Аўтар сцэнару і рэжысэр –
Квэнцін Таранціна
Сюжэт:
Квэнцін Таранціна і
Роджэр Робертс Эйвэры
Скрыпт перавярнуў у беларускую
Сяргей Балахонаў
Каштоўныя парады па амэрыканшчыне:
wolny
Арыгінальны тэкст узяты з
www.godamongdirectors.com
ТРЫ ГІСТОРЫІ...
ПРА АДНУ ГІСТОРЫЮ...
Травень 1993 г.:
апошні чарнавік.
PULP (pulp) наз. 1. Мяккая, вільготная бясформенная маса або рэчыва.
2. Часопіс або кніга плюгкага зьместу, якія зазвычай друкуюцца на грубай, недарагой паперы.
American Heritage Dictionary
New College Edition
ПРАЦЯГ
8. УН. ПАМЯШКАНЬНЯ (ПАКОЙ №49) – РАНІЦА
ТРЫ МАЛАДЗЁНЫ, сядзяць пры стале застаўленым гамбургерамі, порцыямі смажанай бульбы, газаванымі напоямі – усё яўна перавышае ўзровень іхных магчымасьцяў.
Чуецца ГУЧНЫ ГРУКАТ у дзьверы, адзін зь іх падхопліваецца, каб адчыніць. На парозе БАЧНЫЯ Джулз і Вінцэнт.
ДЖУЛЗ. Прывет, рабяткі.
Двое мужчынаў заходзяць у памяшканьне.
Тройцу засьпетых маладзёнаў складаюць:
МАРВІН – малады мурын, які, адчыніўшы дзьверы, цягам далейшай дзеі зыходзіць на задні плян.
РОДЖЭР – малады бляндынчык-сёрфэр з фрызурай "Ой, ляцелі гусі з броду", які моўчкі сядзіць за сталом, трымаючы ў руцэ вялікі апэтытны гамбургер.
БРЭТ – белы, падобны на школьніка, тып з фрызурай "Плюнь-ды-Размаж".
Вінцэнт і Джулз уваходзяць, трымаючы рукі ў кішэнях. Джулз ад пачатку дамінуе ў размове.
ДЖУЛЗ. Як вы, мальцы, маецеся?
Ніхто не адказвае.
ДЖУЛЗ (да Брэта). Я вам пытаньне задаў ці мне падалося?
БРЭТ. Мы маемся па-трохі.
Калі Джулз і Брэт гавораць, Вінцэнт перамяшчаецца за сьпіны Маладзёнаў.
ДЖУЛЗ. Знаеце, хто мы такія?
Брэт матляе галавой: "Не".
ДЖУЛЗ. Мы кампаньёны вашага бізнэс-партнэра Марсэляса Ўоляса, вы ж не забыліся, што ў вас ёсьць бізнэс-партнэр?
Адказу няма.
ДЖУЛЗ (да Брэта). Зараз я паспрабую выказаць шалёную здагадку: ты - Брэт, праўда?
БРЭТ. Я Брэт.
ДЖУЛЗ. Я так і думаў. Добранька, ты памятаеш свайго бізнэс-партнэра Марсэляса Ўоляса, ну ж, Брэт?
БРЭТ. Я яго памятаю.
ДЖУЛЗ. Выдатна. Бачу, мы зь Вінцэнтам перашкодзілі вашаму сьняданку. Перапрашаю. А што смакуеце?
БРЭТ. Гамбургеры.
ДЖУЛЗ. Гамбургеры. Кутні камень кожнага добрага сьняданку. І што за гамбургеры?
БРЭТ. Чызбургеры.
|
*Пералічваюцца сеткавыя рэстарацыі хуткага харчаваньня.
| |
ДЖУЛЗ. Не, я пытаюся, дзе вы іх берацё? МакДоналд'з, Ўэнды'з, Джэк-ін-зэ-Бокс*, дзе?
БРЭТ. Біг Кагуна Бургер.
ДЖУЛЗ. Біг Кагуна Бургер. Гэта ж гавайская кухня. Я чуў, што тамака някепскія гамбургеры атрымліваюцца. Але сам я іх ніколі не каштаваў. Якія яны?
БРЭТ. Яны смачныя.
ДЖУЛЗ. Дазволіш пакаштаваць адзін?
БРЭТ. Так.
ДЖУЛЗ. Вось гэты – твой? Га?
БРЭТ. Ага.
Джулз бярэ бургер і адкусвае кавалак.
ДЖУЛЗ. Але, так смачна, што й ад рота не адарваць. (да Вінцэнта) Вінц, ты калі-небудзь еў Біг Кагуна Бургер?
ВІНЦЭНТ. Не.
Джулз прапануе яму пакаштаваць.
ДЖУЛЗ. Кусьні трохі, сапраўды смаката.
ВІНЦЭНТ. Я не галодны.
ДЖУЛЗ. Добра. Калі табе даспадобы гамбургеры, дык абавязкова паспытай як-небудзь гэтыя. Я звычайна іх ня ем, бо мая дзяўчына вэгетарыянка. А значыць я і сам крыху вэгетарыянец, але ўсё ж бяз памяці ад смачных бургераў. (да Брэта) Ты ведаеш, як у Францыі называюць Чвэрцьфунтовы бургер з Сырам?
