КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЦЯЖНАЯ

 ЛЮБОЎ НАРОДНАЯ: АРТЫКУЛЫ, ІНТЭРВІЮ, ГУТАРКІ, ДОПІСЫ

Студэнты філалагічнага факультэта ГДУ пра будучае беларускай літаратуры

Публікацыя пад назвай “А што там далей?”, змешчаная ў “ЛіМе” 9 красавіка 2010 года (на маім сайце гл. гэты матэрыял тут - С.Б.), выклікала неадназначную рэакцыю чытачоў. Нагадаем сутнасць таго матэрыялу...

Выпускнікам філалагічнага факультэта БДУ было пра панавана напісаць невялікія эсэ – паспрабаваць зрабіць своеасаблівыя “прагнозы” адносна “будучыні айчыннай літаратуры”. Тры пытанні, на якіх студэнты павінны былі засяродзіць увагу, фармуляваліся такім чынам: 1) Твор часць якіх сучасных пісьменнікаў будзе запатрабаванай чытачамі ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя? Якія творы сыдуць у маргіналіі, не будуць карыстацца ўвагай наступных пакаленняў? 2) Якія тэндэнцыі выявяцца ў нацыяналь най літаратуры ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя? 3) Якія тэмы і праблемы будуць на ўвазе мастакоў слова праз 40-50 гадоў? (Пры гэтым асобна адзначалася, што маюцца на ўвазе менавіта ўзоры сучаснай літаратуры, бо каштоў насць класічнай спадчыны сумневу не падлягае).

Зразумела, меркаванні студэнтаў - суб’ектыўныя. У іх, як і ў кожнага чытача, - свае густы, погляды, літаратур ныя прыярытэты. Таму зусім не дзіўна, што ў ацэнках творчасці адных пісьменнікаў яны кардынальна разы шліся, а наконт іншых - аднадушна пагадзіліся.

Дацэнт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Ала Брадзіхіна прапанавала сваім студэнтам далучыцца да га воркі. Такім чынам, сёння ў чытачоў “ЛіМа” ёсць магчы масць пазнаёміцца з меркаваннямі навучэнцаў філалагічнага факультэта ГДУ.

(Лада Алейнік)

Веру ў шчырасць
Даўно сказана, што мінулае ёсць пачатак будучыні. Менавіта клопатам пра будучыню беларусаў як нацыі, якой суджана існаваць на працягу многіх стагоддзяў, народжаны творы на гістарычную тэму. Таму я лічу, што скарбонку лепшых мастацкіх палотнаў, якія здольныя захапляць прыхільнікаў сапраўднай літаратуры на ступных пакаленняў, будуць складаць творы такіх сучасных аўтараў, як А. Дудараў, А. Наварыч, В. Іпатава. Галоўная ж задача пісьменнікаў нашага пакалення заключаецца, перш за ўсё, у тым, каб найбольш дакладна і шчыра адлюстраваць гістарычную праўду сённяшняга жыцця для наступных пакаленняў.

На маю думку, праз некалькі дзесяцігоддзяў пісьменнікі будуць пісаць так, як пісалі нашы класікі, у крайнім выпадку, не горш. Галоўнае, што патрабуецца ад майстра слова, заключаецца, перш-наперш, у тым, каб твор быў напісаны праўдзіва і шчыра, бо хлусня, нават зусім невялічкая па сваіх памерах, імгненна адчуваецца і такі твор, наўрад ці знойдзе свой шлях да сэрца чытача, выхаванага на лепшых узорах айчыннай класічнай літаратуры.

Сюжэты твораў будуць усё больш захапляльнымі. У сувязі з гэтым хачу ўзгадаць майго любімага пісьменніка Івана Шамякіна, якому, упэўнена, няма роўных у мастацтве ствараць займальны сюжэт. Калі ж гэта будуць вершаваныя радкі, няхай яны будуць падобныя на пяшчотныя і дужа сардэчныя “гісторыі ў вершах”, якія належаць пяру вядомай беларускай паэтэсы Е. Лось.

