Дзесятка старажытных жартаўНавукоўцы брытанскога ўнівэрсітэта Валвэргемптан (University of Wolverhampton) абвесьцілі сваю вэрсію дзесяці самых старажытных жартаў сьвету:
1. Тое, што ад даўніх часоў ніколі не здаралася: маладзіца не пярдзела на каленях свайго мужа
(1900-1600 гг. да н.э.; Шумэрская калекцыя прыпавесьцей 1.12-1.13).
2. Як пацешыць фараона, які зажурыўся? Трэба прыйсьці ў нізоўе Ніла пад ветразем на лодцы поўнай маладых жанчынаў, якія будуць апранутыя толькі ў рыбацкія сеткі, а тады выправіць фараона на рыбалку
(скарочаная вэрсія, упершыню знойдзеная на “Папірусе Вэсткара”).
3. Тры паганятыя быкоў з Адабу дужа хацелі піць. У аднаго быў бык, у другога – карова, а трэцяму належыла фурманка з грузам. Гаспадар быка адмовіўся ісьці па ваду, баючыся, што быка можа зьесьці леў. Гаспадар каровы адмовіўся, бо думаў, што карова можа ўцячы ў пустэльню. Гаспадар фурманкі адмовіўся з-за асьцярогаў, што ягоны груз можа быць скрадзены. Таму пастанавілі ісьці разам. Пакуль іх не было, бык злучаўся з каровай, якая нарадзіла цяля, якое зьела ўвесь груз з фурманкі. Пытаньне: каму належыць цяля?
(1200 г. да н.э).
4. Сьляпая на адно вока жанчына дваццаць гадоў жыла ў шлюбе з адным чалавекам. Калі той знайшоў сабе іншую, ён заявіў: “Я разьвядуся з табою, бо ты, як кажуць, сьляпая на адно вока”. На гэта яна прамовіла: “Няўжо пасьля дваццацёх гадоў шлюбу ты стаў відушчым?”
(Эгіпэт, блізу 1100 г. да н.э).
5. Адысэй называе цыклёпу імя Ніхто як сваё сапраўднае. Калі Адысэй скіроўвае сваіх людзей напасьці на цыклёпа, той крычыць: “Дапамажэце! Ніхто напаў на мяне!” На дапамогу ніхто не прыходзіць
(Гамэр “Адысэя”, 800 г. да н.э.).
6. Пытаньне: якая жывёла ходзіць на чатырох нагах ураньні, на дзьвюх – апоўдні і на трох – увечары? Адказ: чалавек. Дзіцём ён поўзае на карачках, пастаўлеўшы, ходзіць на дзьвюх нагах, а ў старасьці выкарыстоўвае кіёк.
(зьявілася за Тыранам Эдыпам, 429 да н.э).
7. Чалавек да плоцевага злучэньня прагны болей за асла, і толькі ўласны кашалёк абмяжоўвае яго ў гэтым
(Эгіпэт пэрыяду Пталямеяў, 304-30 да н.э).
8. Аўгуст падарожнічаў па сваёй імпэрыі і аднойчы заўважыў у натоўпе чалавека, дужа на яго падобнага. Уражаны гэтым імпэратар спытаўся: “Ці не была калісь твая маці сярод слугаў імпэратарскага палацу?” “Не, Ваша Вялікасьць, служыў толькі бацька”, – мовіў у адказ двайнік
(з часоў ўладараньня Аўгуста 63 да н.э – 29 н.э.).
9. Жадаючы навучыць асла нічога ня есьці, скнара не даваў яму ежы. Калі ж асёл памёр ад голаду, той прамовіў са шкадаваньнем: “Гэта вялікая страта. Ён памёр падчас спасьціжэньня навукі нічога ня есьці”
(Філягеляс, датуецца 4-5 стст. н.э.).
10. Калі цырульнік спытаў у караля, як яго стрыгчы, той адказаў: “Моўчкі”
(Філягеляс, датуецца 4-5 стст. н.э.).
Пераказаў Сяргей Балахонаў 3 жніўня 2008 г. паводле uktv.co.uk