Начная чытанка"
Учора ў фальварку "Добрыя мысьлі" (Менск) прайшла першая з трох заплянаваных прэзэнтацый дыску "Начная чытанка" (праект беларускай службы Радыё Свабоды).
На прэзэнтацыю сабралася каля 40 чалавек, а таксама зь дзесятак аўтараў "Начной чытанкі". Імпрэзу пачаў бард Віктар Шалкевіч, ён выканаў пару песень і ў хуткім часе быў вымушаны з усімі разьвітацца, бо спазьняўся на цягнік у Горадню.
У самым пачатку імпрэзы вядучы Аляксей Знаткевіч абвесьціў конкурс, паводле якога жадаючыя маглі
напісаць свой сьпіс аўтараў, якія павінны трапіць у наступную «Начную чытанку». Бясспрэчным
пераможцам стаў Адам Глёбус, яго сьпіс налічваў каля 50 чалавек. У падарунак пісьменьнік атрымаў
радыёпрымач.
Свае вершы чыталі Анатоль Івашчанка, Наста Кудасава, Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Данільчык.
Гомельскі пісьменьнік Сяргей Балахонаў прачытаў урывак зь яшчэ няскончанага раману пра школьнае
жыцьцё.
Чарговы раз аскандаліўся Зьміцер Вішнёў. Ён чытаў эсэ пра свае п’янкі ў Славеніі, але выступ
зацягнуўся настолькі, што вядучыя вымушаны былі яго спыніць. Абразіўшыся, Зьміцер пачаў пасылаць вядучых у адным добра вядомым накірунку. Яшчэ пасьпеўшы сказаць, што болей ён ня будзе прымаць удзел ні ў якіх праектах РС, Вішнёў пакінуў залю.
Лявон Вольскі зачытаў дзьве казачкі, а таксама сыграў дзьве песьні «Менск – Мінск» і «Простыя
словы».
Кожны жадаючы атрымаў па дыску. Чарговыя прэзэнтацыі ў "Добрых мысьлях" адбудуцца 28 і 29 чэрвеня.
Яна і Сож...
Я адразу сказаў: гомельскі тыпаж. Можа й памыляюся. Але прынамсі дзьве мае знаёмыя гамяльчанкі падобныя на яе. Вельмі падобныя. На жаль я ня ведаю, хто яна і як яе завуць. Аднак згадзецеся, што дзяўчына бязь лішняга патасу прыгожая. Аўтарам фота зьяўляецца нехта Тануфка, за што й падзякуем ёй. Праект "Дзяўчына тыдня" набліжаецца да экватару. І зь вялікім гонарам хочацца сказаць: гамяльчанкі руляць! 
Грушавы бальзам у Машэкі
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Магілёве і Тэзэй беларускага постмадэрнізму прапануюць: 29 чэрвеня ў Магілёве адбудзецца літаратурна-музычная вечарына – прэзэнтацыя кнігі прозы С.Балахонава «Імя грушы».
У праграме мяркуецца:
выступ, чытаньні і сьпевы Сяргея Балахонава,
сьпевы барда Андрэя Мельнікава,
сцэнка «Гутарка двух гангстэраў»,
жывая дыскусія па праблемах сучаснай беларускай культуры,
конкурс для гледачоў.
Вечарына пачнецца а 18-й гадзіне ў памяшканьні Дому культуры таварыства глухіх (2 паверх) па вул. Касманаўтаў, 27А, побач з прыпынкам "Хлебакамбінат". Праезд да прыпынку "Хлебакамбінат": аўтобусы №№15, 48 (з боку Віленскага рынку); тралейбусы: №№1, 5, 8.
Па пытаньнях з нагоды імпрэзы можна зьвяртацца на тэлефоны 745 22 37 (Алена); 24 03 36; 388 35 61 (Алег).
Інфармацыйная падтрымка – mahilou.org.
Уваход вольны
Арганізаваная творчая групоўка
18.06.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Фотачка – гэта гучыць!
Ёсьць фотаблогі, у якіх мы можам убачыць масу розных рэчаў – ад кароўкі багоўкі да прэзыдэнта Ірана, але ніколі ня ўбачым самога аўтара прэзэнтаваных здымкаў. Іншая рэч блог фатаграфіні Юліі Дарашкевіч. Не, Юлія ні ў якім разе не ўпадае ў нарцысізм і ня вешае фотак "i shot my self", як робяць ці ня тысячы беларусак, асабліва юнага веку. Юлія па-ранейшаму на вастрыі атакі на наш імклівы час. І здаецца, ніводная значная падзея нашай любадайнай сталіцы і ваколіцаў не здатная ўцякчы ад аб'ектыву ейнага здымача. Вось так гойсаючы за часам, Юлія між тым патрапляе ў фотааб'ектывы іншых паляўчнічых на сэкунды, якія апасьля дзеляцца зь ёй трафэямі. У выніку гэтага і я, і ты, і мы ўсе разам можам убачыць фотаздымкі зь Юляй – такой рознай: вясёлай і грознай, задуменнай і легкадумнай. Каб пераканацца ў гэтым, варта ўважліва перагледзіць яе блог. Сёньня ж на маім сайце Юлія Дарашкевіч красуе ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня". Фатаграфію, якая прадстаўляецца тут, можна назваць па-рознаму. Можна рамантычна, з алюзіяй на Янку Купалу, даць ёй назву "Перад будучыняй". А калі ж троху паблазнаваць, успамінаючы паноўную сёньня ў сеціве суб-культуру, то выйдзе іншы назоў – нешта накшталт "И ана пасматрела ф даль". Але ў кожным разе перад намі застанецца тая самая непаўторная Юля Дарашкевіч.
"Фрашкі да пляшкі"
На мінулым тыдні ў сеціве зьявілася пэрсанальная старонка Севярына Квяткоўскага. Cайт прысьвечаны выданьню кніжкі "Фрашкі да пляшкі", што ўяўляе сабой зборнік займальных гісторыяў ды анэкдотаў пра вядомых у Беларусі людзей. Кніга пабачыла сьвет пры канцы мінулага тыдня. Яе pdf-вэрсію можна вольна спампаваць з сайта сп. Севярына.
11.06.2007
аўтары: Сяргей Балахонаў і Ad Minataurus
Дзяўчына з плюшавай малпай
– Што значыць Uhntiss? – Па ходу ня знае ніхто. – Можа спытацца ў самой уладальніцы гэтага ніку? – А раптам нас пашлюць агародамі...
– Хіба што бананы рваць.
– Бананы ты за вушы прыцягнуў.
– А чым жа малпу карміць?
– Колькі малпу не кармі...
– ...усё адно сэксу хочацца.
– У цябе адзін сэкс у мазгах.
– Але дзевачка з плюшавай малпай...
– Гэта прыкол.
– Ты шчэ скажы, што гэта прышпіл.
– Табе не скажу.
– А ты так ногі задзіраць умееш?
– Ты ж не Панкавец, каб на такія сур'ёзныя тэмы чэсную дзевушку раскручваць.
– Ня быць табе "Дзяўчынай тыдня".
– Прывітаньне табе, я ўжо была.
– Как быстра растут чужыя дзеці...
4.06.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Бляндынка ў пагонах
Я вагаўся. Я вельмі вагаўся, гледзячы на гэтую фатаграфію. Аматарскі здымак, зроблены камэрай прыхаванага мабільнага целяхона, залучыў у сабе дзівосны погляд маладой бялянкі. Неабсяжную тугу ейных вачэй прыкмячаеш адразу. Нават лічбавы шум (ці як там тое зерне называецца?) ня можа яе прыхаваць. "Адкуль туга, дзяўчыначка?" – так і хочацца запытаць у яе. Але мусіш стрымліваць сябе і, выкусваючы ад шкадаваньня ўласныя губы, казаць: "Прабачце, таварыш пракурор. Мне падалося, што мы з Вамі недзе сустракаліся. Не, не ў залі судовых паседжаньняў, а ў нейкіх іншых абставінах. Магчыма ў іншым жыцьці. Хоць бы ў часы, калі валадарыў князь Жыгімонт Аўгуст. І на яго весельлі Вы і я сутыкнуліся позіркамі, ледзь не зрабіўшы пажар..." Канечне ж падобныя словы ня могуць лічыцца рэчыўным доказам нашых ранейшых сустрэч і ніяк не кладуцца ў канву ейных настольных кніжак, сярод каторых яўна нямашака Статутаў ВКЛ, а пагатоў "Імя грушы". Яна – пракурор Міхонская ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня" на сайце маёй халернай творчасьці...
