ТЫ
Больш за ўсё на сьвеце
мяне дзівяць дзьве рэчы:
зорнае неба над галавой
і маральны закон ува мне.
Імануіл Кант
На пяць хвілін ты спозьнішся ў рэал,
спытаеш аб рэестры кандыдатак,
падорыш смайл, найлепшы ў сьвеце смайл,
і я забуду цішу, лад, парадак
ледзь-ледзь інсталяваныя ў душы
зь пірацкіх дэмак... Бачаш, як бывае?
Ня твой, ня твой я... Хоць і не чужы...
А ты чыя?.. На гомельскім трамваі
зьяжджае ў церні зоркавы дэсант.
It is no game, хаця ўсё й ілюзорна.
Зь пялёсткаў ружы антыдэпрэсант
гатую я. Штодзень працуюць жорны,
каб ружу расьцярушыць. Толькі зьбег
абставінаў штодзённых чыніць шкоду...
І вось ён сьнег, ружовы летні сьнег
як сымбаль стогадовай адзіноты
з папраўкай на тутэйшы unicode,
на звычку піць пад песьні фабрыкантаў.
І вось я кот, таўсматы чорны кот
лаўлю сьняжынкі і цытую Канта,
чакаючы каханьня й кіці-кэт,
шукаючы памылкам апраўданьне.
Гляджу на сьлед, на твой прастылы сьлед.
А раптам новы дзень з табой настане...
2006 гг.