Хочацца верыць у тое, што праз некалькі дзесяцігоддзяў за кнігамі айчынных празаікаў і паэтаў будуць выстройвацца вялікія чэргі, а чытачы будуць нецярпліва чакаць адкрыцця кнігарні дзеля таго, каб набыць кожны новы твор, напісаны таленавіта і па-беларуску.

АЛЕНА ПАЎЛАВА, 5 курс

***

Будучае за інтэлектуальным чытачом
Думаю, паступовае паніжэнне прамалінейнай умоўнасці мастацтва і імкненне да уніфікацыі -- вось прыкладны шлях развіцця беларускай літаратуры ў наступныя 30–40 гадоў. Межы паміж літаратурай і сапраўднасцю “размыюцца”. Мастацтва слова перастане быць мастацтвам у звыклай нам форме, стане толькі фіксацыяй гэтай рэчаіснасці, яе дубляваннем (эскалацыя плыні нон-фікшн у сучаснай літаратуры -- таму пацвярджэянне).

Магчыма, з цягам часу відазменяцца формы традыцыйнасці. Вонкавы кансерватызм зменіцца больш складанай устойлівасцю ўнутраных фактараў, якія арганізуюць літаратуру. Сама традыцыйнасць пры гэтым не знікне – яна стане толькі менш прыкметнай. Мастацкі твор больш не будзе ўяўляцца скончаным і застылым “матэрыялізаваным” фактам. Кожны чытач зможа самастойна працягнуць сюжэт, па меры сваёй адукаванасці. То бок літаратура будзе адпавядаць запатрабаванням розных сацыяльных катэгорый, стане універсальнай.

Хуткасць змены стыляў і кірункаў усё больш паскорыцца -- выразны знак іх надыходзячага канца. Аднак на змену вялікім стылям і кірункам прыйдуць індывідуальныя стылі, роля якіх будзе павялічвацца па меры росту ў літаратуры асобаснага пачатку. Развіццё індывідуальных стыляў нароўні з велізарнымі магчымасцямі, якія яно адкрывае, звязана з вялікай небяспекай: з’яўленнем “псеўдастыляў”, штучна прыдуманых тэрмінаў і дэфініцый. Таму велізарнае значэнне будзе мець рост асабістай культуры чытача, здольнага зразумець літаратуру.

Сярод сучасных творцаў, чые імёны стала асацыіруюцца з эксперыментальнай паэзіяй, безумоўна, застанецца ў гісторыі лі таратуры А. Разанаў, якога ўжо сёння можна назваць “жывым класікам”, сярод празаікаў гэтае месца, на мой погляд, належыць В. Казько. Магчыма, будуць ці кавымі для нашчадкаў лепшыя вершы В. Шніпа і А. Глобуса. Аднак у прозы апошняга з названых пісьменнікаў, думаю, будучыні няма. У межах развіцця “урбанфіласофіі”, якая можа стаць адной з дамінантных тэндэнцый “новай літаратуры”, вытрываюць У. Арлоў, Г. Дубянецкая, а таксама маладая паэтэса В.Трэнас.

Заўтрашні дзень працягне не толькі сённяшні, але і ўчарашні: паводле вартаснасці ацаніць сучаснае мастацтва можна толькі на фоне стагоддзяў. Якім будзе аблічча беларускай літаратуры праз 30–40 гадоў залежыць ад таго, што дзеля яе развіцця зробім сёння. Адзінае можна сказаць дакладна: будучае мастацтва слова не столькі за адыёзнымі памкненнямі саміх аўтараў і звышфіласофскім зместам іх твораў, колькі за інтэлектуальным чытачом.

