КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Пракляцьце Вешчага Баяна?

дзесяць вякоў ідэі беларускага эратычна-літаратурнага календра

Задума эсэісткі Марыі Мартысевіч сьцягнуць порткі зь беларускіх літаратараў і сфатаграфваць іх аголенымі для адмысловага календара – зусім ня новая. Рэч нават ня ў чэскім прэцэдэнце, на які тая спасылаецца. Па сутнасьці ўсе апошнія дзесяць стагодзьдзяў беларускай гісторыі падобныя ідэі раз-пораз узьнікалі ў тутэйшых галовах. Іншым разам яны заставаліся толькі ідэямі, іншым разам увасабляліся ў жыцьцё, але амаль заўсёды вакол праектаў календароў такога кшталту ўзьнікалі сканальныя сытуацыі. Ня станем весьці голыя павесьці і пяройдзем да канкрэтных гістарычных фактаў.

Ліха перапісчыка
У 1088 г. адзін зь менскіх перапісчыкаў твораў сьвецкай літаратуры, каб ня блытацца ў датах, спрабаваў зрабіць сабе нешта падобнае на каляндар. Ён сшыў абрэзкі пэргаміну ў асобную старонку і пасьпеў расьпісаць “в столбъцы” назвы месяцаў. Нехта з кіраўніцтва скрыпторыя засьпеў вынаходлівага перапісчыка за тым, як “оный рисоваху под марцем месяцем срам мужьский и писаху тут жь имя Бояня Вещего”.

Лёс аўтара і яго спэцыфічнага тварэньня нам невядомы. Мяркуючы з танальнасьці крыніцы (фрагмэнт “Перечня переписчиских лих”), ён мусіў зазнаць суворае спагнаньне, а сам артэфакт быў зьнішчаны. Пра тое ж, што Баян быў жыхаром Менску, яшчэ ў ХІХ ст. пісаў Уладзіслаў Сыракомля.

Дошчачкі радзіміцкіх паэтаў
Зь ліста Кірылы Тураўскага да Еўфрасіньні Полацкай (1167 г.) дазнаемся пра нейкіх “поганых басьников в радимцех”, якія ўчынілі ганебную з гледзішча япіскапа рэч – выразалі на дошчачках ўласныя вывы ў “срамных статех” і выставілі іх у патаемным капішчы поруч са стодам Перуна. “А бяше сих дщиц ровне, как месяцев в году”, – тлумачыў ён. Ніводнага імені радзіміцкіх літаратараў-язычнікаў Кірыла Тураўскі не назваў. Якім быў адказ Еўфрасіньні Полацкай і ці быў наагул, навука пакуль ня ведае.

Варажбіцкі дамок
У “Слове супроць усялякага скамароства” (ХІІІ ст.) цьвярскога япіскапа Сямёна (лічыцца выхадцам зь Беларусі) ганіліся скамарохі і размаітыя ўзвычаеньні, зьнітаваныя зь імі. Між іншым, хрысьціянскі герарх у якасьці прыклада, што пацьвярджаў глыбіню маральнага заняпада і шчыльнасьці повязяў скамарохаў з д’яблам, называў “вароженый домок”, які нібыта існаваў у лясах Полаччыны. Мяркуючы зь яго сьціслага апісаньня, гэта была будыніна зь бярвеньня, накшталт лазьні, унутры якой стаяла дванаццаць “истуканов рознодревесных”. Кожны такі “истукан” увасабляў вобраз кагосьці з “скоморохов злых самех” і сымбалізаваў “некоторый месяц годичный”.

Асаблівую ўвагу япіскап Сямён зьвяртаў на тое, што “бесовщики, иже сю пакость извояху”, дадалі да кожнай скульптуры “по долгому камню гладко стесаным”, каб “страх истуканськый” быў яшчэ і “чертовськым похотеньнем всполон”. У будынку цеплілася печ (“очаг камяный”), дадавалася пары (“паровы клубы творяху”) і запрашаліся “жены легкой веры”, якія хацелі “судбы своея до времени изведати”. Падобным “женам”, па словах герарха, “очие пеленали”, і тыя “во скоки бесовськы се пускали”, а па нейким часе да выпадкова абранага “истукана прильняше”, “блуд свальный творяше” і, зьняўшы з вачэй павязку, “числы твердяеше и вопраша о судбе”. У адказ на гэта трымальнік будыніны (“домка ворожейного скоморох”) зачытваў фрагмэнт “блядьней скомороськых”, і “жена” сыходзіла “в сказеной веде своея судбы”.

