Калі я здала гэты матэрыял у рэдакцыю, адзін мой старэйшы калега пажартаваў: “Ну, я ўжо бачу пад чыю “дыктоўку” студэнты пісалі...” Як вядома, у кожным жарце ёсць доля жарту. Так што хачу заўважыць, калі б я толькі паспрабавала “дыктаваць” студэнтам... яны б вынеслі мяне з аўдыторыі ўперад нагамі. Студэнты – гэта самая “бунтарская” грамада, у іх на ўсё – свой погляд. Мяне, безумоўна, усцешыла, што многія з іх падзяляюць мае меркаванні. Але, як можна будзе заўважыць, на творчасць многіх пісьменнікаў погляды ў іх кардынальна разыходзяцца.Кацярына ПунінскаяНайперш адзначу тых пісьменнікаў, творчасць якіх, на маю думку, узбагаціла нашу літаратуру – Алеся Наварыча, Адама Глобуса, Андрэя Федарэнку і Анатоля Казлова. Кожны з іх адметны па-свойму...
У Алеся Наварыча – адмысловы стыль (які прыцягнуў увагу яшчэ ў кнігах “Рабкова ноч” і “Ноч пацалункаў незалежнасці”), арыгінальная мастацкая мова. Пошук гармоніі чалавека са светам і ў самім чалавеку – цэнтральная тэма яго творчасці. Думаецца, гэтая тэма будзе актуальнай і цікавай і для наступных пакаленняў чытачоў.
Адам Глобус імкнецца да аб’ектывізаванага погляду на людзей і на свет. Яго творы – гэта цэлыя галерыі вобразаў сучаснікаў. Пісьменнік паслядоўна і мэтаскіравана малюе партрэты “без прыхарошванняў”, яго героі вельмі розныя – добрыя і злыя, шчодрыя і хцівыя, мужныя і баязлівыя. Карацей, яны такія, як сапраўдныя людзі. У творчасці Глобуса і сёння нямала прыхільнікаў, але з цягам часу іх колькасць, думаецца, яшчэ больш павялічыцца.
Андрэй Федарэнка належыць да катэгорыі тых майстроў пяра, каго называюць “знаўцамі чалавечай душы”. Ён – псіхолаг, даследчык сучаснасці, шчыры і непасрэдны субяседнік. У сваіх творах гэты пісьменнік не прымае разбурэння людскасці, маральнага падзення і гвалту над асобай. Яго творчасць неадлучная ад гуманістычных традыцый лепшых узораў сусветнай літаратуры.
Творчасць Анатоля Казлова мае фальклона-міфалагічную аснову. Гэты пісьменнік па-мастацку даводзіць: людзі, свет не змяніўся! Сёння, як гэта было заўжды, існуюць дабро і зло, праўда і хлусня... Трэба проста навучыцца іх пазнаваць: супрацьстаяць ганебнаму, імкнуцца да чысціні, да дабра і справядлівасці...
Я ўпэўнена, што праз пэўны час сыдуць у нябыт творы “пустыя” паводле зместу. Тыя творы, што “нарабілі шуму” на адно імгненне – “эпатажныя”, вульгарныя, скандальныя... Веру, што чытач будучага засяродзіць увагу на лепшых здабытках сённяшняга дня – тых творах, якія сцвярджаюць чалавечнасць, прыгажосць жыцця.
Што датычыцца тэматыкі і праблематыкі... Чалавека заўсёды прываблівае тое, што адпавядае клопатам яго паўсядзённага жыцця. Таму ў літаратуры заўжды будуць актуальнымі тэмы, датычныя гісторыі і сучаснасці, бацькоў і дзяцей, экалогіі, маралі, этыкі... І, несумненна, заўжды на ўвазе майстроў пяра будзе тэма кахання, адносінаў паміж жанчынай і мужчынам.
Алена КарпУпэўнена, што ўвагай чытачоў будуць карыстацца творы Віктара Казько, Святланы Алексіевіч (па іх нашчадкі будуць вывучаць гісторыю краіны), Барыса Пятровіча (“Піліпікі”, на мой суб’ектыўны погляд, вартыя таго, каб увайсці ў залаты фонд айчыннай літаратуры), Андрэя Федарэнкі. Хутчэй за ўсё застанецца цікавай для чытача творчасць Вінцэся Мудрова і Евы Вежнавец.