БРЭТ. Не.
ДЖУЛЗ. Скажы яму, Вінцэнт.
ВІНЦЭНТ. Раяль з Сырам.
ДЖУЛЗ. Раяль з Сырам. А знаеш, чаму яны яго так называюць?
БРЭТ. З-за мэтрычнай сыстэмы?
ДЖУЛЗ. Бач ты, які наш Брэт мазгавіты. Чэрап густа варыць, гэта факт. З-за мэтрычнай сыстэмы. (паказвае на плястыкавы кубак ) А што там?
БРЭТ. Спрайт.
ДЖУЛЗ. Спрайт. Выдатна. Дазволіш зрабіць глыточак твайго чароўнага напою, каб прамачыць горла?
БРЭТ. Канечне.
Джулз бярэ кубак і робіць глыток.
ДЖУЛЗ. Але, сама тое! (да Роджэра) Гэй, "Гусі з броду", ты знаеш навошта мы тут?
Роджэр ківае галавой: "Так".
ДЖУЛЗ. Дык мо' сказаў бы майму сябру Вінцу, куды вы тое даброцьце схавалі.
МАРВІН. Яно пад лож...
ДЖУЛЗ (да Марвіна). Гаўну слова не давалі. (да Роджэра) Дык што скажаш?
РОДЖЭР. Яно пад ложкам.
Вінцэнт скіроўваецца да ложка, шнырыць пад ім і дастае чорны кейс.
ВІНЦЭНТ. Маем рэч.
Вінцэнт шчоўкае двума замкамі, адчыняе кейс. Мы ня бачым, што ўнутры, але з кейса зыходзіць невялікае зьзяньне. Вінцэнт проста пільна глядзіць на гэта, як зачараваны.
ДЖУЛЗ. Мы шчасьлівыя?
Ад зачараванага Вінцэнта няма адказу.
ДЖУЛЗ. Вінцэнт!
Вінцэнт глядзіць на Джулза.
ДЖУЛЗ. Мы шчасьлівыя?
Кейс зачыняецца.
ВІНЦЭНТ. Мы шчасьлівыя.
БРЭТ (да Джулза). Паслухайце, як вас завуць? Я зразумеў, што яго імя Вінцэнт, а хто вы?
ДЖУЛЗ. Мяне клічуць Пітам, а ты хуём у цемя біты.
БРЭТ. Я толькі хачу, каб вы ведалі: мы дужа шкадуем, што паміж намі і містэрам Ўолясам узьніклі супярэчнасьці. Калі мы толькі пачыналі, у нас былі выключна добрыя намеры...
Тады, як Брэт кажа, Джулз дастае пісталет і тройчы СТРАЛЯЕ Роджэру ў грудзі, ад чаго той ПАДАЕ з крэсла.
Вінц усьміхаецца сам сабе: Джулз трымае марку.
Брэт нарабіў у порткі. Ён ня плача і ня мямліць, але цалкам запоўнены страхам, нібы зараз выбухне.
ДЖУЛЗ (да Брэта). Вой, прабач, калі ласка. Я зьбіў цябе з тропу? Я ненаўмысна. Можаш працягваць. Здаецца, ты нешта казаў пра "добрыя намеры".
Брэт ня можа вымавіць ні слова.
ДЖУЛЗ. Шчо цэ такэ? А-а, ты мабыць нагаварыўся ўжо. Тады дазволь я свае тры грошыкі прыткну. Апішы-ка мне, як выглядае Марсэляс Уоляс?
Брэт па-ранейшаму ня можа вымавіць ні слова.
Джулз ВЫБУХАЕ ГНЕВАМ, РЭЗКА ПЕРАВАРОЧВАЕ столік, прыбіраючы такім чынам адзіны бар'ер між сабой і Брэтам. Брэт зараз сядзіць на крэсьле перад Джулзам, як палітвязень перад сьледчым на допыце.
ДЖУЛЗ. Зь якіх краёў будзеш?
БРЭТ (застрашана). Чаго?
ДЖУЛЗ. Краіны з назвай Чаго я ня ведаю! Там па-ангельску хоць бакланяць?
БРЭТ (на мяжы сардэчнага прыступу). Чаго?
ДЖУЛЗ. Па-ангельску, паскуднік, ты можаш балакаць?
БРЭТ. Так.
ДЖУЛЗ. То бок ты даганяеш, што я табе кажу?
БРЭТ. Так.
ДЖУЛЗ. Апішы мне зараз жа, як выглядае Марсэляс Уоляс!
БРЭТ (ашалелы ад жаху). Чаго?
Джулз дастае сваю 45-тку і ПРЫЦІСКАЕ рулю ШЧЫЛЬНА да Брэтавай шчакі.
ДЖУЛЗ. Скажы "Чаго" зноўку! Давай, скажы "Чаго" зноўку! Я прашу цябе, выпердак ты конскі, па-харошаму прашу, сказаць "Чаго" 'шчэ хоць адзін амарочны раз!
