КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Стыў Айлет па-беларуску

Крышадзюб

Тэры Тантамаўнт жыў, быццам кацянё, якое караскалася па лесьвіцы. Ён і блізка не ўяўляў, як трэба слушна казаць у той ці іншай сытуацыі. Дый наагул яго разуменьне слушнага і няслушнага выглядала вельмі адмыслова.

– Я набрала вагу?
– Так, дзякуй богу.

На званым абедзе, калі ён узяў двух амараў, зьвёў іх разам і стаў імітаваць іх гутарку – нават тут ён ня здолеў выбзьдзець адпаведнага словаабмену. Людзей перасмыкала ад зьбянтэжанасьці. Іншым разам ён заўважаў, што яго спрабавалі абараніць, але пераважна яму бачыліся расчараванасьць, пагарда, гнеў і нават грэблівасьць.

– Не кажы мне, што ты спаў увесь гэты час.
– Добранька.

Калі-нікалі жаданы адказ утрымліваўся ў самім пытаньні, але гэта здавалася такім абсурдным махлярствам – ці ж людзі нагэтулькі сябе зьневажалі, што прагнулі падмануцца?

– Гэй, татулёк, каб я ня ведала цябе так добра, то падумала б, што ты раўнуеш.
– Я перакананы, ясачка.

У дзяцінстве гэтыя пудлаваньні выглядалі натуральна, як падгарэлае печыўка, але як што час паціху шлапацеў, яны ператвараліся ў банальныя гузакі неаднойчы пабітага. Ён даведаўся, што “Як маешся?” не было пытаньнем, і іншыя асновасяжныя рэчы. Але ён іх не разумеў і мог ня больш, чым апусьціць перад імі сваю дзюбу. Што далей? Выгадаваць сабе шкуру годнасьці? Удаваць абыякавасьць? Гэта былі запякельныя мукі.

– Рэспубліканец ці дэмакрат?
– Я павінен выбіраць?

Вычварныя ўяўленьні Тэры пра сумленнасьць і сэнс зрабілі яго гэткім жа папулярным, як тую падпаленую шыну. Калі ў кагось наўпрост ставілася пад сумнеў сапраўднасьць дакумэнтаў, людзі засьведчвалі поўную рашучасьць унікнуць праблемы, Тэры ж зазвычай адчуваў літасьць і саступаў. Будучы загнанымі ў кут, яны зьвярэлі ці прынамсі хлусілі не падсяваючы, каб пры нагодзе задаць лататы. Яны здаваліся дробнымі фэрмэрамі на дзялянках чужых меркаваньняў.

– Здагадайся, што ў мяне ёсьць.
– Чортвед як схаваны дзённы расклад?

Спачатку ён думаў, што ягоная сяброўка Янда змагла б яго навучыць рэплікам у гэтым прасьцякоўскім фарсе. Але яна стала ўхіляцца і нават саромецца. “Ніхто не задае такіх пытаньняў”, – заявіла яна. Але ж існаваў Тэры. У яго не было іншага выбара, апроч як здагадвацца, што яна мела на ўвазе. Гэты шлях быў усланы вар’яцтвам. Штосьвітаньне ён прамяўляў простую высокародную малітву пра камунікабэльнасьць.

– Што там Янкі?
– Але, што там яны?

Аднак факты выяўляюцца там, дзе спакуса ярчэе наймацней. Тэры заўважыў, што Янда заўжды атрымлівала шмат пошты – сама мала адну капэрту. Аднойчы яна не атрымала нічога, дык пачувалася ніякавата. Яна нават закрычала на яго пасярод размовы: “Што я магу сказаць на гэта?!” Гэта быў ці не адзіны раз, калі яна ня ведала ўласных рэплік дыялёга.
Ідэя пратачылася ў яго галаву, быццам ліса, якая плазам лезе пад тын. Калі праз колькі дзён Янды не было дома, ён учыніў ператрус. Пад ложкам знайшлася паштовая капэрта зь невялікім сцэнарам. Цяжкі скраб.

– Я набрала вагу?
– Не, канечне.
– Не кажы мне, што ты спаў увесь гэты час.
– Не, канечне.
– Гэй, татулёк, каб я ня ведала цябе так добра, то падумала б, што ты раўнуеш.
– Не, канечне.
– Рэспубліканец ці дэмакрат?
– Дэмакрат.
– Здагадайся, што ў мяне ёсьць.
– Файна. Я люблю гэтую гульню.
– Што там Янкі?
– Ну, чацьверты і дзясятка, мяч на іх трыццаціярдавай лініі, і сорак сэкундаў на ўсё.