Постмадэрнізм надакучыць і вычарпае сябе. Тыя, хто прыйдзе ў літаратуру праз пару дзесяткаў год, будуць мець іранічныя прачытанні класікаў, таму не змогуць ствараць пародыі на пародыі. Новае пакаленне пачне пісаць “усур’ёз”.
У хуткім часе, на маю думку, пачнуць выдавацца кнігамі “Інтэрнет-блогі” (магчыма, у якасці зборнікаў празаічных мініяцюр), але бліжэй да сярэдзіны ХХІ стагоддзя ізноў актуалізуецца вялікі эпас.
Галоўнай тэмай у літаратуры па-ранейшаму застанецца чалавек (чалавек у свеце, чалавек у соцыуме), адбудзецца толькі змена “дэкарацый” адпаведна зменам у грамадстве.
Марына КажарновічНа маю думку, у “заўтрашнім дні” будуць запатрабаванымі творы Людмілы Рублеўскай, Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Сцяпана. Чаму? Ды проста таму, што яны кранаюць да глыбіні душы, заўжды змушаюць перажываць, хвалявацца, разважаць, “прымерваць” літаратурныя сітуацыі да ўласнага жыцця, далучацца да лёсаў герояў. Гэта пісьменнікі, якія фактычна ніколі “не расчароўваюць”, не падманваюць чытацкіх чаканняў. Я чытаю іх і атрымліваю сапраўднае задавальненне – эстэтычнае, духоўнае, інтэлектуальнае. Лічу, што творчасць гэтых пісьменнікаў з цягам часу стане класікай айчыннай літаратуры.
А вось да творчасці “літаратараў-папулістаў” – Андрэя Хадановіча, Марыі Мартысевіч і іншых – увага, хутчэй за ўсё, страціцца. Пісьменнікам, якія займаюцца выпрацоўкай эпатажнага ідыястылю, маюць на мэце “ўразіць”, “шакіраваць”, “пасцябацца”, наканаваны кароткі тэрмін “жыцця ў літаратуры”.
Што датычыцца тэндэнцый... У літаратуры, несумненна, будуць узмацняцца інтэлектуальны і асобасны пачаткі. Ужо сёння далёка не кожны твор можна “расчытаць” адназначна, бо ён уяўляе сабой код мыслення мастака, яго мікракосмас. Праз некалькі дзесяцігоддзяў гэтая тэндэнцыя павінна выявіцца больш пэўна.
Наконт тэматыкі і праблематыкі літаратуры будучага... Па-мойму, тут – без варыянтаў. Заўсёды будуць на ўвазе пісьменнікаў “вечныя” праблемы нашага свету – мужчына і жанчына, шчасце, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё нацыі.
Святлана БушковаХочацца верыць, што наша літаратура будзе развівацца ў самых розных напрамках. Бо літаратура – адначасова Душа народа і яго Свядомасць (як выяўленчае мастацтва – Зрок, а музыка – Слых). Якімі будуць думкі нашай нацыі, якой будзе яе душа... цяжка сказаць адназначна. Аднак маё меркаванне такое: з тых аўтараў, што актыўна працуюць сёння, застануцца ў полі зроку чытачоў творы Андрэя Федарэнкі, Алеся Наварыча, Юры Станкевіча, Уладзіміра Сцяпана, Барыса Пятровіча, Людмілы Рублеўскай, Андрэя Хадановіча, Віктара Шніпа, Адама Глобуса. Не магу з пэўнасцю сказаць пра творчасць Віктара Жыбуля і Марыі Мартысевіч... Сёння іх імёны “на слыху”, але ці сцвердзяцца яны ў літаратуры... Толькі час адкажа на гэтае пытанне.
Так званы “постмадэрнісцкі напрамак” і тыя, хто спрабуе яго штурмаваць, як, напрыклад, Сяргей Балахонаў, хутчэй за ўсё застануцца ў “нашай сучаснасці”. Постмадэрнізм суступіць месца іншаму напрамку, больш жывому і перспектыўнаму, альбо нейкім чынам дэфармуецца, набудзе новыя абрысы, пройдзе “праз сіта беларускасці”.