1.06.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Наша часіна маўчаньня
2 чэрвеня Вы ня ўбачаце звыклых галоўных старонак "Тэзэя" і "Імя грушы". Іх заменіць старонка-эпітафія, прысьвечаная легендзе беларускага сеціва Уладзіміру Каткоўскаму, чыё пахаваньне адбудзецца заўтра ў Менску. Гэты сымбалічны акт (як і часовае выдаленьне майго блогу) стане своеасаблівай часінай маўчаньня на знак памяці аб rydel23.
На мой заклік падтрымаць часіну маўчаньня адгукнуліся многія беларускія інтэрнаўты – часовае выдаленьне блогаў і адключэньне пэрсанальных сайтаў. Насамрэч хацелася б, каб заўтрашні дзень стаў днём жалобы для ўсёй інтэрнэт-супольнасьці Беларусі. Гэтым часам я паўтарацьму біблейскія радкі (Ісая 60:19):
Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца — сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой — славаю тваёю... Спачывай зь мірам, дружа.
28.05.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Сьвецкая львіца Таня
Таня, Таня, Таня... Стоп, хіба яе так завуць? Здаецца, што так. Зрэшты, удзельнікам беларускае блогасфэры яна больш знаёмая пад нікам Lionellia. Як блогерка Lionellia ўражвае тым, што нейкім чынам спрамагаецца зьбіраць на свае а) доўгія, б) беларускамоўныя, в) абсалютна недатычныя палітыкі пасты дастатковая вялікую колькасьць камэнтароў. Вераемна, чытачоў надзіць ейная абаяльнасьць і бяспасярэднасьць, зь якой дзяўчына, студэнтка філфаку (той самы факультэт нявест!!!), піша пра чарговую дыскатэку, вечарынку, прагулянку, дзе ў дзьве тысячы сёмы раз даводзіцца "закатаць губу, дзеўкі!", бо ўпадабаны красаўчэг сягае ня ў тыя каноплі. А клеюцца амаль вылучна разнообразные не те зь ліку гапатоцкага неўразуменьня. "Осторожней с парнями! Могут обмануть!" – няспынна адпраўляе мэсыджы мудрая мама, якую Lionellia слухае ўважліва, але робіць, пэўна ж, па свойму.
Уласныя фатаграфіі ў блогу Lionellia вывешвае гады ў рады, але, калі робіць гэта, то абавязкова выклікае фурор. Усім ахвота падзівіцца на такую харошую дзевачку. У рубрыцы "Дзяўчына тыдня" у нас сёньня Таня-Lionellia са здымкам неразгалошанага аўтара. Здымак зроблены дзесь у раёне Нямігі. Разьмяшчаецца са згоды самой Тані.
Як Вам, дарэчы, яе блакітныя пазногці? Як па мне, дык руляць.
Сеткі, Груша і Чорны Доктар
16-20 траўня колькі энтузіястаў беларушчыны зь ліку заўсёднікаў вэб-праекту Сеткі.com праводзілі на тамтэйшых форумах адмысловую конкурсную акцыю пад назвай "Тыдзень беларускай мовы". Пра падрабязнасьці акцыі чытайце па наступнай спасылцы.
26.05.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Rydel23 памёр
Учора ўвечары ў Празе Чэскай, пасьля амаль году барацьбы за жыцьцё, памёр адзін зь піянэраў беларускага сеціва вэб-майстар, блогер, фатограф Уладзімер Каткоўскі. Ён быў вядомы многім беларускім і замежным карыстальнікам як rydel23 і br23.  Летась 16 чэрвеня за колькі дзён да ўласнага 30-цігодзьдзя ён разам з жонкай Ёнадай патрапіў у жудасную транспартную катастрофу. Наступствамі здарэньня сталіся ампутацыя нагі Ёнады (ці не адзінай альбанкі, якая дасканала валодае беларускай мовай) і глыбокая кома, у якую зьлёг Уладзімер.
Сёньня ў ягоным блогу зьявіўся наступны допіс: Дарагiя сябры, сянняшнi дзень найсамотны i тyжлiвы y нашым жыццi. Ўвечары, y Празе пасля доўгага змагання пайшоў з жыцця Ўладзiмiр. Мы ўпэўнены, што ягоным жаданнем заўжды было вяртанне y роднyю Беларyсь. Ён бyдзе пахаваны y Менскў на настyпным тыднi. Наша сyцяшэнне y тым, што шмат людзей перажывалi за яго i дyмкамi разам з намi y гэты момант. Мы шчаслiвыя, што ён быў з намi!
Сямья Ўладзiмiра.
Многія сотні карыстальнікаў сеціва па ўсім сьвеце, хто так ці інакш ведаў Уладзімера, смуткуюць зараз разам зь ягонай сям'ёй. Я ня ведаў Рыдэля асабіста, але першае віртуальнае паспалітваньне зь ім дало магчымасьць зразумець, што маю справу з унікальным чалавекам. Ён быў адным з маіх першых ЖЖ-фрэндоў. Маючы пэўныя заўвагі, менавіта ён блаславіў зьяўленьне ў сеціве сайта маёй творчасьці (самую першую вэрсію "Тэзэя"). Ён дзівіў шырынёй тэматыкі сваіх блогаў, нястомным імкненьнем данесьці сьвету краіну Беларусь, а не Белоруссию, Byelorussia ці Weissrussland (згадайма толькі яго досьціп з называньнем Нямеччыны Белагаляндыяй). І вось ён зыйшоў... Зямля Табе пухам, Уладзя.
Яшчэ адзін лепшы
 Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, спакусіўшыся модай апошніх гадоў, завёў інтэрнэт-дзёньнік. Блог мае назву "Zembla. Kingdom by the Sea". Першыя запісы – "Інтэрвію асірыйскаму тэлебачаньню", "Leipziger Buchmesse 2007", "Актуальныя кнігі" – кранаюць літаратурную і калялітаратурную тэматыку. Ці будзе лепшы беларускі пісьменьнік 2006 г. (паводле вэрсіі сайта "Новая Эўропа") рабіць запісы іншага кшталту (асабістае жыцьцё, назіраньні, флэш-мобы і да т.п.) невядома.
Сайт для Арлова!
Юныя фанаткі пісьменьніка Ўладзімера Арлова стварылі сайт, прысьвечаны яго жыцьцю і творчасьці – arlou.org. Як паведамляе кіраўніца праекту Кася Сырамалот, гэта толькі пачатковая вэрсія сайту, што паступова будзе разьвівацца, як праз папаўненьне кантэнтам, так і праз зьяўленьне пэўных тэхнічных фішак. Пажадаем жа вэб-рупліўцам добрага плёну!
21.05.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Ню-ню!
Усё-ткі гамяльчанкі жгуць. І калі ім успрагнецца кагосьці зьдзівіць, яны гэта зробяць, не міргнушы вокам. Вось так гомельская блогерка Life62 пачынае іскрыцца сусальным золатам і гэтым зьзяньнем нівэляваць адсутнасьць на целе звычнай вопраткі. Life62, скарыўшы " пчолак" (пастаянных чытачоў) свайго блогу, сёньня выступае на "Тэзэі" ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня" з эратычным фотам. Каюся і прызнаюся, што менавіта гэты партрэт тут прэзэнтуецца чыста з кан'юнктурных разьлікаў. Усім жа наведнікам майго сайта раю прагледзіць фотаальбом гэнай цудоўнай гамяльчанкі, якую так хочацца назваць няўрымсьлівай і, як своеасаблівы гімн, згадаць радкі зь песьні групы "Город-312": "Мой изгиб бедра вроде невинность выражает". Live62, ты проста золата!
14.05.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Яна выкінула каленку
Anka Upala выкінула каленку. Дакладней не каленку, а цэлых дзьве каленкі. І ня проста дзьве каленкі, а твор мастацтва. Зірні і ты, наведнік, на гэтую фатаграфію, каб скласьці ўласнае меркаваньне, што перад намі: авангард, постмадэрн, наіў ці ўсё-ткі проста прыгожыя каленкі.
7.05.2007
Быцьцё або Нябыт...
Сусьветна вядомы маналёг прынца дацкага з трагедыі Вільяма Шэксьпіра "Гамлет" перакладзены на беларускую мову Сяргеем Балахонавым. У перакладзе, між іншым, выкарыстаныя некаторыя старабеларускія лексэмы і старабеларускія канструкцыі. Чытаць пераклад тут.
