КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЦЯЖНАЯ

 ПРОЗА: МІСТЫФІКАЦЫІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Супэр-Марыё зь Вялікага Княства Літоўскага


Я Супер Марио, я Супер Марио...
Я на подушечках пальцев твоих...
Я ошибка сценария.
Владимир Пугач

О, Крыўская зямля!
О, волатаў нашчадкі!..
Вацлаў Ластоўскі

Няма сакрэту, што ў наш такі імклівы, хуткаплынны час – час бесьперапыннага разьвіцьця і ўдасканаленьня размаітых тэхналёгіяў – усё большае і большае месца сярод забаваў займаюць кампутарныя гульні. Яны яшчэ не пахіснулі кіно, але пасьпелі ўжо скласьці яму вельмі годную канкурэнцыю. Сотні тысячаў, калі не мільёны, людзей ва ўсім сьвеце значную частку вольнага часу зьвязваюць з гэймінгам. Мноства гульняў сталася адметнай зьявай сучаснай культуры. Яны спарадзілі шматлікія асяродкі прыхільнікаў, выклікалі фэномены касплэю і фан-арту. Сюжэты шмат якіх гульняў леглі ў аснову кінасцэнароў. Саўнд-трэкі да іх зрабіліся сапраўднымі гітамі, а некаторыя кампазытары і выканаўцы сталіся знакамітасьцямі дзякуючы ўдзелу у гэйм-праектах [1]

Але, гаворачы пра такія выдатныя гэйм-праекты сучаснасьці, як Max Payne, Silent Hill, Resident Evil, S.T.A.L.K.E.R. ды інш., нельга абмінуць увагай той, што па сутнасьці стаўся іх своеасаблівым вытокам. Гаворка ідзе пра запушчаную ў 1985 г. японскай кампаніяй Nintendo культавую відэагульню Super Mario Bros. Продажы дасягнулі калясальных масштабаў, за што яна трапіла ў знакамітую "Кнігу рэкордаў Гінэса". Маса беларускіх дзяцей і падлеткаў у часы станаўленьня сувэрэнітэту Беларусі пачыналі свой гэймэрскі шлях акурат з Super Mario Bros.

Super Mario
Супэр-Марыё

Галоўны герой гульні – водаправоднік Марыё – ператварыўся ня толькі ў сымбаль Nintendo, але і стаўся адным з найбольш вядомых прыдумляных пэрсанажаў у сьвеце. Апошнім дагэтуль нават і блізка ня можа пахваліцца ніводны беларускі літаратурны ці кінэматаграфічны герой. Не зважаючы на вялікую колькасьць артыкулаў пра гісторыю і перадгістрыю распрацоўкі Super Mario Bros., зь іх ясна не вынікае, хто быў аўтарам сюжэту. Сярод распрацоўнікаў фігуруюць кіраўнік праекту і дызайнэр Сігеру Міямота, выканаўчы прад'юсэр Хіросі Ямауці, памочнік кіраўніка Такасі Тэдзука, кампазытар Кодзы Конда і супрад'юсэр для ЗША Лэсьлі Сўон [2]. Факт замоўчваньня аўтарства гульнявога сюжэту або прыпісаньне яго калектыву распрацоўнікаў мусіць насьцярожваць і спараджаць пытаньне: чаму так адбываецца?

Падказку ў разьвязаньні вышэйпазначанага пытаньня знаходзім у артыкуле нямецкай журналісткі Марты Мэрцэнлінднэр "Эўрапейскія далягляды японскіх гульняў". Ня так даўно на старонках тыднёвіка Düsseldorfer Verborgenheit [3] фраў Марта абвесьціла пра сэнсацыйнае адкрыцьцё. Яна вызначыла, што сюжэты многіх кампутарных гульняў японскіх распрацоўнікаў ня ёсьць вынікам вылучна іх аўтарскай фантазіі. Журналістка выявіла прыстунасьць у гэтых сюжэтах шматлікіх пазычаньняў з гістарычна зафіксаваных здарэньняў. Японскія распрацоўнікі не шкадавалі сродкаў на паездкі па архівах і бібліятэках Эўропы ды Амэрыкі. Іх цікавілі зборы дакумэнтаў і матэрыялаў, якія ўтрымлівалі інфармацыю пра даўнія забавы ці дзівосныя выпадкі. Фраў Марта згадвае, што з асаблівым імпэтам японцы ўчашчалі ў архіў Ватыкана. Найперш іх цікавіла калекцыя пад грыфам Homo ludens. Менавіта адтуль ўзята шмат зьвестак, якія склалі аснову разнастайных відэагульняў.

Марта Мэрцэнлінднэр
Марта Мэрцэнлінднэр у камандзіроўцы

У гэтым сэнсе ня сталася выняткам і гульня Super Mario Bros. Марта Мэрцэнлінднэр зазначае, што сюжэт апошняй грунтаваўся на "гістарычным апавяданьні зь сярэднявечнай Літвы". На жаль, журналістка нідзе не спрамаглася даць удакладненьня, што мела на ўвазе пад паняткам "Літва" (Litauen). Зразумела, гэта магла быць і тэрыторыя толькі сучаснай Літоўскай Рэспублікі, і абшары ўсяго колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Толькі комплексанае дасьледаваньне фальклёрных і пісьмовых крыніц самага рознага кшталту дапамагло нам высьветліць месца, дзе разгортваліся падзеі памянёнага фраў Мартай "гістарычнага апавяданьня". Але ж пра ўсё па парадку, як наказаў вялікі Адам Клакоцкі.