Акрамя “вечных” тэм, пэўна, яшчэ больш актуалізуюцца гістарычная і экалагічная. Працягнецца эксперыментаванне з мовай, пошук новых магчымасцей яе мастацкага выяўлення.
Дзмітрый БаркевічШто будзе далей з айчыннай літаратурай? Цяжка сказаць, але мне падаецца, што менавіта яна, адна з нямногіх сусветных літаратур, застанецца Мастацтвам з вялікай літары. Так адбывалася на працягу ўсёй не надта працяглай гісторыі нашай літаратуры. Беларусы ніколі не спяшаліся пераймаць усё новае з суседніх узораў прыгожага пісьменства. У нас заўсёды быў свой шлях... Ну, калі не шлях – дык сцежка, па якой мы спакойна, упарта, але ўпэўнена крочылі наперад... Гэтая сцежка палягала досыць далёка ад галоўных дарог, а таму насустрач нам не часта трапляліся дасведчаныя “хадакі”, хто б адказаў нам на самае вострае пытанне “а што там далей?” Не, безумоўна, трапляліся цікавыя сустрэчныя... Ды мы не асабліва слухалі іх – гэтых выпадковых незнаёмцаў... І, як паказвае жыццё, правільна рабілі. Сёння наша літаратура – з’ява элітарнага кшталту (“фенаменальная”, як кажуць навукоўцы). Што ж, гэта сапраўды так. Колькі арыгінальных узораў краснага пісьменства з’явілася толькі на працягу ХХ стагоддзя! І на пытанне “ці будуць папулярнымі тыя пісьменнікі, што пішуць сёння?” адназначна скажу: “Так”. Сярод сучасных празаікаў я вылучаю найперш Андрэя Федарэнку. Яго імя ў будучым стане ўпоравень з імёнамі Уладзіміра і Васіля. З паэтаў – гэта Сыс. Шкада, што ён не паспеў зрабіць больш. Але і тое, што зроблена, – вельмі істотна, таму ён гэтаксама – патэнцыйны класік.
...Заглянуць у будучыню немагчыма. Але ў нас сёння ёсць усе падставы, каб верыць у лепшае.
Андрэй АкушэвічРабіць прагнозы, як вядома, справа няўдзячная. Хаця, магчыма, калі-небудзь прыемна будзе заўважыць: “Я ж казаў!” Горш, канечне, калі прыйдзецца скрушна прызнацца: “Якім жа я быў аптымістам...”
Ну, ды, ладна. Выкажу сваё меркаванне.
У сярэдзіне ХХІ стагоддзя, хутчэй за ўсё, запануюць тэмы глабалізацыі, урбанізацыі, духоўнага, экалагічнага і эканамічнага крызісаў, а таксама моцна выявяцца апакаліптычныя матывы. Многае ў літаратуры будзе вырашаць рэклама. Калі не спыніцца сённяшняе імкненне “даганяць” еўрапейскія ўзоры і адмаўляцца ад сваіх каранёў (у тым ліку вясковых), наша літаратура рызыкуе зусім страціць сваё індывідуальнае аблічча. (Маю спадзеў, што гэтага не адбудзецца).
Мне падаецца, што з сучасных аўтараў увагу чытачоў будуць прыцягваць творы Андрэя Федарэнкі і Алеся Наварыча (з празаікаў), Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Анатоля Сыса, Леаніда Дранько-Майсюка (з паэтаў). Безумоўна, у “цень гісторыі” ніколі не адыдуць класічныя ўзоры беларускай літаратуры.
А яшчэ я маю спадзяванне, што не сёння, дык заўтра з’явіцца ў нас “новае імя”, здольнае зрабіцца “візітоўкай” найноўнай літратуры.
Галляш ДзянісаўШчыра кажучы, я не мастак пісаць эсэ (а ўведаўшы на якую тэму, ледзь не ляснуўся долу). У маёй (не абдзеленай талентам і фантазіяй) галаве пачалі мроіцца (найпякнейшыя і найпачварнейшыя) карціны далейшага развою айчыннае літаратуры.