АЛЕСЬ БАРАНОЎСКІ, 4 курс

***

Пераможа пасіянарнасць
Размаўляла напярэдадні з сяброўкай, таксама філолагам. Спытала яе: “А што будзе з беларускай літаратурай гадоў праз трыццаць, як лічыш?” Думала нядоўга: “Ведаю, што мае дзеці наўрад ці будуць чытаць творы па-беларуску…” Размаўляла з настаўнікам са школы, якую скончыла, бо цікава пачуць меркаванне ўсебакова адукаванага і проста цікавага чалавека. Мой ранейшы настаўнік па гісторыі ўпэўнены: “Літаратура -- культурны працэс, які адбываецца на працягу амаль чатырох тысячагоддзяў, і вось так узяць і скончыць сваё развіццё, а тым больш існаванне, не зможа”. Вось так. Як бачыце, акрамя песімістычных адказаў тыпу “канец беларускай літаратуры”, нямала і людзей, настроеных пазітыўна. Гэта прыемна. Сапраўды, пакуль жыве чалавек стваральнік культурнага працэсу, напрыклад, мой таленаві ты аднагрупнік Алесь, вершы якога друкаваліся неаднойчы (а жыць і пісаць ён будзе доўга), будуць і вынікі пачуццёвай дзейнасці творчай асобы.

Згадзіцеся, што многія кнігі сучасных, асабліва маладых, аўтараў цяжкавата знайсці ў кніжных крамах побач з атласамі і дапаможнікамі абітурыентам. Сёння ў пошуках упадабаных словатвораў дапамагае беларускі Internet, які ўжо наплёў усеабдымнае павуцінне сайтаў. Нягледзячы на выдаткі “сеціратуры” (суседства таленавітых і графаманскіх твораў), менавіта Internet у будучым дапаможа развіццю нашай літаратуры і, здаецца мне, можа адбыцца, што выкарыстанне яго павуцінава-сайтавай мовы народзіць новыя напрамкі ў літаратуры. Калі былі ўжо pager-вершы, быць можа, з’явяцца якія-небудзь незвычайныя net-вершы. Чым не новае адгалінаванне ў паэзіі? У гэтым кантэксце трэба згадаць А. Хадановіча, які, магчыма, застанецца ў гісторыі беларускай паэзіі як адзін з таленавітых пачынальнікаў літаратуры на tut.by, што будзе плённа развівацца і далей.

Сучасны фармат беларускай літаратуры знаёміць нас з мноствам імёнаў і стракаціць тэкстамі на любы густ. Мы ўжо перастаём здзіўляцца той колькасці творцаў, што ўпрыгожваюць сёння і без таго харызматычнае, шматнастраёвае аблічча нашай літаратуры. Але ці многія з іх застануцца ў памяці? Дакладна, што з падручнікаў і хрэстаматый не знікне імя паэта-філосафа, паэта-рэфарматара А. Разанава. Упэў нена, што ўшанавана будзе творчасць паэта-пасіянарыя А. Сыса. Магчыма, некаторыя творы постмадэрнісцкага характару таксама стануць не толькі часовым захапленнем забаўкай для сучаснікаў. Маю на ўвазе гомельскага пісьменніка С. Балахонава. Ягоны зборнік “Імя грушы” падабаецца цікавым і інтрыгуючым сюжэтам, некаторыя часткі можна параўнаць са стылем Барыса Акуніна.

На пытанне “Што адбудзец ца з літаратурай?” смела адказваю: літаратура адбудзецца і будзе адбывацца зноў і зноў, бо ў любыя часы жывуць пісьменнікі-пасіянарыі, якія вядуць адзін з адным пераклічку праз стагоддзі і абараняюць святое ў літаратуры. Іх шмат, гэтых анёлаў-ахоўнікаў, і не толькі літаратуры, а і іншых відаў мастацтва.

А праз дваццаць-трыццаць гадоў беларускую літаратуру будуць рэабілітаваць, калі спатрэбіцца, дзеці маёй сяброўкі.

ВЕРА КРЫЎЦОВА, 4 курс

***

Застанецца сумленне
Для кожнага з нас заўтрашні дзень -- загадка. Цяжка нават адказаць, што можа здарыцца нават праз некалькі імгненняў ці хвілін з нашым жыццём. Вядома, што час -- гэта хутка плынная рака. Таму напісанае можа быць сёння актуальным, але заўтра апынуцца на запы леных паліцах.

Сумленны пісьменнік ча сцей за ўсё хвалюецца за тое, што застанецца ад яго і пасля яго. Сапраўды, што здарыцца з беларускай літаратурай праз 30–40 гадоў? Ці працягнецца “эра малых жанраў”, або ізноў надыдзе час раманаў-эпапеяў? Сённяшняе пакаленне не любіць чытаць. Ці жадалі класікі, каб іх чыталі ў сухім, бяздушным скарочаным варыянце? Адказаць няцяжка, але пачуццё сумлення трапіць у будучыню, на жаль, у скажоным выглядзе, кароткім пераказе бацькоў у стылі “што такое добра і што такое дрэнна”.