Без перабольшваньняў
Хто яна найперш? Блогерка? Пісьменьніца? Журналістка? Ці проста прывабная дзяўчына? Сёньня ў рубрыцы "Дзяўчына тыдня" – Яўгенія Манцэвіч ( litota_) у вобразе рамантычнай задумлёнкі, якая пазірае ў неба, шукаючы натхненьня для творчасьці, работы і каханьня. Акурат з гэтым здымкам яна бярэ удзел у конкурсе на лепшае настраёвае жаночае фота. Фатаграфія зьмяшчаецца з ласкавай згоды спадарыні Яўгеніі. Не забудзьма згадаць і аўтара – kontsevoi (лішні лінк на блог – дробязь, але прыемная).
4.05.2007
Лiючаяся форма ў "Імя грушы"
2.05.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Васямнаццатая лінія Ліны
Ліна Белавусава – лідэрка гомельскага падпольнага фэн-клюбу творчасьці С.Балахонава "Грушавы Фэнікс", пра існаваньне якога мы дазналіся зусім нядаўна – адзначае сёньня свой васямнаццаты дзень народзінаў. З гэтай нагоды я хацела даць Балахонаву ў рэбры пісьменьнік павіншаваў дзяўчыну, прысьвяціўшы ёй лірычную міні-эпапею, зьмест якой хацела б я ведаць не разгалошваецца.
1.05.2007
Містэр Х.
1.05.2007
Дзе ў Балахонава рогі?
Адзін з карыстальнікаў расейскага блог-сэрвісу Liveinternet.ru дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад пачатага чытаньня кнігі Сяргея Балахонава "Імя грушы". Чытаем тут.
30.04.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Іра трохі ўсьміхаецца...
Рубрыку "Дзяўчына тыдня" сёньня ўпрыгожвае Іра. У сваім блогу яна пазыцыянуе сябе дзяўчынай, якая журыцца. "Скучающая Иришка" называе яна сябе. З чаго вынікае гэтая скука-журба зразумець цяжка: ці то хлопчык кінуў, ці то ад цяжар прыгажосьці пры адсутнасьці легкадумнасьці цісьне на сьвядомасьць... Але бывае, што яна сьмяецца, а дакладней троху ўсьміхаецца, як на гэтым здымку, дзе Іра заблытаная ў весельным строі, каторы ўсяго толькі прымерыла. З пэўным намерам?..
24.04.2007
аўтарка: Ad Minataurus
30 хадоў у лябірынце
23.04.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Яна – Аня...
Дзяўчынай мінулага тыдня стала Аня, чыю фатаграфію мы пазычылі ў адным з наведнікаўскіх профіляў "Гомельскага чату". "Гомельскі чат" – гэта пякельная машына, якая працуе выключна ў InternetExplorer, не прызнаючы FireFox ці Opera. Але гэта толькі так, на заметку. Бо Аня ня мае ніякага дачыненьня да ўсёй названай кухні. Аня проста файная дзяўчына, і гэта заўважна ў любым браўзэры.
18.04.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Дзяўчо, што хацела шчасьця
Зь дзяўчынай тыдня на сайце зноў адбылася прамаруда. Не да дзяўчын было ў той час, калі шаноўны пісьменьнег ляжаў падбіты варожай куляй атручаны халвічным батончыкам. Таму дзяўчнай тыдня вырашана абвесьціць выяву дзяўчынкі, якую некалі С.Балахонаў маляваў на просьбу сваіх маладых каляжанак, праходзячы такім чынам псыхалягічны тэст. Згодна з умовамі таго тэсту трэба было намаляваць чалавечка выкарыстоўваючы некалькі геамэтрычных фігураў, але у сукупнасьці іх мусіла быць ня больш дзесяці. У выніку спадар Сяргей выкарыстаў адзін круг і дзевяць трохкутнікаў. Вось і атрымалася Дзяўчо, Што Хацела Шчасьця. Просім любіць і песьціць.
17.04.2007
Маркерам у нішу
Прэзэнтуючы слухачам РС адзінаццаты нумар альманаху "Калосься", рэдактар Алесь Аркуш выказаўся між іншым і з нагоды апублікаванага на старонках гэтага выданьня твора Сяргея Балахонава. Глядзіце поўны тэкст гутракі "Дацкі прынц Яўхім можа стаць беларускім каралём".
16.04.2007
Макс Шчур шчыруе па максімуму
Беларускі пісьменьнік, перакладчык, крытык, стваральнік сеціўнага альманаху "Невідочнае места" Макс Шчур апублікаваў артыкул, прысьвечаны творчасьці Сяргея Балахонава "На тым баку крывога люстэрка".
10.04.2007
Я веру ў сілу каханьня
9.04.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Цанавальніцы мастацтва
У рубрыцы "Дзяўчына тыдня" сёньня – незнаёмкі, пайманыя пільным фатографам ля адной са скандальных карцінаў Алеся Марачкіна. А фатографам сёньня – супрацоўніца "Нашай Нівы" непаўторная і геніяльная Юлія Даршкевіч, з ласкавай згоды якой і разьмяшчаем на сайце фота, названае С.Балахонавым "Цанавальніцы мастацтва". Я такіх словаў ня ведаю. Але пісьменьніку, напэўна, больш бачна.
Жыцьцё паміж школай і блогам
Сяргей Балахонаў даў інтэрвію газэце "Наша Ніва". Гутарку журналіста Зьмітра Панкаўца зь пісьменьнікам чытайце пакуль на сайце "НН" – яна мае назву "Жыцьцё паміж школай і блогам". На нашым сайце "перадрук" інтэрвію чакайце неўзабаве чытайце тут.
"Тэзэй" у ліку пераможцаў!
Сёньня – у дзень сьвятога Ісыдора Сэвільскага, заступніка Інтэрнэту – былі абвешчаны пераможцы 5-га Конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў, які традыцыйна ладзіць партал Tut.by. Сайт творчасьці Сяргея Балахонава "Тэзэй беларускага постмадэрнізму", які ў конкурснай намінацыі "Культура" спаборнічаў зь 15-цю іншымі сайтамі, стаў у выніку адным зь ляўрэатаў, падзяліўшы другое пачэснае месца з праектам KINON. Першае месца ў гэтай намінацыі заняў сэрвэр беларускай электроннай музыкі "Электрасфэра", а трэцяе – праект "Музэй традыцыйных беларускiх абярэгаў".
Цырымонія ўшанаваньня ляўрэатаў адбывалася ў КЗ "Мінск". С.Балахонаў прысутнічаць на ўрачыстасьці ня змог, а яго інтарэсы ласкава пагадзіўся прадстаўляць Зьміцер Панкавец. Яго допіс "Балахонаў і «Царква» сярод пераможцаў" стаў ці ня першым паведамленьнем пра вынікі сёлетняга конкурсу кантэнт-праектаў. Прынамсі, арганізатар конкурсу партал Tut.by пра вынікі яшчэ не паведаміў (інфармацыя па стане на 21:00 менскага часу). Поўны сьпіс пераможцаў па ўсіх намінацыях можна пакуль пабачыць на сайце IT-Belarus.net.
"Начная чытанка" Балахонава
Цягам гэтага тыдня голас Сяргея Балахонава можна пачуць у праграме "Начная чытанка" – частцы адмысловага праекту "Начная Свабода", які рыхтуе беларуская служба РС. У праграме будуць гучаць апрацаваныя пісьменьнікам сучасныя сагі і фрагмэнты дзёньнікавых запісаў розных гадоў. Мяркуецца, што ў пятніцу (6 красавіка) недзе а 22-й гадзіне спадар Сяргей у прамым эфіры адкажа на пытаньні журналісткі Вольгі Караткевіч.
2.04.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Nea ды Antia – агульная сымпатыя
У рубрыцы "Дзяўчына тыдня" – дзьве харошыя паненкі, чые імёны мы хоць і ведаем, але пэўна ж нікому ня скажам. А ў віртуальным жыцьці яны вядомыя, прыкладам, як Nea ды Antia адпаведна. Можна было б паведаміць і больш, ды Сяргей Аляксандравіч строга наказаў маўчаць. Фотку красуняў глядзім па гэтай спасылцы. Аўтар здымка – Сьвятлана Ігольнікава.