Як бачым, “вароженый домок”, калі ён і сапраўды існаваў, зьяўляўся своеасаблівым літаратурна-эратычным календаром з варажбіцкімі функцыямі. Атрымліваецца, што скамарохі ўяўляліся ня толькі акторамі (пэрформэрамі) і літаратарамі, але і захавальнікамі пэўных дахрысьціянскіх традыцыяў.

Жывы каляндар Гедзіміна
Вялікі князь літоўскі Гедзімін у пачтаку 1320-х гг. шмат часу праводзіў у сядле, асабіста ўдзельнічаючы ў справе пашырэньня тэрыторыі дзяржавы і выкараненьня сэпаратысцкіх настрояў. Падчас такіх падарожжаў яго суправаджаў крыва-крывейтэ Лізьдзейка, вядомы сваімі звышанатуральнымі здольнасьцямі, зьвязанымі з варажбой па астранамічных зьявах і снах, а таксама зь зельніцтвам.

Штодзённыя конныя пераходы, маршруты якіх вызначаў крыва-крывейтэ, часта бывалі цяжкімі і маральна стамлялі валадара Вялікай Літвы. Патрабавалася рэляксацыя. Яе забясьпечвалі маладыя красуні, якіх ня проста знаходзіў, а нават прадчуваў, Лізьдзейка. Красуні ня толькі давалі Гедзіміну магчымасьць наталіць цялесную прагу, але яшчэ і шмат чаго распавядалі.
Па-першае, кожная зь іх паведамляла разнастайныя прыкметы і прымхі, зьвязаныя з тым днём, у які яе даставілі да князя. Па-другое, яны павінны былі прасьпяваць валадару песьню пра канкрэтны месяц ці паравіну года, калі іх сустрэча адбылася, і згадаць як мага больш адпаведных прымавак. Па-трэцяе, красуні абавязваліся вымавіць князю прыгожыя словы прызнаньня ў каханьні.

Варта, што праўда, заўважыць, што іншым разам ноч засьпявала Гедзіміна і яго людзей у тых мясьцінах, дзе жанчынаў не было наагул. У такіх выпадках Лізьдзейка гатаваў для вялікага князя адмысловы зёлкавы адвар, які дапамагаў стварыць кіраванае сьненьне зь ня менш цудоўнымі дзяўчатамі і апавяданьнямі, чым наяве. Як бы там ні было, мусім шчыра прызнаць, што князь Гедзімін меў найбольш унікальны літаратурна-эратычны каляндар за ўсю тысячагадовую гісторыю нашай краіны.

Дзевіцы vs прапаведнікі
У Беларусі другой чвэрці ХV ст. разгарнулася літаратурная дыскусія паміж творчымі асяродкамі царкоўнага пісьменьніка Рыгорам Цамблака і сьвецкага казачніка Гвідона Развалігары. У “Слове о сказителях истину искажаючых” Цамблак ганіў усіх творцаў, хто займаўся складаньнем казак “о змеех, костеех и блудных молодцах, они же хватають девиц, извостряя до оных не дух и сердце, но только мысли греховны и похотливу плоть”. Пры гэтым ён сьцьвярджаў, што літаратурнае слова мусіць быць максімальна “до цели попадаючим”, “картинотворячим” і нават “боле прелестным, ниж тело нагое в притягненью дум людских”.

Развалігара зачапіўся за шматлікія згадкі Цамблака пра плоць і ў творы “Сказ да писца Грыгора” абвінаваціў таго ў ханжавітасьці. Пры гэтым Гвідон апэляваў ня толькі да традыцыйных казачных вобразаў, але і спасылаўся на Біблію: “Ты просиш забыти пра плоть, бытта не гасподь бог хрестьянский, а касцей бессмертный, молвил людзем: “Плодитеся и размножайтеся”. А яко ж без полымя плоти можливо онае?” Казачнік быў перакананы ў сваёй рацыі і рабіў адкрыта правакацыйныя заявы: “Коли мы поставим обок на майдани дванадзесят молодых девиц и столькикрот проповедников, абы первшие сказили о богатырех спасаючих князевых дочек, а другия – об умерщвлении плоти, так люд майданный навострыть ушы на девиц. И проповдники невомнозе тож поволокуться до них”.