Магчыма, праз паўстагоддзя стануць папулярнымі кнігі ў адзін радок ці нават у адно слова. У сусветнай літаратуры гэта існуе і зараз. Нядаўна атрымаў узнагароду пісьменнік за твор, які складаецца з усяго толькі аднаго радка -- трох слоў, са змешчанымі ў кнізе ілюстрацыямі і крытычнымі каментарыямі. Мабыць, гэта і ёсць са праўдная эстэтыка, “мастацтва дзеля мастацтва”...

Набылі цікавасць электронныя варыянты кніг. Чалавек лянуецца сам шукаць патрэбны твор, а часцей звяртаец ца да інтэрнет-рэсурсаў. Але якасць выкладзенага матэрыялу пакідае жадаць лепшага: памылкі ў напісанні, адсутнасць многіх знакаў прыпынку часта мяняюць нават сэнс твораў. Спажывец літаратуры развучыўся звяртаць увагу на якасць зместу і формы падачы кнігі. Траціцца і сама сутнасць назвы “кніга”.

Хто ведае, што будзе пасля? Галоўнае, каб беларуская літаратура заўсёды займала пачэснае месца ў агульнанароднай свядомасці і не страчвала сусветнай вартасці. А вось клопат пра змест і форму даўно ўжо застаўся за плячыма сучаснікаў. Так, творы Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, Д.Бічэль-Загнетавай -- новая класіка на рубяжы тысячагоддзяў. Запатрабаванымі будуць і творы на гістарычную тэму, і найперш проза Л.Дайнекі, Л.Рублеўскай і інш. Не страціць актуальнасці, на жаль, і тэма Чарнобыля, а таму будзе папулярнай паэзія і М. Мятліцкага. З маладзейшага пакалення ёсць шанц застацца ў гісторыі ў В.Жыбуля і зусім юнай яшчэ Вікі Трэнас.

Разважаючы пра магчымыя шляхі развіцця беларускай літаратуры ў ХХІ стагоддзі, узгадваю радкі А. Разанава з “Пункціраў”: “адна сцяжына -- і тая ў неба”.

Вікторыя АГЕЕВА, 3 курс

***

Прагнозы — няўдзячная справа
Вось каб даведацца, што з бе ларускай літаратурай праз 40 гадоў будзе!..

Gdyby, ah gdyby na wierzbie ros?y grzyby... Жыве чалавек -- жыве яго цікаўнасць! І нічога ўжо з гэтым не зробіш.

Але вернемся да беларускай літаратуры. Па-першае, тое, што яна будзе існаваць, -- гэта факт. Куды ж дзенуцца тыя творы, што ўжо напісаны? Надта ўжо складана ўявіць, што яны нейкім чынам проста знікнуць. Растварацца... Растануць... І адправяцца перасякаць прасторы сусвету. Жах!

Ці, можа, іх спаляць? Уявіце: насуплены змрочны злыдня ходзіць па бібліятэках ды кніжных крамах, забірае ўсе кніжкі, а потым іх паліць. Яшчэ большы жах. Але бяда яго ў тым, што ён не будзе ведаць: да маёй маленечкай бібліятэкі ён дабрацца не зможа. І зноў -- беларускія кніжкі будуць існаваць.

Па-другое, тое, што яна будзе развівацца, таксама факт. Пакуль існуюць тыя “вар’яты”, што захапляюцца беларускім словам і нават размаўляюць па-беларуску, літаратура на іх роднай мове будзе жыць, развівацца. Яны ж, гэтыя дзівакі, такія хітрыя: не проста сваёй літаратурай захапляюцца, яны і сваім дзецям дадумаюцца перадаць гэтае захапленне. А тыя дзеці -- сваім дзецям, а тыя -- сваім дзецям... Вось вам не такі ўжо складаны рэцэпт развіцця беларускага слова ў часе і прасторы.