Найперш пра тое, што сёння маем... З аднаго боку з’яўляюцца пэўныя літаратурныя “цэнтры”, што распаўсюджваюць літаратурную моду. З другога – пэўныя літаратурныя малпы, якія не зважаюць, што ў іх краіне ёсць традыцыя, якую варта было б развіваць. Заміж гэтага яны бяздумна ўсмоктваюць у свае малюпасенькія глузды плыні з чужыны... Гэта сумна.
Не маю ахвоты пырскаць слінай у бок авангарду, які рушыць пакрысе да нас з Еўропы (хоць мы, нібыта, і самі ў той Еўропе), але прызнаюся: патусіўшы крыху ў Аўстрыі, Венгрыі і Славаччыне ды пабачыўшы наколькі тамака зараз моднае ўсялякае “выпячванне” сваёй бязглуздзіцы, адчуў трывогу. “Дах-9” у нас ужо адбыўся. Каментаваць гэтае свята брыдоты не карціць. Але паступова замена сапраўдных каштоўнасцей нейкім, даруйце, лайном, пачынае злаваць. Надта не хочацца верыць, што праз некалькі дзесяцігоддзяў у нас застанецца толькі штосьці “Даху-2050”. А яшчэ страшней думаць, што класікі перастануць быць наагул запатрабаванымі. Таму...
Таму паспрабуем уявіць цалкам адваротнае, што дапаможа нам – старым курдупелям, загнаным на класіцы – супакоіць сэрцайкі ў будучыні.
Выдавецтвы кшталту “Галіяфаў”, etc. з жудасным скрыгатам і трэскам збанкручваюцца. Фатальна не стае сродкаў (нават на банальны самвыдат) гэткім акулам пяра, як Зміцер Плян. Фантазія ўсіх еўрапейскіх, азіяцкіх, амерыканскіх і г.д. авангардыстаў няўмольна даходзіць да апошняе кропкі, і ўсе вышэйназваныя канаюць ад творчае крызы.
У той жа час прарокі мінулага (кшталту Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча і процьмы іншых славутых майстроў айчыннага пісьменства) паўстануць наноў у людской памяці, і класіка пачне перавыдавацца шматмільённымі тыражамі, чытацца шматмільённымі аўдыторыямі, перакладацца на ўсе мовы свету. (Частка тыражоў будзе скіроўвацца на Марс, бо ў марсіян з’явіцца гэткая ж прага да рамантызму і рэалізму, як і ў насельнікаў Зямлі). Людзі будуць зачытвацца класікай у транспарце і дома, будуць набіваць гузакі аб слупы, чытаючы нахаду, і – галоўнае – яны будуць ведаць, што гэтая літаратура вучыць жыць, яна даводзіць, што чалавек сам стварае свой свет.
Можна, безумоўна, разважаць і ў рэчышчы ўтопіі... Каму як даспадобы. Адзін, як вядома, лічыць, што шклянка “напалову поўная”, а другі, што “напалову пустая”. А калі сур’ёзна, то з цягам часу, мяркую, увесь хлуд з нашай літаратуры сплыве. Застанецца годнае...
Юлія ШышкоЗ сённяшніх пісьменнікаў “вечнае жыццё ў літаратуры” наканавана нямногім. Сярод гэтых “нямногіх” – Людміла Рублеўская з дэтэктывамі “Золата забытых магіл”, “Пярсцёнак апошняга імператара”, Андрэй Федарэнка з раманам “Рэвізія”, Алесь Наварыч з раманам “Літоўскі воўк”, Уладзімір Сцяпан са шматлікімі апавяданнямі і навеламі, Валерый Гапееў з аповесцю “Ведзьміна тоня”.
Датычна тэматыкі думаецца, што яна асабліва не зменіцца. Па-ранейшаму будуць стварацца літаратурныя ўзоры на гістарычную тэму, на тэму бацькоў і дзяцей, жанчын і мужчын, будзе адлюстроўвацца праблема экалогіі... Перспектыўным напрамкам падаецца фантастыка, бо людзі, відаць, ніколі не перастануць цікавіцца пазарэальным светам, заўжды будуць імкнуцца “заглянуць у будучыню”.
