КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Second security

урывак з апавяданьня

Шчасьлівы мужычок у магерцы на каляровай этыкетцы весела заклікаў пакаштаваць гэты гатунак піва зь лідзкага бровара спадара Пупка. Зрэшты хмяльны напой менавіта з гэтай бутэлькі быў даўно пакаштаваны, а сама пасудзіна стаяла на адмысловым пяшчаным узвышшы і разглядалася вокам праз мушку масыўнага пісталета. "Бах!". Аскялёпкі, як беліцкае груганьнё ад сполаху, разьляцеліся ва ўсе бакі, запозьнена даганяючы сваіх папярэдніц ад пляшак з-пад гомельска-магілёўскіх піўных гатункаў Франца Лекерта. Гэткае стралецтва не было той парожняю ўцехай, каторай бавілася заможнае гомельскае спадарства на поплаве ля Клёнак, пуляючы па кінутых у паветра талерках. Тут рэч была больш сур'ёзная. Прынамсі так здавалася маладому спадару, што цьвёрда трымаў у правіцы бліскучы "Сьміт і Вэсан". У які ўжо раз ён з самазабыўным замілаваньнем разглядаў сваю зброю. Наймальнік сам не зьленаваўся прайсьціся да крамы пана Габрыелава, каб выбраць для службоўцы добры рэвольвэр. Рэвольвэр быў напараўду добрым, і Аляксандар (так звалі маладзёна) не прамінаў раз на месяц праводзіць, рэкамэндаваны яму shot training.   Каб напуста не марнаваць дваццаць пяць капеяк на параход да Клёнак, ён штовыходны ладзіў пешую прагулянку на Мельніцкі Луг, дзе за паўгады пасьпеў зладзіць зь пяску невялічкі палігон.

Праца, як ні круці, красавала толькі выгодамі: някепскі заробак, людзкія умовы, жыльлё ў цэнтры горада ды яшчэ й пісталет у кішэні. І ўсё на законных падставах! Бацька Яўхім і памысьліць пра гэткае ня мог, аддаваўшы колісь сына ў гімназію. Аляксандар сам доўга ня мог паверыць у раптоўнае шчасьце. Як жа ж, меўся досьвед нешанцаваньня, калі ў часе прызыву на зборным пункце ён выцяг нешчасьлівую паперчыну жэраб’я і мусіў на паўтары гады пайсьці ў войска. Служыць давялося пад Яраслаўлем. Аляксандар дзякаваў Богу за тое, што ў Расеі не пачалася чародная рэвалюцыя, а таксама маліўся, каб ягоны полк ня быў кінуты куды-кольвек к чорту лысаму пад зубы ва Ўрэнхайскі край. І сапраўды, акром муштры й салдацкае дружбы, яму ў войску нічога не назаляла, бо духоўны голад ён спатольваў чытаньнем “Нашай Нівы”. Да апошняга прыахвоціўся яшчэ ў Гомелі амаль перад самым прызывам, калі найцяжэйшае з пытаньняў да самога сябе – “Хто я?”, урэшце атрымала выразны ды беспаваротны адказ: беларус. Падчас службы ён ня проста ўважліва прачытваў кожны нумар, а нават завучваў на памяць і, стоячы на варце ля складоў, асабліва начыма, гартаў тую невідочную падшыўку, што неўпрыкмет для камандзераў месьцілася ў яго галаве. А дужа ж падабаліся жаўнеру-беларусу вершы маладога паэта, які іх дасылаў у “НН” акурат зь Яраслаўля. Не зважаючы на жаданьне пазнаёміцца з таленавітым творцам, намеры адшукаць яго так і засталіся намерамі, хаця пад канец службы старшы унтэр-афіцэр Аляксандар Шалюта меў рэчаісную мажлівасьць іх ужыцьцявіць.

Па вяртаньні дадому варыянтаў далейшага жыцьця была ўсяго жменя якая. Льга было, напрыклад, пакінуць Гомель і адправіцца ў які-кольвек настаўніцкі інстытут. Можна было б паспрабаваць уладкавацца ў паліцыю, але душа да гэтага не ляжала, а пратэкцыі не было. Без праблемаў можна было ўладкавацца чарнарабочым на чыгунку ці ў порт, каб апынуцца сярод гушчы габрэйскага пралетарыяту, што слаба кумекаў у справах беларускага адраджэньня. Бацькі нічым парадзіць не маглі, як ня мелі спосабу наагул дапамагчы, бо гадавалі ў далекаватай Несьцераўцы яшчэ восем сыноў і дачок.