А вось каб яшчэ даведацца, хто з сучаснікаў будзе праз тыя 40 гадоў радаваць мяне сваімі шэдэўрамі... Куды ж мы дзенемся без усіх тых, хто за раз ужо стварае свае непаўтор ныя, вялікія творы. Напрыклад, цяжка будзе ўявіць літаратуру без такіх асоб, як Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Нераток. Хочаце праверыць? Сустрэнемся праз 40 гадоў.

А ўвогуле, літаратура -- дама капрызная, наравістая. Хто ведае, куды яе занясе. І не тое што праз 40 гадоў, а нават праз год. Будучыню занадта цяжка прадказваць...

Вольга ГРЫНЬ, 3 курс

***

У пошуках вартасці
Мяркую, што ў бліжэйшыя 30–40 год у цэнтры ўвагі мастацтва будзе нацыя, у свеце стане модным адрознівацца ад іншых роднай культурай (аднак не саломай і лапцямі). Таму ў беларускай літаратуры і крытыцы застанецца Пятро Васючэнка, з уласцівай яму шчырасцю і далікатнасцю; сёння права перавярнуць літаратурны “пясочны гадзіннік” належыць гэтаму чалавеку.

Беларусь ператворыцца з Краіны Паэзіі ў Краіну Эсэ (эсэ, па сутнасці, -- самы беларускі жанр, які гарманіруе з нашым менталітэтам, жанр, блізкі людзям, здольным тонка адчуваць, павольна думаць; эсэ не дорыць букет кветак, яно заманьвае іх водарам). Безумоўна, лідэрамі ў гэтай галіне застануцца Уладзімір Арлоў і Валянцін Акудовіч, апошні, дарэчы, трывала замацуецца ў гісторыі літаратуры (і не толькі) яшчэ і таму, што названы “беларускім філосафам” (гэта ўжо не святар-філосаф Кірыла Тураўскі, не пісьменнік-філосаф Кузьма Чорны).

У сённяшнім рэзкім папаўненні колькасці жанраў аўтары самі разгубяцца, любое пісьмо прыйдзецца назваць творам, а гэта небяспечна для літаратуры. Таму многія з аўтарскіх жанраў знікнуць ці, у лепшым выпадку, пачакаюць свайго часу. Зменшыцца і колькасць аўтараў, многія з якіх сталі “пісьменнікамі” толькі дзякуючы лёгкаму працэсу выдання кнігі.

Аднымі з самых запатрабаваных стануць кнігі Р. Барадуліна. Будучы пенсіянер А. Хадановіч праз колькі год напіша чарговую кнігу і застанецца адным з самых папулярных паэтаў першай паловы ХХІ стагоддзя. Працягне ўвекавечваць жыццё свайго па калення С.Прылуцкі. А вось творчасць З. Вішнёва, С. Мінскевіча, М. Мартысевіч і інш. хутчэй за ўсё будзе ўзгадвацца толькі ў якасці прыкладу пры напісанні тэарэтычных работ пра сучасны літаратурны працэс.

У прозе спрэчным, але папулярным застанецца Ю.Станкевіч, але хочацца, каб побач з’явіўся такі ж моцны па стылі, але больш светлы па тэматыцы пісьменнік. Не знікнуць з прозы і А.Федарэнка, А. Казлоў і інш. Месца другога боку “празаічнага” медаля будзе чакаць свайго творцу.

А вось выратавальніка беларускай драматургіі ў бліжэйшым будучым я не бачу. Напісанае А.Макаёнкам па сённяшні дзень чакае таленавітага нашчадка, які здолее прыняць тыя жанрава-стылёвыя і тэматычныя шляхі, якія былі адкрытыя з такой скрупулёзнасцю і ўважлівасцю. І.Сідарук, якога называюць самым таленавітым сучасным драматургам, на мой погляд, абсалютна далёкі ад жаданых вынікаў. Спробы паэтаў (Л. Дранько-Майсюк) і празаікаў (Ю. Станкевіч) напісаць п’есу таксама не зусім удалыя.