Перш чым зьвярнуцца наўпрост да пытаньня дасьледніцкіх росшукаў, варта сьцісла нагадаць сюжэт Super Mario Bros. узору 1985 г. Галоўны герой гульні водаправоднік Марыё (ці яго брат Луіджы як пэрсанаж для другога гульца) мусіць прайсьці праз Грыбное каралеўства. У нялёгкай дарозе яму трэба застацца жывым, абмінаючы ці зьнішчаючы ваяроў чарапашага караля Купы (другое імя – Боўзэр), вельмі падобнага да цмока. Сярод яго вояў – грыбы, рознага кшталту чарапахі, вэнэрчыны мухалоўкі, спруты, рыбіны, дзікабразы, вялікія жукі. Урэшце Марыё павінен пераадолець 32 узроўні, каб выратаваць прынцэсу Тоўдстул Піч, скрадзеную памянёным каралём.

Па дарозе герой разам з тым зьбірае манэты і бонусы: б'е галавой па адмысловых блёках, пазначаных пытальнікам, а таксама натрапляе на сакрэтныя сховы манэт у цаглянах мурах. Істотны бонус – памаранчавы грыб. Здолеўшы яго ўзяць, Марыё робіцца вялікім, то бок ператвараецца ў Супэр-Марыё. Калі ў стане "Супэр" пэрсанаж здабывае як бонус кветку, ён робіцца Агністым Марыё і атрымлівае магчымасьць кідацца вогненымі клубкамі. Яшчэ адзін бонус – гэта зорка, якая скача наперад. Злавіўшы яе, Марыё робіцца на пэўны час непаразьлівым і можа зьнішчаць праціўніка адным сваім дотыкам.

Super Mario
Першы ўзровень «трэцяга свету». Вогненны Марыё

Небясьпечная вандроўка пэрсанажа адбываецца па зямлі, у лёхах пад зямлёй, пад вадой, па агромністых грыбах і пляцформах, што вісяць у паветры. На кожным чацьвёртым узроўні ён трапляе ў замак, дзе даводзіцца змагацца з чарапахападобным цмокам. Шторазу, апроч апошняга ўзроўню, пасьля перамогі над цмокам героя сустракае жыхар Грыбнога каралеўства, які кажа: "Дзякуй, Марыё, але наша прынцэса ў іншым замку!" [4].

Акурат з паведамленьня Марты Мэрцэнлінднэр і сюжэта гульні Super Mario Bros. нам давялося пачынаць росшукі. Каліўца да каліўца складалася ўражвальная карціна. Галоўным яе момантам сталіся доказы, што Марыё зь відэагульні меў рэальнага прататыпа, які паходзіў зь беларускіх земляў.

Яшчэ ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у некаторых паветах Магілёўскай губэрні існавалі дзіўныя выразы "вадзіць Марымона", "вадзіці Марыкона", "вадзіць Мар'яна". Дзіўныя таму, што этнографам ня шчасьціла выявіць іх дакладнага значэньня, бо "белорусские крестьяне, употребляя сии словестные конструкции, никогда не осмеливались объяснить их истинный смысл, а лишь воровато улыбались и утверждали, что не могут вспомнить всё" [5]. Этнограф Адольф Санькоўскі быў перакананы, што ў гэтым выпадку мы сутыкаемся з сынонімам выразу "вадзіць вала", ад якога паходзіць дзеяслоў "валаводзіць". І тое, і другое азначае "марудзіць". Зь ім пагаджаліся і Лук'ян Дазорцаў, і Андрэй Беларэцкі. Дасьледніку Мікіту Ракіцкаму ў гэтых фразах бачылася водгульле "древнебелорусских богатырских былин". Ён лічыў, што "изначально сие речение имело иной вид, а именно «водить Илью Муромца»" [6]. Але ён ня здолеў уцямна растлумачыць, які сэнс мела такая фраза.

Толькі Еўдакім Раманаў, якому зь дзяцінства быў вядомы выраз "вадзіць Мар'яна", сьцьвярджаў, што ён мае значэньне "рызыкаваць", "наважвацца на рызыкоўную справу". "Выражение происходит из народной легенды о неком смелом Марьяне, изничтожившим огнедышащего змея, который к тому же метал каменные молоты", – даў сьціслы камэнтар Е. Раманаў [7]. Гэта вельмі цікавая для нас акалічнасьць, бо кароль Купа на 24-м, 28-м і 32-м узроўнях гульні Super Mario Bros. ня толькі дыхае агнём, але і шпурляе ў Марыё вялізныя молаты.

Еўдакім Раманаў
Еўдакім Раманаў

Знайсьці згаданую Е. Раманвым легенду не ўдалося, а сам ён не пакінуў ніякіх спасылак на які-небудзь пашыраны яе варыянт. Аднак ускоснае падабенства да прыведзенага ім кароткага пераказу назіраецца ў шэрагу народных казак, зафіксаваных на Ўсходзе Беларусі [8]. У казцы "Марка Суччы сын" галоўны герой выпраўляецца ратаваць ад трохгаловага зьмея "царовых дачок". У казцы "Іван Мар'ін сын" аб'ектам выратавальнай місіі зьяўляецца "князева жана", якую выкраў "смок". Герой казкі "Мірон Беларасейскі" ратуе з цмачыных капцюроў "каралеву белаліцу". Ва ўсіх гэтых казках цэнтральныя фігуры зазнаюць звычайныя для чарадзейнага цыклю выпрабаваньні, якія цяжка адназначна зьвязаць зь сюжэтам гульні Super Mario Bros. У нейкі момант нам нават падалося, што мы пайшлі няслушнай пуцявінай і што пералічаныя казкі ёсьць занадта адвольнай народнай інтэрпрэтацыяй гісторыі пра выкраданьне князем Міндоўгам сястры яго памерлай жонкі. І толькі больш уважлівае прачытаньне кожнай з названых казак скасавала падобныя аблуды.