Рыгор Цамблак быў узрушаны такога кшталту выпадамі і запатрабаваў асабістай сустрэчы з Гвідонам Развалігарой. Сустрэча адбылася пад Магілёвам, пра што паведамляе “Першы магілёўскі летапіс” (XVI ст.). Там Цамблак у катэгарычнай форме выказаў апанэнту сваё меркаваньне: “Словы твое суть облудныя и крывыя, якбы бык ся помочил”. Развалігара ў адказ абазваў царкоўнага пісьменьніка “холодной жабьей шкуркой”. Прысутныя спадарожнікі абодвух ледзь устрымалі творцаў ад бойкі. Пасьля гэтага Рыгор больш спакойна патлумачыў, што Гвідон “канцы блутае”: “егды б дванадзесят дев юных а прекрасных глаголили о угамованю хотей телесных, а казанники баяли вымыслы об осилкох да дщераях княских, мещане выбрали б дев, понеже не в словах будет сила, а в красоте и юных летах”. Казачнік не пагадзіўся і прапанаваў стварыць дзьве “книгы календарныя”. У адной меркавалася зьмясьціць выявы дванаццаці “наипекных великолитовських девиц полунагих” з царкоўнымі тэкстамі, а ў другой – выявы дванаццаці “наилепых проповедников з Литвы Великой усей” з кароткімі казкамі пра асілкаў. Летапіс зафіксаваў той факт, што Рыгор Цамблак узяў час падумаць над гэтай прапановай. Якім быў вынік ягонага роздуму, сказаць з пэўнасьцю немагчыма, бо далейшыя перэпетыі дыскусіі згубіліся ў гістарычнай імгле. Адзінае, што мы можам сказаць: ні адзін, ні другі каляндар у наступныя стагодзьдзі нідзе не ўсплываў, нават у выглядзе бібліяграфічных згадак ці апісаньняў.

Унёсак Скарыны?
Блізу 1550 г. вялікалітоўскі філёзаф Міхалон Ліцьвін напісаў сацыяльна-палітычны трактат “Аб норавах татараў, літоўцаў і маскавітаў”, які вядомы нам фрагмэнтарна па выданьнях 1615 г. (Базэль) і 1620 г. (Львоў). Аўтар трактату жорстка крытыкаваў розныя аспэкты жыцьця Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку гнільцу маральнай сфэры. Ён пазыцыянаваў сябе ў якасьці зацятага праціўніка гендэрных свабодаў і сэксуальнай разьняволенасьці.

Сярод прыкладаў “юрлівасьці розуму” Міхалон Ліцьвін называў ідэю выданьня “распуснага календара паэтычнага марнаслаўства”, якую прыпісваў ні многа, ні мала Францішку Скарыну. “А той наш друкар першы быў занадта самазамілаваны, што Бога маляваў бязь німбу, а сябе самога побач з Богам ставіў, а пазьней намысьліў сабраць гэткіх жа наркісаў, як і сам, агаліць іх да самага саромнага сораму ды зрабіць гравюры для календара, які ён называў звездословцем списальницким голым”, – сьцьвярджаў філёзаф.

Паводле іншых, вельмі ўскосных, зьвестак Скарына ў пэрыяд між 1522 і 1525 гадамі складаў сьпіс землякоў, якія займаліся пісьменьніцкай дзейнасьцю. Хто быў улучаны ў гэты сьпіс дакладна невядома, як невядома, ці дайшла справа да стварэньня эскізаў будучых гравюраў. Туманным намёкам на тое, што задума перашадрукара пачала ажыцьцяўляцца, ёсьць словы народнай песьні, якая была запісана этнографам Андрэем Чарнарэцкім у ХІХ ст. на Піншчыне:

А я любіла, я кахала,
Скарыне потку паказала.


Верагодна, што перад намі ўрывак зь верша незнанай сёньня беларускай паэткі XVI ст.

Калі Францішак Скарына і сапраўды спрабаваў стварыць звездословец списальницкий голый, то можна толькі здагадвацца з кансэрватызмам якой моцы яму давялося сутыкнуцца. Грамадзтва Вялікага Княства Літоўскага не было гатова адэкватна ўспрыняць ягонае выданьне Бібліі, а што ўжо казаць пра “распусны каляндар”!