Марына ГарлуковічЯ лічу, што ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя тэндэнцыі ў развіцці беларускай літаратуры істотна зменяцца. Класічная літаратура саступіць месца масавай. Пісьменнікі пачнуць ствараць тое, што добра прадаецца.
З таго, што напісана ў наш час, будуць запатрабаваны творы Вольгі Грамыкі, Наталлі Батраковай, Міхаіла Галдзянкова, Дзмітрыя Беразінскага, Ганны Альхоўскай, Нікі Ракіцінай, Вольгі Базылёвай, Марыі Вайцяшонак, Таццяны Барысюк, Уладзіміра Цішурова, Адама Глобуса, Аляксея Бацюкова, Людмілы Рублеўскай, Міхася Южыка і некаторых іншых.
Заўжды актуальнай будзе творчасць такіх волатаў літаратуры як Алесь Разанаў, Анатоль Сыс, Ніна Мацяш, Святлана Алексіевіч, Аляксей Дудараў (але гэта нешматлікая група пісьменнікаў, якія з’яўляюцца Пісьменнікамі з вялікай літары).
Паколькі я лічу, што літаратура ў асноўным будзе мець масавы характар, то і развівацца будуць такія жанры як фэнтэзі, дэтэктывы, раманы-меладрамы... А вось буйны эпас не будзе актуальным. Бо каб ствараць магутную прозу, трэба быць сапраўдным духоўным асілкам. А дзе яны? Няма сёння ні другога Мележа, ні Быкава, ні Караткевіча, ні Шамякіна... Не хапае сучасным пісьменнікам таленту, каб дасягнуць такой вышыні.
Што ж датычыцца тэматыкі і праблематыкі, то я лічу, што тут перад мастакамі слова – вялікі абсяг. Будуць у літаратуры асвятляцца экалагічныя праблемы, тэмы вайны і міру, тэрарызму, гандлю людзьмі, беспрытульных дзяцей (ды і дарослых таксама), дэвальвацыі духоўнасці, падзення маральных асноў грамадства і г.д. Мяркую, што не будуць запатрабаванымі ні тэма вёскі, ні тэма гораду, ні, тым больш, гістарычная тэма.
Юрый ДанюкЛітаратура дапамагае нам спісцігнуць дух эпохі, з яе мы чэрпаем заканамернасці руху, праблемы развіцця, даведваемся, чым жыў народ калісьці, што клапоціць нацыю сёння. Асноўныя спружыны руху часу і грамадства так шчыльна сашчэплены з асноўнымі спружынамі літаратурнага развіцця, што іх трэба разглядацб канцэптуальна: рух часу – рух жыцця – рух літаратуры.
Філасофска-канцэптуальны погляд на свет чалавека – характэрная адзнака літаратуры апошняга часу. Літаратура як бы адкрывае нанова свет і чалавека ў гэтым свеце, развівае матывы “чалавека ў сям’і”, “сям’і ў грамадстве”, “грамадства ў свеце”, актуалізуючы пры гэтым агульначалавечыя каштоўнасці. Праходзяць дзесяцігоддзі, а паэма Якуба Коласа “Новая зямля” не толькі “не старэе”, а яшчэ больш прываблівае. Так і з творамі Максіма Багдановіча – касмічнапланетарнага па змесце, але рэалістычнага і вельмі зямнога паэта.
Я заплюшчыў вочы і паспрабаваў уявіць нашу будучыню. Не атрымалася... Адзінае, што я ўбачыў, – тэатральную афішу на 2049 год... Дык там стаялі купалаўская “Паўлінка”, яго ж “Раскіданае гняздо” і “Тутэйшыя”, п’есы Крапівы, Макаёнка, Дударава, Бутрамеева і Матукоўскага...
Святлана ТарасаваУ сярэдзіне ХХІ стагоддзя распаўсюдзяцца творы, якія сваім зместам альбо формай будуць імкнуцца ўразіць чытача, шакіраваць. Гэта рыса ўжо выявілася ў мастацкай практыцы Адама Глобуса, Юры Станкевіча, Барыса Пятровіча... З’явіцца мноства твораў, дзе будуць выяўляцца непрывабныя партрэты сучаснікаў, жорсткасць і гвалт.