Чаго мы наўрад ці дачакаемся ў бліжэйшыя два дзесяцігоддзі, дык гэта беларускамоўнага кітчу і літаратурнай рэкламы на вулічных шчытах. Беларуская літаратура моцна залежыць ад сацыяльна-гістарычных падзей. Хацелася, каб у будучым рашаючую ролю адыграла мастацкасць, каб літаратура адштурхоўвалася не ад знешніх умоў, а ад унутраных, уласна мастацкіх. Аднойчы беларуская літаратура вуснамі Кузьмы Чорнага маліла: “Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню”. Дзверы даўно знойдзеныя, трэба проста падабраць правільны ключ, адзін з мноства магчымых.

ІРЫНА БАЖОК, 5 курс

***

Tribus verbis
Што ж будзе з беларускай літаратурай праз 40–50 год? Большасць людзей цікавяць не творы ў любімым жанры, а “любімыя” (папулярныя, рас кручаныя, аўтарытэтныя, модныя) аўтары. Але гэтак адбыва ецца скрозь у свеце. Таму мала пісаць таленавіта, трэба быць яшчэ “прамацыйна апрацава ным”. А прамацыйна будуць апрацоўвацца ў беларускіх cродках масавай інфармацыі так званыя нацыястваральныя аўтары і творы.

Відавочна, што сённяшні чытач -- не толькі спажывец масавай культуры, але і яе выхаванец. Тое, што раней сарамліва хавалася, сёння становіцца “культурным мэйнстрымам”, а па сваёй масавасці і ўздзеянні на фарміраванне густаў шырокай публікі часта значна пераўзыходзіць уплыў сур’ёз нага мастацтва. Адным словам, цяжка рабіць прагнозы. Але ёсць упэўненасць, што застанецца-вернецца класіка: творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, М.Багдановіча, Ул.Караткевіча і іншых.

Творчасць Р.Барадуліна, В.Быкава, антыутопіі А.Адамовіча не ўкладвалася ў афіцыйна вызначаныя рамкі, таму захаваецца надалей і будзе ці кавай для “пераборлівага” чытача. Сярод старэйшага пакалення сучасных пісьменнікаў шмат тых, творы якіх сыдуць у нябыт, бо ўжо зараз з’яўляюц ца “нечытабельнымі” (думаю, што абыдземся без імёнаў). Застанецца, на маю думку, экзістэнцыяльная і постмадэрнісцкая літаратура, якая прадстаўлена плеядай не менш таленавітых пісьменнікаў, чым класічная. Сярод такіх творцаў я асабліва вылучыла б А.Бахарэвіча, але вельмі шмат і рознага “смецця”.

Увогуле роля і месца літа ратуры ў будучым грамадстве могуць быць з дастатковай грунтоўнасцю выяўлены ў тым выпадку, калі ў даследчай практыцы будзе ўлічвацца ўся складаная сукупнасць разна стайных фактараў, якімі абу моўліваецца і суправаджаецца літаратурны працэс. Як жа гэта зрабіць? Можа, адбудзецца рост колькасці беларускіх лі таратурных выданняў? Верагодна, але гэта, на жаль, рэдка прыводзіць да росту іх якасці. Прарыў на замежныя рынкі? Няблага, але таксама наўрад ці паўплывае на ўвесь літаратурны працэс, бо ён не стане масавым, толькі што ў выпадку аб’яднання беларускага культурнага поля з нейкім іншым, еўрапейскім, расійскім, украінскім. Да таго ж галоўным бар’ерам яшчэ доўга будзе за ставацца моўны.

Кацярына СІЛКОВА, 4 курс

***

Погляд аптыміста, песіміста і рэаліста
Каб даведацца, якімі мы будзем праз колькі гадоў, да статкова паглядзець на сваіх бацькоў. Наша будучыня заўсёды ў нашым мінулым. Што ж змянілася ў нашай літаратуры за апошнія 30–40 гадоў? На першы погляд, шмат чаго, аднак усе гэтыя змены абумоўлены былі ўсяго двума фактарамі. Першы звязаны з грамадска-палітычнымі зме намі, другі -- з сусветнымі тэндэнцыямі ў развіцці літаратуры. Спрагназаваць гэтыя фактары складана.

