КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАННІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Гістарычнае здумленне

“Воды многи не могли суть угасити любви…”,
альбо нататкі пра каханне у Вялікім Княстве Літоўскім


Слова ў дарогу
Тэкст пададзены ніжэй друкаваўся ў газеце "Наша слова" 7 красавіка 1999 г. Аўтару тэкста тады было без малага 22 гады, ён сканчаў гістарычны факультэт ГДУ імя Ф.Скарыны і пісаў дыпломную на тэму "Генезіс беларускай нацыянальнай ідэі ў ХІХ ст.", а між напісаннем заглыбляўся ў іншыя тэмы гісторыі Беларусі.

Артыкул пісаўся з выкарыстаннем класічнага правапісу ("тарашкевіцы"), але рэдакцыя "Наша слова" канвертавала яго на правапіс афіцыйны, пакінуўшы, што праўда, мноства тарашкевічных элементаў. У цяпершаняй публікацыі правапіс збольшага уніфікаваны пад сучасны афіцыйны. Усё лексічныя, стылістычныя і іншыя адметнасці захаваныя, як захаваныя і мінімальныя праўкі з боку тагачаснай рэдакцыі газеты "Наша слова" (рэдактар Станіслаў Суднік) улучна са змененай назвай. Аўтарская назва артыкула: «“Воды многи не могли суть угасити любви…”, альбо нататкі пра сэкс у Вялікім Княстве Літоўскім».

У друкаваным варыянце артыкул яшчэ меў прысвячэнне, якое пры цяперашняй інтэрнэт-публікацыі вырашана апусціць за неактаулаьнасцю і малацікавасцю для аўдыторыі. Для зручнасці ўспрыняцця тэксту некаторыя вялікія тэкставыя масівы падзеленыя на абзацы, чаго не было ў друкаванай версіі 1999 г.

Аўтар загадзя просіць прабачэння за наіўнасць вывадаў, барочнасць мовы і дзікія пасажы, якія сустракаюцца цягам усяго артыкула.

Barbara Radziwillowna. Барбара Радзівіл

Спаміж размаітых тэмаў, што абміналіся ўвагай у беларускай гістарыяграфіі ёсць тэма кахання як сексу (сексуальных паводзін, свядомасці і г.д.) у гісторыі Беларусі. Секс жа ёсць неадоймнаю часткай чалавечага бытнавання ўва усе перыяды развіцця чалавецтва. Секс стаецца важнейшым чыннікам, які значна ўплывае на адметнасці характару і паводзін асобы. Нездарма знаны псіхолаг Зыгмунт Фройд зрабіў гэты панятак кутнім каменем сваёй тэорыі неўсвядомленага. Відавочна, што гістарычныя даследзіны па дадзенай тэме могуць даць у перспектыве добры плён. Пакуль жа, беручыся за распрацоўку тэмы, я трымаўся мэты давесці мажлівасць падобных даследзін на беларускім матэрыяле, свядома абраўшы часы Вялікага Княства Літоўскага.

З даўніх часоў суседзі будучага ВКЛ праўдзіва-непраўдзіва падкрэслівалі сексуальную актыўнасць нашых продкаў, якія "чужых жанок умыкалі" дый наогул былі "дужа да юрлівасці схільнымі". Негледзячы на пранікненне хрысціянства сексуальная свядомасць першых ліцьвінскіх князёў заставалася спрэс паганскай. Многія з іх працягвалі традыцыю "ўмыкання жанок". Князь Міндоўг (1195?-1263), не зважаючы на свае ці не 70 гадоў, пасля смерці жонкі падманам забавіў ейную сястру і пабраўся з ёй. Князь Кейстут (1300?-1382) узяў сабе за жонку прыгажуню паганку Біруту. Дарма, што яна жыла на берагах Балтыйскага мора, "багам сваім... паабяцала дзявоцтва захоўваць, і саму яе людзі лічылі за багіню".

Сын Кейстута і Біруты вялікі князь Вітаўт (1350?-1430) быў знаны не толькі, як выдатны палітычны дзеяч, але і як вельмі шчадралюбны мужчына. Захаваліся звесткі аб тым, што ён не раз у часе вайсковых паходаў пакідаў войска, каб спатоліць прагу жаночае ласкі ў абдоймах жонкі ці чарговай каханкі. Гэта не замінала яму лічыцца хрысціянінам, хаця свядомасць, як і ў папярэднікаў, была ў яго паганскай. Сваю другую жонку, Ганну Смаленскую, мяркуючы па усім, кахаў непамысна дужа. Яна таксама ступала за ім у кожнай радасці і нягодзе. Нават у знакамітым крэўскім палоне (1382) яна была з мужам, і каханкі, відаць, не марнавалі часу. "Князь вялікі Вітаўт сядзеў у Крэве пад моцнаю вартай, а дзве жанчыны прыходзілі ў пакой класці спаць яго і княгіню", – не без падтэксту паведамляе "Хроніка Быхаўца". Ці не пасля адной з такіх начэй узнік план Вітаўтавых уцёкаў.

