Калі чытаеш С.Балахонава, прыгадваеш (і, прызнаюся, рэдка дабром) Янку Станкевіча і Джойса, месцамі нават Платонава, але перадусім—газэту “Навінкі”. Ёсьць паміж гэтымі двума фэномэнамі, “Навінкамі” і прозай С.Б., нейкае глыбокае сваяцтва, і прызнаюся, што абодва фэномэны надзвычай мяне цікавяць. Перадусім з такога гледзішча: чаму мая асабістая цікавасьць да іх, пасьля першага ўсплёску энтузіязму, у працэсе чытаньня непазьбежна сыходзіць на нішто, і другое—чаму я ў такім стаўленьні бадай што самотны, мяркуючы паводле таго, што папулярнасьць гэтых фэномэнаў у чытацкіх колах з часам не ападае? Думаю, што калі мы адкажам на першае, то на другое адказ знойдзе кожны сам.У
выпадку “Навінак” галоўным творчым мэтадам ёсьць эстэтыка коміксу. Пасьля
апрацоўкі майстрам-карыкатурыстам рэчаіснасьць апынаецца на тым баку крывога
люстэрка, дзе пачынае жыць паводле законаў чорна-белага нямога кіно са
зьдзеклівымі камэнтарамі аўтара. Да гэтых законаў належыць імпульсіўнасьць
паводзінаў карыкатурных пастацяў, абсурдная (ці хутчэй гіпэртрафаваная)
матывацыя гэтых паводзінаў, чорны гумар. Усё гэта адбываецца, напрыклад,
у тэатры—гістэрычныя паводзіны актораў на сцэне (overacting) успрымаюцца
як “рэалістычнае” адлюстраваньне сапраўднасьці. Калі чытаеш мініятуры
Хармса, таксама часам узьнікае ўражаньне нямога кіно. Думаю, што авангард
шмат у чым быў і застаецца люстэркам кінематаграфічных прыёмаў з часоў
свайго ўзьнікненьня...
Мы
абмалявалі некалькі магчымых крыніцаў стылю С.Б. Усе яны ляжаць па-за
рэчаіснасьцю, у сьвеце штучнасьці, артыфіцыйнасьці, так званага “жанравага”
мастацтва (пойм “жанравае кіно” на захадзе азначае кіно менавіта камэрцыйнае).
Зразумела, што ў кожнага з гэтых жанраў—коміксу, нямога гратэску, барочнага
тэатру—ёсьць свае няўмольныя законы (да гонару нашага аўтара заўважым,
што ён час ад часу іх усё-ткі парушае), веданьне якіх, ці нават проста
веданьне аб існаваньні якіх часам псуе задавальненьне нават ад няблага
зробленага дэтэктыву, мэладрамы ці пародыі—напрыклад, на гістарычны раман.
Шмат
хто зь беларускіх аўтараў сёньня практыкуе і прапануе гэткія тэрапэўтычныя
ўцёкі ў мінуўшчыну, каб лекавацца ёю ад праблемаў цяперашняга. Балахонаў,
наадварот, заражае мінуўшчыну цяперашнім, пераносіць у яе ўсе чыста сучасныя
праблемы і канфлікты. (Хто бачыў фільм Т.Кітано “Самурай”, ведае, аб чым
гаворка). Анахранізм ёсьць яшчэ адным прыёмам і крыніцай комікі ў С.Б.
Цікава, што такая самая крыніца эксплюатавалася ў новабеларускай літаратуры
ад самага ейнага пачатку, у “Энэідзе навыварат”, дзе антычныя багі паводзяць
сябе як сяляне ХІХ стагодзьдзя. Такая праекцыя ёсьць conditio sine qua
non гістарычнага раману, у тым ліку і парадыйнага.
Расчароўвае
толькі адно: што гэтых праблем у цяперашнім аўтар бачыць толькі дзьве,
а менавіта—міжполавыя стасункі і нацыянальнае пытаньне. Што ж, гэта няблага
абмалёўвае кола чытачоў, мэтавую групу, на якую арыентуецца аўтар: нацыянальна-сьвядомая
моладзь. Нехта скажа, што вышэйзгаданыя рэчы, маўляў, і ёсьць найбольш
вартым і сур’ёзным у жыцьці, ягоным краевугольным каменем... Магчыма—калі
б гэтыя матывы люстэркава не паўтараліся ў кожным творы і не былі настолькі
высунутымі на паверхню. Іхная трактоўка, дарэчы, усюды аднолькава павярхоўная—не
хацеў бы казаць карыкатурная, але ў камбінацыі з вышэйзгаданым “навінкаўскім”
стылем такое ўражаньне непазьбежна ўзьнікае. Больш таго, я не пагаджуся
з самой такой рэдукцыяй. Гэтаксама як цяжка пагадзіцца з рэдукцыяй каханьня
на сэкс і здраду, а нацыянальнага пачуцьця—на гатоўнасьць замачыць сяго-таго
з прыхадняў.