27.03.2007
аўтарка: Сяргей Балахонаў
Беларуская рэзь ад Wikimedia
У беларускую Вікіпэдыю я пісаў даволі рэдка. Але магу зразумець тую горыч, якую перажылі сёньня дзясяткі сталых аўтараў, якія цягам апошніх трох гадоў працавалі над зьместавым напаўненьнем праекта, адпачатна выкарыстоўваючы пры гэтым клясычны правапіс. Болей за 6 тыс. артыкулаў беларускай Вікіпэдыі увадначас прапалі ў сеціўнай прорве. Фундацыя Wikimedia зладзіла віртуальную ноч даўгіх нажоў для беларускіх вікіпэдыстаў, якія трымаліся "тарашкевіцы".
Ніхто ня ведае, чым гаспадары кіраваліся, выкідваючы "тарашкевічны" кантэнт і яго ўдзельнікаў з даменнае назвы be.wіkіpеdіa.оrg, перадаўшы праекту прыхільнікаў "наркамаўкі". Але ёсьць у гэтым нешта ад фэўдальнага самадурства.
Я ня ведаю, што далей рабіцьмуць князькі зь Wikimedia. Можа і кінуць з барского плеча які даменны лапічак. Але самадурамі ад гэтага быць не перастануць.
Вікіпэдыя тарашкевіцай зьнішчаная
У аўторак з раніцы наведнікі беларускай старонкі Вікіпэдыі былі нямала зьдзіўленыя, не пабачыўшы на рэсурсе аніводнага матэрыялу. Пры націсканьні на спасылкі ў зьмесьце, выскоквала фраза: «Зараз тэкст на гэтай старонцы адсутнічае. Вы можаце пашукаць гэтую назву ў іншых старонках альбо рэдагаваць гэтую старонку».
«Ад самага пачатку беларуская вэрсія Вікіпэдыі была створаная клясычным правапісам, – кажа адзін зь яе аўтараў Вячаслаў Радзівонаў. — Празь некаторы час утварылася група прыхільнікаў афіцыйнага правапісу. Ніхто не забараняў ім разьмяшчаць на Вікіпэдыі артыкулы наркамаўкай. Яны і пачалі паціху рабіць такія матэрыялы, але іх не задавальняла, што інтэрфэйс Вікіпэдыі быў «тарашкевіцай». Пасьля чаго зьявілася група раскольнікаў, іх усяго чалавек пяць, якія пажадалі стварыць сваю вэрсію Вікіпэдыі. У жніўні летась прыхільнікі наркамаўкі рабілі запыт кіраўнікам Вікіпэдыі на стварэньне старонкі на «наркамаўцы», але ў выніку галасаваньня, якое доўжылася амаль да канца 2006 году, ім было адмоўлена».
Тады ж прыхільнікі «наркамаўкі» стварылі свой праект, гэтак званы інкубатар, дзе разьмяшчалі артыкулы напісаныя афіцыйным правапісам, усяго яны стварылі 3 565 артыкулаў. (Клясычным правапісам было больш за 6000 артыкулаў.)
Нядаўна былі зьмененыя правілы падачы заявак на стварэньне Вікіпэдыі, цяпер ня трэба галасаваньне, а ўсё вырашае фонд Вікімэдыі, які забясьпечвае працу Вікіпэдыі. 27 сакавіка праграміст з Горадні Юры Тарасевіч паведаміў, што іхны «інкубатар» пераходзіць на новы адрас Галоўная старонка, дзе дагэтуль разьмяшчалася старонка беларускай Вікіпэдыі, напісаная «тарашкевіцай», такое рашэньне прыняў фонд Вікімэдыя. Вячаслаў Радзівонаў разводзіць рукі: «Чаму на месца нашай Вікі паставілі іхную — невядома!».
На стан 14:00 27 сакавіка галоўная старонка беларускай Вікіпэдыі мела ўжо інтэрфэйс аформлены «наркамаўкай». Там жа напісана [стыль, лексыка, граматыка захаваныя – З.П.]:
«Увага. Гэта беларускамоўны праект, якая робіцца выключна ў нарматыўнай беларускай мове. Пастановаю уладаў Вікіпедыі ён перанесены пад гэтую даменную назву. Гэта не ранейшы праект be.wikipedia.org. Папярэдняе змесціва, з прычыны неадпаведнасці тэхнічным стандартам, якімі кіруецца Вікіпедыя, перанесена ў асобны раздзел, лёс і назва якога будуць удакладняцца – уладамі Вікіпедыі. Калектыў гэтага праекту не робіць такіх пастаноў і не мае на іх уплыву. Нам не паведамілі загадзя, гэтаксама як і вам. А тыя, хто ананімна вандаліць тут, не робяць нічога карыснага, і, паводле неафіцыйнай інфармацыі, нават шкодзяць, прычым менавіта «клясычнаму» праекту. Калегі вікіпедысты, мы добра ведаем, што шмат каму беларуская мова не мова, калі яна нарматыўная – дык, калі ласка, агледзьцеся, ці вы сапраўды хочаце супрацоўнічаць у праекце, які прынцыпова працуе толькі ў нарматыўным варыянце беларускай мовы».
Такім чынам, па-ранейшаму ніхто ня ведае, куды дзеліся звыш 6 тысяч артыкулаў, якія былі разьмешчаныя на ранейшай старонцы Вікіпэдыі. Калі яны былі зьнішчаныя, то гэта будзе найбольшы выпадак інтэрнэт-вандалізму ў гісторыі беларускага сеціва.
Князёўна Эўразьвязу
"Дзяўчына тыдня" сёньня не адна, а зь целаахоўнікамі ў чорнай форме. За сіні балёнік з сымболікай Эўразьвязу мы назвалі яе эўрапейка. Фотку глядзім тут. Пазычылі мы яе з блогу www.head-of-babulka.livejournal.com.
23.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Дробныя адметнасьці
Сяргей Балахонаў працягвае перакладніцкі праект: увасабленьне сцэнару культавага фільму Квэнціна Таранціны "Pulp Fiction" у беларускай мове. На сайце публікуецца другі кавалак ягонага перакладу – амэрыканскія бандзюкі Джулз і Вінцэнт, скіроўваючыся на разборкі, гамоняць пра дробныя адметнасьці Эўропы, жоначку іхняга боса, масаж ног і кунілінгус. Спадар Сяргей яшчэ раз падкрэсьлівае альтэрнатыўнасьць гэтай сваёй працы перакладу "Pulp Fiction" у вэрсіі Максіма Шчура.
19.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Сакавіцкая Купалінка
Калі шчыра, то гэты запіс робіцца заднім чыслом. Неяк мы зусім празяпалі час, і дзяўчына мінулага тыдня так і не была вызначына ў належны час. "Ой, гора-бяда!" – ускрычалі мы і насуперак волі багоў абвясьцілі дзяўчынаю тыдня невядомую Купалінку з фатаграфіі, аўтарам якой ёсьць каманда "Алея крозаў" – удзельніца адной з фотагульняў сайта Ph.by. Хоць да Купальля шчэ, як да масквы...
18.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Дзень унутраных войскаў
Сёньня дзень унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь.  Як гэта зьвязана зь Сяргеем Балахонавым? Ніякіх загадак. У 2000 г. спадар Сяргей праходзіў тэрміновую службу ў адным з гарнізонаў унутраных войскаў. Пісьменьнік віншуе ўсіх, хто прайшоў або яшчэ праходзіць службу ў УВ, не губляючы сябе і сваёй любові да людзей і нашай каханай краіны.
З нагоды сьвята на сайце публікуецца верш 2000 г. "Войска ўнутры душы маёй", які быў напісаны акурат у войску і доўгі час заставаўся адно ў рукапіснай форме на старонках армейскага нататніка. Публікацыя зьдзяйсьняецца з аўтарскімі праўкамі, зробленымі ў сакавіку 2007 г. Таксама прапануецца аўдыёфайл [0.98 мб | homeaudio] – верш у аўтарскім выкананьні.
Хадановіч прыйшоў!
Наша блогасфэра паўспоўнілася пазітывам – найзырчэйшы паэт сучаснае Беларусі Андрэй Хадановіч запачаткаваў уласны інтэрнэт-дзёньнік на папулярным сэрвісе Livejournal.com. Першы пост спадара Андрэя мае характэрны назоў "Усім людзям добрай волі..." У ім паэт не без іроніі тлумачыць што ды чаго: "Людзі добрыя! Самі мы ня месныя, а вось дабрадзеі ЖЖ мне зрабілі. Так што чаго ўжо тут, давайце чытайце! Будзе на рэдкасьць нудна, усё болей вершы, але нічога, прывыкнеце". Ага, спадзяемся, што прывыкнем. Бяз гэтага нікуды.
