КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Ня руш майго страху

урывак з апавяданьня

Усе баяліся ня столькі правакацыяў, колькі імавернасьці на іх паддацца. Дружба зь Нямеччынай была надта дзіўнай. Бярэсьце яшчэ памятала тупат вайсковых ботаў супольнага параду чырвонаармейцаў і жаўнераў вэрмахта. У небе, аднак, зачасьцілі няпрошаныя госьцейкі з захаду. Прычыны тых палётаў сіліліся зразумець толькі адзінкі. Для бальшыні ж самалёты із свастыкамі над Савецкай Беларусяй былі выяўнай правакацыяй. Так бо казала кіраўніцтва дзяржавы й партыі, якое расьпісалася за сяброўства зь немцамі. Адно няясным было, на што нямецкія сябры правакавалі савецкіх таварышаў: хіба на шчыльнейшы кантакт із стварэньнем у далейшым адзінай паветранай прасторы? Думкі пра верагоднасьць вайны адпадалі як рэч на той час недазволеная. Але ў сэйфах шматлікіх армейскіх і цывільных чыноў рознага ўзроню чакалі іншага часу – часу “Х” – якіясьці пакеты з важнай інфармацыяй, а войскі ў памежных раёнах абярняся зьмянялі дысьлякацыю, займаючы выгоднае для нанясеньня апераджальнага ўдару становішча. Зрэшты пра такія акалічнасьці абазнаныя людзі маўчком маўчалі, баючыся сказануць чаго лішняга нават сваім сямейнікам.

 У памежную зону нямецкія самалёты ўчашчалі зь дзіўнюткай рэгулярнасьцю. Ніхто іх не зьбіваў, дазваляючы вярнуцца на той бок Буга ці Нарэва. Калі чародным разам у небе зьявіўся лятальны апарат, яго па завядзёнцы палічылі за нямецкі. Але праляцеўшы із звычайнай хуткасьцю над Жабінкай, ён распусьціўся ў паветры і ўзьнік увадначас над Баранавічамі. 170 км за паўтары сэкунды! Гэта выдавала на найноўшую сакрэтную тэхніку, якой нават гітлераўская Нямеччына, не зважаючы на выкарыстаньне разнастайных рэсурсаў акупаваных краін, валодаць наўрадці магла. Хуткась насамрэч была няподумнаю. Военачальнікі з Жабінкі ніяк не маглі даць веры таму, што лятак нечакана прапаў, а баранавіцкія ледзьве здолелі прызнаць, што апарат завіс у іх над галовамі. Камбрыг адной з вайсковых частак аж заходзіўся ад крыку, аддаючы ў слухаўку загад на зьніштажэньне неапазнанага павіслага аб’екта. Аб’ект жа яшчэ да першага гарматнага стрэлу рушыў у бок Ляхавічаў, дзе зноўку зьнік, каб праз паўімгненьня праявіцца над Ганцавічамі. Між тым у Ганцавічах на ўсе застаўкі шчыравала жудасная навальніца, па сярэдзіне якой загадкавы лятак і апынуўся. Крывавая маланка ўдарыла па ім. Апарат захістаўся і стаў хуценька зьніжацца, аж покуль ня ўдарыўся вобзем. Сяляне, што назіралі за відовішчам натужліва чакалі выбуху, як тое бачылі ў савецкіх фільмах, што пасьля узьяднаньня з БССР часьцяком прывозілі зь перасоўнай кінаўстаноўкай. Але выбуху чамусьці не было...

  Косьцік вельмі хацеў служыць танкістам ці лётчыкам. Але ж і служба ў войсках НКВД, куды яго разьмеркавалі, лічылася ня менш, а мо’ нават і больш, ганаровай. Сьпярша ён быў накіраваны ў 3-юю дывізію войскаў НКВД па ахове чыгуначных збудаваньняў. Аднак пасьля трох месяцаў службы па няведамай прычыне яго перавялі ў 42-ую асобную канвойную брыгаду тых самых слаўных войскаў. Хлапцы троху пакеплівалі з новага саслужбоўцы, называючы яго то дэпошнік, то Касьцючка-паравоз. На ўсе жарты ён адказваў стараннай самаадданай службай і незабавам атрымаў ня толькі годнасьць сяржанта, але й значык выдатніка.

 Аднойчы Косьціка пабудзілі спасярод ночы, паклікаўшы аж да самога камбата. Сяржанта шкуматалі цьмяныя сумневы й яскравыя падозраньні што да мэты гэткіх ночных шпацыраваньняў. Камандзер нічагуткі ў ягонай галаве не праясьніў, назваўшы добрым байцом, які мусіць служыць працоўнаму народу да канца. Аддаўшы зь дзясятак гучных “так точна”, Косьцік зразумеў, што яго некуды павязуць. За варотамі ўжо стаяў “ЗИС”, у будцы якога сядзела колькі чалавек. “Помніце, Куцапалаў, – сказаў на дарожку камбат, – у такую грозную гадзіну вы не даўжны запятнаць чэсьць і дастоінства байца войск НКВД і нашага доблеснага батальёна”.