Аднак
нават калі б і сам паважаны С.Б. з такой рэдукцыяй не пагаджаўся, гэтай
рэдукцыі ня можа не адбыцца, як ня можа не адбыцца ейнага паўтораньня
ў кожным творы. Чаму? Вось тут і крыецца зерне постмадэрнізму: з-за ягонай
кантамінаванасьці поп-культурай. У прынцыпе, апроч сэксу і гвалту ў “вострасюжэтным”
творы з прэтэнзіяй на папулярнасьць (у любых колах) ня можа быць іншых
рухавікоў. Цікава, што пры гэтым у Балахонава ёсьць надзвычайныя посьпехі
ў абмалёўцы характараў—ён здольны ўразнастаіць сьвет сваіх герояў так,
каб мы здолелі ўбачыць у іх штосьці большае за “пляскатыя” характары-ідэі,
лялькі з кардону. Яшчэ адзін моцны бок, пра які мы ўжо ўзгадалі—тэхніка
пісьма, надзвычай сумленная праца з мовай. Але ейная сумленнасьць відавочна
кантрастуе з абранай пазіцыяй аўтара. Аўтарская пазіцыя ў Балахонава—парадыйная.
Апавядальнік нібыта ікнецца гуляць у класічнага, усяведнага аўтара—але
пры гэтым ясна, што ягоны інтэлектуальны ўзровень наўмысна, штучна “завышаецца”
Балахонавым—прычым толькі для таго, каб патлумачыць непраўдападобныя разьвязкі
й авангардныя дыгрэсіі ў апавяданьні, пераскокваньні з аднаго на другое...
Апавядальнік у Балахонава—нават ня клоўн, а гэткі падпіты канфэрансье
ў засьмярдзелым правінцыйным клюбе, які часам дазволіць сабе вельмі ўдалы
калямбур, каб потым сапсаваць (часам наўмысна, часам не) усё ўражаньне
няўдалым жартам.
У
гэтым, бадай, і крыецца сакрэт маёй асабістай страты цікавасьці да Балахонаўскага
“шоў”—амплюа гэтага канфэрансье ёсьць надзвычай празрыстым, а з-за сваёй
“самаўсёдаравальнасьці”—надзвычай распаўсюджаным у сучаснасьці. Але постмадэрн
ня быў бы постмадэрнам, калі б ня ставіў пад сумнеў ня толькі верагоднасьць
апавяданьня, але й самога права на апавяданьне.
Падсумую:
аўтар на пяць балаў здае іспыт з асноваў постмадэрнісцкай літаратуры ў
прысутнасьці чытача, але замест таго, каб паступіць у нейкую ВНУ, застаецца
на другі год і праз пэўны прамежак часу здае той самы іспыт зноўку...
І зноўку атрымлівае прыз чытацкіх сімпатый.
А
пакуль тое, экспэрымэнты з поп-культурай у Беларусі працягваюцца. Тыя
ж “Навінкі” выпускаюць фільм “Толькі мёртвыя не баяцца”, які павінен быць
чымсьці накшталт фільму жахаў... Магчыма, жыцьцё ёсьць несур’ёзным—лічыць
так права кожнага. Гэтаксама як і не лічыць. Але калі прапаганда несур’ёзнасьці
ільецца вам на галаву з усіх бакоў, прычым ня толькі з целіку, а і з так
званых твораў “пост-мастацтва” (усё, што ня мае прыдомку “пост”, лічыцца
памерлым—хаця гісторыя забойства ўсё яшчэ не раскрытая), то ўзьнікае ўражаньне
нейкага адмысловага таталітарызму, які замаскіроўваецца пад свабоду “ня
быць самім сабой”, альбо “быць нікім”, як напісаў І.Бабкоў. Цяпер ужо
не благі і ня добры густ прэтэндуе на ролю апошняй праўды ў мастацтве,
а татальная адсутнасьць густу, ідэалягічна абгрунтаваная “бессэнсоўнасьцю”
самога гэтага пойму. “А хто калі яго бачыў, гэты густ?”, калі перафразаваць
А.Хадановіча.