Работа ў Руска-Азіяцкім банку падвярнулася нечакана. Адзін знаёмец, колішні сугімназіст, прапанаваў дырэктару гомельскай філіі кандыдатуру Аляксандра. Дырэктар, пачуўшы пра беларуса, які выдатна скончыў гімназію, а ў войску даслужыўся да унтэр-афіцэрскай годнасьці, адразу ж пагадзіўся запрасіць таго на сумоўе. Сумоўе прайшло гладка, і нават падкопныя пытаньнейкі дырэктаравага намесьніка па кадрах ня зьбілі дзецюка з панталыку. Шалюта атрымаў у выніку месца кур’ера і дадатковага вартаўніка. “Second security”, – нібыта па-ангельску прамовіў кадравік, каб не псаваць слых шматаблічным расейскім “сторож”. Зрэшты на старажаваньне другая задача была падобная мала. Яна ўвогуле вынікала толькі з таго, што дах над галавою Аляксандар атрымаў не абы-дзе, а ў тымсамым банкаўскім будынку на паддашку (penthouse). Таму Шалюта проста мусіў спачываць, прыхаваўшы пад падушку пісталет, а ў разе небясьпекі рабаўніцтва – збройна прыйсьці на першы паверх у помач ахове. “Рабунак у цэнтры горада? Хіба гэткае ўвогуле магчыма за вярсту ад княскага палацу і за паўтары ад паліцэйскае ўправы?” – разважаючы пра ровень бясьпечнасьці прапановы, пытаўся Аляксандар сам у сябе. Лішні шэлег за спаньнё зь пісталетам быў цалком дарэчным, бо яго ставала ня толькі на падпіску ўлюбёнае газэты, але й на амаль штотыднёвае наведваньне з каханкай нятаннай рэстарацыі “Мядзьведзь”. А быў яшчэ ж і асноўны – кур’ерскі заробак! Самы момант настаў як галушка па масьле плаваць, дзелячыся час ад часу кавалкам гэтага масла з бацькамі...

Усё было б зусім цудоўна, калі б ня думка пра заганнасьць вакольнай рэчаіснасьці. Яна зь лішкам кампэнсавала ўяўную адсутнасьць грашовых клопатаў, занурвала  сэрца ў такою смугу, якая горкім дымам выядала вочы. Аляксандар цікавіўся гісторыяй, але прачытаных кніг не ставала, каб самастойна дайсьці да цяму, што ж адбываецца навокал. Ён ніяк ня мог уразумець, чаму на зямлі беларускай няма беларускіх гарадоў, чаму беларусы апынуліся пераважна за гарадзкою рысай – у вёсках, нібы амэрыканскія індзейцы ў reservation. Гэта яго вельмі дапякала, бо меў геніяльную неасьцярожнасьць памысьліць пра стварэньне беларускай дзяржавы. Быццам смаляная стрэмка, думка тая засела ў галаве, і не было такой шпількі ці іголкі, здатнай вярнуць ранейшы спакой...

 Вось жа Аляксандар Шалюта, цэлячыся ў бутэлькі, ня быў надта пэўным у тым, што перад сабою бачыць: шкляную пасудзіну ці твар кагосьці з тутэйшых чарнасоценцаў або западнаруссов. “Бах!”. Ён добра памятаў гімназічныя гады і тыя выпелегаваныя вечнарумяныя морды прыродных маскалькоў, зьмяіныя вочы ды юдавы ўсьмешкі спанатраных у лізаблюдзтве дзетачак тутэйшых іванькаў нічога-ня-помню. Памятаў добра, хаця гэтыя згадкі і блізенька не ляжалі ля прыемных. Поўхі і кухталі за “ня тыя” гукі і словы. Расстрэл сьнежкамі па той жа прычыне і дзеля своеасаблівай пацехі. Ён памятаў добра. Не забываў і собскага “геройства”, што выйшла найперш зь перамогі над сабою, а ўжо пасьля з наймацнейшага высьпетка тынінай па пысе адному з крыўдзіцеляў спаміж ночнае цемры. Адзіна толькі неба ведала, як удалося ўнікнуць лапаў шматлікіх разьбіральнікаў, што сталі мітусіцца наўкруг таго здарэньня... Многіх ён сустракаў ужо ў гэтым – новым і заможным – жыцьці. Хтось бязьмерна занядбаў сябе ў п’янстве, бл.дзтве і нюханьні какаіну. А нехта, тарнуючы тых самых грахоў памяркоўна, працягваў цьвісьці злаебнымі краскамі. І тыя, і гэныя пры сустрэчы пыхалі полымем нянавісьці, адно што не аднолькава адкрыта. “Бах!”. Пляваць ён на іх зараз хацеў зь вежы цукровага завода Паскевічаў. Але ж так мліла ад іхніх забавак “русским великодержавным шовинизмом”, як выславіўся адзін зь недазволеных цэнзураю аўтараў...