Мізэрная колькасьць крыніц не дазваляе нам адказаць на многія пытаньні. Сярод іх найбольш вострым бачыцца пытаньне пра матывы, якія пабудзілі Скарыну да ідэі стварэньня літаратурна-эратычнага календра. Магчыма, што тут назіраліся ўплывы творчай філязофіі італьянскіх мастакоў, зь якімі наш слаўны продак меў магчымасьць пазнаёміцца падчас унівэрсытэцкага навучаньня.

Неспадзяваны падарунак Сарбеўскаму
Пад канец 1626 г. Полацкі езуіцкі калегіюм страсянуўся даволі гучным скандалам, водгульле якога магло б пранесьціся па ўсёй Рэчы Паспалітай і ў нейкай ступені падарваць аўтарытэт езуцікіх навучальных установаў. Аднак кіраўніцтва калегіюма прыклала ўсе магчымыя намаганьні, каб не дапусьціць шырокага розгаласу.

Як вядома, у 1626 г. настаўнікам рыторыкі ў Полацкі калегіюм быў прызначаны Мацей Казімер Сарбеўскі, што пасьпеў ужо на той час здабыць славу таленавітага паэта агульнаэўрапейскага ўзроўню. У Полацку ён чытаў фундамэнтальныя курсы па тэорыі паэзіі, красамоўстве і антычных старажытнасьцях. На яго лекцыі ці не ўпершыню ў гісторыі калегіюма запрашаліся ня толькі навучэнцы, але і ўсе ахвочыя слухачы. Што праўда, уваход у лекцыйную залю прадугледжваўся толькі для мужчынаў. Кіраўніцтва калегіюма, здавалася, пільна сачыла за датрыманьнем гэтага прынцыпу. Аднак угледзіць за ўсімі не ўдалося, і ў шэрагах вольных слухачоў, якія завітвалі слухаць Сарбеўскага, апынулася маладая жанчына, пераапранутая ў мужчыну.

Яна старанна канспэктавала лекцыі свайго ўлюбёнага паэта і рабіла зарысоўкі. На гэта ніхто вялікай увагі не зьвяртаў, бо ладная частка вольных слухачоў рабіла тое самае, мяркуючы, што атрымліваюць рэцэпты стварэньня беззаганных літаратурных твораў. На пачатку сьнежня стала вядома, што пан Мацей Казімер неўзабаве скончыць чытаньне курсу і адправіцца выкладаць у Віленскую езуіцкую акадэмію. На апошняй сьнежаньскай лекцыі, калі паэт традыцыйна прапанаваў прысутным задаваць пытаньні, перапаранутая жанчына папрасіла дазволу зрабіць мэтру падарунак. Сарбеўскі сьціпла ўсьміхнуўся і пацепнуў плячыма, адмаўляць было няёмка. Жанчына падыйшла да яго і працягнула невялікі томік з вокладкай аздобленай зялёным аксамітам. “Гэта каляндар з маімі вершамі і малюнкамі, прысьвечанымі вам, маэстра”, – прамовіла яна натуральным жаночым голасам і, пакуль паэт не пасьпеў апамятацца ад неспадзяванага дысанансу, прагна ўпілася ў ягоныя вусны. Заля на лічаныя сэкунды анямела, але потым увадначас загула, а калегіюмныя служкі кінуліся да жанчыны, каб адараваць яе ад знакамітага выкладчыка.

Праведзенае разьбіральніцтва высьветліла, што жанчына (гісторык літаратуры Сысой Кончыц лічыць, што яе звалі Марфа Сасковіч) паходзіла з полацкай купецкай сям’і і была дужа захопленая паэзіяй Мацея Казімера Сарбеўскага, а за часы праслуханых лекцыяў без памяці ў яго закахалася. Зроблены ёй каляндар утрымліваў эратычную лірыку на “рускай” мове. Усе вершы сапраўды былі адрасаваныя аб’кету ейнага каханьня. На малюнках жанчына адлюстравала сябе і свайго куміра ў дванаццаці розных недвухсэнсоўных сэксуальных паставах. Кіраўніцтва Полацкага калегіюму пастанавіла зьнішчыць каляндар у агні. Прыцягваць да жорсткай адказнасьці дзіўную паэтэсу і мастачку ня сталі, аддаўшы бацькам на парукі. Сарбеўскі ва ўсіх гэтых справах ня ўдзельнічаў, дачасна зьехаўшы ў сталіцу Вялікай Літвы.