Усё
гэта было б нічога—але сьвятое месца пустым не бывае, і пакрыёма ў мастацтва
пачынаюць запаўзаць цалкам іншыя, пазамастацкія крытэры, паводле якіх
пачынае вызначацца вартасьць гэтага мастацтва. І ўсё часьцей гэта крытэры
ідэялагічныя. Няма добрых і дрэнных пісьменьнікаў: ёсьць пісьменьнікі
“нашы” і “ня нашы”. Каму пашанцуе падзяляць ідэалягічную скіраванасьць
сваіх чытачоў, таму посьпех у іхным асяродку папросту гарантаваны. Наагул,
чым больш аўтар падзяляе са сваймі чытачамі, тым лепш! Чытач плоціць аўтару
сваёй бязьмежнай (зразумела, павярхоўнай) прыхільнасьцю, і за гэта нібыта
мае поўнае права патрабаваць ад аўтара ня толькі аўтограф, але перадусім
доказы ягонай прыналежнасьці да “нашых”—аўтар павінен, папросту абавязаны
палюбіць чытача, задаволіць ягоную вялікую і амаль фізічную патрэбу ў
“мастацкасьці” (спажываньні артэфактаў), не падвясьці, прапанаваць яму
высокаінтэлектуальны кактэйль са зразумелых чытачу намёкаў, карацей, не
высоўвацца і не выскокваць вышэй за чытача, каб у таго склалася адчуваньне,
што ён ні ў якім разе ня горшы за аўтара, і што каб мог, дык таксама мог
бы быць на аўтаравым месцы... “У нас усе роўныя”, “усе свае”—вось ён,
адвечны лёзунг беларускай літаратуры, якая з кожным сваім чытачом адвеку
носіцца, як зь пісанай торбай, каб крый бог яго не згубіць... І чытацкі
“прафсаюз” гэта адчувае, адчувае сваю сілу: гэта ён будзе дыктаваць аўтару
ўмовы кантракту, гэта ён будзе абіраць сабе аўтараў паводле свайго высокага
(хіба хтосьці ў гэтым сумняецца) інтэлектуальнага ўзроўню, то ж бо “літаратурны
працэс”, у майстэрні якога мы ўсе карпатліва працуем для сьветлай будучыні
нашай Бацькаўшчыны—нашая агульная справа, а раз так, то без дэмакратызацыі
гэтага працэсу нам ніяк не абыйсьціся. Гайда на веча якога-небудзь блогу
ці форуму! На сход, на ўсенародны сход!
Па-мойму,
Токвіль называў гэта тыраніяй бальшыні. Адсюль і немагчымасьць сапраўднай
крытыкі ў асяродзьдзі “нашых”. Адсюль усе гэтыя бясконцыя ўзаемныя рэвэрансы,
толькі пытаньне гучыць ужо не “Ты меня уважаешь?”, а “Ты лічыш мяне геніем?”.
За что же, не боясь греха...? А за гэта самае. Беларуская літаратура па-ранейшаму
ня ставіць сабе літаратурных задач, для яе задача нумар адзін—самазахаваньне,
несупыннае трыманьне кроку з сучаснасьцю. Любы аўтсайдэр рана ці позна
ў гэтае кола трапляе, але вырвацца з гэтага кола (не хачу казаць “гета”)—задача
практычна непасільная, бо кола стварае ілюзію вядомасьці, ахоўвае, падкупае
сваёй прывязанасьцю і адданасьцю. Прыналежнасьць да гэтага кола—справа
гонару, індульгенцыя на любы творчы faux pas. Беспамылковасьць гарантаваная.
Да
чаго я гэта ўсё кажу? А да таго, што ўсё гэта адбівае ў нашых пісьменьнікаў
патрэбу ў крытыцы. Таму я ня ўпэўнены, што мае вышэйпададзеныя заўвагі
будуць аўтарам пачутыя і слушна зразуметыя. Тым ня менш, я іх выказваю,
бо мне цікава аналізаваць уласныя ўражаньні ад прачытанага—гэта мая асабістая,
можа нават “прафэсійная” патрэба. Я ня маю ілюзіяў, што хтосьці будзе
ўспрымаць сказанае мной сур’ёзна. Зрэшты, маё меркаваньне ёсьць адным
з многіх, і заўсёды можна знайсьці адгаворку, каб яго праігнараваць. Напрыклад,
тую, што я стаўлюся да творчасьці “залішне сур’ёзна”—а гэта ў сучаснасьці,
калі не памыляюся, лічыцца нашмат больш непрыстойным, чым спроба няўдала
пажартаваць.
© Макс Шчур, 2007. Сайт "Невідочнае места"