Вiктар Шнiп: "Моладзь дарэмна баiцца друкавацца ў «Мастацкай лiтаратуры»"
Вiктар Шнiп — паэт, лаўрэат спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, прэмii iмя Уладзiмiра Маякоўскага Савета Мiнiстраў Грузii, лiтаратурнай прэмii "Залаты Купiдон" — сёння з'яўляецца галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая лiтаратура". Ён на ўласным вопыце пераканаўся, што выдаваць творы iншых аўтараў можа толькi той, хто пiша сам. Размову з Вiктарам Анатольевiчам мы пачалi з сённяшняй беларускай лiтаратуры ўвогуле.
— Вiктар Анатольевiч, цi ёсць мэйнстрым у сучаснай беларускай лiтаратуры?
— У нас зараз плённа працуюць тры асобныя плынi лiтаратараў: старэйшае пакаленне,
сярэдняе i моладзь. Тыя пiсьменнiкi, якiя жылi пры Савецкiм Саюзе, да саракагоддзя
выдавалi аднатомнiк выбранага, да пяцiдзесяцiгоддзя — двухтомнiк. На сёння яны,
можа, i пакрыўджана глядзяць на гэты свет, бо зараз цяжка выдаць кнiжку, даводзiцца
i за свой кошт. I народныя пiсьменнiкi, i многiя лаўрэаты дзяржаўных прэмiй сёння
нават да сваiх юбiлеяў нiчога не маюць. Гэта пра старэйшае пакаленне.
Сярэдняя плынь — гэта маё пакаленне. Калi мы былi маладыя i глядзелi на старэйшых,
прыкiдвалi: "Будзе мне 40 гадоў — выйдзе добры том, у 50 будзе два..." На жаль,
так не адбылося, i многiя мае аднагодкi (Вiктар Анатольевiч нарадзiўся ў 1960
годзе. — Аўт.) маюць на сёння па тры-чатыры кнiжкi максiмум. Узяць Андрэя Федарэнку, Алеся
Наварыча, Барыса Пятровiча, Алеся Аркуша, Алега Мiнкiна... Уладзiмiр Сцяпан актыўна
друкуецца ў часопiсах, але кнiжак мала мае.
— Чаму так адбываецца?
— У той багаты цягнiк, якi iшоў, мы не паспелi, а той, у якiм павiнны былi камфортна
ехаць, не стварылi. Час вырашае за нас. У 1990-м мне было 30 гадоў. Анатолю Сысу
ў 1989-м было 30. Магчыма, i ён па-iншаму жыў бы, калi б Саюз не развалiўся. Я
не кажу, што гэта вялiкая бяда. Гэта добра, што Беларусь стала незалежнай краiнай.
Але многiя тады разгубiлiся i выпалi з цягнiкоў.
Трэцяе пакаленне — маладзейшыя, — каму ад 20 да 35: Андрэй Хадановiч, Глеб Лабадзенка,
Сяргей Балахонаў, Марыйка Мартысевiч i iншыя. Яны ўжо ў выдавецтва "Мастацкая
лiтаратура" не iдуць. Спакойна выдаюць свае кнiжкi ў "Галiяфах", у Логвiнава i
iншых. Дзякуй Богу, што ёсць гэтыя выдавецтвы. У нас, у "Мастацкай лiтаратуры",
вельмi вялiкiя патрабаваннi. Мы мераем той меркай, якой у свой час мералi Мележа,
Шамякiна, Караткевiча. Маладыя, зразумела, пад гэтую мерку падыдуць не ўсе, бо
iх лiтаратура больш разняволеная, больш эксперыментальная. Але гэта не сведчыць
пра тое, што яна нам чужая.
I, на жаль, кола аўтараў, якiя прыходзяць у выдавецтва, змяншаецца. А калi павялiчваецца,
то за кошт тых, хто раптам пачаў пiсаць у 50-60 гадоў.
— Як вы адбiраеце тых, каго друкаваць, каго — не?
— Мы пiсьменнiкаў не выбiраем. Сёння, напiсаўшы твор, напачатку сам пiсьменнiк
выбiрае, дзе будзе выдаваць кнiжку. А прыйшоўшы да нас у выдавецтва, ён павiнен
забыцца пра свае ранейшыя заслугi, бо мы паблажак нiкому не даём: нi маладым,
нi лаўрэатам. Для нас усе роўныя, бо галоўнае — якасць мастацкага твора. З радасцю
прымаем тыя творы, якiя ўжо друкавалiся ў часопiсах "Маладосць" , "Полымя" i iншых
выданнях, што маюць аўтарытэт. У нас ёсць серыя "Вера, надзея, любоў". Тры кнiжкi
выйшла. Праз iх прайшло каля 50 аўтараў. У кожнага свой стыль i сваё каханне.
Зараз я збiраю чацвёртую кнiгу i прапаную маладзейшым даць свае творы.
