КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 РЫФМА: ЛІРЫКА, ПЕРАКЛАДЫ, ПЕСЬНІ

Роберт Раждзественскі па-беларуску

ІМГНЕНЬНІ
З пагардаю сэкунды не ўспрымай.
Час прыйдзе – скончыш з прымхамі сумнеўнымі.
Ля скроняў посьвіст куляў параўнай
зь нястрымнымі, імклівымі імгненьнямі.

Імгненьні абяртаюцца ў гады,
імгненьні абяртаюцца стагодзьдзямі,
ажно я ўсьведамляю незаўжды,
што ў кожнага імгненьня ёсьць адрозьненьні.

У кожнага імгненьня ўласны сэнс,
уласныя званы, свае адметнасьці.
Імгненьні – цяжар тых, хто спляміў чэсьць.
Хтось абняславіцца, хтось абясьсьмерціцца.

З імгненьняў драбязы сатканы дождж.
Звычайная вада зь нябёс струменіцца.
Здараецца шмат год чакаць, нябож,
пакуль з сваім імгненьнем перастрэнешся.

Вялікім яно будзе, як глыток,
глыток вады, падчас сьпякоты летняе.
А зрэшты, штоімгненьне і штокрок
трымайся абавязку свайго ўпэўнена.

З пагардаю сэкунды не ўспрымай.
Час прыйдзе – скончыш з прымхамі сумнеўнымі.
Ля скроняў посьвіст куляў параўнай
зь нястрымнымі, імклівымі імгненьнямі.

ПЕСЬНЯ ПРА ДАЛЁКУЮ БАЦЬКАЎШЧЫНУ
(Я ПРАШУ)

Я прашу хоць бы на крыху,
Смутак мой, ты пакінь мяне.
Хмаркаю, шызым воблачкам
Ты паляці да роднай хаты,
Адгэтуль да роднай хаты.

Бераг мой, блісьні ў далечы
Рысачкай, ценькай пасачкай.
Бераг мой, ты ласкавы мой,
Ах да цябе б даплыць, радзімы,
Даплыць бы хаця б калі-хаця...

Дзесь у далечы, ладнай далечы
Ідуць грыбныя дажджы.
Дзесьці ля ракі у малым садку
Сасьпелі вішні і казычуць зямлю.
Дзесь у далечы ў памяці маёй
Ізноў маленства цяпло,
Хоць памяць ахутана
Белаю сьнежнаю коўдрай.

Летні дождж напаі мяне.
Напаі. Толькі не забі.
Вось жа зноў, бы ў астатні раз
Я пазіраю ўпарта ў неба,
Нібы там знайду адказы.

Пераклад: 2005 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.