Казус эпохі клясыцызму
Вяртаньне да ідэі стварэньня літаратурна-эратычнага календара адбылося ў ХVIІІ ст. і наўпрост зьвязанае з павевамі клясыцызму, якія сьмела ўрываліся ў паветра беларускага барока. Гэта акурат той час, калі нават прадстаўнікі вышэйшых станаў грамадзтва перасталі баяцца ўласнага цела, калі дамы насілі вельмі глыбокія дэкальтэ, а на сьвецкіх балях дазвалялі цалаваць сябе ў ледзь прыхаваныя грудзі. Адлюстраваць сябе ў выглядзе стражытных грэцкіх ці рымскіх багоў захацелі і тагачасныя літаратары. Фундатарам і куратарам праекта зусім невыпадкова стала Францішка Уршуля Радзівіл – аўтарка культавага эратычна-сарамяжнага верша “Апісаньне персяў жаночых”:

Гэта цуд сэрца, што дзьве цытадэлі
Высяцца поруч сярод чыстай белі,
Зьзяюць рубінамі іх бастыёны,
Кшталтам зусім, як абрысы Белоны.


Яе муж князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька паставіўся да гэтай справы з разуменьнем і нават выдзеліў добрую суму грошаў, каб Францішка Уршуля змагла выпісаць з Італіі таленавітага мастака, які здолеў бы належным чынам увасобіць сьмелыя задумы.

Рознымі спосабамі асьветніца зь Нясьвіжа вышуквала інфармацыю пра тагачасных беларускіх пісьменьнікаў. Сьпіс атрымаўся досыць абсяжным. Даводзілася ўступаць у ліставаньне (часам вельмі працяглае) са многімі літаратарамі перш, чым атрымлівалася згода ці адмова. Марыйцы Мартысевіч у гэтым сэнсе было ўсё ж значна прасьцей. У выніку атрымаўся сьпіс, які складаўся роўна з дванаццаці чалавек мужчынскага полу. Атрымалася вельмі разнашорсная кампанія, якая ў сярэдзіне 1730-х гг. была запрошана ў нясьвіжскую рэзідэнцыю Радзівілаў.

Здавалася, што нічога не магло перашкодзіць ажыцьцяўленьню праекта. Аднак, калі пасьля ўрачыстага банкета гаворка зайшла пра прывязку асобнага пісьменьніка да пэўнага месяца, усчаліся страшэнныя дэбаты. Спрачаліся ня толькі ўласна літаратары, але і мастацкія экспэрты, што дпамагалі Францішцы Уршулі вызначыцца з канцэпцыяй будучага календара. Акурат адзін з такіх экспэртаў і падліў алею ў агонь, нагадаўшы, што працягласьць сьветлавога дня ў розныя месцы года неаднолькавая, і што гэтую акалічнасьць варта было б абыграць. Кожны літаратар адрозьніваўся вылучнай славалюблівасьцю і жадаў, каб менавіта ягоная постаць упрыгожвала той месяц, дзе працягласьць дня найбольшая.

Узьнікла вострае пытаньне: па якім ранжыры разьмеркаваць пісьменьнікаў па месяцах? Адны прапаноўвалі браць у разьлік творчыя заслугі – колькасьць напісаных твораў і выдадзеных кніг. Другія бачылі больш справядлівым аддаць месяцы з найбольш доўгімі днямі самым старым творцам. Трэція (сярод якіх было шмат экспэртаў) гучна крычалі, што пры разьмеркаваньні трэба цьвёрда трымацца станавай субардынацыі і саступаць найлепшыя месяцы самым зацным (знатным) панам пісьменьнікам.

Маўчаў толькі слуцкі паэт Серафім Баўтарэз. Калі яго маўчаньне было заўважана гаманкой грамадой, гамарня аціхла, і Францішка Уршуля Радзівіл асабіста запытала ў случака: “А якую б прапазыцыю склаў Вашаць?” Той у адказ пачціва пакланіўся і прамовіў: “Як што ў гэтым пражэкце мы ўсі складаем дзякла Эросу, то найсправядлівей было б аддаць першасьць тому з нас, хто мае ад прыроды самыя цудныя інструманты для ўслаўленьня Эроса”. Пакуль гаспадыня і ўсе прысутныя спрабавалі зразумець, што Серафім меў на ўвазе, ён досыць спрытна прадэманстраваў уласны інструмэнт агаломшанай публіцы. Калі прысутныя дружна войкнулі і замёрлі ў здранцьвеньні, толькі паджылы сьлепаваты байкапісец Дамінік Рудніцкі гучна абурыўся: “Зачым паночку насіць вужаку ў портках? Гэта ж вялікае небесьпячэнства!” Калі ж пану Рудніцкаму патлумачылі, што адбылося насамрэч, ён выдаў кароткі гнеўны экспромт:

Я вершапіс, пахолак слоўных цудаў
Бывае словы мераю чы словам акурат,
Хвуямі ся мерыць я тут ня буду –
Бо ўласнае чэсьці найвельшы магнат.


