Птушыным шляхамШто ж, бывай, зыходжу я туды,
дзе выслаў сьцежкі Белабог.
Там, дзе кроплі чыстае вады
зьнікаюць у агнёвых снох.
Там, дзе кроплі чыстае вады,
дзе выслаў сьцежкі Белабог.
Дык бывай жа! Я іду за божым птахам.
Дык бывай жа! Я іду птушыным шляхам.
Дык бывай жа! І ня ўпрошвай азірнуцца.
Дык бывай жа! Сэнс - пайсьці і не вярнуцца.
Новы дзень імжою ахіне,
абдыме дымам і смугой.
Ты яго сустрэнеш безь мяне.
Я за гарою - твой герой.
Ты яго сустрэнеш безь мяне.
Не за гарою твой герой.
Дык бывай жа! Я іду за божым птахам.
Дык бывай жа! Я іду птушыным шляхам.
Дык бывай жа! І ня ўпрошвай азірнуцца.
Дык бывай жа! Сэнс - пайсьці і не вярнуцца.
[2001?]
БЕЛАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ
(КОЛЕР МАЁЙ РЭВАЛЮЦЫІ)*
Белы сьвет
Белы дзень
Белы сьнег
Квецень белая дрэваў вішнёвых
Я чакаў
Я шукаў
Шпарка бег
Памыляўся я ў справах і словах
Белы сон
Белы час
Белы твар
Цела белае першай любові
Я дайшоў
Я знайшоў
Колер мар
Я сягоньня да волі гатовы
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
Белы Бог
Белы хлеб
Белы сьпеў
Крылы белыя велічных птахаў
Я кахаў
Я трываў
Я пасьпеў
Аж дарэшты пазбавіцца страху
Белы рух
Белы шыхт
Белы плён
Беларускіх вачэй прасьвятленьне
Гэты дзень
Гэты час
Гэты звон
Вызваленьне ідзе. Вызваленьне
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы
2005
__________________________________________________
*Песьню гурту "Siver" на гэтыя словы магчыма спампаваць тут
СТАЛІНГРАДЗгараюць гарам ночы й дні
Ў высокаякасным агні
Чаўрэе сэрца ў цыклі страт
Маё каханьне Сталінград
Сярод агню, сярод руін
Гук mp3 Аўрыл Лавін
Ачоліць снайпэр гіт-парад
Маё каханьне Сталінград
У вулічных баях я страціў не каханьне
У вулічных баях я не любоў знайшоў
Я на руках твой страх нясу ў сівым тумане
Надзея на губах, што must go on this show
Загадам 227
Я быў пазбаўлены праблем
Шукаць з агню шляхі назад
Маё каханьне Сталінград
Зь сяржантам Паўлавм твой вальс
Быў чыстым, нібы эдэльвайс
А я – сабака! – быў ня рад
Маё каханьне Сталінград
У вулічных баях я страціў не каханьне
У вулічных баях я не любоў знайшоў
Я на руках твой страх нясу ў сівым тумане
Надзея на губах, што must go on this show
2005-2006