Зацятая і напружаная палітычная барацьба, а таксама забойства крыжакамі двух малых сыноў (1392) відавочна значна паўплывалі на псіхалагічны, а можа быць і на фізіялагічны стан Вітаўта. Так ці інакш, але ён памёр не пакінуўшы па сабе спадкаемца, не гледзячы на трэці шлюб.

Вітаўтаў стрыечнік, а цягам доўгага часу і палітычны супернік, князь Ягайла (1348?-1434) меў, на маю думку, ладныя сексуальныя комплексы, якія і спараджалі пастойную патрэбу гучна даказваць нешта іншым. То сваё першынство у Вялікім Княстве перад братамі, то "наяўнасць і будову асобных частак (свайго) цела" ў лазні перад пасланнікамі польскай каралеўны Ядвігі, да якой ён меўся сватацца. Тое ж імкненне да інтэграцыі з Польшчай мажліва было трансфармаванай праявай тых сексуальных комплексаў Ягайлы.

Зрэшты я магу і памыляцца, але насцярожвае яшчэ адзін факт. Будучы чатыры разы жанаты, у Ягайлы толькі з чацвёртай жонкай (Соф'яй Гальшанскай) з'явіліся дзеці, калі яму самому было ужо блізу 80-ці гадоў. Не дарма вялікі князь Вітаўт выказаў сумніў, што тыя дзеці былі законнымі.

Цягам ХV ст. хрысціянская царква ў ВКЛ значна ўзмацніла свой уплыў на грамадзянскую свядомасць. Тычылася гэта і сферы маральных узвычаенняў. Але прапагандаваная хрысціянствам аскетычнасць і стрыманасць сексуальных паводзінаў у сямейным жыцці і рэлігійная забароненасць пабочных полавых стасункаў датрымліваліся ў ВКЛ, як і ў Заходняй Еўропе не заўсёды. Гэтаму спрыяла з аднаго боку кансервацыя рэштак паганскай свядомасці, з другога – пэўны ўплыў еўрапейскіх гуманістычных поглядаў на чалавека і чалавечае жыццё. У кожным разе секс не мог заставацца паза ўвагай.

Як вядома, нават у "Бібліі" ёсць дастаткова многа сюжэтаў звязаных з сексам. У 1517-1519 г.г. выдатны беларускі гуманіст і асветнік Францішак Скарына надрукаваў вялікую частку біблейскіх тэкстаў у перакладзе на старабеларускую мову. Між іх была і "Песнь песням" – шэдэўр старажытнай эратычнай лірыкі, паэма аб каханні караля Саламона і смуглявай красуні Суламіфі. "Се ты коль красна есь, приятелко моя... Яко завивание червеное уста твоя, и молвение твое сладко... Две перси твое, яко два младых козелца – близнеци серны... Вся красна есь, приятелко моя, и посквернения несть на тобе..." "Воды многи не могли суть угасити любви, иниже реки затопять ея". Эратычны пафас яскрава выяўляецца у гэтых радках. Адылі ў прадмове да "Песни песням" Ф. Скарына нібыта не заўважае гэтага пафасу, азіраючыся, відаць, на мажлівыя ганенні з боку царквы.

Наогул Ф. Скарына быў прыхілыіікам святасці і непахільнасці сям'і, здаровых сямейных дачыненняў. У часы фактычнага панавання у еўрапейскіх дзяржавах "цывілізацыі мужчын" (вызначэнне А.Гурэвіча), калі жанчына лічылася "патоўпішчам граху", наш выбітны асветнік бачыў у жанчыне найнерш чалавека са сваімі моцнымі і слабымі рысамі характару.

У ХVІ ст. у Польшчу, а заразом і у Вялікае Княства трапляюць у пераказах і цытаваннях асобныя навелы са знакамітага "Дэкамерона" слыннага італійскага гуманіста Дж. Бакача (ХІVст.) Тым часам у ВКЛ адбыўся самы знакаміты любоўны раман, падрабязнасцяў якога хапіла б на некалькі ладных кніг. Раман і тайны шлюб між вялікім князем літоўскім (адначасова – каралём польскім) Жыгімонтам Аўгустам і дачкой віленскага кашталяна Барбарай Радзівілянкай апынуліся ў цэнтры ўвагі грамадства ВКЛ і Польшчы.