Пасьля пан Дамінік бездавалочна выехаў зь Нясьвіжа. Яго ўчынак быў упрыняты астатнімі літаратарамі неадназначна. Праект календара апынуўся на мяжы зрыву. Вядома, што адзін з экспэртаў – Ян Крызастом Вустачэл – прапанаваў уласную кандыдатуру на вакантнае месца і нават прад’явіў рукапіс раману “Кароткая гісторыя войнаў, якія адбываліся пад коўдрай пані Ізабэлы Сьметанкоўскай прынцэсы Клубніцкай”. Аднак, як выявілася, выправіць сытуацыю пасьля ад’езда Рудніцкага было немагчыма. Бальшыня пісьменьнікаў раптам засумнявалася ў мэтазгоднасьці свайго ўдзелу ў праекце і, наступіўшы на горла ўласным амбіцыям, паразьяжджаліся дамоўкі. Цяжка сказаць, як Францішка Уршуля Радзівіл перажыла паразу сваіх задумаў. Магчыма акунулася з галавой ва ўласную творчасьць і тэатральнае жыцьцё.

Прыхільнікі тэорыі змовы (Фёдар Калашынскі, Біл Конт) перакананыя, што зрыў праекту календара быў штучна справакаваны кансэрватыўнымі сіламі пад патранажам вялікалітоўскай філіі дамініканскага ордэна і ўплывовых фігураў цэха віленскіх прастытутак-традыцыяналістак для таго, каб не дапусьціць пачатку сэксуальнай рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай.

Клопаты Дуніна-Марцінкевіча
Гісторыя ўдалай спробы стварэньня тутэйшага літаратурна-эратычнага календара ў ХІХ ст. застаецца вельмі невыразнай і спрэчнай. Ці не адзінай крыніцай, якая сьведчыць пра факт стварэньня такога кшталту календара, зьяўляюцца чарнавыя накіды, зробленыя пісьменьнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам да паэмы “Літаратарскія клопаты”, якая была напісаная ў 1857 г. Згаданыя накіды не ўвайшлі ў канчатковы варыянт твора і распавядаюць пра беспрэцэдэнтнае на той час цкаваньне, якое Дунін-Марцінкевіч зазнаў ад невядомых нядобразычліўцаў. Нагадаем, што да 1856 г. ён пасьпеў зарэкамэндаваць сябе як аўтар, што не цураўся беларускай мовы і краёвай тэматыкі. Да таго ж падрыхтаваныя ім кнігі здолелі прайсьці праз цэнзурнае ведамства і былі надрукаваныя.

Усё гэта, зразумела, выклікала неаднастайную рэакцыю жыхароў краю, якія знаходзіліся на розных узроўнях этнічнай самасьвядомасьці. Тыповы прыклад рэакцыі сярэдняга абываталя на беларускамоўную кнігу клясык новай беларускай літаратуры прыводзіў сам:

«Ma che`re amie, – сказала, – хай там хто з вас гляне,
Дзюма там ці Бальзак? Якое там выданьне?»
Тут тонкім галасочкам Фроня адказала:
«Non mamab! Мужыцкі твор, якісь “Купала”». –
«Ah mon Dieu! Як можна мову так паскудзіць!
Кінь гэтыя грымзолы, каб рук не пабрудзіць!»


Такія словы Дунін-Марцінкевіч прыпісваў хатняй гаспадыні. Можна меркаваць, што на больш выскокіх прыступках тагачаснай сацыяльнай лесьвіцы абураных і незадаволеных таксама знаходзілася нямала. Кнігі “Гапон”, “Вечарніцы”, “Купала”, зноў жа па сьведчаньні самога аўтара, разыходзіліся досыць марудна. Выяўныя палёнафілы, якія не разумелі, што для пана Вінцэнта польскія цноты і беларуская чэсьць былі паняткамі тоеснымі, бачылі ў яго творчасьці расейскую змову супроць пальшчызны.

