КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ЛЮБОЎ НАРОДНАЯ: АРТЫКУЛЫ, ІНТЭРВІЮ, ГУТАРКІ

Выхаванне дзяўчат у БНР, альбо Альтэрнатыўная гісторыя чатырнаццаткі

З цікаўнасцю прачытала комікс Сяргея Балахонава “Пятля зацятасці”. Як заўсёды пасля чытання яго твораў я ў чарговы раз падумала, што не ведаю беларускай мовы. Хоць Сяргей Аляксандравіч ідзе правільным шляхам. Калі нешта не падабаецца – зрабі лепш. Вось наяўная белмова яго не задавальняе – ён прыдумаў сваю. Там і грун, так і клосціцца, там і сінтаксіс, і фразеалогія... Не твор, а мара студэнткі трэцяга курса філфака (на трэцім курсе пішуць курсавую па мове). Калі не падабаецца гісторыя... Ну, вы зразумелі...

А сюжэт? Рамэа і Джульета з класічным фіналам. Тое, што любяць дзяўчаты: “пра каханне” і “ўсе памерлі”. На сто тысяч знакаў каля дваццаці трупаў. Самі разумееце, адстрэльваць іх па адным – доўга і цяжка, таму аўтар мусіў выкарыстоўваць цяжкую артылерыю. А можна было б іпрыт, каб меней будынкаў разбураць.

І не магу абмінуць вобраз галоўнай гераіні. Раней я не магла зразумець, чаму гэтыя паненкі Балахонава выклікаюць такое адмаўленне. Чытаеш і разумееш, што такіх не бывае. Яны не так думаюць, не так адчуваюць, не так кахаюць. А ўсё проста: чатырнаццаткі “Тэзэя беларускага постмадэрнізму” – гэта сімулякр, яны не маюць арыгіналу. Гэта птушка Фенікс жаночай псіхалогіі.

Але, працуючы ў школе, С.Б. бачыць равесніц сваіх гераінь штодня. А якія яны, чатырнаццацігадовыя дзяўчаты? Няўжо такія прадказальныя? Ці проста яшчэ не ўмеюць выявіць сябе і свае пачуцці, ці яшчэ не вызначыліся з каштоўнасцямі, ці паддаюцца на ўплывы мас-медыя, ці проста С.Б. бачыць тое, што хоча бачыць? А Балахонаў жа фантазёр і прыдумшчык.

Каму чытаць: мальчыкам (бо баявік), дзевачкам (бо пра каханне), фалькларыстам-этнографам (бо з элементамі фальклору), бацькам (бо пра памылкі ў выхаванні), прадстаўнікам буйнейшых аператараў сотавай сувязі (бо там усё на мабілках завязана), прадстаўнікам правайдэраў (бо нават у альтэрнатыўнай будучыні без сеціва нікуды), шараговым спажыўцам (бо там шмат прыхаванай рэкламы), а таксама прадстаўнікам усіх старажытных прафесій...

Цытаты:

– Крантоўскі табе ўсё прычындальле паадрывае, а ў газэтах напішуць – патрапіў пад фурманку. На халеру нам такі піяр? – гумар з чорным адлівам сакатаў у словах Антона.

***

Лісьлівыя вітаньні адміністратара, які ўсім візытоўцам нагадаў еўнуха, Кручанкоў абарваў, як навальнічны вецер рве тэлефонныя драты:

– Мы можам пабачыць лялечку Бэкі?

– О, безумоўна можаце, – трохі спужана залепятаў еўнухаваты, – але яна зазвычай не спэцыялізуецца на альянсных любошчах. І калі вы ўсе чацьвёра хочаце мець ложа зь ёю, то прыдзецца добра раскашэліцца...

***

Нагадаем, што на момант выбуху ў шпіталі знаходзілася дачка гаспадара Язэпа чатырнаццатка Мальвіна-Юльяна Крантоўская, якая дзівосным чынам ацалела пасьля сёньняшняга замаху на ейнае жыцьцё. Ці зьвязаныя міжсобку ўсе гэтыя тры здарэньні або мы маем справу з жудасным супадзеньнем – гэта давядзецца высьвятляць найлепшым асочнікам нашай краіны. Тым часам прэзыдэнт БНР Уладзімер Адамчык зьвяртаецца да ўдзельнікаў гурту Лінія разрыву #18 і, гарантуючы кожнаму зь іх асабістую бясьпеку, просіць аб’явіцца ў любым паліцэйскім кашталянстве ці ў залогах прэзыдэнцкае гвардыі

***

Пляцформа. Бэтонны плот. Нешта ж дае людзям крылы?! Панцыры мэталічных гаражоў. Сьнег па калена. Сьвятло пражэктара. Брэх добрых сабак са слабымі нэрвамі. Сталёвыя вароты. Адкуль бяруцца гэтыя чортавы крылы?! Каляіна змрочнай вуліцы. Высокі драўляны плот справа. Высокі драўляны плот зьлева. Прымроіць сябе шаром для боўлінгу. Убачыць сьвятло ў канцы тунэля. Перасячы шашу. Адчуваць нянавісьць старых шматпавярховак зьлева. Не спагадаць роспачы аранжарэяў справа. Уздымацца ўгору – бяз крылаў і сьведкаў. Поле. Засьнежанае поле пасярод горада.

Прыемнага чытання. :)

Аксана Бязлепкіна, 28.03.2008 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.