Сёння гэтая гісторыя сталася ледзьве не хрэстаматыйнай, таму я адзначу толькі некаторыя моманты. Любоўная сувязь Жыгімонта Аўгуста з Барбарай мела значны ўплыў на ягоны характар, найперш на рашучасць у дзеяннях, стання незалежнай ад маці Боны Сфорцы пазіцыі. З іншага боку выразна засведчыла сябе ханжавітасць вышэйшых колаў ВКЛ і асабліва Польшчы, што праявілася ў адмоўным стаўленні да шлюбу каханкаў (1547). "Гэтаму ажэнству каралёваму паны і ўся шляхта і рыцарства, апрача дому Радзівілавага, не былі радыя і вельмі засмуціліся", – адзначае з гэтай нагоды "Хроніка Быхаўца".

Неўзабаве пасля шлюбу княства напоўнілася памфлетамі, дзе Барбара за велягурыстасцю мовы фактычна абвяшчалася прастытуткай. Адзін з праціўнікаў шлюбу Андрэй Гурка, збіраючы "кампрамат" на жонку караля вылічыў па імёнах 38 ейных былых палюбоўнікаў – імаверных і неймаверных. Але, не зважаючы на ўсе плёткі, каханне між Жыгімонтам Аўгустам і Барбарай не згасла, а праціўнікі мусілі адступіць перад рашучасцю караля і вялікага князя. Барбара аддалася мужу целам і душою. "Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану, ад пана Бога жадаю доўга фартуннага здароўя на вечную пацеху мне, найменшай служцы Вашай каралеўскай мосці", – пісала аднойчы яна да Жыгімонта Аўгуста.

Смерць Барбары ў 1551 г. выклікала у Жыгімонта Аўгуста шок і прыгнобіла яго духова. Не зважаючы на чарговы шлюб, ён меў пабочныя сексуальныя сувязі ("амурныя інтрыгі"), беглы водгук аб якіх патрапіў нават у мемуары наваградскага падсудка Тодара Еўлашоўскага. Апошні прыпамінаў, што пасабляў "в потребах короля его милости, хоть ми та послуга мерзила".

Як бачым, у гісторыі з Жыгімонтам Аўгустам і Барбарай хрысціянекая мараль адыходзіла на другі план. Праўда і самі царкоўнікі нярэдка не красавалі цнатлівасцю. Між іх быў мітрапаліт Анісіфор Дзевачка, які за амаральныя паводзіны быў пазбаўлены ў 1589 г. сану. Ягоны сучаснік полацкі біскуп Сымон дазволіў сабе даволі сумніўнае для рупліўца хрысціянскай веры выказванне: "Аще девицу встрещещи, буде бесплоден день, аще жа блудницу получный, благий и много купледейства полный".

Натуральна, што існавалі і сапраўды хрысціянскія погляды на мараль, у т.л. і сексуальнае жыццё. Выдатны беларускі філосаф і багаслоў Сымон Будны (1530?-1593) у прадмове да свайго "Катэхізіса" зазначыў, што маральнасць чалавека залежыць ад датрымання ім закону Божага, інакш людзей чакае новы Садом. Садом жа, як вядома, ёсць біблейскім сімвалам разбэшчанасці плоці і духу.

Праваслаўны дзеяч Апанас Філіповіч (1597?-1648) лічыў цноту асновай сапраўднай веры. Узгадваючы ў сваім "Дыярыюшы" аголеную жанчыну, якая бегала па вуліцах, ён ігнаруе любыя плоцевыя думкі і параўноўвае аголенасць са становішчам праваслаўнай царквы ў ВКЛ. У ХVІ ст. езуіты прынеслі ў ВКЛ традыцыю бічавання як дзейснага сродку для стлумлення парываў плоці. У вершаваных творах Сімяона Полацкага (1629-1680) полавыя стасункі у кожным разе называюцца блудам і звязваюцца з д'ябальскімі падкопамі, бо "демон углие плоти разжигает". Абвяшчаецца, што між плоццю і душой ідзе пастойная вайна. У гэтай вайне за плоць выступаюць пахацімства, пачуцці, жарсці ды "страмныя уды". Душа ж змагаецца малітваю.

За ўсім гэтым пільнаваннем цнатлівасці у Сімяона Полацкага нараджаюцца неверагодныя гісторыі маралізатарскага кшталту, сюжэты якіх зацікавілі б многіх псіхааналітыкаў. Вось адзін з прыкладаў. Манах-пустэльнік заганарыўся, а ганарлівасць лічылася страшным грахом. Д'ябал, убачыўшы тое, пастанавіў правучыць манаха. Ператварыўшыся ў дзеву, ён паўстаў перад манаскай келляй і стаў прасіцца пераначаваць. Манах упусціў да сябе пераўвасобленага д'ябла, які стаў хутка "блудныя глаголы вносити", распаляючы манаха. Манах, пэўны, што перад ім дзева, займеў неўзабаве "мысль до дела блудного" і быў гатовы блуд учыніць. Але д'ябл рассакрэціўся, рассмяяўся і паабяцаў пекла манаху, якога спакусіў на новы грэх...