У падарунак прызыўніку
 Усьлед за падарожнай і жаночай, у сэрыі "Кнігарня «Наша Ніва»" зьявілася вайсковая кніга. Ейны аўтар – журналіст «НН» Сямён Печанко. У 2003-2004 гг. Сямён служыў у адной з вайсковых часьцей Наваградка. У выніку службы й нарадзілася цэлая кніга, выбраныя часткі якой друкаваліся на старонках газэты.
Аўтар без прыхарошваньняў і ачарненьня расказвае пра рэаліі сёньняшняга войска, якое яшчэ не пасьпела ператварыцца ў эўрапейскае, але ўжо і не савецкае, расказвае пра простыя рэчы, зь якімі штодня сутыкаюцца жаўнеры. Прысяга, вайсковыя сталоўкі і пошта, мэдыцына, нарады і нарэшце доўгачаканы дэмбель. Усё гэта знайшло адлюстраваньне ў кнігі.
Сямён Печанко піша: «Амаль кожны, хто пакаштаваў салдацкага хлеба, нават праз гады ня можа пазбавіцца ад успамінаў пра войска. Незалежна ад таго, ці спадабалася яму там, ці немагчыма было прычакаць апошняга дзянёчка. Мая «настальгія» вылілася ў вось гэтыя, надрукаваныя ў «НН», нататкі. Гэта не павучаньне кшталту «хто не служыў – той не пацан». Буду рады, калі гэтая кніжыца ў нечым дапаможа тым, каму лёс – паслужыць у войску».
Кніга мае зручны кішэнны фармат. Прадмова Сяргея Балахонава. Найлепшы падарунак для тых, каго летам чакае прызыў. І наогул усім, хто любіць чытаць па-беларуску.
Шукайце ў незалежных распаўсюднікаў і кнігарнях.
12.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Юльчэла!
Гэтым разам я запрапанавала Балахонаву абраць для рубрыкі "Дзяўчына тыдня" пераможцу конкурсу "Міс Гомель 2007" Марагрыту Цыкунову. Але Сяргей рэзка заматляў галавой: "Якая табе, вэб-майстар, Маргарыта? Нашы ў конкурсе прайгралі, таму ніякіх маргарытак". Я спрабавала удакладніць, хто такія нашы, а пісьменьнік у адказ надзьмуўся, як сыч і толькі моўчкі зыркаў у мой бок. Спрачацца было дарэмным заняткам, а да таго ж здымка новазьяўленай гомельскай "міскі" я адшукаць так і не змагла. "Дык вы, Сяргей Аляксандравіч, мо' самі якую фотачку надыбалі?" – не без іроніі пацікавілася я. Спадар Балахонаў паблажліва чмыхнуў у адказ і падкінуў лінк на сайт нейкай дзіўнаватай гульні, дзе акурат праводзіўся фотаконкурс, у якім між іншым удзельнічалі і беларускія дзяўчаты. "Вазьмі "фотасклейку" зь віцяблянкай Юльчэлай, – надавумліваў мяне пан настаўнік. – Толькі абавязкова рэзані ў "хвотажабе" правую частку: там, дзе паненка ў камуфляжы. На што нам на сайце лішні камуфляж? І глядзі не забудзь пазначыць, што аўтарам здымку ёсьць silverrebel". Вось жа пайшла, забрала, пакрамсала, надпісала. Такім чынам, у рубрыцы "Дзяўчына тыдня" – Юльчэла зь Віцебска. Вось.
8.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Сьнег капітана Мантгомэры
Сёньня на сайце публікуецца фрагмэнт аповесьці Сяргея Балахонава "Сьнег капітана Мантгомэры". Твор прысьвечаны падзеям т.зв. "казацка-сялянскай вайны" сярэдзіны XVII ст., а, калі дакладней, то эпізоду аблогі Гомея казацкім войскам у чэрвені 1651 года. Капітан Мантгомэры – іншаземны наёмнік, камандзір гарадзкога гарнізону, якому даводзіцца змагацца з уласнымі спакусамі і немачамі, з вонкавымі пагрозамі і небясьпекамі.
Каб адчуць увесь цымус гэтага твора, раім прачытаць яго цалкам у літаратурна-мастацкім альманаху "Калосьсе", які можна замовіць праз сыстэму "Кнігі поштай".
Для ахвочых пачуць голас аўтара прапаноўваем адпаведны падкаст: маленькі фрагмэнт аповесьці ў аўтарскім выкананьні. Сьцягнуць аўдыёфайл [1.95 мб | homeaudio] магчыма з Balachon.podcasting.by.
7.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Памерацца кантэнтамі
Толькі пасьпеў партал Tut.by абвесьціць аб пачатку 5-га Конкурсу беларускіх контэнт-праектаў, як Сяргей Балахонаў, ні з кім ня раячыся, прыняў рашэньне выставіць сайт сваёй творчасьці на гэты спаважны байнэтаўскі спабор. Конкурс праводзіцца штогод з мэтай даць пэрспэктыўным некамэрцыйным інтэрнэт-рэсурсам магчымасьць заявіць пра сябе. У 2006 году ў аргкамітэт паступіла блізу 200 заявак. Сайт "Тэзэй беларускага постмадэрнізму" прыняты да ўдзелу ў намінацыі "Культура" і на гэты момант суседзіць з сайтам авангардыстаў Haze. Але ж гэта толькі пачатак рыцарскага турніру, заявы прымаюцца да 22 сакавіка. "Я не спадзяюся ні на якія залатыя горы, – камэнтуе сп. Балахонаў. – Але гэны турнай пэўна ж дасьць падставу для хоць якой дадатковай цікавасьці да майго сайта".
6.03.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Biшнёў у ЖЖ. Па вушы?
 Ведамы сваімі экстравагантнымі паводзінамі пісьменьнік, мастак, пэрформэр і прочая, прочая, прочая Зьмiцep Biшнёў завёў віртуальны дзёньнік на папулярным блог-сэрвісе Livejournal.com. Новасьпечаны блог ня мае назвы. Новасьпечаны блогер назваўся zmij_vish'ам і ў адным зь першых пастоў маніфэставаў: "Вішную сябе, сваіх сяброў і ворагаў – я ў ЖЖ! Пляткароў чакае смерць (абяцаю хуткая і небалючая!)!" У адным з камэнтароў спадар Biшнёў канкрэтызаваў мэту, якой ён кіраваўся, ствараючы інтэрнэт-дзёньнік: "Трэба разварушыць мясцовае балота. Зусім распусціліся – аніякага бокса – альбо беспадстаўныя плёткі, альбо саплівае трызненне". Зрэшты, вiшнёўcкi бокс покуль абмежаваўся некалькімі няўклюднымі безапэляцыйнымі рэплікамі і дзяціннымі апраўданьнямі пэўных сваіх учынкаў:  "Я думаю толькі безгустоўны чалавек, можа пісаць у замежных і айчынных выданнях пра геніяльнасць бульварнай прозы. Гэта датычыцца, да прыкладу, Югасі Каляды. І распускаць плёткі пра скраденую гарэлку можа альбо алкаголік, альбо зайздроснік. А калі ўлічваць... што тую гарэлку выдалі самі афіцыянткі для ўсяго выдавецтва... І піў яе не толькі Biшнёў, а каля дваццаці чалавек : Бабкоў, Баршчэўскі, Хадановіч..." Гэта мала падобна на бокс. Хутчэй нагадвае бойкі нанайскіх хлопчыкаў. А яшчэ хацела б во што адцеміць: некаторыя адчайна-ананімныя прыхільнікі вiшнёўcкaй творчасьці ўдасужыліся ізраніць кашчунныя славеса "наш король постмодернизма поэт Зьмитер Вишнев". Сяргей Балахонаў ад афіцыйных заяваў з гэтай нагоды адмовіўся.
5.03.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Усьмешка абаяньня
У рубрыцы "Дзяўчына тыдня" здымак пад назвай "Усьмешка". Хто так чароўна ўсьміхаецца на гэтай фатаграфіі, мы ня знаем. Але ёсьць у гэтай усьмешцы штось такое павабнае, распологающее.
Складаем падзякі аўтарцы здымка спадарыні ЧеШиРСкаЯ KoSHka і сайту Fotka.by, адкуль відарыс быў пазычаны.