Несумненна, будуць развівацца і набываць папулярнасць масавыя жанры – дэтэктыў, прыгодніцкая проза, узоры фантастыкі і фэнтазі, любоўныя раманы. Праз сорак год “класікамі жанру” тут назавуць Людмілу Рублеўскую і Міраслава Адамчыка.
Не страціць увагі жанр празаічнай мініяцюры, асаблівай запатрабаванасцю ў нашчадкаў будуць карыстацца “Зацемкі з левай кішэні” Леаніда Галубовіча і “Сучаснікі” Адама Глобуса.
З цікавасцю будуць чытацца праз некалькі дзесяткаў год творы Наталкі Бабінай, вершы А. Дынько і А. Хадановіча. Пра нашы сённяшнія клопаты і надзеі раскажуць чытачам творы Віктара Шніпа і Галіны Дубянецкай.
У цэлым беларуская літаратура будзе пераймаць вопыт сусветных літаратур і культур. Спадзяюся гэтаксама, што будзе не толькі “выкарыстоўваць”, але і сама будзе імкнуцца ў вялікі свет.
Алена СмольскаяСёння мы гаворым пра развіццё культуры як змену парадыгмы. У ХХ стагоддзі з’явілася некласічная парадыгма. Да чаго прыйшлі ў літаратуры? Мадэрністы ў сваім адмаўленні традыцыі прыйшлі да чыстага аркуша, постмадэрністы заявілі, што ўсё ўжо было напісана да іх. А што далей?
Мяркую, што літаратура паступова вернецца да свайго знаёмага і выпрабаванага рэчышча – рэалізму. Хутчэй за ўсё, лепшыя літаратурныя “сілы” ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя будуць ісці, як і дагэтуль ішлі, “шляхам жыцця” (маю на ўвазе рэалізм у спалучэнні з іншымі стылёвымі плынямі). Літаратуру будучага немагчыма ўявіць без псіхалагізму, філасофскіх рэфлексій, экзістэнцыйнай тэматыкі. Думаю, не толькі пытанні мінуўшчыны, але і будучыні чалавецтва будуць вастрэй цікавіць людзей. У сувязі з гэтым, магчыма, будзе назірацца актуалізацыя жанраў навуковай фантастыкі, антыўтопіі. Грунтоўную распрацоўку атрымае маральна-этычная праблематыка.
Спадзяюся, што імкненне да глабалізацыі не праглыне праблему самаідэнтыфікацыі беларусаў як нацыі. У такім выпадку творы пісьменнікаў сярэдзіны ХХІ стагоддзя будуць уяўляць сабой своеасаблівыя сацыяльна-псіхалагічныя “замеры” грамадскіх настрояў у дачыненні да такіх праблем, як лёс роднай мовы (хацелася б верыць, але цяжка ўявіць, што праз 40 год беларусы ўсе разам пачнуць размаўляць на роднай мове), жыццё горада і вёскі, духоўны стан нацыі. А паколькі гэтыя пытанні і сёння актыўна ўвасабляюцца ў літаратуры, то і чытачы будучага, і пісьменнікі (якім прыйдзецца абапірацца на вопыт папярэднікаў) з увагай і цікавасцю будуць чытаць творы Андрэя Федарэнкі, Адама Глобуса, Уладзіміра Сцяпана, Сяргея Кавалёва, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай.
Пераважаць будуць, верагодней за ўсё, “кампактныя”, т. зв. “малаэпічныя” формы (навелы, апавяданні, мініяцюры), але пісьменнікі абавязкова працягнуць працэс жанравых пошукаў. Магчымыя ў літаратуры ХХІ стагоддзя і спарадычныя з’явы “гульнёвай” паэзіі. Хаця, думаецца, большасць творцаў у хуткім часе ўсвядомяць, што падобнага тыпу літаратура (“паміж намі сябрамі”) не з’яўляецца мастацка-паўнавартаснай. А ўвогуле наколькі шматлікай будзе чытацкая аўдыторыя ў беларускай літаратуры праз некалькі дзесяткаў год, залежыць ад пісьменнікаў, ад іх выбару – як пісаць і пра што пісаць.