 Усе бутэлькі былі пастраляныя. Аляксандар схаваў гарачы яшчэ рэвольвэр у кішэню сурдута і павольна рушыў у бок Гомеля, дзе чарнелі змрочныя хаціны Каўказа. Гэтыя гомельскія празыванкі розных гарадзкіх частак яго надта сьмяшылі. Каўказ, Амэрыка, Сьвісток... Па Каўказе хадзіць адному было нядужа бясьпечна, меў ён кепскую рэпутацыю: піяцтва і буяцтва упоравень з усялякімі немачамі цьвілі тут пышным кветам. Зброя надавала сьмеласьці і пэўнасьці, але толькі ня зручнасьці для хады па вуліцах. Здавалася, рука чалавека ніколі пасьля збудаваньня не дакраналася да іх. Былі яны абсалютова непрыстасаваныя для прагулянак пешшу. У іншых месцах хаця б драўляныя ходнікі (дый яны ня чысьціліся!) ратавлі тутэйшую грамаду ад мусовасьці круглы год не разьвітвацца з паляўнічымі ботамі й адпаведным адзеньнем. На Каўказе не было й гэтага. За тое ўсюдых было накідана  ці абы-як складзена размаітага драўлянага хлуду, цэглы й каменьня, швэндаліся з напалеонаўскай годнасьцю гавяда ды сьвіньні. Шалюта стаічна трываў кожны свой “транскаўкаскі пераход”, завяршаючы яго каля гарадзкое вязьніцы. Там ён іншым разам супыняўся, углядаўся ледзьве не да амарокі ў ейныя муры ды паўтараў паўшэптам няўцямныя словы-насланьнё: “Будуйце самі сваё рабства!”. Па тым заставалася трошку прайсьціся да Румянцаўскае вуліцы, каб адчуць пад здарожанымі нагамі плітку ці асфальт, каб займець навідавоку збольшага прыстойныя будынкі. Румянцаўская, лепшаю часткаю сваёй, была застаўлена каменнымі будынкамі з гаўбцамі, вежамі, шпілямі. Тут месьціліся раскошныя магазіны зь вітрынамі і сажневым люстраным шклом, рознага кшталту крэдытныя ўстановы, канторы, бюро, гатэлі, рэстарацыі. Усё гэта зь нядаўніх часоў для Аляксандра сталася, калі не сваім, дык прынамсі не такім чужым, як раней. Зрэшты ідэалягічна ён не падабаў нікога, пачынаючы ад гаспадара гатэля “Масква” пана Івіцкага і трымальніка гадзіньнікавай крамы пана Марынбаха, сканчаючы ананімнымі наглядчыкамі цэнтральных публічных прыбіральняў. За гэтымі раскошай і бляскам бачылася зьмізарненьне беларускага народа, з чыёй цяжкай працы жывіліся ўладныя людзі гэтага краю Расейскай імпэрыі. Думкі былі занадта крамольнымі, каб вымаўляць іх голасна. Гэта штурхала яго за крэс раўнавагі, але аднога пісталета на ўсю каляніяльную “п.зда-брацію” было зусім недастаткова.