Ты толькі паглядзі дзівосіна якая –
нажніц цэнзурных ён так спрытненька ўнікае,
напэўна з маскалём у зьвязях ён таемных,
каб Польшчы насаліць і зьбіць люд з тропаў пэўных.


Так Дунін-марцінкевіч абмалёўваў настроі тагачасных ультрапалёнафілаў. Верагодна, што акурат нехта зь іх і надумаў зрабіць ход траянскім канём, каб яшчэ больш мінімізаваць продаж беларускамоўнай кніжнай прадукцыі, якой і без таго было нягуста. Па словах клясыка на пачатку восені 1856 г. вуліцы Менску хтосьці абклееў досыць вялікімі плякатамі, якія ўяўлялі зь сябе каляндар на наступны 1857 год:

На тым календары пан Дунін-Марцінкевіч
Па цэнтры красаваў, як голы каралевіч,
І сорам прыкрываў ён лісьцікам фіговым,
Надпісаны той быў дый беларускім словам.


Калі давяраць пісьменьніку, на фігавым лістку стаяў надпіс “Беларуская гаворка”, а ў левым верхнім куце невядомыя аўтары зьмясьцілі расейскамоўную фразу: “Въ 1857 году я переплюну Кохановскаго”, якая мела лягічнае завяршэньне словамі, разьмешчанымі пад выявай аголенай постаці клясыка: “И завтракъ будетъ моимъ!” Відавочна, што ўвесь гэты лексычна-візуальны канструкт мусіў умацоўваць абываталя ў думцы аб прадажнай сутнасьці творчасьці пана Дуніна-Марцінкевіча.

Пісьменьнік быў шакаваны, калі паліцыя выклікала яго зь Люцінкі для разьбіральніцтва аб паходжаньні плякатаў:

Спытаўся грозны паліцмайстар,
Хто публікаткі друкаваў.
Іх даставаў памочнік з кайстры,
На ўзгляд мой смутны падаваў.


Мяркуючы з чарнавіка, паліцыя ня стала заводзіць справу на пана Вінцэнта, бо здолела разглядзець антымарцінкевічаўскі зьмест календароў і палічыла неверагодным, каб сам творца выстаўляў сябе на пасьмех палёнафільскай публікі. На жаль ніякімі іншымі дакумэнтамі гэты інцэдэнт не пацьвярджаецца. Дасьледніца Аўгіня Мернажыцкая мае аптымістычныя надзеі адшукаць асобнік згаданага календара ў архівах Літвы ці Польшчы.

“Прапаганда страмопісі” ў Калінаўшчыне
Зь вялікай пэўнасьцю нельга сказаць, колькі разоў прадпрымаліся спробы стварыць беларускі літаратурна-эратычны каляндар у ХХ ст. Зьвернем увагу на вядомыя нам факты другой паловы 1920-х гг.

Гэта быў час, калі ў БССР праводзілася беларусізацыя. Адным з аванпостаў палітыкі беларусізацыі сталася створаная пасьля першага ўзбуйненьня Савецкай Беларусі Калінінская акруга (Калінаўшчына) з цэнтрам у Клімавічах. Акурат там беларускае грамадзка-культурнае жыцьцё віравала ня менш, чым у сталіцы. Існавалі і літаратурныя суполкі, між якіх мадэрнісцкім эпатажам вылучалася аб’яднаньне “Бабровыя гоны”.

На рэгулярных паседжаньнях бабрагонцаў заўжды было шматлюдна. Маладыя пісьменьнікі голасна заяўлялі пра сябе ня толькі творамі, але і неардынарнымі ўчынкамі. Паэт Сямён Зызыбайла, напрыклад, вызначаўся тым, што дэклямуючы ўласны вянок санэтаў “Беларускае полымя пралетарскай рэвалюцыі”, трымаў руку над запаленай сьвечкай і не прыбіраў яе да сканчэньня чытаньня, хаця далонь увачывідкі пачынала падгараць. Паэтка Кацярына Змоглая маланкава атрымала вядомасьць пасьля таго, як свой верш-енк “Нараджэньне беларуса-бальшавіка” прадэклямавала, набыўшы перад публікай характэрную позу парадзіхі.