У пекле ж, па словах іншага аўтара ХVІІ ст., Яна Белабоцкага, распуснікаў – "начных кажаноў, за блудам плоці ходкіх" – чакаў жудасны вогнены ложак, на якім бы ім разрывалі чэравы. Падобныя маралізатарскія гісторыі мелі яўна застрашальна-дыдактычныя мэты і былі распаўсюджаныя і ў Заходняй Еўропе.

Чыста застрашальную функцыю мелі тыя артыкулы Статута ВКЛ 1588 г., што так ці інакш тычыліся сексуальных паводзін. За "чужаложства" (шлюбную здраду), даказанае належным чынам прадугледжвалася пакаранне смерцю. Тая ж кара чакала вінаватага у згвалтаванні жанчыны. Зразумела, што юрыдычныя санкцыі застрашалі не ўсіх. Прыкладам, шляхціцы ладзілі банкет і, добра натрактаваўшыся, выпраўляліся шукаць прыгод на землях суседа. А ўжо там яны пачыналі "броити а шебунковати", збіваючы слуг, сялян, а жанчын незалежна ад стану "крыўдзілі крэпка".

Пакаранне за згвалтаванне адбывалася не заўсёды. Часта выратоўвалі злачынцу радавітасць і сувязі. Падобным чынам была ўлагоджана справа аб згвалтаванні паненкі дэпутатам трыбуналу літоўскага (чэрвень, 1636г.). Тым не менш, згвалтаванне лічылася з даўніх пор агідным учынкам. За часы Вітаўта жаўнеры злоўленыя на гэтым змушаліся да павешання сябе саміх. Але ізноў жа многія вычварныя з'явы не міналі земляў ВКЛ. Да нашага часу ходзяць легенды аб лютых панах-гвалтаўніках. Дакументальна засведчана, што ў князя Марціна Радзівіла (перш. пал. ХVІІІ ст.) быў уласны гарэм.

Нярэдкаю з'яваю, напэўна, былі няшлюбныя полавыя стасункі па ўзаемнай згодзе. Я марна шукаў у даступных мне мемуарах і дзённікавых тэкстах сучаснікаў адкрытыя прызнанні аб гэтым. У аўтараў спрацоўваў механізм нутраной цэнзуры, і многае засталося паза тэкстамі. Здаецца толькі ў Альбрыхта Станіслава Радзівіла я знайшоў цікавую з гэтай нагоды згадку. На запознены шляхецкі банкет 2 лютага 1636 г. са знатнымі, але брыдкімі мяшчанкамі з'яўляюцца нарэшце дзве "гладкія і з прытворствам" жанчыны. І аўтар разумее, што "нутро аказалася больш схільным да распусты", чым да танцаў.

У пачатку ХVIII ст. быў запісаны цікавы верш. які з'яўляецца па сутнасці антыподам згаданым вышэй маралізатарскім творам Сімяона Полацкага, але ў нечым саступае народнай песенна-інтымнай лірыцы.

Сам я не знаю, як на свети жити,
Бывши з телом, на земли Богу не грешити,
А я хочу житы и еще грешити,
А тут кажут умертии во гробе гнити.


Ананімны аўтар стварыў вобраз чалавека, які адмаўляецца ад любых праяваў хрысціянскай маралі.

У завершанне гэтых нататак мне б хацелася прывесці некалькі словаў і словазлучэнняў са скарбніцы старабеларушчыны, якія датычаць тэмы сексу. "Злучэнне", "венус" – "полавыя стасункі"; "взяти до лона", "лучитеся" "злучатися", "злучатися на любов", "любы творити", "мети ложе (з кім-небудзь)" – "мець полавыя стасункі"; "лоно" – "полавыя органы мужчыны ці жанчыны", "члонок" – "полавы чэлес", "ложесно" – "похва".

Такім чынам у Вялікім Княстве Літоўскім існавалі самыя розныя погляды на секс. Яны фармаваліся пры сутыкненні паганскай і хрысціянскай свядомасці, залежна і незалежна ад грамадскай думкі. Гуманістычныя тэндэнцыі перакрыжоўваліся з пурытанствам, каханне з блудам, узаемнасць з гвалтам... Пашырэнне кола крыніц дасць мажлівасць з цягам часу прасачыць кожную тэндэнцыю больш падрабязна.

Наша слова. 1999. 7 красавіка. С.5.

Выява паводле: www.polityka.pl


Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.