27.02.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Анастасія Менская
Абвяшчаючы чарговую дзяўчыну тыдня па вэрсіі нашага сайта ня будзем шматслоўнымі. Пад чужымі паролямі шлындала я па расейскім сэрвісе знаёмстваў – не дзеля ўласна знаёмства, а дзеля пошуку гераіняў нашага часу (Балахонаў кажа: "гераіні нашга квасу"). І знайшла фотку дзяўчыны, якая назвалася Анастасіяй зь Менску. Якасьць фоткі астаўляла жадаць лепшага, таму давялося паэксплюатаваць "фоташоп", у выніку чаго маем гэткае цёплае рэтра.
Зыходнік узяты з сайту www.love.mail.ru
22.01.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Перавяртаньне "Pulp Fiction"
Сяргей Балахонаў узяўся за пераклад сцэнару фільма Квэнціна Таранціны "Pulp Fiction". Ён будзе публікавацца на "Тэзэі"паступова з пэрыядычнасьцю не радзей, чым адзін раз на месяц. Зараз увазе чытачоў прапануецца першы фрагмэнт перакладзенага сцэнару – пралёг: эпізод з салодкай парачкай рабаўнікоў у лос-анджэлескай кавярні. Пачынаючы працу, спадар Сяргей імкнуўся ўнікнуць наўмыснае моўнае цнатлівасьці, таму ў перастварэньні выкарыстоўваецца ня толькі традыцыйная беларуская экспрэсіўная лексіка, але і лексіка выяўна абсцэнная. Чытаць першы фрагмэнт перакладу можна тут: "Pulp Fiction: раніца ў лос-анджэлескай кавярні".
20.02.2007
аўтарка: Ad Minataurus
Ціхі кампраміс
Каб выбраць і абвесьціць байнэтаўскую Дзяўчыну тыдня паводле вэрсіі "Тэзэя беларускага постмадэрнізму" давялося паламаць трохі дзідаў і аўтаматаў Калашнікава. Не патрапіўшы па выніках фотаконкурсу "Ты+Я=Каханьне" нават у дзясятку, Балахонаў впал в излишний сарказм і прапаноўваў абвясьціць Дзяўчынай тыдня пераможцу гэтага спаборніцтва Алену Валянцінаўну Жаркевіч. Я пераглядзела яе фота ў поўным памеры і заўважыла густы валасяны пакроў на ейным твары, закапаны пад тоўстым пластом тынкоўкі. Паведаміла пра гэта Сяргею, а ён сказаў быў: "Хай будзе. Яе ж прызналі красодкай". Давялося выцягваць яго з умопомрачения, даводзячы, што гэта фота разбурыць канцэпцыю рубрыкі. Балахонаў раззлаваўся, што яго адрываюць ад куфля "Трох каралёў", і адправіў мяне на www.ph.by, падбрыць фотку удзельніц групы "Топлес" (аўтар Павел Марозаў). Гэтая выява таксама мала натхняла, і давялося зноў брацца за пераконваньні. "Добранька, давай разьмесьцім нешта спакойнае і без выпіндосаў", – трохі супакоіўшыся, прамовіў залатыя словы наш пісьменьнічаг. На тым і пастанавілі апублікаваць фатаграфію юнай гомельскай блогеркі Лізы. Дзёньнік Лізы "Маленькая взрослая" знаходзіцца на расейскім блог-сэрвісе www.liveinternet, адкуль мы й пазычылі выяву.
Насуперак прагнозам
Ляўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2006 г. – за кнігу «Дыялёгі з Богам» – стаў філёзаф і пісьменьнік Валянцін Акудовіч. Пра гэта ў пятніцу (16 лютага) аб'явіў старшыня Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш.
Валянцін Акудовіч наступным чынам пракамэнтаваў рашэньне: «Я ад самага пачатку прыхільна і добра ставіўся да «Вялеса», нават калі яго шмат крытыкавалі. Хачу адзначыць, што мае супернікі на прэмію былі нічым ня горшыя, проста так часта бывае, што прэміі ўручаюць насуперак усім прагнозам».
Разам з Акудовічам намінантамі на «Гліняны Вялес» сёлета былі Сяргей Балахонаў, Зьміцер Вішнёў, Міхась Андрасюк ды Андрэй Хадановіч.
Летась «Вялеса» за кнігу публіцыстыкі «Вострая Брама» атрымаў Сяргей Дубавец.
14.02.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Воранава гняздо
Пачаў работу сайт літаратара, перакладчыка, выдаўца Віталя Воранава: www.voranau.com. Вэб-старонка мае іранічны падзагаловак "Гняздо, альбо апошняя спроба выратаваць сямейства". У падобнай стылістыцы вытрымана і навігацыя па сайце, дзе ёсьць разьдзелы "Воран", "Крылы", "Пер'е", "Хвост", "Дзюбы і кіпцюры", "Кар-р-р!" ды інш. Самаіронія, як ведама, дастаткова рэдкая зьява сярод сучасных беларускіх літаратараў, і я проста рады вітаць такога чалавека.
Спадар Воранаў нарадзіўся 18 сакавіка 1983 году ў Менску. Ён зьяўляецца сузаснавальнікам і старшынём "Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані" і выдавецтва "Белы Крумкач". Навучаецца ва Ўнівэрсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані і Заходнячэскім Ўнівэрсітэце ў Пльзені. Пераклаў на беларускую "У чаканьні Гадо" – Сэмюэла Бэкета і "Віня-Пыха" Алана Мілна.
«Байцоўскі клюб» перакладзены на беларускую
21-гадовы студэнт чацьвертага курса БДУІРа Сяржук Мядзьведзеў скончыў на гэтым тыдні пераклад на беларускую мову культавага рамана амэрыканскага пісьменьніка Чака Паланюка (Chuck Palahniuk) «Байцоўскі клюб». Над перакладам твору Сяржук працаваў паўтара году. Цяпер цягам двух месяцаў ён мяркуе шліфаваць пераклад.
У той самы дзень, як Мядзьведзеў скончыў працу над перакладам, ён атрымаў ліст ад самога Чака Палахнюка. «Адчыняю паштовую скрыню, а адтуль вылятае паперчына: «На ваша імя атрымана пасылка з ЗША, – расказвае Сяржук Мядзьведзеў. – Скончыць працу над перакладам і атрымаць у адзін дзень пасылку ад Паланюка!. У пачатку кастрычніка пабачыў абвестку: Чак Паланюк адчыняе паштовае вакно для фанатаў. Трэба было даслаць ліст на адрас яго мэнэджэра, і пісьменьнік адкажа асабіста кожнаму лістом або пасылкай. Я напісаў, як шчыры фанат, словы захапленьня, адзначыў, што перакладаю «Байцоўскі клюб», як складана было дастаць арыгінал, як цяжка ў нас з роднай мовай, папрасіў даслаць пару кніг. Я не спадзяваўся на адказ, пагатоў на пасылку. Усярэдзіне пасылкі быў ліст і штук 15 розных дробязей – цацачная морква a la кіндэр-сюрпрыз, калькулятар, плястмасавы адрэзаны палец, калядныя сьвечкі, насеньне незабудкі, два аўдыёдыскі зь ягонымі чытаньнямі падчас кніжных тураў, а таксама жывёла, якая сымбалізуе маю моц: маленькі плюшавы мядзьведзік. Паланюк сам у лісьце маркерам напісаў: «Your Power Animal is enclosed!!!» Прыемна. А ліст — тры маленькія абзацы — Паланюк напісаў асабіста. Даў пару карысных парадаў па жыцьці».
Антыглямурнае трыё
Рубрыка "Дзяўчына тыдня" сёньня ў нас двойчы незвычайная. Чаму? Ды таму, што дзяўчына не адна, а тры, і выглядаюць яны, так бы мовіць, трохі спэцыфічна, але ўсё ж сымпатычненька.
Вось жа Вашай увазе прэзэнтуем фатаграфію антыглямурнае дзявочае тройцы: Крыс, Жэка і Лен.
Юныя гамяльчанкі паказваць запірсінгаваныя языкі або, як Крыс, проста капыляць губу ўсяму таму глянцу, што зрынаецца на нас адусюль, і, які мы так насамрэч любім.  Фота ўзята з сайта www.gomelphoto.com.