Невыпадкова, што акурат Сямён і Кацярына першымі згадзіліся здымацца аголенымі для календара, які прымяркоўваўся да 1926/1927 працоўнага года (тагачасны савецкі каляндарны канон) і павінен быў мець назву “Бабрагонскі кругаварот”. З ініцыятывай стварэньня падобнага календара выступіў адзін з акруговых чыноўнікаў, які курыраваў сфэру фізічнай культуры, спорта і масавых мерапрыемстваў, і зьяўляўся зацятым прыхільнікам мадэрнісцкіх тэндэнцыяў у беларускай савецкай літаратуры. Звалі яго Панкрат Рушывоз (паслужыў прататыпам Самсона Самасуя ў вядомым рамане Андрэя Мрыя). Для рэалізацыі задумы ён не шкадаваў ні часу, ні энэргіі.

Для таленавітага клімавіцкага фатографа Лявона Андрэйчыка таварыш Рушывоз здабыў найноўшую на той момант фотакамэру, якая пылілася на складзе канфіскаваных рэчаў тамтэйшага ГПУ. Чыноўнік лічыў, што галоўная задача календара з аголенай літаратарскай натурай – “засьведчыць невымоўную прыгажосьць савецкага беларуса ў любых прасторава-часавых вымярэньнях і прыродна-урабністычных абставінах”. Меркавалася, што на кожны месяц працоўнага года будзе прыкладацца фатаграфія з крытычнай масай аголеных творцаў абодвух полаў у кантэксьце выразных пэйзажаў ці інтэр’ераў.

З ацалелых фрагмэнтаў папярэдніх плянавых запісаў Рушывоза можна даведацца пра задуманы зьмест здымкаў: “пісьменьнікі і пісьменьніцы выбеглі з лазьні і гуляюць у сьнежкі”, “пісьменьнік любуецца (натхняецца на верш) некалькімі пісьменьніцамі, ідучымі ў ваду (прыгожая рэчка ці возера) на фоне заходзячага чырвонага сонца”, “дзьве (ці можа тры) пісьменьніцы-сялянкі памагаюць пісьменьніку-кавалю змыць працоўную гразь з цела (коўшыкі, цэбрыкі – абавязкова)”, “пісьменьнікі і пісьменьніцы горача цалуюцца ў восеньскім ябылневым садзе (яблыкі буйныя і пераважна чырвоныя), а з кустоў падглядвае юная паэтка Улянка Верабейка (аголенасьць выключыць, толькі выразны захапляючы позірк)”.

Ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што фотасэсія была распачатая, і некаторыя зь пералічаных сюжэтаў былі ўвасобленыя ў здымках. Аднак раптоўна ў творчы працэс умяшалася камісія зь Менску, якая фармальна прыехала з франтальнай праверкай спартова-масавай і культурнай работы ў Калінаўшчыне. Рэальна ж меў месца данос, які, верагодней за ўсё, сыходзіў з колаў старой дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, што вырашыла скарыстацца нагодай і атрымаць легальны спосаб адпомсьціць адному з праваднікоў беларусізацыі ў Калінінскай акрузе.

Камісія прызнала праект фотакалендара “Бабрагонскі кругаварот” “шкоднай дэкадэнцка-нацыяналістычнай выхадкай” Панкрата Рушывоза. Ён быў абвінавачаны ў “палітычнай верлавокасьці”, якая прывяла яго да “вапіючага неразуменьня новай маральнай сытуацыі” і “грубых скажэньняў рэчаіснасьці Савецкай Беларусі”. Між тым у аголенасьці пісьменьнікаў чальцы камісіі ўгледзілі, ня толькі “прапаганду страмопісі (порнографіі)”, але і “гнюсны намёк на галечу, каторай ні ў БССР, ні ў іншых кутках Савецкага Саюзу няма”. Аднак паколькі наўпроставых заклікаў супраць савецкага ладу ў праекце календра не знайшлося, справа Рушывоза і ўсіх удзельнікаў праекта не была кваліфікавана як антысавецкая падрыўная дзейнасьць. Пісьменьнікі і фатограф атрымалі стродкія вымовы з занясеньнем у асабістую справу. Улянка Верабейка была адлічана з рабфаку. А самаго таварыша Панкрата Рушывоза, панізіўшы ў пасадзе, адправілі ў іншы рэгіён Беларусі загадваць “асеменатарскай фэрмай”.

***
Мы маем поўную перакананасьць, што ва ўмовах ХХІ ст. Марыйка Мартысевіч паспрабуе давесьці гучна заяўленую ідэю да лягічнага завяршэньня.

верасень-кастрычнік 2008 г., г. Гомель

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.