Брэт ушчэнт зьніякавеў.
ДЖУЛЗ. Апішы мне зараз жа, як выглядае Марсэляс Уоляс!
Брэт крыху ачуньвае.
БРЭТ. Добра, ён... ён... чорны...
ДЖУЛЗ. Давай далей!
БРЭТ. ... і ён... ён... высокі...
ДЖУЛЗ. Ён нагадвае сучку?
БРЭТ (не разважыўшы). Чаго?
Джулз пазірае на Вінцэнта. Вінцэнт ухмыляецца. Джулз, вырачыўшы вочы, ВЫСТРЭЛЬВАЕ Брэту ў плячо.
Брэт КРЫЧЫЦЬ і пачынае ТОРГАЦЦА/СУТАРГАВА ТРЭСЬЦІСЯ на крэсьле.
ДЖУЛЗ. Ён нагадвае сучку?
БРЭТ (у агоніі). Не.
ДЖУЛЗ. Дык навошта ты хацеў яму быццам якой юрлівай сучцы ўціснуць?
БРЭТ (у сутаргах). Я не хацеў.
Голас Джулза спакайнее.
ДЖУЛЗ. Не, Брэт, ты хацеў. Хацеў яму зрабіць ігага да самага птру. А ты Біблію пачытваеш, Брэт?
БРЭТ (у сутаргах). Так.
ДЖУЛЗ. Прыпамінаю я адтуль адзін урывак, які, здаецца, прыдатны акурат для гэтай сытуёвіны: Езэкііль 25:17.
|
**З адпаведнай часткай біблейскай "Кнігі прарока Езэкііля" супадае толькі апошняя фраза (мы падаем яе згодна зь беларускім перакладам Васіля Сёмухі).
| |
"Дарога пачцівага мужа акружана каведамі сябелюбцаў і зелжывасьцю зрушыцеляў спакою паспалітага. Багаславёны той, хто, сэрца літасьцівае і подумы сьветлыя маючы, вядзе слабых праз удол цемры, бо адзіна ён ёсьць цьвярдыняю брацьцяў сваіх і спасам аблудных дзяцей. Вось, Я працягну руку Маю на тых, хто брацьцям маім нясе атруту і залом. І ўчыню над імі вялікую помсту карамі лютымі, і ўведаюць, што Я – Гасподзь, калі ўчыню над імі Маю помсту"**.
Абодва госьця АБРЫНАЮЦЬ АГОНЬ сваіх пісталетаў на седзячага Брэта.
Калі яны спыняюцца, накрыпаны кулямі труп яшчэ нейкае імгненьне сядзіць нерухома, а потым ПАДАЕ.
Цішыня.
Адзіны ГУК – МАРМЫТАНЬНЕ Марвіна ў кутку.
МАРВІН. ...трасца... трасца... глуздануцца можна... трасца, спакайней трэба...
ВІНЦЭНТ (ківаючы на Марвіна). Твой сябар?
ДЖУЛЗ. Ага, Марвін – гэта Вінцэнт. Вінцэнт – гэта Марвін.
ВІНЦЭНТ. Скажы яму, каб закрыў гагаўку, бо гэта мяне нэрвуе.
ДЖУЛЗ. Марвін, я на тваім месцы самкнуў бы шчэляпы.
Дзьверы ваннай раптоўна РАЗЬЯШЧАРВАЮЦЦА, і ЧАЦЬВЕРТЫ МАЛАДЗЁН (такога ж веку, як і астатнія) ВЫСКОКВАЕ адтуль, трымаючы ў руцэ срабрысты Магнум.
КАМЭРА СКІРАВАНА на яго.
ЧАЦЬВЕРТЫ МАЛАДЗЁН. Душа з вас вон! Здохніце!
Чацьверты Маладзён робіць ШЭСЬЦЬ АГЛУШАЛЬНЫХ СТРЭЛАЎ са сваёй "ручной гарматы" ў напрамку Вінцэнта і Джулза. Ён КРЫЧЫЦЬ апантаны прагаю помсты, пакуль НАЦІСКАНЬНЕ НА ЦЫНГЕЛЬ НЕ ПЕРАСТАЕ ДАВАЦЬ ВЫНІК.
Потым... яго міміка цалкам зьмяняецца: ад выразу твару "Помста ўчынена" да пытаньня ў зьбянтэжаных вачах "Што за халера?"
ЧАЦЬВЕРТЫ МАЛАДЗЁН. Я не разумею...
РВУЧЫ Ў МЭТЛЫ, кулі ЗЬБІВАЮЦЬ З НОГ і ВЫКІДВАЮЦЬ З КАДРУ Чацьвертага Маладзёна.
КАДАР ЗАСТАЕЦЦА ПУСТЫМ
ЭКРАН ЧАРНЕЕ
На чорным ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА НАДПІС:
"ВІНЦЭНТ ВЭГА І ЖОНКА МАРСЭЛЯСА ЎОЛЕСА"
[працяг перакладу]
Пераклады папярэдніх частак: [1] [2] [3]