 На пытаньне Куцапалава пра мэту паездкі нехта із спадарожнікаў сказаў, што вязуць на спэцыяльныя вучэньні. Практычна ўсе з тым пагаджаліся, акром аднаго дзецюка, што сядзеў у самым куце. Ён балбатаў няўцямшчыну пра Камароўскае балота й гучна пераконваў усіх, што лепей за ўсё на сьвеце пясочак залацістага колеру. Па дарозе прыняўшы ў будку яшчэ двух салдат, машына праз нейкі час прыбыла ў патрэбнае месца. Людзі ў цывільным правялі салдатаў да будынака, захоўваючы поўную моўкнасьць. Косьціку ня верылася, што ўсіх па-просту расстраляюць: занадта складана ўсё атрымлівалася для банальнага расстрэлу. Ён не абмыляўся. Усіх завялі ў адну залю. Яшчэ адзін дзядзька ў цывільным паведаміў, што ім давядзецца адправіцца зь Менску ў Баранавічы для адбыцьця колькіх спэцвартаў, ахоўваючы сакрэтны груз, які чыгункаю будзе транспартавацца ў сталіцу БССР.

  Косьцік заступіў на ахову аб’екта падчас супынку цягніка ў Стаўпцах. Быў ня самы лепшы для вартавога адцінак ночы. Сяржанта гарнуў сон, але думка пра адказнасьць за груз не давала заснуць. Груз, сукрыты брэзэнтам, ляжаў на пляцформе. Брэзэнт жа у адмысловы спосаб быў прымацавны да самой пляцформы ці то клёпкамі, ці то цьвікамі зь вялікімі плешкамі. Там магло быць што-заўгодна. Куцапалаў ніколі ня чуў, каб у БССР, пагатоў у новадалучанай заходняй частцы, мясьціліся сакрэтныя прадпрыемствы. Але разважыўшы, што на тое і сакрэтнасьць, каб нічога ня знаць, ён стойка працягваў варту.

 Зялёнае сьвіценьне пад брэзэнтам зьявілася раптоўна. Сытуацыя выглядала на няштатную. Косьцік выхапіў навюткі “ТТ”, якім наконадні ўзброілі ўсю іхнюю спэцварту, і навёў на груз. Мазгі заклініла. Інструкцыя забараняла страляць у бок падахоўнага аб’екта, пакуль нявыяўлена прысутнасьць пабочных асобаў. Зь цяжкасьцю адолеўшы засьмягласьць у роце, вартавы штомоцы выкрыкнуў: “Стой! Хто там ідзе?!”. Сьвятло ўмільг зьнікла, а празь якую сэкунду няведамая сіла ўдарыла сяржанта ў грудзі. Куцапалаў адно пасьпеў усьвядоміць, што выляцеў за борт пляцформы, і яшчэ ў палёце зьнепрытомнеў. У непрытомнасьці Косьціку прымярэсьціўся жахлівы сон. Маўляў сядзіць ён  у сваім даармейскім інтэрнацкім пакойчыку зусім адзін і чытае “Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі” Зюськова. Тым часам яму адкрываецца таемства, што нічога, акром гэтага пакоя, наўкола не існуе. За вакном аксамітная чорнядзь, зь якой паўстае абсалютна незнаёмы мужчына й пачынае ламіцца да Косьціка, азываючы па вайсковай годнасьці ды прапануючы мусова прайсьці разам. Затым незнаёмец паўскрыквае, і крык ператвараецца ў рык хіжага зьвера...

  Ачомаўшыся, Куцапалаў адчуў хвараблівы гуд у целе. Ён не адразу дапяў, дзе занходзіцца і зь якой такой прычыны. Шумелі дрэвы. Шчабяталі птушкі. У траве, дзе Косьцік ляжаў скакалі конікі. Непадалёк сьпінай да яго нехта стаяў. Сяржант прахапіўся, марна шукаючы рукой пісталет. Той нехта павярнуўся. Ён быў ніжэйшы за хлапца, апрануты ў цьмяны срэбны касьцюм. Скура ў яго была шэрая. Тулава надта нагадвала бляшанку ад тушаніны. Ногі былі самай звычайнай даўжыні. Рукі ж здаваліся занадта кароткімі. Галава незнаёмца перабянтэжыла й зьлякала Косьціка ўдакон – вялікая лысая цыліндрычнае формы з высокім лобам і агромністымі вачыма, падобнымі да вачэй інсэктаў кшталту мухаў. Заміж носа й вушэй зеўралі адтуліны, а на месцы рота – невялічкая шчылінка. Куцапалаў утаропіўся на дзіўную істоціну і, нібыта рыба на беразе, прагна хапаў ротам паветра:

– Ты... Ты... Ты немец?
Заміж адказу ў паветры, а можа ў глуздох прагучэла зьдзеклівае пытаньне:

– А, нарэшце разгоўтаўся? Выродлівя твая макітра!
– Ты на сваю рэпу зірні, – асьмялеў пасьля першага страху Косьцік.
– Яшчэ ніводная саміца ня скардзілася, – з касьмічным гонарам вымавіла істоціна.

