МОСТ, ЯКІ Я ХАЦЕЎ ПЕРАЙСЬЦІ
У адным рамане Мілан Кундэра называе пытаньне мостам разуменьня,
перакінутым ад чалавека да чалавека. Гэта параўнаньне ўзаемна слушнае.
Пытаньне падобнае на мост, а мост падобны на пытаньне, пастаўленае
чалавекам перад часам і прасторай – што па той бок? Але трапляюцца
масты больш падобныя на адказы.
Калі мне было дванаццаць год, я штодня сядаў на ровар і ехаў па
шашы да канала, калісьці збудаванага зэкамі ГУЛАГу. Сягаючы канала,
шаша пераскоквала празь яго, ператвараючыся ў мост, які трымаўся на
дзьвюх мэталічных дугах, чым прыпадабняўся да лука, павернутага долу
цецівой. Пад ім была палоса жоўтага жвіру, да якой я і імкнуўся. Я
будаваў дамы са жвіру, якія бурыліся шторазу, калі побач праходзіў
рачны цеплаход ці вялікая баржа. Гадзінамі лежачы на беразе, я бачыў
бліск сонца ў шыбках па той бок канала, далёкія парканы, пыльную
зеляніву фруктовых садоў. Дзіўна, але я ніколі не перасякаў гэты мост,
дарма што іншым разам хацеў.
Празь пятнаццаць год я зноў апынуўся на гэтай шашы – зноў жа на
ровары. Я згадаў мост, які зьбіраўся колісь перасекчы. Думка пра тое,
што я зраблю гэта зараз, ахінула мяне нечаканаю радасьцю. Я зразумеў:
зрабіўшы гэта, я перасяку мяжу паміж сабою сёньняшнім і сабою мінулым,
і гэта будзе значыць, што той хлопчык і я – адзін і той самы чалавек.
Гэта было сапраўдным альхімічным актам. Прадчуваючы яго, я паехаў
павольна. Ужо амаль дасягнуўшы мэты, я заўважыў дзіўнае: шаша
пашыралася і сягала ўправа ад таго месца, дзе ляжала раней. А потым я
ўбачыў новы бэтонны мост, па якім яна цяпер праходзіла. Стары стаяў
мэтраў на сто лявей – ён ані не зьмяніўся, толькі дарога перад ім была
часткова разбурана, і з абодвух бакоў ён зрынаўся ў пустэчу. Гэта быў
добры адказ.
Даймае мяне думка, што Лета – гэта ня тыя воды, куды мы рушым
пасьля сьмерці, а рака, якую мы перасякаем, жывучы. Мост у нас пад
нагамі. А ці ёсьць берагі? Мяжы, па якой я іду, я ня помню. Мяжы, да
якой набліжаюся, ня бачу. Ці можна казаць, што я іду аднекуль ці
кудысьці? І ўсё ж мяне цешыць падабенства жыцьця са шапацырам па
мосьце, які я зьняверыўся перасячы. У ісьце, думаецца калі-нікалі, я ж
не зрабіў у жыцьці нічога іншага, як толькі мераў крокамі гэты павіслы
ў пустэчы адцінак дарогі, якая нікуды не вядзе – мост, які я так хацеў
перайсьці.
Пераклад: ліпень, 2006 г.
© Виктор Пелевин