КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Слоўнік рэальнага вайсковага быцьця

з досьведу службы ва ўнутраных войсках

-П-

ПАВЕРКА (рас. "поверка")
Спраўджаньне наяўнасьці асабовага складу перад адбоем. Па словах некаторых афіцэраў вечаровая паверка "самае святое, что осталось в армии" (пэўна ж ад савецкіх часоў). У чым палягае гэтая сьвятасьць незразумела. У звычаёвым праве паверка уяўляе сабой немалаважны элемэнт: духі мусяць выдатна стаяць на зважай ("смирно"), бяз рухаў, рукі прыціснуты да корпусу цела, каб ніхто з другой шарэнгі, дзе зазвычай стаяць стараслужнікі, ня змог рыўком іх адцягнуць. Дзеля апошняга духі трымаюцца рукамі за штаны. Пачуўшы сваё прозьвішча, дух мусіць неімаверна гучна гарлануць: "Я!!!"

ПАГАНЯЙЛА (рас. "погоняйло")
Мянушка. Як і на цывільлі мянушкі утвараюцца рознымі спосабамі: ад прозьвішча (Грыня ад Грыневіч, Вася ад Васілеўскі, Федзя ад Федаровіч і да т.п.), ад назваў цывільных прафэсіяў саладат (Учыцяль, Юрыст, Таксіст), ад фізычных (антарапалягічных) асаблівасьцяў (Крыс, Лешы, Шчарбаты, Рэпа), ад пэўных сацыяльных адметнасьцяў (Жанацік, Папачка), па адвольнай прычыне (Дызэль, Кабан, Кіса). Цягам службы я меў некалькі паганяйлаў, якія зьмяняліся адно за другім: Учыцяль, Дохтур, Бык, Галава. Цікава, што ў чэрапаўска-дзядоўскім асяродзьдзі мяне міжсобку менавалі Бала ці Балахон.

ПАДЁ*КА
Адмысловае пытаньне дзеда да духа, на якое мусіць прагучэць, зазвычай, стродка вызачаны адказ. Падё*кі складаюць соеасаблівы катэхізіс духаў, якому іх навучаюць чэрапы.
Прывяду адну з характэрных падё*ак:

– Кто ты?
– Солдат удачи.
– Откуда?
– Из долины смерти.
– Зачем ты здесь?
– Чтобы убивать.
– Кого?
– Шакалов.
– Зачем?
– Чтобы было много крови.
– А ещё зачем?
– Чтобы было ещё больше крови.


Да падё*бак набліжаецца і правіла духа ніколі не казаць на просьбу дзеда "не".

ПАД'ЁМ (рас. "подъём")
Адна зь нялюбых простымі салдатамі камандаў. Пад'ём абвяшчаецца гучным голасам дзяжурнага а 6-й раніцы. Суправаджаецца хуткім апрананьнем (калі няма іншага загаду камандзіраў) і ганітвай духаў, каб тыя шпарка наводзілі ідэальны (па армейскіх катэгорыях) парадак.

ПАКОЙ ЗАХАВАНЬНЯ ЗБРОІ (рас. "комната хранения оружия")
Памяшканьне, у якім захоўваецца ўзбраеньне, збраёўня. ПЗЗ закратаваны, знаходзіцца пад сыгналізацыяй. Усярэдзіне месьцяцца мэталёвыя (браніраваныя?) шафы і скрыні. У нашым вясёлым батальёне пры ўваходзе ў ПЗЗ у кутку вісела газная (керасінавая) лямпа, відавочна, на выпадак адсутнасьці электрычнасьці. Пакой іншым разам можа выкарыстоўвацца не па прызначэньні: як інтэр'ер для фатаграфаваньня ці як месца для стварэньня схованак (нычак).

ПАРУКА ПА КОЛУ (рас. "кругавая порука")
Адказнасьць усіх за правіну аднаго і наадварот. У войску квітнее і пахне, як у стылі паводзін камандзірскага склду, так і ў сыстэме нестатуцыі. Шчыльна зьвязана з сындромам траханага даміно.

ПРАГУЛЯНКА (рас. "прогулка")
Кшталт вайсковага мазгаё*ства. Адбываецца за 15-20 хвілін да адбою. Уяўляе сабой маршыраваньне па пляцу зь песьнямі. Духам трэба пець адметна добра, бо так патрабуюць звычаёвыя нормы. Памятаю першыя вечаровыя прагулянкі: салдаты крочаць калёнай па два, духі наперадзе, чэрапы па сярэдзіне, дзяды ззаду. Гучыць песьня, і выяўляецца, што нехта зь дзядоў пяе гучней духаў. Пачынаецца кулачная раздача – дзяды байдосяць па нырках чэрапаў, а чэрапы робяць тое самае з духамі.

ПРЫЙМО ЕЖЫ (рас. "прием пищи")
Унівэрсальнае вайсковае абазначэньне сьнеданьня, абеду і вячэры. Жаданьне наесца па-чалавечы не пакідае салдат цягам усёй службы. Але, як выяўляецца, насыціцца можна і стандартнай армейскай пайкай, калі, канечне, ты ня дух, бо духам хочацца есьці заўсёды. Памятаю, як па духанцы толькі так глыталася тушанае сала. Празь якія пару месяцаў такое самае сала пачало здавацца не ядомым. Зьвязана гэта як з адаптацыяй арганізму да вайсковага жыцьцяладу, так і з пашырэньнем спосабаў здабычы лішняй смачнейшай пайкі.

У салдацкім мэню заўсёды прысутнічала бульба, рыба (путасу; кухар Кукса гэтаваў яе так, што яна выглядала, як смажанае афрыканскімі плямёнамі насякомае), мяса, розныя кашы (сама часта грэчка, радзей пярлоўка, макарона, пшонна-гарохавая), супы і баршчы, яйкі, масла, хлеб чорны і белы, малочныя стравы, цукеркі з нагоды дзён народзінаў. Нелюбімымі былі малочныя дні, бо зазвычай не адчувалася сытасьці. Зрэшты пасьля зыходу ў лепшы сьвет дзядоў можна было пад'есьці і ў малочны дзень (праз сувязі з кухняй я часьцяком меў гарантаваны батон ці хаця б палову і літровы пакунак малака).

Стараслужнікі патрабавалі ад маладзейшых неабыякіх высілкаў: ісьці пасьля адбою на кухню і гатаваць ім асобную пайку. Найперш гэта была смажаная бульба, іншым разам зь мясам. Дзяды бывалі пераборлівыя і хацелі, каб атрымлівалася бульба-фры, а не падтушаная. Елі яе ня толькі з раскошы свайго нефармальнага статусу, але і з прычыны патрэбы закусіць што-кольвек са сьпіртнога.

ПРАЯ*АЦЬ (рас. "прое*ать")
Страціць што-небудзь па неахайнасьці, нядбальству. Зрэшты, калі ў салдата нешта прападае з-за таго, што нехта тое ўкраў, лічыцца, што рэч была прая*ана. З гэтай нагоды ёсьць послаўка: "У арміі не цераюць, у арміі прая*ываюць". Зафіксаваны таксама жарт у дачыненьні да тых, хто звальняецца ў запас па веснавому загаду: "Прая*алі дзембель в мае, дзембель будзет в январэ!"

2000 і 2006 г.

Cтаронкі слоўніка:
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.