Завязаная размова шчэ болей знэўтралізавала хлапцоў страх, і ён схацеў цягнуць яе далей а далей:
– Дый на мяне ня жаліліся. Але хто ты такі? Адкуль узяўся? І што я раблю тутака?
– Завельмі многа, як для пачвары, ты пытаньняў задаеш.

Куцапалаў непрыкметна праглытнуў чародную абразу і зьнячэўку ўцяміў (згадаў?), што пакінуў свой баявы пост. За гэта яго маглі пагладзіць па галаве хіба толькі знутры – сьвінцоваю кропляю. Ён рынуўся на вялікагаловага з покрыкам:

– Сука, гэта ты мяне скінуў зь цягніка?! Я ж цябе пустымі рукамі ўдушу й скажу, што так было!

Пагрозы свае, хоць бы часткова, ажыцьцявіць яму не ўдалося, бо той самай сілай, што і ўначы, хіба троху слабейшай, яго адкінула прэч.

– Не рабі дураты, – быццам бацька многіх сыноў і дачок прамовіла істота. – прапаную разам выбірацца з вашых джунгляў... бр-р-р... лясоў. Мне зараз трэба альбо радыё, альбо рацыя якая. І ты мне дапаможаш. Інакш я кіну цябе тут, перагрызеным на кавалачкі.

Істота паказала свае гострыя, бы лязо, зубікі.

– Можа ты жыда-масон якісь? – імкнуўся пранікнуць у сэнс яшчэ больш зглупелай сытуацыі сяржант, успамінаючы балачкі, што захаваліся з старарэжымных часоў.
– Не-а, я тампліер-самавук з правам выкладаньня малакіі на рабочых факультэтах Пэнсыльваніі, – верагодна браўся пакпіць шэраскуры незнаёмец.
Куцапалаў яго не зразумеў:

– Хто-о?
Істоціна матлянула галавой.
– Ты Альдэбаран ведаеш?
– Ну, здаецца ў школе Пётар Міронавіч расказваў.
– Вось жа, Альдэбаран бязглуды тройчы – гэта ты. А я з Альтаіру.

Косьцік скрывіўся. Ён чакаў усяго магчымага і немагчымага, але толькі ня гэткай відавочнай лухты. Не паверыўшы ў іншаплянэтнасьць істоты, ён з хітрызнаю пацікавіўся:

– Калі ты здолеў прыляцець чорт лысы не дакумкае скулься, то няўжо ж ня можаш сам выбрацца з гэтых трох хваінак?

Іншаплянэтнік часта задыхаў і пагардліва цыркнуў зялёнаю сьлінай.

– Па-першае, у мяне пасьля катастрофы 53 раны рознай цяжкасьці, якія шчэ не зарубцаваліся. Па-другое, ня маю цяперака зусім ніякага начыньня, каб арыентавацца ў вашых сраных ляндшафтах. Па-трэцяе, перастань шпурляцца глупендзяйскімі пытаньнямі.

Косьцік ніяк не хацеў паверыць у словы міжзорнага вандроўцы. Іншаплянэтнік яшчэ раз кідануў ад сябе сяржанта і з усёй магчымай для яго сакрамэнтальнасьцю прамовіў:

– Заставайся жывы! Цябе ж свае ўхандохаюць.

Узноў павернуты да праблемы пакінутага паста, Косьцік даў згоду на часовы хаўрус і назваў сваё імя. Шчылінка на твары прышэльніка аквадратнілася, але свайго імя ён не сказаў, спаслаўшыся на цяжнотнае для зямных нядоразьвіткаў вымаўленьне. А папрасіў жа зваць сябе проста Мар’янам. Па гэным ён тыцнуў пальцам на Косьцікаў значык выдатніка і парадзіў пазбыцца яго. Казаў, што хутка прыйдуць сапраўдныя немцы. Куцапалаў шпаркім, нечаканым нават для сябе самога, рухам учапіўся ў значык, адарваў яго і шпурнуў у траву. Усяго колькі хвілін таму ён ня верыў жаднаму слову незнаёмца.