Надзея СянькоНа мой погляд будзе запатрабаванай творчасць такіх сучасных пісьменнікаў як Андрэй Федарэнка, Уладзімір Сцяпан, Сяргей Балахонаў. Упэўнена, што “несмяротнымі” застануцца ў нашай літаратуры Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў – геніі айчыннага мастацтва слова.
Увогуле літаратура паступова схіліцца да постмадэрнізму. Сярод жанраў запануюць эсэ, кароткія апавяданні, навелы, прыпавесці, празаічныя мініяцюры. У паэзіі будзе дамінаваць верлібр. Гэтаксама будзе працягвацца “дыфузія” жанраў (раман-эсэ, эсэ-прыпавесць, раман-штрыхамі альбо замалёўкамі, занатоўкамі, накідамі).
На другі план адступіць тэма вёскі, пераважаць будзе ўрбаністычная праблематыка.
Ірына ЧумаковаНе буду гаварыць пра ўсіх і ўсё агулам. Скажу толькі пра тое, у чым упэўнена. А ўпэўнена я ў тым, што ніколі не сыдзе ў нябыт творчасць Алеся Разанава. Гэта вельмі неардынарны, нетрадыцыйны мастак. Яго часта абвінавачваюць у “небеларускасці”, але гэта зусім беспадстаўна. Проста ён выйшаў за прасторы нацыянальнага мастацкага космасу і ўзняўся да яшчэ вышэйшых вышынь. Менавіта ён узбагаціў нашую літаратуру новымі паэтычнымі формамі – квантэмамі, пункцірамі, версэтамі, вершаказамі і інш. У яго, несумненна, з’явяцца паслядоўнікі, якія будуць развіваць традыцыю Майстра. Няўжо ж літаратуру сярэдзіны ХХІ стагоддзя не будуць цікавіць новыя формы? Думаю, што будуць. Бо ўсім ужо надакучыла адно і тое ж. Новае заўсёды выклікае цікавасць у чытача.
Хачу падкрэсліць, што Разанаў не проста “гуляе” са словамі (як некаторыя маладыя паэты), за яго эксперыментам – пэўная філасофія. Тут перш за ўсё трэба адчуваць слова (на ўзроўні сімвалу, падтэксту, алегорыі), умець убачыць за ім цэлы свет. Гэта значыць, што той, хто лянуецца думаць, хто прызвычаены да стэрэатыпаў мыслення, ніколі не разгадае таго, што хацеў сказаць пісьменнік. Такім чынам, будучыня не толькі за таленавітымі творцамі, але – і за ўдумлівымі чытачамі.
Таццяна БэндаЯ лічу, што ў наш час вельмі многа таленавітых пісьменнікаў, творчасць якіх будзе запатрабаванай у будучым. Гэта і Андрэй Федарэнка, і Уладзімір Сцяпан, і Алесь Бадак, і Валерый Гапееў, у якіх ужо сёння багатыя мастацкія набыткі. Яшчэ ў школе я пазнаёмілася з творчасцю Юры Станкевіча, нейкі час захаплялася, нават пісала курсавую працу, прысвечаную яго творчасці. Але... На свеце так многа прыгажосці і радасці, якія нельга не бачыць. А яго творы наскрозь працяты цемрай і страхам. Вельмі хочацца, каб пісьменнік пачуваўся больш аптымістычна. Бо, як вядома, слова “матэрыяльнае”, слова здольна ўздзейнічаць на рэальнае жыццё...
Спадзяюся, у будучым нашы пісьменнікі пачнуць больш уважліва ставіцца да дзіцячай і падлеткавай літаратуры, прысвецяць свой творчы плён падрастаючаму пакаленню. І ўслед за вышэйназванымі мастакамі створаць новыя цудоўныя ўзоры прыгодніцкай, рэалістычнай ці аўтабіяграфічнай прозы для юных чытачоў.
