Аўтар сцэнару і рэжысэр –
Квэнцін Таранціна
Сюжэт:
Квэнцін Таранціна і
Роджэр Робертс Эйвэры
Скрыпт перавярнуў у беларускую
Сяргей Балахонаў
Каштоўныя парады па амэрыканшчыне:
wolny
Арыгінальны тэкст узяты з
www.godamongdirectors.com
ТРЫ ГІСТОРЫІ...
ПРА АДНУ ГІСТОРЫЮ...
Травень 1993 г.:
апошні чарнавік.
PULP (pulp) наз. 1. Мяккая, вільготная бясформенная маса або рэчыва.
2. Часопіс або кніга плюгкага зьместу, якія зазвычай друкуюцца на грубай, недарагой паперы.
American Heritage Dictionary
New College Edition
ПРАЦЯГ
ЗЬМЕНА КАДРА:
9. СЯРЭДНІ ПЛЯН – БУТЧ КУЛІДЖ
На ЭКРАНЕ ПАСТУПОВА ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА Бутч Кулідж, белы 26-гадовы прафэсійны баксэр. Бутч сядзіць за сталом, апрануты ў чырвона-блакітную спартовую куртку. Зь ім гутарыць бос Марсэляс Уолес, ён увесь час ЗА КАДРАМ. Манэра гаворкі гэтага чарнаскурага нагадвае сумесь гаворкі гангстэра і караля.
МАРСЭЛЯС (ЗА КАДРАМ). Я мяркую, што, калі ўсё гэтае лайно ўрэшце міне, ты адчуеш сябе белым чалавекам з усьмешкай на ўвесь рот. Ты зразумей, Бутч, адну рэч: зараз ты сапраўды боездольны, але, як ні круці, гэта неназаўсёды. Гэта, каб яе кадук, жорсткая праўда жыцьця, і яе ты мусіш добра засвоіць ды ўспрымаць як належнае. У гэты бізнэс, як на мокрую пізду блохі, плішчыцца маса фантастычных ідыётаў, перакананых, што яны, нібы тое віно, зь цягам часу набываюць каштоўнасьць. Але дапусьцім, што ты пастанавіў ісьці да канца. Кім бы ты стаў урэшце? Чампіёнам сьвету ў лёгкай вагавай катэгорыі? На халеру гэта каму ўсралася? Я дужа сумняюся, што гэта зможа добра папоўніць твой гаманец.
Яго рука кладзе на стол перд Бутчам капэрту з грашыма. Бутч яе забірае.
МАРСЭЛЯС (ЗК). Хутка ў бой, і магчыма ты адчуваеш, што нешта цябе зьлёгку джаліць. Гэта цябе гордасьць баламуціць. На сухі лес яе! Ад гордасьці толькі шкода і ніякай карысьці. З гэтай трасцай трэба змагацца. Не міне і году, як ты, грэючыся на Карыбах, сам сабе скажаш: "Марсэляс Уолес меў рацыю".
БУТЧ. Няма пытаньняў.
МАРСЭЛЯС (ЗК). У пятым раўндзе ты грымнешся долу.
Бутч ківае галавой: "Так".
МАРСЭЛЯС (ЗК). Скажы гэта!
БУТЧ. У пятым раўндзе я грымнуся долу.
ЗЬМЕНА КАДРА:
10. УН. МАШЫНЫ (РУХАЕЦЦА) – ДЗЕНЬ
Вінцэнт Вэга зусім някепска выглядае за стырном вішнёвай Шэўры Малібу зборкі 1964 г. Працуе аўтарадыё, ГУЧЫЦЬ МУЗЫКА.
11. ЗВ. САЛЬЛІ ЛеРОЙ'З – ДЗЕНЬ
"Сальлі ЛеРой'з" – вялікая забягайлаўка са стрыптызам, НАЛЕЖЫЦЬ Марсэлясу.
Правераная часам Малібу Вінцэнта ХУТКА ЗАЯЖДЖАЕ на бліжэйшае вольнае месца паркоўкі і спыняецца каля белай Хонды Цывік.
Вінц стукае ў дзьверы. Галоўны ўваход адмыкаецца, зь сярэдзіны вызірае францісты хлюст – АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Насамрэч ён ніякі не ангелец. Гэта чарнаскуры маладзён з Болдуін Парку, ён кіруе колькімі клюбамі Марсэляса, улучна з "Сальлі ЛеРой'з".