Марка Суччы сын у фінальнай бітве са зьмеем патрапляе "пад зьмеева полымя, пад гадаў умалот". Хутчэй за ўсё, слова "ўмалот" тут зьвязана ня столькі з вобразам крывавага жніва, як можа падасца на першы погляд, а акурат з ударамі молата. Не дарма ў казцы гаворыцца, што асілак "ад гадава ўмалоту ўвярнуўся". Іван Мар'ін сын, ваюючы са "смокам", кідае ў ворага сваю "булдаву на дваццаць пяць пудоў": "Шыбане Іван у смока булдаву сваю крэпкую, а варачаецца яна з тройчай сілаю". Напэўна, маецца на ўвазе ня тое, што булдава (яна можа вельмі нагадваць молат) адспружньваецца ад "таўстой скуры" пачварыны, а тое, што пачварына сама шпурляе колькі булдаў у адказ. Бітва Мірона Беларасейскага з цмокам у казцы пададзена досыць схематычна, бязь лішніх дэталяў (у выніку нават невядома, якой зброяй асілак перамог). Але да гэтага ў казцы ёсьць эпізод, дзе Мірон прабіраецца празь дзіўнае "поле капанае". На гэтым полі яму сустракаюцца ворагі – блізьняты зьядоткі, якіх ён без кампрамісаў вынішчае "мечам-самасечам". У першым чытаньні мы прынялі зьядотак за нейкі варыянт дробных пачвар накшталт заходнеэўрапейскіх злобных гномаў. Але пры высьвятленьні паходжаньня іх назвы адкрылася, што насамрэч гэта адно з дыялектных абазначэньняў расіцы – жамяраежнай расьліны, якая належыць да аднаго сямейства з вэнэрчынай мухалоўкай [9]. Падабенства з Super Mario Bros. проста ўражвае. Аднак гэтых перагукаў між беларускімі казкамі і японскай відэагульнёй было недастаткова, каб рабіць пэўныя гістарычныя высновы.

Паўторныя аналітычныя захады з мэтай лякалізаваць геаграфічны абсяг, на якім адбываецца дзеяньне ў разгляданых намі трох казках, ня даў плёну. Ніякіх адметных геаграфічных аб'ектаў у параўнаньні з рознымі іншымі казкамі ў іх не сустракаецца. Толькі ў "Міроне Беларасейскім" утрымліваецца пэўная алюзія, хутчэй спароджаная заклапочанай дасьледніцкімі пошукамі сьвядомасьцю, чым ад пачатку закладзеная казачнікам: "Прайшоў Мірон трошку, відзіць быстру вогненну рэку ў сажавых берагах, а на рацэ калінавы мост", – апавядаецца ў адным з эпізодаў [10]. Толькі навуковая аб'ектыўнасьць, нежаданьне падганяць факты пад уласную канцэпцыю і тым самым прыпадабняцца сумнавядомаму Лаўрэнцію Абэцэдарскаму спыніла нас ад спэкулятыўных інтэрпрэтацыяў гэтага фрагмэнту. "Сажавы берагі" засталіся берагамі з сажы, а не ператварыліся ў берагі Сожа (Сажа). Мы ўзьбіліся церабіць іншы шлях.

Усе тры казкі сваім часам публікаваліся з належнымі камэнтарамі. Таму нам вядома, дзе, калі і ад каго іх занатавалі этнографы. Казка "Марка Суччы сын" занатавана ў вёсцы Даўгалесьсе Рэчыцкага раёна Менскай губэрні ў 1888 г. ад Гервасія Здольніка. Казку "Іван Мар'ін сын" у 1900 г. распавёў жыхар вёскі Данілавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губэрні Самсон Куторга. Казкай "Мірон Беларасейскі" зьбіральнікаў фальклёра ў 1938 г. пацешыла вядзьмарка, камсамолка і проста красуня Вольга Громава, якая жыла ў вёсцы Насовічы Добрушскага раёна Гомельскай вобласьці. Калі зірнуць на мапу і аб'яднаць пералічаныя вёскі лініямі, то атрымаецца амаль правільны трохкутнік, у пункце перасячэньня трох бісэктрыс якога месьціцца Гомель. Зыходзячы з гэтага, мы вылучылі працоўную вэрсію: гістарычныя падзеі, якія склалі сюжэтны падмурак трох казак, разгортваліся ў Гомелі або яго навакольлі.

Гэтая вэрсія дазволіла рабіць наступныя дасьледніцкія крокі і марш-кідкі больш мэтанакіраванымі, засяродзіцца на гістарычных матэрыялах, зьвязаных з гомельскім сярэднявеччам. Аднак нам па-ранейшаму не ставала невядомага дакумэнту з архіваў Ватыкана. На дапамогу прышоў інжынэр Віторыё Пэльвіні – муж нашай колішняй сяброўкі, удзельнік "Таварыства аматараў гісторыі італьянскага футболу імя Умбэртыно Казальскага" (Мілян). Яго задача троху спрашчалася, бо ў вялізным масіве дакумэнтаў з архіваў Сьвятога Пасаду трэ' было шукаць толькі тыя, дзе згадваўся Гомель. Дзякуючы стараннай каталягізацыі назапашаных у Ватыкане гістарычных крыніц высілкі В. Пэльвіні не нагадвалі пошук голкі ў стозе сена і ўжо на шосты дзень завершыліся неспадзяваным посьпехам. Так мы атрымалі фотакопію лацінамоўнага данясеньня папскай выведкі, датаванага ліпенем 1451 г. з характэрнай назвай "Аб паганскіх забавах злога нораву каля замку Гомей, што ў Літве" [11].