Он-ляйн з Андрэем Скурком
«Наша Ніва» на 101-ым годзе існаваньня... Кніжная сэрыя ў гонар стагодзьдзя газэты... «Наша Ніва» ў Інтэрнэце... Чакаюцца пытаньні чытачоў. Он-ляйнавая канфэрэнцыя з галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Андрэем Скурком адбудзецца ў пятніцу 15 лютага з 13.00 да 15.00. Дасылаць пытаньні можна ўжо цяпер на адмысловай старонцы сайта «Нашай Нівы», выкарыстоўваючы акенца камэнтароў.
Даведка: Андрэй Скурко, галоўны рэдактар «Нашай Нівы», нарадзіўся ў 1978 у мястэчку Крывічы Мядзельскага раёну ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Крывіцкую сярэднюю школу (1995) і філялягічны факультэт БДУ (2000). Пісаць у «НН» пачаў у 1999. На сталую працу ў газэту прыйшоў у 2001. Ад 1 сьнежня 2006 галоўны рэдактар «Нашай Нівы». Неўзабаве мае выйсьці ягоная кніга (у суаўтарстве з Андрэем Дыньком) «Беларусь за дзесяць падарожжаў».
У Залюстроўі магчыма ўсё
На працягу двух тыдняў у кавярні "Лондан", што ў Менску (праспект Незалежнасці, 18), можна паглядзець фотаздымкі Андрэя Лянкевіча з сэрыі "У Яго жаночае імя..." Сэрыя прысьвечана незусім звычайнай менскай сям'і.
У Залюстроўі ўсё магчыма, бо там можна жыць і гаварыць, як жадаеш. А галоўнае, можна зваць рэчы сваімі імёнамі. Імёнамі, якія набліжаюць да істы рэчаў. Проста трэба мець жаданьне бачыць па-іншаму.
Калі б у Алісы, у яе чатыры гады, побач з мамай (якая заўсёды побач) апынуўся ня тата (які сыйшоў у невядомым напрамку), а , прыкладам, Чашырская Котка, то дзяўчынка абавязкова бы назвала яе сваім імем. Нават калі б камусьці гэта здалося сьмешным. І для гэтага імя яна, напэўна, знайшла б адпаведную форму. І форму гэтую, верагодна, пабудавала бы насуперак граматычных нормаў.
Так зрабіла іншая дзяўчынка з рэальнай менской сям'і, тут і зараз, вызначыўшы форму сваёй дзіўнай нетрадыцыйнай сям'і, у якой яна жыве – У Яго жаночае імя.
7.02.2007
Блуканьні па містыфікатах
Ку-ку! Красаўчэг!
Сяргей Балахонаў урываецца ў конкурс "Ты+Я=Каханьне", які ладзіцца парталам Tut.by і прынагоджваецца да будучага дня сьвятога Валянціна. Згодна з умовамі конкурса ў фотаальбоме на Tut.by была разьмешчана фатаграфія спадара Сяргея і адмысловае віншаваньне са сьвятам закаханых – урывак зь беларускага перакладу песьні гурту Linkin Park "With you".
"Я пазнавата адважыўся на ўдзел у гэтым спаборніцтве. Трэ' было раней пачынаць, – камэнтуе сытуацыю пісьменьнік. – Але па вялікім рахунку я стаўлюся да конкурсу зь вялікай іроніяй. Той, хто гэтага ня можа зразумець, або дурань, або вораг".
Для таго, каб прагаласаваць за Сяргея Балахонава, проста перайдзіце па наступнай спасылцы.
5.02.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Вочы анёла
Гэтую дзяўчыну я ведаю асабіста. Яна ўручыла мне два дыскі з фатаграфіямі і сьціпла сказала: "Можа нешта спадабаецца". Спадабалася. І давялося нават вагацца, які фотаздымак пані Ліны разьмясьціць чарговым разам у рубрыцы "Дзяўчына тыдня". Урэшце вырашылі аддаць перавагу адной з работаў слыннага гомельскага фотамастака (і, між іншым, Лінінага таты) Алега Белавусава. Фатаграфія разьмяшчаецца тут.
Бязьлітасны Панкавец
Як вядома, супрацоўнік газэты "Наша Ніва" Зьміцер Панкавец, зьяўляецца ня проста адданым прыхільнікам творчасьці Сяргея Балахонава, але і своеасаблівым летапісцам-балахоназнаўцам, што досыць добра бачна па допісах у ягоным блогу і часьцяком назіраецца ў камэнтах да допісаў іншых беларускіх блогераў. Сёньня ж спадар Зьміцер пераўзыйшоў самога сябе, прымудрыўшыся ў рэцэнзійцы на кнігу Альгерда Бахарэвіча "Ніякай літасьці Валянціне Г.", згадаць кнігу С.Балахонава:
"Альгерд Бахарэвіч ніколі не працуе з карэктарамі, таму ў кнізе можна сустрэць нямала памылак, але гэта
асабістая пазыцыя аўтара і кніга ад гэтага шмат не губляе. Проза Бахарэвіча мае моцны сюжэтны стрыжань,
што вялікая рэдкасьць сярод сучасных беларускіх празаікаў. «Ніякай літасьці Валянціне Г.», побач са
зборнікам Сяргея Балахонава «Імя грушы», можна сьмела назваць найбольш прыкметнымі беларускімі празаічнымі кнігамі 2006 году".

Балахонаў у "Калосьсях"
Выйшаў у сьвет #11 нумар легендарнага літаратурнага часопіса "Калосься". Сяргей Балахонаў прадстаўлены ў нумары апавяданьнем "Сьнег капітана Мантгомэры", якое прысьвечана аднаму з эпізодаў т.зв. казацка-сялянскай вайны XVII ст., а таксама артыкулам "Пайшоў Трышчан на балота" з развагамі пра лёс прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры. Пасьпяшайма з набыткам часопіса! Замовіць яго можна праз сыстэму "Кнігі поштай".
28.01.2007
аўтар: Сяргей Балахонаў
Сум у фармаце ч/б...
Як кажа мая занёмка: "На чорна-белых здымках і я добра атрымліваюся". І хоць у гэтых словах дзяўчына, бадай, баламуціць, чорна-белая фатаграфія валодае пэўнай магічнай сілай, сілай першаснасьці/ Таму я рады вітаць на маім сайце падобны фармат чараўніцтва сьветлапісаньня. Дзяўчанай мінулага тыдня сталася сумная незнаёмка, чые фатаграфіі можна знайсьці ў блогу www.igni.livejournal.com
Вікторыя Махота! Як ні круці
Было б дзіўным, калі б дзяўчынай прабеглага тыдня на сайце "Тэзэй беларускага постмадэрнізму" сталася нейкая іншая паненка, а не Вікторыя Махота – юная беларусачка, якая заняла другое месца ў міжнародным конкурсе "Супэрмадэль сьвету". Цяжка зразумець, чаму ня першае, бо выглядае, што яго прысудзілі дастаткова спэцыфічнай прыгажуні зь Нідэрляндаў.
Фота, што разьмяшчаецца тут, пазычана з сайту www.models.com.
У прэтэндэнтах на "Гліняны Вялес"
Старшыня таварыства вольных літаратараў паэт Алесь Аркуш апублікаваў у сваім інтэрнэт-дзёньніку шорт-ліст прэтэндэнтаў на атрыманьне літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес-2006". Выглядае ён наступным чынам:
Валянцін Акудовіч. «Дыялёгі з Богам»
Міхась Андрасюк. «Белы конь»
Сяргей Балахонаў. «Імя грушы»
Зьміцер Вішнёў. «Фараон у заапарку»
Андрэй Хадановіч. «Сто лі100ў на TUT.BY».
"Зьяўленьне «Імя грушы» ў гэтым сьпісе было для мяне поўнай нечаканкай, – прызнаецца Сяргей Балахонаў. – Спадар Алесь ужо вывешваў у Сеціве папярэднія меркаваньні на конт прэтэндэнтаў і, адказваючы на рэмарку Аляксандра Фядуты, адзначыў, што ў прэтэндаваць могуць толькі кнігі 2006 году выданьня, тады, як "груша" была выдадзена ў 2005-м. Я ніякага галасу не падымаў, але растлумачыў, што кніга выйшла акурат перад новым годам. Ня ведаю, што паўплывала на прыняцьце рашэньня, але я сапраўды рады гэтаму". Як высьвятляецца, выключэньне зроблена і для кнігі Андрэя Хадановіча, на якой пазначаны 2007 год выпуску. Сайт "Нашай Нівы" ўдакладняе, што ляўрэат прэміі стане вядомы вясной.
