КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

А хто там крэкча?

У адной патэльні смажу бульбу. У другой запякаю два кавалкі курынага мяса з сырам. Думаю пра сусьветны эканамічны крызіс. Думаю і разумею, што крызіс для мяне пакуль знаходзіцца ў сфэры ідэальнага. Усе інфармацыйныя паведамленьні аб крызісных зьявах у краінах сьвету, аб масавых звальненьнях і банкруцтвах не ўспрымаюцца чымсьці рэальным. Яны выглядаюць для мяне ня больш рэчаісна, чым казка пра Івана Сучкінага сына Залатыя пугавіцы або чародны фільм пра Джэймса Бонда.

Кажуць пра страты, якія церпіць нейкая транснацыянальная карпарацыя зь цяжка запамінальным назовам. Але ніводны квант міласэрнасьці не варушыцца ўва мне пасьля гэтай навіны. Бо зь іншых крыніц ліецца інакшая вада, і я ведаю, што ў Дубаі толькі на адзін фаервэрк сусьветныя багатыры спускаюць па некалькі дзесяткаў мільёнаў амэрыканскіх рублёў. Пра падобнае марнаваньне мой бацька звычайна кажа: "Выкінуць грошы ў пельку".

Я дзіўлюся і ўсьміхаюся. Мне ня хочацца аналізаваць прычыны эканамічнага крызісу. Мне ўлом пралічваць яго сапраўдны ўплыў на эканомікі постсавецкіх краін і Беларусі ў прыватнасьці. Але я разумею, што крызіс становіцца моднай штучкай. Зь ім можна насіцца, як Воланд з дудой і прыкрываць якія-заўгодна агрэхі. Тралейбус спазьняецца? – Дык жа крызіс! Плаўленага сырка няма? – Дык жа крызіс! Бурбалак у мінэральнай вадзе стала меней? – Крызіс, вам сказалі! Тарыфную стаўку першага разрада задняй датай панізілі? – Вы хіба ня ў курсе, што ў нас крызіс?!!

Ня стаўшы пакуль для мяне рэальнасьцю, крызіс ня злазіць зь языкоў маіх супляменьнікаў. Гэтае слова чутно штодня. Паўсюль, куды ні ступі, людзі без памяці паўтраюць яго. Звонку гэта павінна нагадваць акт супольнага крактаньня. У гэтым крактаньні скарачэньне вытворчасьці і фантастычныя лічбы звольненых не дзесьці за марамі, за даламі, а ў роднай краіне. Хачацца верыць, што гэта адно толькі спосаб псыхалягічнай абароны, здаўна ўласьцівы беларусам. Рыхтуйся да горшага, а лепшае само прыйдзе.

Даходзіць да сьмешных рэчаў. Вадка-крышталічны экран у аўтобусе паказвае мульцік "Том і Джэры". Кот і сабака падслухваюць размову гаспадароў, якія ня ў стане расплаціцца па ўсіх рахунках, таму вырашаюць пазбавіцца ад сваіх хатніх гадаванцаў. Кот і сабака пачынаюць падлашчвацца да іх, дапамагаць па гаспадарцы, абы толькі не апынуцца на вуліцы. Мульцік, канечне, выпадковасьць. Але выпадковасьць вельмі сымбалічная. Нібы намінка на тое, што гульня ў крызіс неўзабаве можа стаць нацыянальным відам спорту, а спосабы выжываньня будуць ацэньвацца невядомай судзьдзёўскай камандай, якая і вырашыць лёс кожнага па заслугах ягоных. Вось толькі правілы, баюся, ва ўсіх будуць рознымі.

Я чакаю, калі нарэшце зьявіцца прафэсар Прэбражанскі і голасна абвесьціць, што крызіс існуе толькі ў галовах. Але ён ніяк не зьяўляецца. Магчыма для яго зьяўленьня няма ніякіх прычын. А можа папросту не прысьпеў час. Тое ж, што Шарыкавы на падыходзе, не баіцца паведаміць нават галоўная газэта краіны. Гульня ў крызіс чароўным чынам супадае з выхадам з турмаў "браткоў", якія ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя былі асуджаныя за рэкет і іншы модны на той час крымінал. Мець досьвед камунікацыі зь імі на гэтым вітку жыцьця ніяк ня хочацца.

Я думаю пра сусьветны эканамічны крызіс. У адной патэльні згатавалася бульба. У другой – два кавалкі курынага мяса з сырам. Пакуль гэтыя стравы будуць на маім стале, я не дам веры ў сапраўднасьць крызісу. Чорным хлебам з вадой не даводзілася перабівацца нават у часы існаваньня карткавай сыстэмы разьмеркаваньня тавараў. Не давядзецца, я ўпэўнены, і зараз. Мяне турбуе інашае. Калі крызіс стане нашай рэчаіснасьцю, ці здолее ён прапанаваць да хлеба нашага надзённага самы дарагі і вытанчаны напой – глыток свабоды?

8 сьнежня 2008 г.


Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне










Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.