З дакумэнта "Аб паганскіх забавах" вынікае, што ў сярэдзіне XV ст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічала агентура папы рымскага Мікалая V. Агенты адсочвалі тагачаснае канфэсійнае супрацьстаяньне на ўзроўні як палітычных элітаў, гэтак і паспалітага жыхарства. У поле ўвагі папскага выведніка Антонія Адмаравіна трапілі і таямнічыя падзеі, што адбываліся недзе пад Гомелем.

Папа Мікалай V
Папа Мікалай V

Дазволім сабе прытачыць досыць вялікі урывак з гэтага данясеньня (за дапамогу ў перакладзе вялікі дзякуй спадарыні Ліндзе Торбе):

«Непадалёк ад гомейскага замку месьціцца вельмі вялікае поле. Яно ёсьць цалкам паганскім сьвяцілішчам, якое дзейнічае з папушчэньня гомейскага ўладара князя Сьвідрыгайлы (Svitrikella). Падтрымка адшчапенцаў для яго не навіна. Хоць сам каталік, ён нейкі час таму ўзначальваў сілы літоўскіх артадоксаў. Што да згаданага сьвяцілішча, дык тамтэйшыя паганцы за бога шануюць кракадзіла. Нават хрысьціянскі люд тых мясьцін апавядае як праўду, што на высьпе пасярод возера, якое ляжыць за тым полем жыве велізарны кракадзіл. На полі вядзецца размаітая жыўнасьць пякельных памераў: жукі, вожыкі, чарапахі. У пракапаных і напоўненых вадою равах плаваюць хіжыя рыбіны і мэдузы. Мухалоўкі ў два чалавечыя росты пільнуюць няўважлівых небарак. Атрутныя грыбы выкідаюць у паветра смурод. Зрэшты, на поле гэтае абазнаныя людзі ісьці не сьпяшаюцца. Да ўсіх небясьпек дадаецца яшчэ і тое, што там падрыхтавана мноства пастак і перашкод. На ўласныя вочы паганцаў мала хто бачыў. Відавочна, стары князь Сьвідрыгайла зь імі у змове. Відаць, што хрост сьвяты не зьмяніў яго паганскай натуры. На яго загад у аднаго чалавека, які капаў калодзежы, а зваўся Марыён (Maryon), выкралі жонку. Служкі Сьвідрыгайлы перадалі яе паганцам, а тыя запраторылі бядачку на кракадзілаву выспу. Марыён у роспачы прыбег да князя патрабаваць праўды. А стары ліс Сьвідрыгайла сказаў, маўляў, той можа забраць сваю жонку, а яшчэ і золата ў дадатак атрымае, калі застанецца жывым пасьля падарожжа праз поле. Пачцівы каталік Марыён не хацеў стаць лялькай у забавах злога нораву паганцаў, але мусіў пабегчы праз паганскае поле, бо жонку сваю любадайную кахаў вельмі. Князь Сьвідрыгайла глядзеў на яго шалёны бег з вышыні вялізнай драўлянай вежы на колах, якую для яго загадзя пабудавалі. Чым далей адважны Марыён прасоўваўся ў полі, тым далей колькі дзясяткаў добрых коней цягнулі колаваю вежу ўздоўж поля, каб князь мог бачыць усе прыгоды таго, хто бег. А ён у небясьпечнай дарозе сваёй ня меў ніякае зброі, апроч уласных ног. Адзінай дапамогай яму былі спажыўныя грыбы, якія расьлі на полі сярод атрутных. Зьеўшы такі грыб, Марыён рабіўся больш моцным і нішчыў сваёй моцай усе перашкоды, спаруджаныя паганцамі, адольваў усе равы з вадою, а таксама падземныя сховы. Да таго ж пасьля спажываньня гэтых грыбоў ён мог адрозьніць сярод звычайных зёлак вогненныя кветкі, якімі адганяў чарапах і хіжых рыбінаў. Запас вогненных кветак дапамог яму ўрэшце перамагчы страшнага кракадзіла. Але перад тым на вочы Марыёна наўмысна патрапляўся нехта з паганых і зь дзікунскім гергетаньнем паведамляў, што жонка таго дзеліць ложак з кракадзілам. Гэта вельмі ятрыла калодзежніка, і ён урэшце абрынуў ў нябыт сустрэтую ім пачварыну, дарма што тая дыхала гарачым смуродам і адкідала ад свайго панцыра шчыткі з шыпамі, што дужа нагадвала палёт кавальскіх молатаў. Марыён не пабачыў ні сваёй жонкі, ні абяцанага золата. Паганцы схапілі і з надыходам чырвонае сьпёкі прынесьлі яго ў ахвяру іншым сваім надуманым божышчам».