Зразумела, што кожная нацыянальная літаратура мае сваю спецыфіку, свае цяжка сці, свае поспехі. Так, калі ў рускай літаратуры ідзе дыскусія, як жа сярод безлічы гламурна-дэтэктыўных раманаў адшукаць твор, які можа прэтэндаваць на статус класікі, то ў нас па вядомых прычынах праблема іншая: як знайсці чытача, які возьме ды й па чытае па-беларуску, і для нас зусім неістотна, ці будзе гэта сапраўдная папяровая кніга або раман на нейкім электронным носьбіце. Дарэчы, пытанне, ці здолее выжыць кніга ў сваёй звычайнай форме ў эру камп’ютэрных тэхналогій, на мой погляд, такое ж недарэчнае як пытанне, ці не знікне тэатр ва ўмовах існавання тэлебачання. Канечне, кніга, звычайная папяровая кніга, застанецца, таму што нармальны пісьменнік будзе заўсёды марыць, каб яго шэдэўр не патануў недзе ў вялікай павуціне, а існаваў рэальна на паліцы, быў бы часткай гэтага рэальнага складанага свету, а не часткай сусветнай інфармацыі.

Што ж тычыць канкрэтных прагнозаў, то я маю тры версіі.

Аптымістычная, амаль што утапічная. Беларуская літаратура будзе перажываць сапраўдны бум, бо на беларускай мове пачнуць пісаць усё: ад інструкцый на асвяжальніках паветра, нізкапробных дэтэктываў і кулінарных кніг да высокай, незразумелай большай частцы чытачоў літаратуры. Версія малаверагодная, аднак такая жаданая, што хочацца за раз жа сесці і напісаць іранічны дэтэктыў для нейкай хатняй гаспадыні. Няхай такі твор і не пакіне следу ў гісторыі, аднак сваю маленькую, але важную місію ён усё ж такі выканае.

Песімістычная. Рускамоўная беларуская літаратура стане ключавой з’явай у нашай літа ратуры. Адпаведна беларуская літаратура будзе развівацца ў кантэксце рускай літаратуры. На шчасце, таксама версія ма лаверагодная. Заўсёды зной дзецца свой Багушэвіч, які вы цягне літаратуру на ўзровень Купалы і Багдановіча.

Рэалістычная. Асабліва нічога не зменіцца. З’явіцца нейкі новы постпостмадэрн, які старэйшае пакаленне будзе лаяць, а малодшае ўсхваляць. Магчыма, на іншы ўзровень выйдзе літаратура, дзякуючы кіно. Паколькі экранізацыя -- гэта заўсёды паспяховая рэклама кнізе, то і літаратары будуць імкнуцца стварыць нейкія “кіношныя”, экспартныя творы. Несумненна, з’явіцца і новая класіка. Зразу мела, што не ўсе сённяшнія творы вытрымаюць іспыт часам. На мой погляд, будуць актуальнымі праз 30–40 гадоў творы Ю.Станкевіча, бо, з аднаго боку, ад іх не вее нафталінам (і з боку зместу, і з боку формы), а з другога -- яны захоўваюць традыцыйны зварот да агульна чалавечых каштоўнасцей. З паэтаў папоўніць невычарпальную скарбніцу беларускай літаратуры А.Хадановіч, якога вельмі хочацца параўнаць з М.Багдановічам (нават прозвішчы сугучныя), і не столькі па ўзроўні паэтычнага таленту, колькі па незвычайнай здольнасці вынаходзіць нешта новае. Думаю, што квіток у будучыню не атрымае жаночая паэзія (В.Трэнас, Т.Сівец, М.Мартысевіч і інш), бо кактэйль з напускной, штучнай інтэлектуальнасці і жаночай эмацыянальнасці наўрад ці каго зацікавіць у будучым.

Адно можна спрагназаваць дакладна: у беларускай літа ратуры ёсць будучыня, а гэта ўжо сам па сабе неблагі пра гноз для нас, беларусаў.

Таццяна ШЫШОВА, 5 курс

Паводле публікацыі ў Блогу "ЛіМа" (May. 25th, 2010|05:15 pm)


Выказацца з нагоды прачытанага

Напісаць асабіста трымальніку сайта







Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.