 Аляксандар колькі разоў націснуў кнопачку званка, заклікаючы ўмоўным сыгналам ахову адчыніць дзьверы банка. Кашчавы начальнік аховы падпрапаршчык Цюрменка праз хвілю ўпусьціў яго ўнутро будыніны. На пытаньне ахоўніка пра shot training Шалюта абыякава махнуў рукой і падняўся на паддашак. Трэ’ было памыцца, пагаліцца й пераапрануцца, бо ўвечары мелася адбыцца сустрэча з каханай дзяўчынай. Аляксандар запаліў газьніцу, паставіў грэцца ваду і падыйшоў да вакна. На вуліцы паволі пачынала вечарэць. Будынкі насупраць – двухпавярховы дом і навюткі гатэль “Савой” – былі бачныя яшчэ досыць выразна, а вось званьніца Траецкае царквы ўжо губляла спакваля ўстойлівасьць сваіх абрысаў. Маладзён заплюшчыў вочы. З хвіліну ў зацямрэчаным зроку стаяла тая самая заваконная карцінка, дзе найясьней адлюстраваўся тэлеграфны слуп зь неімавернай колькасьцю бэляк для дратоў. Не любіў яго Шалюта ад часоў улазін, калі, паддаўшыся шалапутліваму настрою, стаў варажыць на тых слуповых бэльках, нібы краса-дзяўчына на рамонку: “Кахае. Не кахае”. На бэльках атрымалася “кахае”, а насампраўдзе – здрада й пасьпешлівыя ўцёкі каханкі ў Кіеў на пару з прышчыкаватым махляром-картыжнікам. Аляксандар дужа перажываў і прыкрасьці паспытаў на ўвесь рот. Аб каханьні Марыі, каторую спаткаў трохі пасьлей ён варажыць зарокся. Сама дзяўчына падстваў для турбавіскаў не давала, хаця й цалавалася з жарсьцю сама мала Клеапатры Эгіпецкай.

     Наведнікаў ва ўстанове спадара Фёдарава увечары мусіла быць нямала. Цудоўна знаючы пра гэту акалічнасьць, Аляксандар загадзя замовіў столічак для двох падалей ад эстрады ды ад вокнаў, што выходзілі на паштовую кантору. Каханая не спазьнілася ні на капку, і ад Гогалеўскага бульвару яны рушылі ў рэстарацыю. Ва ўсьмешках і рухах Марыі Ламакі хлапец заўважыў якуюсь няпэўнасьць ці то нерашучасьць, быццам дзяўчына баялася сказаць яму такое, што абяцала быць непрыемным.

– Ці ня лепш усё распавесьці адразу? – ненавязьлівым, але чэпкім тонам прамовіў ён. Тая змоўчыла, узьняла свае зялёныя, як нясьпелы агрэст, вочы і хуценька заплюскала імі, ні як ня могучы адказаць.
– Кажы, – халоднай любаснай  уладарнасьцю веяла ад Аляксандра.
– Ну не сярдуй ты, пане-каханку, –  зусім па-дзіцячы прамовіла Марыйка, – я выйграла спабор... Спабор на стаж... На стаж у Варшаве... Пры катэдры Карскага...
– Усё-ткі ўдзельнічала? – Шалюта раздражнёна заварушыў скуламі. – Хто ён твой Карскі?! Западнарус між капелюшом і чаравікамі. Белорусское племя. Белорусское наречіе. На чый млынок вада ліецца?
– Сьцішся, дружа, – сур’ёзна й важна адцяла каханка. – Хто б казаў? Ці мо’ для беларускага народа ты ў сваім банку ліхі шэляг абабіваеш?

Аляксандар зачырванеўся горай, чымся б у лазьні якой пабыўшы, але суладзіў з барвою і адпавёў на абразу:

– А ты, каханая, гэтай маёй клятай капейкай мяне не папікай. Я ж ня зь ёй у руках на сьвет грэшны паявіўся. Яна мне пасьля гора-бяды, ліха-злыбяды дасталася. Дый ці надоўга? Не папікай. Няма ж за маімі плячыма беларускае дзяржавы. А ёсьць вось гэта... – ён зрабіў няпэўны рух даланёю – ... імпэрыя, дзе мы з табой природныя обыватели бяз права сабой звацца. Я ж прынамсі пра Беларусь думаю...
– Дык можа й Карскі думае пра Беларусь. Скажы, што па-просту ня хочаш мяне ад сябе адпускаць. Царства Польскае, ці далёкі сьвет? Га?
– Ведама, не хочу – прыкметна палагаднеў Аляксандар і больш да тэмы не вярнуўся.

Рэстарацкі прыдзьвернік, скасавурыўшыся на чародную пару, даў дарогу. Каханыя, пакінуўшы шатніку сваё верхняе адзеньне перайшлі ў залю. Вечар толькі пачынаўся. Яшчэ не было шызога туману ад накуранага, а гамана прысутнага народа ня мела празьмернага запалу. Музыкі спадара Музынскага ціхутка гралі штось бязроднае. Па мутных келіхах Шалюта разьліў champaign.