Як бачым, стваральнікі Super Mario Bros. і сапраўды пазычылі з цытаванага дакумэнта ладную долю сюжэтных хадоў для гульні, хоць шмат чаго прыдумалі самі (згадайма, напрыклад, зорку непаразьлівасьці). Але ад самага пачатку знаёмства з ватыканскім дакумэнтам у нас узьніклі сумневы ў праўдападабенстве розных дэталяў, зафіксаваных у данясеньні папскага агента. Цалкам мажліва ўявіць існаваньне перакананых язычнікаў на Гомельшчыне ў сярэдзіне XV ст.

Вялікі князь Літоўскі Сьвідрыгайла
Вялікі князь Літоўскі Сьвідрыгайла

Аднак суцэльнай фантастыкай выглядае наяўнасьць разгалінаванай сыстэмы камунікацыяў, якую Антоній Адмаравін называе сьвяцілішчам. Яе стварэньне кашатавала б немалых высілкаў і вялікіх грошай. Ніводны тагачасны палітык, якім бы паганафілам ён ні быў у душы, ня ўзяўся б спрыяць рэалізацыі такога кшталту праектаў. На перабольшваньне выдаюць і будаўніцтва колавай вежы, і гвалтоўная сьмерць Марыёна. Імаверна, агент жадаў дадаць лішніх барваў у сваё апавяданьне, аздобіць яго каліўцамі праўдзівай ілжы, каб урэшце атрымаць добрую ўзнагароду за працу ва ўмовах скрайняй небясьпекі. Што тычыцца ўсяго астатняга, дык пасьля выразных паралеляў зь беларускімі народнымі казкамі мы не наважыліся адназначна палічыць тое прыдумкамі. Пагатоў касьцюкоўскі краязнаўца Лявон Стрыкоўскі, ведаючы пра наш клопат, даслаў наступны вельмі сымптаматычны тэкст народнай песьні, занатаванай ў 1946 г. ад гамяльчаніна Ананія Бязьмена:

Мар'ян наш да луга стаяў,
А па лузе пайшоў – заіграў.
Жоўлаў
[12] ганяў – грымеў,
Чэраз яр скакаў – даляцеў.
Пад зямлю схадзіў – не самлеў,
З-пад зямлі прыйшоў – песьні пеў.
Да цмачыны прыйшоў – грукнуў,
Пад азерца прыйшоў – гукнуў:
- Адпусьці, цмачына, княжну.
А цмачына яму адказаў:
- Некалі, Мар'яне, некалі:
На Літве шмат пасьпела нявест,
Трэба іх пашчыпаць,
Да ўсіх местаў далятаць.
Я паслаў бы жука, ды ён дзяўбень,
Я паслаў бы грыба, ды ён парахнень.
Давядзецца самому лётаць,
А ты сьмееш спакой мой боўтаць.
Атрымай жа, Мар'яне, кувалдай
[13].

Песьня яшчэ раз засьведчыла, што народная памяць пра нетрывіяльныя падзеі далёкага 1451 г. трывала вельмі доўга. Лягічна задацца пытаньнем: няўжо ў пісьмовых крыніцах, якія паходзяць зь Вялікага Княства Літоўскага, пра гэтыя падзеі не засталося ані згадкі? Калі б да нашага часу захаваўся "Гомейскі летапіс", падобнае пытаньне было б залішнім, бо тутэйшы летапісец ніколі б не прамінуў увагаю надзвычайнае здарэньне. А вось шырокавядомыя сьпісы агульнадзяржаўных летапісаў і кронік (XV-XVI стст.), дзе асьвятляецца фактура азначаных часоў, ня ўтрымліваюць хоць бы найменшага намёку на нешта надзвычайнае, што дзеялася каля Гомеля ў сярэдзіне XV ст. У малавядомым "Тайным летапісцы вялікіх князёў літоўскіх" ёсьць толькі цьмянае паведамленьне, што 20 ліпеня 1451 г.

«в Гомеи покрадена была коханая внуча князя Швитрыгайлы. От той несподеванки великое множество турбот размоитых стало, понеже князь хотел, абы панну тую некто з бояр обращил а высвободил. Так ся и сдеяло. Только не през моц та розум боярския, але през силу и кемност вольного чоловека гомейского. "Я ся верну. З панной", – обецал той и слово свое, яко сталь твердое, стримал » [14].

Хто выкраў княскую ўнучку, хто канкрэтна і якім чынам яе выратаваў, летапісец не паведаміў. У Сьвідрыгайлы і папраўдзе магла быць даволі дарослая ўнучка ці нават праўнучка. Усё ж гомельскі ўладар меў на той час за плячыма, паводле адных зьвестак, 80, а паводле іншых – амаль 100 гадоў.

Тое, што ў дакумэнце "Аб паганскіх забавах" і адпаведным фрагмэнце "Тайнага летапісца" вядзецца гаворка пра адныя і тыя ж падзеі, сумневу не выклікала. Аднак узьнікла страшная дылема: якая крыніца вартая большага даверу? Даць адназначны адказ без пашырэньня крыніцавай базы было немагчыма. Росшукі працягнуліся.

Князь Сьвідрыгайла памёр у 1452 г. у Луцку (адным са сваіх гарадоў), і таму нашую ўвагу прыцягнулі пэўныя дакумэнты тамтэйшага паходжаньня. У фрагмэнтах "Кнігі замка Луцкага" паведамляецца пра выезд князя ўлетку 1451 г. у Гомель. Пісар Алексій Бубен акрэсьліў прычыны і вынікі паездкі наступным чынам:

«На замку Гомейском ся прылучила беда. Запропала гдесь без ведома внучка князя Швитригайлы. Князь призвал мужей зацных и ку отвазе схилных, абы девицу оную знайдовали. Але помощи правдивой пан приждал только от лозоходца Мариана, который изыскал панну на лузе редкостно дивном. А дивным вышменованый луг был за тым, што розмаитыми обфитостями и зверья дикавого рожаю наполненый был. Мариан той, не злякшися моцы и хитрых фортелей животин всих, а звлаща громадной ящерицы, рушился противко них и потомчас вернулся назад у Гомей з внучкой князя Швитригайлы» [15].

