з досьведу службы ва ўнутраных войсках-Т-
ТАПКІ
Найгалоўны пасьля
кірзачоў ці
берцаў салдацкі абутак. На тапках рознымі спосабамі пазанчаюцца прозьвішчы, ініцыялы ці нават мянушкі салдат. Тапкі маюць дзіўную здольнасьць раптоўна зьнікаць, рвацца. Выдаюцца яны жаўнерам разам з астатнімі прадметамі вайсковае формы. Нашэньне рознага кшталту хатніх тапачак, віетнамак, сандалетаў і г.д. зазвычай не дапускаецца. Мне даводзілася прысутнічаць пры ўрачыста-паказальным зьнішчэньні цывільных тапак, канфіскаваных у салдата тэрміновай службы.
ТАЎРО (рас. "клеймение")
Вытраўленыя хлёркай на форме прозьвішча салдата і нумар ваеннага білету. Сяржанты тлумачылі нам, што таўро дае магчымасьць распазнаць саладата-уцекача, а таксама труп. Па вялікім рахунку гэта спосаб адрозьніць аднолькавую форму салдат і паменшыць верагоднасьць крадзяжу ці "добраахвотнага абмену". Зрэшты некаторыя
дзяды паданатарыліся ў перашываньні нутраных кішэняў з таўром. Але пільнае вока
старшынаў цяжка падмануць. Маё пэрсанальнае таўро вызначалася тым, што я прымудрыўся зрабіць у прозьвішчы істотную памылку, прапусьціўшы дзьве літары.
ТАШЧЫЦЦА (рас. "тащиться")
Атрымліваць задавальненьне, насалоды якім-заўгодна чынам; мець спачын ад турботаў; пачуваць сябе распружаным, не зважаючы на вайсковыя варункі. Звычайныя выкрыкі стараслужнікаў да маладых саладат: "Вас саўсем расташчыла!" Зафіксавана спэцыфічна вайсковая фразема
ташчыцца, как х*й па сьцеклаваце, то бок мець турботы ці
хапаць вілкі.
ТУК-ТУК
Гукава-слоўная забаўка, калі
дзед пасьля адбою стукае па
тумбачцы, а
духі павінны голасна адказаць, колькі дзён засталося
дзядам да загаду аб звальненьні ў запас. Таму духам
непалаген засынаць раней
дзядоў, бо можна
пра*баць стук і выклікаць дадатковыя меры выхаваўчага ўзьдзеяньня з боку
чэрапаў.
ТУМБАЧКА (рас. "тумбочка")
Маленькая шафка пры салдацкіх ложках, разьлічаная зазвычай на двух чалавек. Складаецца з падзеленай на дзьве часткі шуфлядкі і дзьвюх паліцаў. У шуфлядцы мусяць ляжаць т.зв. мыльна-рыльныя прыналежнасьці. На ніжэйшай паліцы месца для абутковага крэму. Сярэдняя – для ўсяго астатняга, што дазволена мець салдату. З тумбачак ня толькі па
духанцы, але і пад
дзембель вельмі часта прападаюць рэчы. Але маладым салдатам такое пераносіць найцяжэй, таму многія рэчы (брытвы, лёзы, асадкі, капэрты) яны цёгаюць пры сабе або недзе
нычкуюць. Таксама тумбачка маецца на пасту днявальнага. Адсюль фраза
стаяць на тумбачцы, што азначае "быць днявальным".
ТУПІЦЬ (рас. "тупить")
Рабіць нешта недарэчы, ня так, як трэба; туга цяміць.
ТЫГРА (рас. "тигр")
Салдат, які пачынае храпсьці, чым замінае дабрашчасным снам
дзядоў аб хуткім
дзембелю. У такім разе патрывожаны
дзед дае дастаткова гучную каманду: "Убіць цігра!". Хтосьці з
духаў мусіць падарвацца, схапіць падушку і глушануць ёй храпуна па галаве.
ТЭЛЕВІЗАР
Разнавід вайсковага зьдзеку, калі жаўнер мусіць трымаць на выцягнутыя рукі зэдлік (табурэтку) ды глядзець на яго, нібы на экран тэлевізара, пераключаючы каналы і камэнтуючы "бачаныя" праграмы і фільмы.
ТЭРМІНАВІК (рас. "срочник")
Салдат тэрміновай службы, прызваны ў войска для служэньню Айчыне на 1,5 гады ці 1 год. У адрозьненьні ад кантрактнікаў і прафэсійных вайскоўцаў (прапаршчыкаў, афіцэраў). У беларускамоўным асяродзьдзі і лістах я называў "срочников" не
тэрмінавікамі, а
тэрмінатарамі. Так яно б і было, калі б у войску панавала беларуская мова.
2000 і 2007 г.
Cтаронкі слоўніка:
А Б В Г Д Е Ё Ж
З І Й
К Л М Н О
П Р C Т