Сцэнар утрымліваў набор слушных фразаў іх зь Яндай штодзённых дыялёгаў. У той вечар ён трапна адрэагаваў на ўсе Яндавы рэплікі, і ейны твар пасьвятлеў. Спачатку Тэры падабалася, што яна дае веры, нібы гэта ён сам, але неўзабаве яе захапленьне стала выклікаць у ім толькі агіду. Хіба яна зусім не цаніла сапраўдныя словы? А сцэнарны матэрыял быў вельмі шэрым, ня меў і каліўца натхненьня. Ён мусіў сябе стрымліваць, каб не дадаць кропелькі барваў. Але ён ведаў, як гэта бянтэжыць людзей.

Ён высьветліў крыніцу паштовых адпраўленьняў – комплекс у горадзе. Ён спадзяваўся, што гэта будзе нешта цікавае – бункер у стылі Маўнт Вэзэр ці Пінайскага схова. Але пабачыў бязьлюдную фабрыку, якая нічуць не давала сьвятла. Тыя самыя бэжавыя плыні дыялёгаў бессупынна перапрацоўваліся пад шэрымі комінамі, сьляпая вытворчасьць тоесных кодаў, зьвязаных і прамаркіраваных для адпраўленьня. У гэтай аўтамтызацыі не было месца ні для чуласьці, ні для зласьлівасьці. Энэргія ў гэтых надта кульгавых лістах ні стваралася, ні разбуралася.

Вывучаючы справаздачы, Тэры дазнаўся, што яго ўласныя сцэнары памылкова дасылалі нейкаму Тэлі Тантамаўнту ў тым самым горадзе. Ён выйшаў каля дома гэтага чалавека і ў дзьвярах быў прывітаны ашалелым, усхваляваным уломкам, знэрваваным мерцьвяком з шарыкамі ад дэзадаранта ў вачніцах.

– Сказаў жа, ня трэ’ мне нічога! – крычаў перапужаны мужычок.

Сэрца Тэры трымцела ад разуменьня.

– Тэлі? Я ведаю, праз што ты мусіў прайсьці. Нічога ня клеіцца? Ты атрымліваеш сцэнары, якія прызначаюцца мне, дзядзька. Тупарласьць адміна.

Мужчына напружана глядзеў.

– Я... Я ня ведаю, што сказаць.

І Тэры ўбачыў, як той стаў поўніцца палёгкай, што выціскала сьлёзы на твар.

Чытаючы старыя сцэнары, якія мужычок даў яму, Тэры шыбаваў дадому. Няўжо меркавалася, што ён павінен быў прамаўляць гэта? Гэтую безгустоўнасьць, фальш, убоства.Ня дзіва, што людзі саромеліся прызнаць, як яны заняпалі ўласным духам перад вось гэтым. Ён подаўна здагадваўся, што калі патрапіць раскрыць прыроду гульні, то ўважыць яе задужа бязглуздай і марнай, каб пачынаць гуляць. Стаць баязьлівай курыцай? Пражыць жыцьцё як маток кінастужкі? Засьцерагацца заўсёды ад уварваньня ў арыгінальнасьць? Дзеля чаго? І што яму застанецца? У параўнаньні з гэтым яго цяперашняе жыцьцё – напружанае і турботнае – здаецца цікавай прыгодай.

Яму, пэўна, пашанцавала. Ён адчуваў лёгкую свабоду, яго канцавіны ў суставах спалучаліся са сьвятлом, але адначасова яго сэрца аблівалася крывёю ад спачуваньня да тых, хто праходзіў побач зь ім. Вось тут ён са сваімі пакутамі, а вось тут яны без прыроджанай яскаркі, якая натхніць на змаганьне ці прызнаньне.

– Ты здарожыўся?
– Янда, – прамовіў ён, сядаючы і адкідваючы ў бок сцэнары. – Слухай. Насамрэч я не ганюся за нейкай асьветаю. Нябёсы не трываюць ні хітрыкі, ні мудыркі. Ад гэтай стрэмкі ў галаве адны нязручнасьці, я разумею, і я павінен, мабыць, сказаць, што я шкадую, хаця гэта толькі здагадка наконт маёй рэплікі. Але я хачу, каб ты ведала. Незважаючы на твае цьверджаньні, якія стаяць барыкадамі перад праўдай. Незважаючы на тваё жаданьне існаваць адно дзеля дробязей. Незважаючы на твае вялізныя намаганьні пахаваць сябе, закрэсьліць свой розум і спапяліць сваю сьмеласьць. Незважаючы на тваю спробу выдаліць усе пазнакі адметнасьці – я бачу цябе. Раднуля, ты анёл. Утрапёная, мяккая ў гранях, перапужаная, ты зазнаеш пякельныя мукі з тым, што маеш. Я кахаю цябе ўсю, аж да самага драбнюткага атама. Што ты скажаш на гэта?

Улетку 2009 г. пераклаў Сяргей Балахонаў, паводле Jawbreaker. By Steve Aylett from Toxicology

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.