КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Румянцаўскі гурток: показкі пра пэўных гамяльчан

"АРОЛ НАШ ГРАФ РУМЯНЦАЎ..."
###
А быў у Мікалая Пятровіча клясны гурток навукоўцаў гісторыкаў і археографаў. І закарцела раз журналісту і белетрысту Фадзею Булгарыну ўступіць у яго. Прыйшоў ён да графа на аўдыенцыю і кажа:
– Вазьмі мяне, Румянцаў, у свой "Румянцаўскі гурток".
– Соль табе ў вочы, Булгарын! Ці ты хочаш, каб мяне гамельчукі асьмяялі? Прыедзь да нас на траецкі кірмаш, дык пачуеш, што за вясёлаю бяседай чытаюцца ўрывачкі з паэмы, дзе ты імкнешся на Парнас - сівы, кароткі, тоўсты, як чурбан, плюгавы, дужа некрасівы, крычыш, як ашалелы пан.
– А сам ты хіба мальчык із "Плэйбоя"? - пакрыўдзіўся Булгарын і пайшоў у сьлязох прочкі.
Крыўда была такая вялікая, што нават значна пазьней, зьдзяйсьняючы падарожжа з Дэрпта ў Беларусь і назад, спадар Фадзей наўмысна не даехаў да Гомеля.

###
Адным з удзельнікаў "Румянцаўскага гуртка" быў сьвятар і навуковец Іван Грыгаровіч, які пасьля штудыяў у Піцярборку прыахвоціўся найбольш да гісторыі і філялёгіі. Некаторы час ён жыў і працаваў у Гомелі пад патранажам Мікалая Пятровіча. Дык вось аднойчы паклікаў Румянцаў свайго пратэжэ ў кабінэт:
– Слухай, Янка, задзяўбемся мы чакаць гэтага беларускага нацыянальнага адраджэньня. Дык жа не дуры сракі і проста зараз сядай за складаньня беларускага слоўніка. Толькі глядзі, каб ніякай "наркамаўкі". Бяры за аснову граматыку Тарашкевіча.
– А хто надрукуе Скарына ці Логвінаў?
– Там разьбярэмся. Калі што ня так, дык на knihi.com разьмесьцім.

###
Аднойчы духоўнаму бацьку філяматаў і філярэтаў гісторыку Яўхіму Лялевелю на электронную скрыню прыйшоў ліст: "Родненькі Хомка, віншую цябе з Днём Волі. П'ём зь сябрукамі пярцовачку пад барбекю (глядзі далучаны файл). Падкажы які тост. Заўсягды твой – Мікола Румянцаў". "За вольнасьць вашу і нашу!" – прыйшоў неўзабаве адказ.

###
Мікола Румянцаў шмат бываў у заходніх краінах. На ляйпцыгскім кніжным кірмашы ён пазнаёміўся з ірлядзкай пісьменьніцай Джуліяй Парсанс і запрасіў наведаць свой узорна капіталістычны Гомельскі маёнтак. У Гомелі іншаземку ўразіла не тэлевежа ці абноўлены будынак гарвыканкама, а фэрма, дзе гадаваліся найлепшых пародаў авечкі. Прабавіўшы ў атачэньні графа і авечак колькі тыдняў, узрушаная вэгетарыянка зьехала дамоўкі ды неўзабаве нашрайбала знакамітае "Маўчаньне ягнят".

###
Неяк Мікалай Пятровіч шпацыправаў па Гомелю і ўчуў прыемны салодкі пах. Нюх прывёў яго ў хаціну, дзе жанчына частавала сваіх дзетак варэнікамі - акурат даядалі апошні. Засмучаны граф пажаліўся:
– А я так хацеў гэту смачнату пакаштаваць.
– Дык я для вас, таварыш начальнік, уміг прыгатую, - азвалася гаспадыня. - Нават на малацэ спару.
– Спар так, як і сваім малым, - папрасіў Румянцаў.
Ад той пары у Гомелі зьявілася свая салодкая фабрыка "Спартак".

###
Калі ў Віскулях усё было гатова да падпісаньня знакамітага Белавескага пагадненьня, выявілася, што Ельцын зь лішкам перабраў буракоўкі і спаў, як пшаніцу прадаўшы. Колькі Шушкевіч з Краўчуком ні спрабавалі абудзіць расейскага дэмакрата, нічога, што б не парушала дыпляматычны пратакол прыдумаць не маглі. А тут акурат Румянцаў з шоп-туру па Польшчы вяртаўся. Шушкевіч растлумачыў яму ўсю наяўную бяду. Пачухаў граф троху галаву, узяў свой "паркер" ды паставіў згодны росчырк пад гістарычным дакумэнтам: "Сэсэсэру не бываці!".

###
Выйшаў аднойчы Мікалай Пятровіч на бераг Сажа. Бачыць дзеўчына з плэерам, у скураны строй прыкінутая, на беражку гранітным сядзіць ды песьню пра зялёныя канапелечкі расьпяваець. А прычоска ў яе была проста, як на карцінках з тоўстых кніжак пра індзейцаў іракезаў, дый жалезьзя на твары ўсякага многа было. Але Румянцаў не спужаўся, падкраўся да дзеўкі ды крыкнуў на вушка:
– Адкуль будзеш, беларусачка?
– З гомельскага анэграўнда, – адказала тая, і бультых у рэчку.
Колькі граф не чакаў, так яна і ня вынырнула.
З тых часоў у Гомелі хіба толькі лянівы не шукае падзямельляў.

2003 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.