КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Сучасныя сагі на розны тэмат

Забойчы вясельны ўбор
Нейкая дзеўка зьбіралася выходзіць замуж і выбірала сабе вясельную сукенку. Прымерыла адну – прыгожая, з мноствам вытанчаных карункаў і шлейфам. Спадабалася. Яе і набыла. І ўсё спачатку было добра. Але на прыстыупках ЗАГСу нявеста раптам зьніякавела і ўпала. Усе думалі, што здарэньне было выклікана ейным хваляваньням перад важнай жыцьцёвай падзеяй. Аднак спробы прывесьці яе ў прытомнасьць закончыліся нічым – дзяўчына была мёртвай. Сталі высьвятляць, што да чаго, і паступова, рознымі шляхамі, дастукаліся да праўды: прыдбаная на распродажы шыкоўная сукенка трапіла туды не ад каго-небудзь, а ад магільшчыка, які зьняў яе з раней памёрлай незамужняй жанчыны. Сукенка пасьпела прасякнуцца трупной труцьцю, якая і забіла няшчасную нявесту.

Начныя петлі
Адна жанчына ехала ўначы на сваім аўто па Гомелю. Ночка была яшчэ тая – рабінавая, ці як там у народзе кажуць? Дождж, вецер, маланкі. Карацей, поўны шыньдзец. А жанчына гэтая яшчэ і нейкімі акалодзьдзямі кружляла-пятляла, і натрапілася ёй на дарозе зламанае дрэва ці там ладны які сук. Няважна. Галоўнае, што жанчына выйшла, з машыны, спрабуючы прыбраць раптоўную перашкоду. Ня ведаю як, але яна гэта зрабіла і зьбіралася зноў сядаць за стырно, але ўбачыла ззаду машыну, якая сыгналіла ёй фарамі. Жанчына спужалася і, сьпехам скочыўшы ў салён, шпарка завяла аўто і націснула на газ. Перасьлед, аднак, не спыняўся амаль да самага ейнага дома. Яна хуценька пакінула машыну і з палёгкай замкнулася ва ўласнай кватэры. Спадзявалася, што гісторыя зь перасьледам, ёсьць толькі плёнам яе фантазіі. Аднак неўзабаве ў дзьверы пазванілі. Жанчына не рэагавала. За дзьвярыма пачуўся мужчынскі голас: "Гэй, у вашую машыну нехта залез". Яна адмовілася адчыняць. Незнаёмец абяцаў прад'явіць пашпарт і тлумачыў, што ў той час, калі жанчына вазёкалася з дрэвам, у яе аўто нехта ўскочыў. Яна ўсё адно не наважылася адчыняць, пакуль не патэлефанавала суседцы. Толькі тады яна, яе суседка і незнаёмец падыбалі да машыны. Дзьверы былі адчыненыя, а ў салёне нікога не было. Толькі на заднім седзіве ляжаў сталёвы трос зь пятлёй-зашмаргай.

Іспыт у беларускай філялёгіі
Кажуць у гомельскім унівэры быў выкладчык ці то беларускае мовы, ці то беларускае літаратуры, які меў стабільную звычку завальваць на іспытах раўнюсенька палову сваіх студэнтаў, дый нават не па адным разе. Аднойчы дзьве студэнткі прыйшлі да яго на пераздачу, разумеючы, што шанцаў у іх 50 на 50. Адна зь іх пачала адказваць. Выкладчык, адразу зразумеўшы, што бліскучым гэты адказ назваць нельга, адправіў студэнтку прэч. Засмучаная, яна чакала сваю аднакурсьніцу недалёк ад корпусу. Неўзабаве, аднак, вакно на другім паверсе расчынілася, адтуль высунуўся той самы выкладчык і зьвярнуўся да яе: "Як добра, што вы яшчэ не сышлі. Вяртайцеся ў аўдыторыю, я залічваю вам іспыт, бо высьветляецца, што ваша сяброўка на шмат тупейшая за вас".

4.11.2007 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.