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Вінцэнт Вэга, наш чалавек у Амстэрдаме, чыста сардэчна запрашаем.
Вінцэнт заходзіць усярэдзіну, трымаючы ў руках чорны кейс, які мы бачылі ў эпізодзе зь ім і Джулзам. Ангелец Дэйв ЗАЧЫНЯЕ З ГРУКАТАМ дзьверы перад нашымі тварамі.
12. УН. САЛЬЛІ ЛеРОЙ'З – ДЗЕНЬ
У гэты прамежак часу прасторны клюб пустуе. Ангелец Дэйв шыбуе да бару, Вінц ідзе сьледам.
ВІНЦЭНТ. Дзе пан гаспадар?
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Ён тамака, нейкія справы дароблівае.
ВАЧЫМА ВІНЦЭНТА: Бутч рукаецца з мажным дзядзькам, які стаіць сьпінай да нас.
Мажны дзядзька – не абы-хто, а сумнавядомы Марсэляс, чыё аблічча мы ўсё яшчэ НЯ БАЧЫМ.
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ (ЗК). Ты трохі пачакай. Калі ўбачыш, што белы мужык ужо пайшоў, то можаш падыходзіць. Мо' покуль эспрэса для цябе зрабіць?
ВІНЦЭНТ. А як на конт філіжанкі традыцыйнай кавы?
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Зара' зробім. Я чуў, што ты заўтра выгульваеш Мію?
ВІНЦЭНТ. Загад Марсэляса.
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Ты хоць бачыў яе?
ВІНЦЭНТ. Ніколі.
Ангелец Дэйв сам сабе ўсьміхаецца.
ВІНЦЭНТ. Чаго зубы сушыш?
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Сьмешна ў роце.
ВІНЦЭНТ. Паслухай, я ж не дэбіл. Гэта, трасца, жонка гаспадара. Я зьбіраюся сядзець пры стале насупраць яе, моўчкі шамкаць ежу, лахаць зь ейных жартаў. І на гэтым фініта.
Ангелец Дэйв ставіць каву перад Вінцам.
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Мяне клічуць Полам, і ябіцеся хоць колам.
Бутч сядае ў бары побач зь Вінцэнта, які п'е сваю "традыцыйную каву".
БУТЧ (да Ангельца Дэйва). Можна мне пачак Рэд Эплз?
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ. Зь фільтрам?
БУТЧ. Без.
Пакуль Буч чакае цыгарэтаў, Вінцэнт цэдзіць каву, касавурачыся на яго. Бутч заўважае гэты позірк.
БУТЧ. Нешта ўгледзіў, дружа?
ВІНЦЭНТ. Я табе, біцюжок, ня дружа.
Бутч павольна паварочваецца да Вінцэнта.
БУТЧ. Што гэта было?
ВІНЦЭНТ. Мяркую, што ты, папіхунчык, усё цудоўна зразумеў.
Бутч гатовы разабрацца зь Вінцэнтам, але...
МАРСЭЛЯС (ЗК). Вінцэнт Вэга ў нашых харомах! Хадзі ж, хлопча, сюды!
Вінцэнт накіроўваецца ДА КРАЮ ЭКРАНА, не зьвяртаючы больш увагі на Бутча. КАМЭРА БЯРЭ Бутча БУЙНЫМ ПЛЯНАМ. Ён застаецца адзін у КАДРЫ. Ён поўны рашучасьці даць урок добрых манераў.
ВАЧЫМА БУТЧА: Вінцэнт абдымаецца і цалуецца з Марсэлясам, чыя постаць ледзь бачна ў цьмяным сьвятле.
Бутч мудра пастанаўляе: як што гэты сухабздуй сябруе з Марсэлясам, то лепш яго не чапляць, прынамсі, пакуль.
АНГЕЛЕЦ ДЭЙВ (ЗК). Пачак Рэд Эплз. Даляр і сорак цэнтаў.
Бутч адрываецца ад сваіх дакучлівых думак. Ён расплочваецца з Ангелцам Дэйвам і ПАКІДАЕ КАДАР.
[працяг перакладу]
Пераклады папярэдніх частак: [1] [2] [3] [4]