Гомельскі замак
Гомельскі замак (паводле мапы XVI ст.)

Як бачым, данясеньне папскага агента ўсё ж утрымлівала перакручаныя факты. І ўрывак з "Тайнага летапісца", і запіс з "Кнігі замка Луцкага" ніякім чынам не згадваюць існаваньне агромністага паганскага капішча спэцыяльнага прызначэньня пад Гомелем. Да таго ж дзеяньні вольнага чалавека Мар'яна паўстаюць як дзеяньні добраахвотнага характару, а не як вынік шантажу мала не тэрарыстычнага кшталту.

Лазаходцы
Лазаходцы на гравюры XVI ст.

Урэшце "лазаходзец" (знахар, што ведаў, як шукаць падземныя воды) ратуе ня ўласную жонку, а крэўную былога вялікага князя. І дзейнічае ён не ў камандзе, а самастойна, дэманструючы адметны гераізм. У сыстэме каштоўнасьцяў сярэднявечнай этыкі яго ўчынак выглядае як рыцарскі. Калі перад зьдзяйсьненьнем свайго вычына Мар'ян і не належыў да баярскага стану, дык паводле вынікаў выправы на "дивный луг" факт прылічэньня яго да баярства заставаўся толькі пытаньнем часу. Сьвідрыгайла асабіста зрабіць такі дарунак ня меў права, аднак мог хадайнічаць перад дзейным на той час вялікім князем літоўскім Казімерам Ягелёнчыкам.

Вялікі князь Літоўскі Казімір Ягелончык
Вялікі князь Літоўскі Казімір Ягелончык (паводле карціны Яна Матэйкі)

І сапраўды, у сьпісах наданьня баярства за сьнежань 1451 г. (гэткі падарунак на Каляды) мы знаходзім імя "жихоря гомейского" Мар'яна Лазоўскага, які "живота власного не лютовал а в речах обороны безпеченства Великого Князства Литовского мужность великую указал" [16]. Няма прычын сумнявацца, што Мар'ян Лазоўскі і Марыян, які згадваўся ў "Кнізе замка Луцкага", – адна і тая ж асоба. Але чаму ягоны учынак пад Гомелем вялікі князь зьвязаў з "речами обороны безпеченства" дзяржавы? Адказаць на гэтае пытаньне нельга без разуменьня таго, што ж насамрэч адбывалася ў ліпені 1451 г. пад Гомелем і якую небясьпеку для Вялікага Княства ўяўляў "дивный луг" і большая частка яго насельнікаў.

Мар'ян Лазоўскі
Імаверны партрэт Мар'яна Лазоўскага (з гравюры Ф.Скарыны)

Усе апісаньні "дивнаго луга", якія мы маем на гэты момант, так і ці інакш засьведчылі пэўныя адхіленьні ад нормаў у тамтэйшай экасыстэме. Можна з пэўнасьцю казаць, што ў той час пад Гомелем існавала анамальная зона. Толькі так можна вытлумачыць наяўнасьць вялізных жукоў, агрэсіўных вожыкаў, чарапахаў (такія чарапахі, дарэчы, трапляліся яшчэ Аляксандру Македонскаму) ды іншых біялягічных адхіленьняў.

Аляксандр Македонскі змагаецца з чарапахамі
Аляксандр Македонскі змагаецца з чарапахамі (з сярэднявечнай гравюры)

Па сутнасьці анамальная зона несла вялікую небясьпеку дзяржаве і ўзгляднай стабільнасьці ў ёй. Людзі сутыкаліся зь невытлумачальным і адначасова пагрозьлівым зьявішчам, якое не маглі нэўтралізаваць ні дзяржаўныя дзеячы, ні хрысьціянскія царкоўнікі абедзьвюх канфэсій. Зразумела, што падобная нямогласьць мусіла спараджаць сярод жыхароў ВКЛ паняверку, зьмяншаць ровень легітымнасьці элітаў. Магчыма, што і да 1451 г. на "дивном лузе" здараліся рознага кшталту пэртурбацыі, а інцыдэнт з унучкай Сьвідрыгайлы папросту стаўся апошняй кропляй. У такім разе здаецца, што Мар'ян Лазоўскі ня проста адшукаў (выратаваў) панну, але і зьнішчыў саму крыніцу анамалізацыі.

Што магло быць такой крыніцай? У найноўшай гісторыі зафіксавана зьяўленьне анамальнай зоны каля расейскага горада Перм, вядомай пад рознымі назвамі: М-скі трохкутнік, Малёбкінскі трохкутнік ды інш. Лічыцца, што пачаткам фармаваньня Малёбкінскай зоны сталася падзеньне ў 1980 г. у адну з сажалак невядомага касьмічнага цела [17]. Калі праводзіць аналёгію, дык можна дапусьціць, што пачатак гомельскай анамальнай зоны ў XV ст. таксама быў пакладзены нейкім касьмічным аб'ектам. Як ні дзіўна, гістарычныя крыніцы цалкам пацьвярджаюць наша дапушчэньне.

