Залом рашучасьці
Аптэкару ўстыла назіраць за ўзрушаным падлеткам, які сноўдаў туды-сюды, не наважваючыся набыць нешта або спытаць пра штосьці. Таму ён вырашыў сам зьвярнуцца да дзёрганага наведніка. Падлетак нічога выразнага прамовіць ня змог. Аптэкар здагадаўся, у чым загагуліна. Ён дастаў колькі кандомаў і спытаўся, ці ня гэта хлапцу патрэбна. Той сьцьвярджальна кіўнуў. Аптэкар, які лічыў, што сярод маладога пакаленьня такіх закамплексаваных тыпаў нямашака, быў трохі зьдзіўлены. Але зьдзіўленасьці сваёй ён дэманстраваць ня стаў, а наадварот вырашыў падтрымаць падлетка: з добрай усьмешкай узычыў яму посьпехаў на сэксуальнай ніве і выказаў спадзеў, што ў далейшым дзяцюк набывацьме прэзэрватывы толькі ў гэтай аптэцы. Аптэкаравы словы добра супаколілі маладзёнчыка, і перад сваім першым сур'ёзным спатканьнем ён быў поўны рашучасьці і ўпэўненасьці ў сабе. Заставалася адно дробна драбніца – завітаць дамоў да сяброўкі і са згоды яе бацькоў "пайсьці ў кіно". Рашучасьць і ўпэўненасьць зьніклі ў адно імгненьне, калі на званок у дзьверы іх адчыніў бацька хлопцавай пасіі – той самы спагадлівы аптэкар.
Кілбасная каралева
Нейкая мадама, наведваючыся ў крамы, любіла падцібрыць у мясных аддзелах смачнай кілбаскі ці вяндлінкі. Аднога разу яна здолела незаўважна прыхаваць пад паліто ладную кламбушку шынкі. Але па дарозе да выхаду пакража па-здрадніцку нэбнулася на падлогу. Аглядзеўшыся, яна зь непадробным абурэньнем закрычэла: "Я ня поняла, какой пёс у мяне мясам кінуў?"
Лыжню!
Адзін кекс адзначаў улетку сваю днюху. Яго камрады чыста прыкалоліся, падарыўшы пару лыжаў. А той, сам добры жартаўнік ды майстра ударыць па водачцы, як толькі нажлукціўся, дык адразу захацеў праверыць лыжы ў справе. Надзеў, выцягся з кватэры на лесьвічную клетку і стаў імітаваць скачкі з трампліну. Зарубаўся паміж паверхамі, але ні здароўя, ні ўпартасьці ад гэтага ня страціў. Таму падняўся і стаў спускацца на лыжах далей. Тым часам на сваю бяду з кватэры, што паверхам ніжэй, сунулася баявітая суседка – хацела даведацца пра крыніцу шуму. Але "лыжнік" ладна яе прэсануў, бразнуўшыся долу. Госьці, што ўрэшце заўважылі зьнікненьне імяніньніка, прыбеглі і забралі яго, а для непрытомнай суседкі, выклікалі "хуткую". Наступным днём, ледзь перамогшы бадунец, "лыжнік" змог адчуць сваю віну і вырашыў праведаць жанчыну ў больніцы хуткай дапамогі. Там яму паведамілі, што траўмаваная жанчына да іх уначы паступіла. Аднак нязначнасьць траўмаў і няўцямны расповяд пра лыжніка, які, нібыта, яе зьбіў, вымусіў дактароў перавесьці пацярпелую ў псыхіятрычную лякарню.
25.11.2007 г.