– За твой стаж, – узьняў келіх ён.
– За наша каханьне, – бязгучна выдыхнула дзяўчына.

На эстрадзе зьявіўся сьмешны канфэранс’е, які доўга кашляў, патрабуючы ўсіхняе ўвагі, ды ўрэшце абвесьціў: “Ladies and gentlemen! Сягоньня ў нас сэнсацыя! Маладая і надта таленавітая сьпявачка  пані Эсмэральда Жаранкова”. Выйшла сапраўды юная дзеўчына, талент якой трэ’ было яшчэ ацаніць. Слодычны погляд. Пульхныя вусны шыракаватага рота. Стрункія грудзі пад атляснай сукенкай. Усё гэта ніяк не стасавалася зь песьняю, што загучэла з эстрады. Такое зазвычай мямлілі нягеглыя таўсматыя саракоўкі.

Вечером летним мы с Вами гуляли.
Сердце тревожно шептало: “Люблю!”.
Вы из романса слова напевали:
“Как я страдаю, что Вас я люблю!”.

Рамансу Аляксандар ня слухаў, але зь невымоўным напружаньнем сачыў за пяюхаю, мысьлямі ўкладаючы ў ейныя вусны іншыя словы. Яна не змагла б іх тут запяяць – устыдалася б і ў публікі посьвістак абурэньня выклікала б. Ага, як там?

Зорка Вэнэра ўзыйшла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла...


Паспрабуй тут з гэткім выступіць!

     Шалюта самадзяржаўна кульнуў кілішак гарэлкі, хітра зірнуў на перадзіўленаю каханку ды пашыбаваў у бок аркестры. Марыя ўважна пільнавала ягоныя дзеі. Падыйшоўшы да канфэранс’е, ён колькі сэкундаў штось шапатаў яму на вушка. Канфэранс’е відавочна бянтэжыўся і матляў галавою, адмаўляючыся ад нашаптаных прапановаў. Аляксандар быў настойлівым і настойлівасьць сваю аздабляў асыгнацыямі, якія няўрымсьліва астаўляў у кішэнях незгаворлівага фацэта. “Вось мантач,” – думала сабе Ламака. Між тым мантач здалеў-такі вядоўцу ўмалёгаць. Апошні з выяўным хваляваньнем выйшаў на эстраду: “Ladies and gentlemen! Вашай увазе прапануецца музычны выступ нашага заўсёдніка спадара Аляксандара Шалюты”. Публіка, занятая асабістай гаманою, не зважала на гэтыя словы. Абвешчаны пяюн, змагаючы раптоўнае трымценьне ў целе, распачаў:

Нікчэмнасьць гарадоў.
Убоства паяздоў.
У сожскіх берагоў
Бяспамяцтва няслава...

Гоман у залі пакрысе стаў запрападаць. Нязвыклая для гэткіх інтэр’ераў мова кроіла слых, цяла мозаг, крамсала душу ці ня кожнага з прысутных. Здавалася, што ўсе сталі гальмаваць, марудзіць у сваіх думках, ня могучы падшукаць адпаведнае рэакцыі. Песьня працягвалася ў поўнай цішыні.

Галодная гайня.
Бярэмя і сьпіна.
Чаму мяне няма,
Дзе ё мая дзяржава?..


Во-во мусіў грымнуць не абы-які прыпеў. Але заміж яго прагрымеў загадны покрык чалавека ў чорнай масцы, што аб’явіўся пры дзьвярох: “Ня рухацца! Гэта экспрапрыяцыя! Грошы, футра, каштоўнасьці аддаць маім памагатым!”. Паперад гарлапана высьлізнулі два зморыша з аналягічнымі павязкамі на тварах. Яны зьбірался ўжо пачынаць “экспру”, але Шалюта, хапіўшы ўлюбёны "Сьміт і Вэсан", у тры стрэлы паклаў навечна долу нядобрых візытоўцаў. Публіка не пасьпела нічога сьцяміць, і толькі пару чалавек ніякавата дзёргалі галовамі. “Вось табе і гацацa!” – з прысьвістам прамовіў Аляксандар і папрасіў рахунак...

Гомель, 2003-2004 гг.

Прачытаць гэтае апавяданьне цалкам магчыма, набыўшы кнігу прозы "Імя грушы".

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.