Шкада, што моладзь, апошнiм часам, не спяшаецца iсцi да нас. Вiдаць, ведае, што
ў большасцi мы друкуем тыя творы, якiя стануць хрэстаматыйнымi. А эксперыментальныя
творы нiколi не стануць хрэстаматыйнымi. Усе пiсьменнiкi напачатку эксперыментуюць,
а пасля прыходзяць да выпрабаваных класiчных нормаў.
— Назавiце некалькi прозвiшчаў сучаснiкаў, якiя вартыя выдавацца ў "Мастацкай
лiтаратуры".
— Са старэйшай плынi лiтаратараў кожны можа друкавацца. I з майго пакалення амаль
у кожнага такiя творы ёсць. А маладыя яшчэ эксперыментуюць. Але i яны выходзяць,
калi не асобнымi кнiжкамi, дык у зборнiках. Вось мы зараз рыхтуем да выдання дзiцячую
кнiжку Веры Бурлак. У нас выйшлi першыя кнiжкi Змiцера Вiшнёва, Югасi Каляды,
Алены Брава, Аксаны Спрынчан, Усевалада Гарачкі, Рагнеда Малахоўскага, Наталлі
Кучмель, Змiцера Арцюха. Добра, што з'яўляюцца новыя аўтары, якiя не баяцца эксперыментаваць.
Я сам эксперыментую, нешта мяняю, шукаю. Нельга стаяць на адным месцы i сёння
пiсаць так, як пiсаў учора.
Праца выдавецтва залежыць ад "Перспектыўнага плана", якi кожны год мы складаем
i рассылаем па бiблiятэчных i кнiгагандлёвых арганiзацыях. У гэты план трапляюць
тыя аўтары, чые кнiжкi мы збiраемся выдаць. У нашым плане на наступны год каля
160 назваў. Выдадзiм недзе толькi палову: грошай на ўсiх не хопiць. Якiя рукапiсы
набяруць больш тыражу па бiблiятэках, тыя i выйдуць. Выключэнне робiм толькi для
серыi "Жыццё знакамiтых людзей Беларусi" (ЖЗЛБ), але i ў тым выпадку, калi ведаем,
што хоць выданне на сённяшнi дзень не набрала патрэбны тыраж, але яно будзе запатрабаванае
заўтра.
— Цi ёсць у Беларусi добры сучасны дэтэктыў?
— У нас ёсць серыя "Сучасны беларускi дэтэктыў". Мы адкрывалi яе "Каронай Вiтаўта",
дзе было змешчана каля дваццацi аўтараў, сярод якiх Адам Глобус, Уладзiмiр Сiўчыкаў,
Вiктар Праўдзiн, Людмiла Рублеўская, Мiраслаў Шайбак. Потым у гэтай серыi выйшлi
асобныя кнiгi Людмiлы Рублеўскай, Вiктара Праўдзiна, Сяргея Трахiмёнка i Леанiда
Маракова.
— Цi друкуе "Мастацкая лiтаратура" зараз замежных аўтараў?
— У нас ёсць серыя "Скарбы сусветнай лiтаратуры". Выдаём недзе па адной кнiжцы
ў год. Цяпер падрыхтаваныя да друку гiстарычныя аповесцi паляка Крашэўскага ў
перакладзе Мiхася Кенькi. Стараемся друкаваць невядомыя творы, якiя яшчэ не выходзiлi
на рускай мове. Хаця i самi выдаём 5% лiтаратуры на рускай. Гэта больш рускамоўныя
паэты, крыху ёсць i прозы. Да нас нярэдка звяртаюцца аўтары з Расii, але, на жаль,
такiя, якiх не хочуць друкаваць нi ў Маскве, нi ў расiйскiх абласных цэнтрах.
Зразумела, i мы iх не друкуем.
На сёння палова нашых выданняў адрасаваная дзецям. Багата iлюстраваных кнiжак
з прыгожым афармленнем. У год выходзiць прыкладна 40 назваў для дзяцей. Ды мы
цяпер не адны выдаём. Холдынг "ЛiМ" шмат выдае такой лiтаратуры.
— Не баiцеся канкурэнцыi?
— Нас гэта прымушае больш фантазiраваць, шукаць. Але часам перамаўляемся з "ЛiМам",
каб не перабегчы iм дарогу. Часам, калi прыдумаем нешта новае, выдаём у тайне,
каб не перахапiлi. Гэта добрая канкурэнцыя. Яна спрыяе развiццю i стымулюе.
— Што цяпер рыхтуецца да друку?