Машынка vs клявіятура
Людміла Рублеўская, працягваючы ў чарговым нумары газэты "Беларусь Сегодня" рубрыку "Три вопроса критику", адказвае на пытаньне віртуальнага стварэньня па імені ALESJA пра айчынную сеціратуру. Працытуем пытаньне і адказ поўнасьцю.
«Беларускiя лiтаратары, напэўна, усё яшчэ друкуюць свае тэксты на машынках. Або зусiм нiчога не пiшуць, бо ў Iнтэрнэце, якi сёння стаў асноўным месцам лiтаратурнага жыцця, цiкавых беларускiх лiтаратурных сайтаў практычна няма. ALESJA».
Адсылаю вас, ALESJA, на сайт litara.net — дарэчы, на iм пiсьменнiк Адам Глобус напiсаў сваю iнтэрактыўную кнiгу «Сучаснiкi» (з нацiскам на першым складзе). Ёсць на «Лiтары» i ўласныя форумы, i адсылкi на многiя iншыя адрасы. Напрыклад, на «Беларускую палiчку» — гэта электронная бiблiятэка беларускай лiтаратуры. Мне вельмi падабаецца сайт «Быў. Ёсць. Буду», прысвечаны творчасцi Уладзiмiра Караткевiча, створаны сiламi Мiнскага каледжа электронiкi (uladzimir–karatkevich. com). Што тычыцца лiтаратурнай моладзi, наведайце сайт Сяргея Балахонава «Тэзей беларускага постмадэрнiзму» (balachonau.puls.by) або сайт «Беларускi авангард» (avanhard.narod.ru). Зразумела, гэта далёка не ўсё. Варта пачаць пошук — i вы адкрыеце для сябе цэлую планету беларускай сецiратуры. Паэт Андрэй Хадановiч нават свой зборнiк вершаў назваў «Сто лi100ў на TUT.BY». А наконт асноўнага месца лiтаратурнага жыцця — паверце, ALESJA, Iнтэрнэт нiколi не заменiць кнiгу i творчыя сустрэчы ў рэале.
Смаляціч, Колас ды "Імя грушы"
Заўсёды цікава назіраць на жыцьцё зь літаратурай хоць бы ў простым прыкладзе: студэнтка здае іспыт па даўняй беларускай літаратуры, сумняваецца ў запасе трываласьці, ідзе ў кнігарню, дзе апроч абавязковых клясыкаў яна набывае для душы "Імя грушы". Чытаем допіс зь дзёньніка Snake Gagarin.
Гомельская красуня
Дзяўчынай тыдня абрана незнаёмка, чыю фатаграфію шаноўная Ad Minataurus адшукала на гомельскім сайце www.gomelphoto.com. Пад выявай стаяў надпіс "Конфетка", што пакідаецца тут у якасьці нікнэйму гомельскай красуні.
15.01.2007
Балахонаў вачыма дзяцей
У дарогу з Like a Gossamer
У гіт-парадзе «Тузін Гітоў» сёньня дэбютуе гурт Like a Gossamer зь песьняй «Дарога».
"«Дарога» – ключавая кампазіцыя альбома, які мы зараз запісываем, – адзначыў лідэр калектыва Аляксандар Акульчык. – У яе адправіўся нашы лірычны герой – этнограф-вандроўнік – для таго, каб сабраць і запісаць паўзабытыя легенды і паданьні. А мы нібы ступаем побач, вяртаючыся да роднай землі, да нашай спадчыны". Сяргей Балахонаў выбірае гэтую песьню ў якасьці фаварыта 63-га туру тузіноўскага гіт-параду. "Гэная кампазіцыя ёсьць ценкім сплавам мэталу і мэлясу, – зазначае пісьменьнік, - таму яе хочацца слухаць а слухаць у рэжыме repeat. Прапаную маім чытачам аддаваць свае галасы акурат за «Дарогу»".
Балахонаў і фэнтэзі
На старонках газэты "Беларусь Сегодня" (10 сьнежня 2007 г.) зьявілася новая, спадзяемся, што сталая, рубрыка "Три вопроса критику". Літаратурны аглядальнік выданьня пісьменьніца Людміла Рублеўская адказвае на пытаньні чытачоў, прысьвечаныя сучаснай літаратуры.
Нехта Кiрыл Iванавiч Рагуцкi з Баранавiчаў задаў наступнае пытаньне: "Як вы думаеце, Людмiла, чаму няма беларускага фэнтэзi?" Спадарыня Рублеўская адказала літаральна наступнае: "Я не была б такой катэгарычнай, шаноўны Кiрыл Iванавiч. Вядома, у нас няма такiх раскручаных брэндаў, як Толкiен, але беларускае фэнтэзi ўсё–ткi ёсць. I Ян Баршчэўскi з яго «Шляхцiчам Завальняй», i Уладзiмiр Караткевiч з «Ладдзёй роспачы», i Вацлаў Ластоўскi з ягонымi «Лабiрынтамi»...З нашых сучаснiкаў i Пятра Васючэнку з ягонымi панамi Кублiцкiм ды Заблоцкiм можна залiчыць да стваральнiкаў фэнтэзi, i Адама Глобуса з ягонымi Дамавiкамi... Нядаўна шмат спрэчак выклiкаў раман Уладзiмiра Сцяпана i Максiма Клiмковiча «Тэолаг». У згаданым жанры працуе шмат моладзi — Сяргей Балахонаў, Югася Каляда, Альгерд Бахарэвiч... Так што трэба толькi шукаць ды чытаць."
Але ж, як вядома, спадар Балахонаў ніколі не пазіцыянаваў сябе як аўтар фэнтэзі. Што ў такім разе мела на ўвеце шаноўная аглядальніца? "Я мяркую, што да фэнтэзі ў гэтым разе быў аднесены шэраг маіх містыфікацыяў, накшталт «Зямлі пад крыламі Фэнікса»", – выказаў сваю думку пісьменьнік.
Разьюшаныя ананімы атакуюць
Дайшла і да нашага сайта вестка пра тое, што ў кастрычніцкім нумары (2006 г.) студэнцкай газэты "Перья", якая выдаецца на факультэце журналістыкі БДУ быў апублікаваны ананімны тэкст пад назвай "Ліст раз’юшанага чытача да спадара крытыка", дзе робяцца спробы ацаніць раман Сяргея Балахонава "Імя грушы". "Далібог, я ня супраць крытыкі, – рэагуе спадар Сяргей. – Гэта цікава, калі нехта бачыць твае творы іншымі вачыма. Але я не магу зразумець, чаму дастаткова рэзкія выказваньні на адрас як "Імя грушы", так і мяне асабіста, робяцца ананімна. Калі ты такі сьмелы, што можаш перакульваць факты, а аўтара кнігі, які ня пасьвіў з табой сьвіньняў, назваць Сярожам, то чаго ж ты хаваеш сваё імя?"
Свой стан пасьля прачытаньня артыкула "Ліст раз’юшанага чытача да спадара крытыка" Тэзэй беларускага постмадэрнізму акрэсьлівае як "сындром Пялевіна". Што гэта можа азначаць, пісьменьнік не патлумачыў.
Зямлячкі-красуні на Тэзэевым сайце
З гэтага тыдня на "Тэзэі" стартуе яшчэ адзін праект – уводзіцца рубрыка "Дзяўчына тыдня", у якой будуць прадстаўленыя фатаграфіі прыгажуняў-беларусак. Мяркуем цягам кожнага тыдня адбіраць у байнэце адпаведны фотаматэрыял. Штопанядзелак пасьля суб'ектыўнага рашэньня Сяргея Балахонава будзе абвяшчацца найлепшая красуня, а яе фота зьяўляцца на гэтым сайце.
Стартавая старонка рубрыкі працуе ўжо зараз. Пераможцай мінулага тыдня сталася таямнічая Leo, з фатаграфіяй, якая была разьмешчана на www.foto.tut.by.
4.01.2007
У імжы між застаў: беларускія культурныя вынікі 2006 г.
Сяргей Балахонаў падводзіць вынікі разьвіцьця культуры Беларусі ў 2006 г., папярэджваючы загадзя чытача пра суб'ектыўнасьць сваіх поглядаў. Чытаем і камэнтуем!
1.01.2007
"Сокал на сувязь ня йдзе"
Зь першым днём новага 2007 года Сяргей Балахонаў вітае сваіх чытачоў перакладам песьні гурту БИ-2 "Сокол".
|