КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Анталёгія супадзеньняў

Частка №1

***
Увесну 1959 г. у клюбе вёскі Нарэйкі дэманстраваўся фільм “Міколка-паравоз”. У момант, калі галоўнаму герою сьнілася, што ён кіруе паравозам і падае сігнал, пачуўся моцны грукат. Неўзабаве высьветлілася, што на дах клюба зь неба ўпала паравозная труба. Паўстала пытаньне: як яна там апынулася? Дадатковыя росшукі выявілі, што на палігоне Савецкай Арміі, які разьмяшчаўся ў дваццацёх кілямэтрах ад вёскі, адбываліся артылерыйскія вучэньні, дзе выкарыстоўвалася сьпісаная тэхніка. Адным з залпаў быў зьнішчаны і старэнькі паравоз, труба ад якога дзіўным зьбегам абставін даляцела да вёскі Нарэйкі. Цікава, што на самой трубе вяскоўцы знайшлі надпіс “Здзесь был Микола”.

***
Калі 9 кастрычніка 1977 г. беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак (нарадзіўся ў вёсцы Белае Крупскага раёну) упершыню апынуўся ў космасе, ён правмовіў свайму калегу Валерыю Руміну дзіўную фразу: “Дзед Міхед у Крупкі к дзеўкам пойдзе”. Факт прамаўленьня быў зафіксаваны ў падмаскоўным Цэнтры кіраваньня палётамі, але дзеля вылучнай кур’ёзнасьці яго абнародваць ня сталі. Пасьля вяртаньня Кавалёнка з космасу пра сэнс фразы дапытваліся і псыхолягі, і людзі ў цывільным. На што беларускі касманаўт з усьмешкай успамінаў дзяцінства і сварку суседзяў – паджылай сямейнай пары. Дзед Міхед гразіўся “плюнуць на ўсё і пайсьці на блядкі ў Крупкі”, а яго жонка Сьцепаніда кпіла ў адказ: “Скарэй суседаў Валодзька ў космас паляціць, чым табе хоць адна крупская дзеўка дасьць!”

***
4 кастрычніка 1980 г. Першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Пётар Міронавіч Машэраў загінуў у аўтамабільнай катастрофе на трасе Брэст-Масква, каля павароткі на Смалявіцкую птушкафабрыку. Аўтамабіць “Чайка”, у якім ехаў кіраўнік БССР урэзаўся ў гружаны бульбай самаскід “ГАЗ-53”, каторым кіраваў шофэр Мікалай Пуставіт. Падзея да гэтага часу выклікае шмат пытаньняў. Але мала хто ведае, што 4 кастрычніка 1850 г. практычна ў той самай мясцовасьці адбылася падобная трагедыя. Конны экіпаж землеўладальніка Пятра Мірольда Машарскага апынуўся на нетрывалым мосьце праз раку Пліса адначасова з фурманкай, у якой селянін вёз бульбу на бліжэйшы бровар. Імя гэтага селяніна – Мікола Пуставід.

***
5 студзеня 1905 г. менскі сьпявак Ігнат Амароўскі выконваў на прыёме ў губернатара расейскую песьню, створаную па матывах верша Ўладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча) “Паштальён”:

Когда я на почте служил ямщиком,
Был молод, имел я силенку,
И крепко же, братцы, в селенье одном
Любил я в ту пору девчонку.


Ён дапеў да кульмінацыйных радкоў:

Забилося сердце сильней у меня,
И глянул вперед я в тревоге,
Потом соскочил с удалого коня, -
И вижу я труп на дороге.

А снег уж совсем ту находку занес,
Метель так и пляшет над трупом.
Разрыл я сугроб-то и к месту прирос, -
Мороз заходил под тулупом.


Раптоўна ў залі зьявіўся паліцэйскі пасыльны, які перадаў сьпеваку горкую навіну. Высьветлілася, што яго нарачэная пані Анастасія Нетаропіская, вяртаючыся з прабаўленых у Сімферопалі вакацыяў, трагічна загінула на пастаялым двары “Сыракомлі” пад Чарнігавам. Імгненную сьмерць яна атрымала ад патрапленьня ў галаву ледзянога мэтэарыта... Цікава, што прозьвішча пасыльнага было Кандратовіч.

***
У сакавіку 1943 г. у менскай газэце “Гітлераўскі покліч” нехта пад псэўдонімам Пракопі Здатны публікаваў фантастычную аповесьць “Мнагаграньнік”. У адным з эпізодаў твору апісваўся выбух і пажар на буйной радыёстанцыі магната Усьціна Цэхан-Футаральскага, вынікам чаго сталася гібель сотні супрацоўнікаў. 10 сакавіка 1972 г., амаль праз 30 гадоў, у Менску адбыўся выбух і пажар у футаральным цэху радыёзавода. Загінула 120 (паводле іншых зьвесткаў – больш за 140) чалавек. Камісію па расьследваньню прычын і абставін трагедыі ўзначаліў сакратар ЦК КПСС Дзьмітры Фёдаравіч Усьцінаў. Падчас разбору руін, пад падмуркам была знойдзена незгаральная скрыня, у якой знаходілася паўсатлелыя гранкі колькіх сакавіцкіх (1943 г.) нумароў “Гітлераўскага поклічу”.

2.06.2009 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.