Астатняя цыгарэта
Адзін мужык паліў цыгарэту і балбатаў. Пры гэтым ён вельмі махаў
рукамі, не зважаючы, якім чынамтрымае напалак. І вось неяк раз мужык ня
зьмеціў, як да вуснаў паднёс ня фільтар, а зваротны бок, і вельмі
абпаліўся. У выніку ў яго разьвіўся рак вуснаў, і неўзабаве пасьля
цяжкіх мукаў небарака сканаў.
Занатавана ад «ваўка каравульнай службы» прапаршчыка Атокі. Тыповая сага з чалавечымі страхамі сучаснасьці.
Блакітная бездань
У аднаго хлапца бацькі зьехалі на лецішча, і ён запрасіў да сябе
сябра зь сяброўкаю, каб гульнуць на вольнай “хаце”. Яны набылі ў
цыганоў сушанае канаплі, накруцілі зь яе цыгарак, схавалі ў пачак ад
“Астры” й выправіліся ў “начнік” па піва. Зайшоўшы зь півам у кватэру,
яны пабачылі бацьку хлапца, які вярнуўся з паўдарогі — забыўся
цыгарэты... Ён сядзеў у майтках і масцы для падводнага плаваньня
пасярод залі й глядзеў па тэлевізары “Le grand Bleu” з Жанам Рэно.
Пачак быў пусты.
У беларусаў ёсьць прымаўка: “Выскачыў, як Піліп з канапель”, над якой этымолягі доўгі час ламаюць сабе галовы.
Княская грыдніца
Адзін дальнабойнік вяртаўся з Масквы ў Глыбокае, адвёз туды машыну
глыбоцкае згушчонкі і цяпер ехаў назад пусты. Ён так сьпяшаўся, што
нават у Полацку не спыніўся, каб падсілкавацца. Але ўжо кілямэтраў праз
дваццаць кішкі пачало зусім зводзіць ад голаду. Шафёр пабачыў пры
дарозе кавярню “Княская грыдніца” і спыніўся. Там яму запрапанавалі
юшку з курыцаю, сьвіныя каўбаскі з бульбай і грыбамі, запечаныя ў
гаршку, лусьцікі з ракавым маслам, халодны журавінавы кісель з
шафраннай булкай на заедак. Стравы былі выкшталцоныя, а цана
памяркоўная. Падзякаваўшы гаспадарам, сыты ды ўсьцешаны дальнабойнік
паехаў далей. Ніхто ягоным расповедам пра файную дарожную кавярню веры
ня даў. Едучы наступным рэйсам у Расею, зьбянтэжаны кіроўца ня здолеў
знайсьці ўпадабанае “Княскае грыдніцы”...
Сюжэт сустракаецца і ў іншых народаў. Вандроўнікі заўжды
імкнуліся ўпрыгожыць расповеды пра свае падарожжы драбніцай фантазіі.
Беларуская цікавінка гэнага варыянту сагі палягае ў тым, што маршрут
дальнабойніка супадае зь легендарным "Альгердавым шляхам", то бок
дарогай, якой вялікі князь Альгерд хадзіў выхоўваць маскву.
Тэрарыст міжволі
Жывучы ў адным зь менскіх гатэляў, многія прыежджыя дэпутаты
Вярхоўнага Савету нейкага скліканьня былі дужа ашчаднымі ў сэнсе
наведваньня рэстарацыяў. Лепш перабіваліся як-небудзь самі ды эканомілі
такім парадкам якія-ніякія грошы. Вось жа аднойчы адзін народны
абраньнік, патомны трактарыст, вырашыў пацешыць сябе боршчыкам з кіслае
капусткі. Наладаваўшы сяго-таго ў трохлітровы слоік, не забыўшы дадаць
ладны шмандэлак сала, ён апусьціў туды ўключаны кіпяцільнік. Дэпутат
сядзеў і мройна пазіраў на слоік у прадчуваньні гастранамічнага
аргазму. Між тым боршчык пачаў даходзіць да кандыцыі, напаўняючы зусім
адметным пахам ня толькі дэпутацкі, але й іншыя пакоі ды калідор
гатэлю. А ў тым гатэлі месьцілася тады японская амбасада, працаўнікі
якой унюхалі раптоўны смурод і нарабілі алярму, палічыўшы тое за
газавую атаку ўсюдыісных тэрарыстаў.
Занатавана ад 40-гадовага палескага апазыцыянэра на адным з сэмінараў у Менску.
Падзялілася
Адна студэнтачка Віцебскага мэдыцынскага замовіла сабе ў кавярні
супу й гарбаты. Паставіўшы еміну на стол, яна літаральна на пару
хвілінаў некуды адлучылася. Калі ж вярнулася, то была амаль шакаваная —
за сталом сядзіць мурын і спакайнютка “точыць” ейны суп. Абурэньне
злагодзілася антырасысцкімі настроямі. Яна села за адзін стол з мурынам
і сказала: “Еж, еж, калі ласачка, я ня супраць. Дай я толькі сваю
гарбату вазьму”. Сказаўшы, узяла і выпіла. Чарнаскуры хлопец адно
зьдзіўлена зерыў на яе. Студэнтка паднялася і зьбіралася сыходзіць, але
раптам заўважыла, што папросту пераблытала месцы — на суседнім століку
стаяў ейны немудрагелісты абед, зусім некрануты.
Адзін мой таварыш па службе кляўся, што такая гісторыя
адбылася ў Менску зь ягонай знаёмай. Сага празрыста нагадвае пра
“жаночае глупяндзяйства”. Прадукт цывілізацыі мужчынаў.
Небясьпечная Coca-Cola
Адзін навуковец хацеў давесьці небясьпечнасьць кока-колы. Для
гэтага ён пакінуў на ноч у вядры з гэтым напоем здохлага пацука.
Наступным раньнем ад жывёлы засталося адно толькі пара шматкоў скуры,
косткі і крыху хваста. Рэшта была зьнішчана кісладзямі колы.
Гэта распавёў мне адзін 15-гадовы вучань на школьнай
урачыстасьці ўлетку. Між некаторых іншых беларусаў існуе яшчэ
перакананьне, што Coca-Cola мае пах клапоў, дзеля чаго яны
асьцерагаюцца ўжываць гэтае пітво.
Прывітаньне ад Арафата
Адна палачанка купіла ізраільскія апэльсыны. Дзеці сталі лупіць, у
адным знайшлі маленькі срабрысты шарык. Усё купленае выкінулі ў
сьметніцу — ці мала што гэта такое, падумалі. Пазьней жанчына прачытала
ў “Народнай Волі”, што гэта арабскія тэрарысты шкодзяць Ізраілю,
труцячы ягоную прадукцыю ртуцьцю, экспартаванай зь Беларусі.
Гастранамічны сюжэт, замяшаны на дражджох сучаснай геапалітычнай сытуацыі.1999-2000 гг.