"Супрасьльскі летапіс" паведамляе пра незвычайную нябесную зьяву, што назіралася ў сакавіку 1402 г. :

«Во великое говение месяца марта знамени бысть на небеси: явлъшюся во вечерьную зару на западе звезда велика, аки копеинымь образомь явльшеся, верьху же ея, яко луча сияше, иже на востоце восходящи, на западе летнемь явлынеся, юже видихомь все говение великое в пятьницю великую. Идяше та же звезда весь день пред слнцемь, вси ми видихомь ея идуще» [18].

Нябеснае цела
Палёт нябеснага цела (з даўняй гравюры)

Беларускі астраном Мірольд Камінскі, спасылаючыся на ліст жонкі чачэрскага старосты Соф'і Рыжай да мазырскага лекара Андрыя Дулітлоўскага (XV ст.), сьцьвярджаў, што нябесная зьява 1402 г. супала з момантам, калі тэрмінатар (лінія сьветападзелу) прайшоў праз Гомель [19]. Ігуменьня Сьвята-Ўзьвіжанскага манастыра пад Шарпілаўкай Таціяна Міразоўская ў асабістым запісе за травень 1450 г. працытавала паведамленьне з "Супрасьльскага летапісу" і дадала:

«От звезды той отделиша ся менша звезда, и полетеша на землю великих князей литовских ко граду Гомею, и отвариша близь града того врата в преисподню. Мнозе времени гомеяне живяху и не знаху, яко зло велико сотворися окол них. Аз, грешна раба божья, молитвы деннонощно изрекаю, уповая, ижь Бог не дасть хищнику дияволу радости поглотити град оный и начяти с того конец света» [20].

Такім чынам, незвычайная нябесная зьява 1402 г. мела наступствам падзеньне нечага на абсяг гомельскіх ваколіц. Што б гэта ні было – мэтэарыт з пазазямнымі бактэрыямі ці касьмічны карабель іншаплянэтнікаў – яно цягам паўстагодзьдзя працавала на тое, каб ператварыць маляўнічыя гомельскія краявіды ў анамальную зону. Не стае дакумэнтаў, але можна меркаваць, што там зьнікалі, трапляючы ў пашчы пражэрлівых мутантаў, і свойская жывёла, і людзі. Няма ніякай пэўнасьці, хто ці што насамрэч тоіцца за постацьцю галоўнага драпежніка гомельскай зоны – зьмеем/смокам/цмокам/вялізным кракадзілам/агромністай яшчаркай. Вядомы беларускі ўфоляг Аскольд Мянжынскі лічыць, што гэта мог быць дыназаўр, парэшткі якога пад пазазямным узьдзеяньнем зазналі рэгенэрацыю, і ён вярнуўся да жыцьця. Кіданьне молатаў/булдаў/кувалды/панцырных шчыткоў з шыпамі руплівец уфалёгіі тлумачыць пэўнай абараняльнай асаблівасьцю арганізму дыназаўра [21]. Іншы спэцыяліст па анамальных зьявах Алекс Зюзькавец цьвердзіць, што на "дивном лузе" гамяльчанам супрацьстаяў іншаплянэтны розум:

«Гэта мог быць агромністых памераў рэптыліёд, які здолеў выжыць пасьля крушэньня свайго летака. Зь іншага боку, нельга скідаць з рахункаў і тую вэрсію, што нашыя продкі ў знаёмых ім катэгорыях ("цмок", "яшчарка" і т.д.) адлюстравалі нейкі транспартны сродак, якім карысталіся іншаплянэтнікі. Упэўнены, калі б гамяльчане XV ст. убачылі месяцаход, аўтамабіль "Hummer" ці нават які-небудзь гарбаты "Запарожац" і пакінулі б пасьля гэтага апісаньні, мы ўбачылі б у іх вобразы казачных пачвараў» [22].

Якая б з вэрсіяў ні была бліжэйшай да ісьціны, відавочна адно: Мар'ян Лазоўскі не пайшоў бы ў анамальную зону бяз зброі і іншага рыштунку. Хутчэй за ўсё, акурат сярод рыштунку і знаходзіліся "спажыўныя грыбы" – народны болеспатольны і адначасова ўзрушальны сродак на грыбной аснове, далёкі продак сучасных кубікаў грыбных булёнаў. Што да "вогненных кветак", дык пэўна, што гэта была самая галоўная зброя. Яна ўяўляла сабою гліняныя збаночкі з запальнай сумесьсю. Фрагмэнты такіх збаночкаў рознай ступені захаванасьці архэолягі рэгулярна знаходзяць на тэрыторыі г .зв. Вялікага Гомеля . На жаль, навукоўцы практычна нічога ня ведаюць пра складнікі названай запальнай сумесі і ня могуць высьветліць, быў спосаб яе вырабу тутэйшым вынаходніцтвам ці яго аднекуль запазычылі. Спадзяемся, што зь цягам часу навука атрымае адказы і на гэтыя пытаньні.

Што тычыцца канкрэтызацыі месца, дзе знаходзілася анамальная зона, дык пасьля параўнаньня досыць сьціслых дакумэнтальных зьвестак зь вядомымі геаграфічнымі рэаліямі, можна выказаць колькі меркаваньняў. З аднолькавым посьпехам гэта маглі быць сёньняшнія:

1) Мельнікаў Луг з Валатаўскім возерам;
2) раёны, якія прылягаюць да Любенскага возера;
3) аўтавакзал і раёны, што суседзяць зь ім, то бок месца, дзе да другой паловы ХХ ст. існавала Гарэлае балота – ранейшае возера ледавіковага паходжаньня.