 Нішто не замінала рушыць у дарогу. Мар’ян абвясьціў, што мусова трэба патрапіць у Ракаў, а паперад варта было б зьвязацца нейкім чынам з адным тамтэйшым настаўнікам. Косьцік ня стаў пярэчыць, знайшоў мурашнік, высьвятліў кірункі сьвету, згадаў карту ўзьяднанай Беларусі і паказаў рукою: “Туды”. Па ўсіх прыкідках мястэчка ляжала за 20-30 кілямэтраў ад іх. Такую расстайнасьць у ідэале льга было пераадолець за дзесяць гадзін. Толькі ж ня гэтым разам і не за такімі акалічнасьцямі. Крочачы, Косьцік з Мар’янам перамаўлялі пра нямецкі нацыянал-сацыялізм, савецкі стаханаўскі рух і рэформу беларускага правапісу 1933 года. Калі іншаплянэтнік спытаўся пра масавыя расстрэлы, Куцапалаў асекся і паспрабаваў перавесьці гаворку на праблему міжполавых стасункаў у БССР. Празь якую гадзіну яны ўжо добра адыйшліся ад месца сваіх першых дыялёгаў. Наўкола стаяў гусьценны лес. Ісьці рабілася трудней. Але яны выбіліся на сьцяжыну й пашыбавалі па ёй. Косьцік тлумачыў, што гэтая дарожанька, верагодна, выведзе іх на каторы-кольвек лесавы шлях, а можа й з самога лесу. Яна ж выявілася дужа віхляваю і пасля колькіх выгінаньняў скончылася каля досыць шырокага ручая, які бурліва гнаў чорную ваду. Кладкі па блізу не праглядалася, дно таксама было невідно. Крыху павагаўшыся, Косьцік сігнуў у чорныя хвалькі. Мар’ян так рызыкаваць ня стаў і проста пераскочыў перапону пяцімэтровай шырыні. Салдат з тае нагоды ледзьве не насёрбаўся брыдкае вадкасьці, але неўзабаве адолеў ручай і выкарскаўся зь яго тваністага дна. Мусіў па тым перазувацца, выліваць з ботаў ваду, выкручваць анучкі. Пасьлей Куцапалаў адыйшоўся да кустоў ядлоўца й на колькі сэкундаў уявіў сам сябе творцам ня толькі лесавых ручаёў, але й магутных судаходных рэкаў. Скончыўшы сваю хвілёвую мэдытацыю, ён зьвярнуўся да Мар’яна, каторы пільна разглядаў мурашнік:

– Усё, я хочу жэрці. Хоць бы макулінку якую пракаўтнуць.
– Зара’ падсілкуемся, – адказаў спадарожнік і зрабіў рэзкі рух правай рукою. Косьцік убачыў, што той злавіў буйнога вусеня, і таму адразу ж катэгарычна запярэчыў:

– Вусень хлопцу не наедак.

Мар’ян маўчуком дастаў із свайго касьцюма нейкае падобства алоўка і скіраваў яго на здабычу. З алоўка вырваўся бляды прамень, і вусень хутка набыў памеры добрага індыка. Куцапалаў крывіў морды і голасна мацюкаўся зь яўнымі асаблівасьцямі віцебскага дыялекта. Іншаплянэтнік быў ня менш просталінейным і сакавітым у сваёй беларускай:

– Чаго ты крывісься, як тая бл.дзь на вясельлі? Давай вецьце зьбіраць? Сырым жа спажываць ня будзем.

 Праз дваццаць хвілін абодва былі сытыя і збольшага задаволеныя. Хаця Косьціку давялося прыкласьці не адзін патужны высілак, каб змусіць сябе пакаштаваць такую нябесную манку. Пакаштаваўшы, зрэшты, не пашкадаваў: вусень трапіўся ўзапраўды смачны і ўежны. Троху спачыўшы, вымушаныя спадарожнікі рушылі далей. Запахла балотнаю тваньню. Куцапалаў успомніў чуваныя ў маленстве гісторыі пра беларускія балоты, дзе зьнікалі людзі й коні, дзе нібыта няма ні дна, ні прадоньня. Цяпер ён разумеў прымхлівасьць і забабоннасьць такіх меркаваньняў ды адчуваў, што дно балоты ўсё-ткі маюць. Аднак даказваць гэта на практыцы самому не хацелася. Мар’яну ж ляндшафты падабаліся сваёй узгляднаю спакойнасьцю й бясьпечнасьцю. Параўноўваў зь іншымі плянэтамі, дзе за гэткі ж час перабываньня давялося б разоў сорак уступаць у бой з тамтэйшымі пачварынамі...

Гомель, 2002 г.

Прачытаць гэтае апавяданьне цалкам магчыма, набыўшы кнігу прозы "Імя грушы".

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.