Вераніка БуракРалан Барт у сваёй працы “Смерць аўтара” сцвярджаў, што ўсё новае – па сутнасці даўно забытае старое, а факты літаратурныя, якімі б мадэрновымі яны не здаваліся, маюць сваю першааснову-выток, зададзеную мадэль. Менавіта гэтая мадэль і паўтараецца з пэўнай заканамернасцю, але кожнай эпохай, кожным пакаленнем – прадстаўніком новай культурнай парадыгмы – успрымаецца па-рознаму, мае, так бы мовіць, свае “мадэрновыя” нюансы.
Сапраўды, як у 20-я гады ХХ стагоддзя назіраўся неверагодны ўсплёск літаратурнай актыўнасці, прыход новых дзёрзкіх пісьменнікаў (“Маладняк”), якія рэзка крытыкавалі традыцыю (у асобах Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча), шукалі сваё непаўторнае, так і ў 90-я гады мінулага стагоддзя – аналагічная сітуацыя – “Тутэйшыя”, “Бум-бам-літ”, “у рожкі са старымі”, непрыманне Максіма Танка і г.д.
Сёння амбітныя маладыя адмаўляюць сакральнае для беларусаў – іх народнасць, самасць, традыцыю, – здзекуюцца і іранізуюць з гэтага, робяць беларускасць аб’ектам крытыкі і насмешак. Да такіх аўтараў адношу Сяргея Балахонава і яго творы “Імя грушы”, “Зямля пад крыламі Фенікса” (сапрадвечнае міфалагічна-сакральнае пісьменнік робіць прадметам шаржыравання, пародыі), Алеся Наварыча і яго рама-нарацыю “Літоўскі воўк”. Да прыкладу, больш верыцца, што Кастусь Каліноўскі – нацыянальны герой, змагар за волю Беларусі, высокамаральны чалавек (як у Караткевіча ў “Каласах...”), а не авантурыст і злодзей (як у канцэпцыі Наварыча). Думаю, што чытач будучага (хочацца верыць, што гэта будзе чалавек маральны і інтэлектуальны) дасць належную ацэнку гэтым творам.
Класікамі для нашых дзяцей і ўнукаў, безумоўна, стануць Андрэй Федарэнка і Уладзімір Сцяпан (калі і надалей пойдзе шляхам самабытнасці). Менавіта іх творы ўвойдуць (павінны ўвайсці!) у школьныя праграмы і падручнікі. На мой погляд, гэта найбольш перспектыўныя і таленавітыя пісьменнікі, што сцвердзіліся ўжо сёння. Не абцяжараная літаратурнымі “выкрунтасамі”, але не пазбаўленая глыбіні і падтэксту, філасофска-інтэлектуальная проза Федарэнкі (“Бляха”, “Вёска”, “Рэвізія”, “Мяжа”) – гэта, з майго пункту гледжання, і ёсць сапраўдная літаратура. Возьмем, напрыклад, адно раман “Рэвізія”. Ніхто яшчэ так маштабна і па-мастацку канцэптуальна не здолеў асэнсаваць культурную спадчыну беларусаў за ХХ стагоддзе. Гэта твор пра натхненне, пра асаблівасці “творчай кухні”, пра ўсю папярэдне створаную літаратуру + у арыгінальнай форме “рамана ў рамане”. Федарэнка – майстра ў гульні з хранатопам твора. А вось апавяданні Сцяпана і зусім “свежы” яго твор “Дзед” – гэта ўвасабленне самога нацыянальнага менталітэту, народнай душы.
Цяжка сказаць, якія творы сыдуць у маргіналіі... Сёння ледзьве ні кожны творца больш-менш арганічна ўпісаўся ў літпрацэс. Тут шмат залежыць ад густу. Як на мой густ, то чытачу будучага не будзе чаго “чэрпаць” з твораў Андрэя Хадановіча, Джэці (Веры Жыбуль), Юрася Пацюпы... Але ж, як кажуць, час – лепшы суддзя.
P.S. Спадзяюся, што з цягам часу нехта з чытачоў альбо саміх аўтараў сённяшніх “прагнозаў” звернецца да гэтай публікацыі і “зверыць” яе з сапраўдным станам рэчаў.
Падрыхтавала Лада Алейнік