— У серыi "ЖЗЛБ" рыхтуецца (спадзяюся, выйдзе ў першым паўгоддзi наступнага года)
кнiжка пра жыццё i творчы шлях Iвана Шамякiна. Рыхтуюцца выданнi i пра Аркадзя
Куляшова, Максiма Багдановiча. Праз месяц выйдзе кнiжка пра Янку Купалу "Купалаў
вянок". Яе напiсаў Уладзiмiр Лiпскi. Мiкола Маляўка, якi працуе ў часопiсе "Вясёлка", зараз пiша i друкуе там раздзелы з будучай кнiгi пра Якуба Коласа.
Ёсць у нас серыя "Казкi ХХI стагоддзя". Распачалi яе ў мiнулым годзе, бо многiя
пiсьменнiкi пачалi пiсаць казкi, а мы прывыклi чытаць толькi народныя. Гэтыя кнiгi
карыстаюцца попытам.
Да канца года выйдзе кнiжка з новай серыi "Беларусь музычная" пра кампазiтара
Яўгена Глебава. Кнiгу рыхтавала i пiсала яго жонка. Думаю, серыя працягнецца.
Карыстаюцца попытам серыi "ЖЗЛБ", "Мастакi Беларусi" i "Нашы Героi".
— А цi ёсць каму пiсаць такiя серыi?
— Вось толькi i бяда, што няма. Звярталiся да нас i Аляксандр Цiхановiч, i Васiль
Раiнчык, i Iгар Лучанок: "Выдайце пра мяне кнiгу"? — "Выдадзiм, вы толькi знайдзiце
таго, хто яе напiша". Калi выдавалi кнiжку пра Мiхаiла Фiнберга, цяжка было збiраць
матэрыял. I ўсё ж сабралi!
У серыii "Нашы героi" выйшла кнiжка пра генеральнага канструктара МАЗа Мiхаiла
Высоцкага. Яму зараз за 80 гадоў. Такiя кнiжкi — гэта летапiс нашай краiны. Некалi
па iх будуць вывучаць гiсторыю.
— Нядаўна вы выдалi "Мiнск: падарожжа па горадзе".
— Гэта такая гульня. Наша супрацоўнiца падобную набыла ў Чэхii. Мы ўбачылi i
вырашылi выдаць такую ж. Гульня дапамагае дзецям вывучаць славутыя мясцiны, помнiкi
горада. Там напiсана, дзе знаходзiцца манумент, каму пастаўлены, чым герой праславiўся,
што напiсаў, расказваецца, чаму так называюцца плошчы, у гонар каго названыя вулiцы...
— Вы планавалi выдаць такiя ж гульнi, прысвечаныя Гродну i Барысаву. Атрымалася?
— З-за гэтага сусветнага фiнансавага крызiсу крыху затрымалiся. Але аўтары працуюць
над гэтымi кнiжкамi. Мы самi iх заказвалi. Зараз яшчэ заказалi лаўрэату Дзяржаўнай
прэмii Алесю Марцiновiчу кнiгу "Герб, сцяг i гiмн Беларускай дзяржавы". Мы выдавалi
такую кнiжку для дзяцей. Яна карысталася попытам. Цяпер хочам выдаць для дарослых:
турысты цiкавяцца.
— У вас была практыка выдання лiтаратуры на дысках. Яна працягваецца?
— Гэта мы рабiлi не для шырокага кола чытачоў, а для школ. Выйшлi тры дыскi.
Яны былi i гукавыя, i вiзуальныя. Першы быў з вершамi Караткевiча. Там i яго голас
гучаў, песнi, iнтэрв'ю. Пасля выдалi электронную кнiгу пра Якуба Коласа i дыск
па сучасным беларускiм мастацтве. З яго можна карцiны на ўроках паказваць на экране.
Але наша галоўная задача — выдаваць кнiжкi на паперы.
— Адна мая знаёмая дзяўчына-бард на пытанне "Цi не плануеш выдаць свае вершы?"
адказвае: "А навошта?". Што б вы ёй адказалi?
— Выдаваць, каб падзялiцца. Пiсаць для сябе — гэта што запасы на зiму рабiць.
Нарыхтаваў яблыкаў i бульбы — i сам з'еў. А надрукаваныя творы — гэта тая садавiна,
тыя кветкi, якiя ты аддаеш. Трэба дзялiцца. Тады ты адчуваеш сябе больш патрэбным.
Няхай i не ўсе прымаюць, але ёсць людзi, якiя цiкавяцца, якiя чакаюць тваiх новых
твораў. Мне часам нечакана прыходзяць лiсты ад удзячных чытачоў. А здавалася б,
зараз ужо лiсты не пiшуць. Творчасць патрэбна не толькi таму, хто ёй жыве. У першую
чаргу — таму, хто чытае. Яна дапамагае людзям.
Таццяна Салдаценка. Звязда. 14 кастрычнiка 2009 года. № 31 (77)
Выявы паводле:
1. www.zviazda.by
2. jh1873.deviantart.com
3. emje.deviantart.com
4. 2dcale.deviantart.com
5. autre-chose.deviantart.com