Калі ж выбудоўваць рэйтынг гэтых мясьцін з улікам анамаліяў, што фіксуюцца да гэтае пары, то бясспрэчным лідэрам тут будзе Мельнікаў Луг.

Мельнікаў Луг
Мельнікаў Луг (2010 г.)

Вялікая доля фактаў зьяўленьня НЛА прыпадае акурат на яго. Шмат дадатковай інфармацыі дало б маштабнае архэалягічнае дасьледваньне гэтай часткі горада. Аднак у агляднай пэрспэктыве яно бачыцца абсалютна немагчымым. Частка Мельнікава Луга засыпана рачным пяском, які намывалі з Сажа яшчэ ў 1970-я гг. Цяпер там вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва.

Нейкіх дадатковых зьвестак пра жыцьцё Мар'яна Лазоўскага нам адшукаць не пашчасьціла. Мы ня ведаем, як кардынальна зьмянілася яго жыцьцё пасьля наданьня яму баярскага стану. Невядома, ці аддаў князь Сьвідрыгайла за яго сваю ўнучку, ці ваяваў Мар'ян зь іншымі ворагамі Вялікага Княства Літоўскага, ці працягваў ён быць знахарам, што чуў ваду...

Шляхетны рыцар Супер Марыё
Шляхетны рыцар Супер Марыё. Малюнак Леры Яшынай (Гомель, 2011 г.)

На вельмі працяглы час у імгле стагодзьдзяў згубіўся вобраз сапраўднага героя, вартага ўлучэньня ў пантэон самых выбітных асобаў нашай айчыннай гісторыі. Хочацца мець надзею, што яго вяртаньне будзе трыюмфальным і безумоўным. А на японскую кампанію Nintendo крыўдаваць ня будзем, бо безь яе ўвішнасьці мы яшчэ ня хутка даведаліся б пра Мар'яна Лазоўскага.

2009 г.

Крыніцы і літаратура
  1. Энциклопедия компьютерных игр. Тверь-Смоленск, “Крестный ход”. 2007. С. 5-7.
  2. Буслай. Я. Супер-Марио – герой нашего детства // Усть-Минусинская правда. 2008. 3 июля. С. 4. У той жа час нельга пагадзіцца з эстонскім часопісам “Tallinn pimeduses” (№3, 2006), дзе сьцьвярджаецца, што аўтарам сюжэта “Super Mario Bros.” быў 110-цігадовы самурай Накаціка Уямбука, які ў 1930-х гг. уваходзіў у мілітарысцкую “Групу імпэратарскага шляху”.
  3. Düsseldorfer Verborgenheit. 2008. 12 Juni. S. 17-18.
  4. Энциклопедия компьютерных игр. Тверь-Смоленск, “Крестный ход”. 2007. С. 174.
  5. Бесарбаш П. Белорусские пословицы, поговорки и иные речевые обороты, находящиеся ныне в употреблениии крестьян Могилевской губернии. М., 1871. С. 20.
  6. Лугавая А. Асобныя проблемы этнографічных досьледаў у дарэволюцыйнай Беларусі ХІХ веку // Магілеўскі этнографічны агляд. 1928. Вып. 4. С. 37-39.
  7. Романов Е. Р. Добавления к белорусскому сборнику. Вильна, 1912. С. 25.
  8. Белорусские народные волшебные сказки. Киев, 1889. С. 120-132; Чарадзейныя казкі. Менск, “Совецкая Беларусь”. 1940. С. 18-29; Казкі невычэрпная крыніца. Мінск, “Мастацкая літаратура”. 1977. С. 111-128.
  9. Булгарин Ф. Несколько замечаний по поводу белорусских трав // Булгарин Ф. Собрание сочинений. Москва, 1837. С. 76.
  10. Чарадзейныя казкі. Менск, “Совецкая Беларусь”. 1940. С. 22.
  11. Archivio Segreto Vaticano. F. 777 (HL). S. 69. A. 45. Fol. 9.
  12. Жоўла – чарапаха.
  13. Тэкст песьні захоўваецца ў прыватным зборы фальклёрных матэрыялаў Лявона Стрыкоўскага.
  14. Тайный летописец Великих князей Литовских. Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянэра старасьветчыны Стывэнсана Я. П. Пагінацыя адсутнічае.
  15. Извлечения из “Книги замка Луцкого” XV в. Новгород-Волынский, 1914. С. 41.
  16. Акты, относящиеся к истории Северо-Западного края России. Ревель, 1899. Вып. 1. С. 448.
  17. Пушкарева Е.В. Как нам обустроить Молёбкинский треугольник? // Гламур и дискурс. 2007. №11. С.118.
  18. Полное собрание русских летописей. Москва, “Наука”1980. Т. 35. С.53.
  19. Камінскі М. Астрономія ў прыкладах з даўняй і блізкай мінуласьці Беларусі. Вільня, “Фэнікс Бацькаўшчыны”. 1927. С. 29.
  20. Дом Г., Морро Д. Личные записи духовенства Западной и Южной Руси. Воронеж, “Изд-во г-на Кокса”. 1892. С. 89.
  21. Аўдыёзапіс гутаркі з асабістага архіва аўтара гэтага дасьледваньня.
  22. Тамсама.
  23. Снопкович Г.Б. Археология средневекового Гомеля. Гомель, “ИЗО-Плит”. 2009. С. 16.


Выказацца з нагоды прачытанага


Напісаць асабіста трымальніку сайта







Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.