КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Ад князя Ігара да Валянціны Г.

Кажуць, што ў англамоўным сьвеце набіраюць папулярнасьць інтэрпрэтацыі клясычнай літаратуры для мікроблогу Twitter, дзе памер паведамленьня абмяжоўваецца 140 знакамі. Сьцьвярджаецца, што на Twitter ушчыльнілі нават 1000-старонкавага «Уліса» Джойса. Вось і я, натхніўшыся магчымасьцямі мікраблогінгу, вырашыў ушчыльніць колькі твораў літаратуры Беларусі розных эпохаў.

«Слова пра паход Ігараў»
Князь Ігар пайшоў у паход на полаўцаў без увагі на благія прыкметы. Мусіў уцякаць. І гэта на тле цёмных месцаў і згадак Усяслава Чарадзея.

Мікола Гусоўскі (Узоўскі) «Песьня пра зубра»
Аўтар расказвае рымскаму папе пра сябе, зубра, часы князя Вітаўта і хоча, каб у сьвеце не было войнаў.

Афанасій Філіповіч «Дыяруюш»
Аўтар вандруе між Масковіяй і Польшчай, дбае аб праваслаўі і бачыць галюцынацыі.

Саламея Пільштынова-Русецкая «Авантуры майго жыцьця»
Доктарка з Наваградчыны мяняе мужа і месцы жыхарства. Нават да Асманскай імпэрыі дабралася. А расійская імпэратрыца звала яе: "дружочек".

Адам Міцкевіч «Пан Тадэвуш»
Пан Тадэвуш кахае Зосю, але адносіны між іх фаміліямі напружаныя. Напружаньне зьнікае з прыходам расейскага атраду.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч «Ідылія»
Паненка Юлія пераапранаецца ў сялянку, каб рознымі хітрыкамі перавыхаваць земляка, які любіў цёгацца па Эўропе і захапляўся ўсім замежным.

Францішак Багушэвіч «Кепска будзе»
Хлопцу ня шэнціць ад самых народзін. Нават імя ў яго абы якое - Аліндарка, не кажучы ўжо аб ягоным вельмі кепскім жыцьці.

Янка Купала «Тутэйшыя»
Хлопец Мікіта спрабуе адаптавацца да кожнай новай улады ў Менску. Але сьвядомы беларус Янка яму перашкаджае.

Якуб Колас «На ростанях»
Настаўнік Андрэй Лабановіч шукае сябе, пакуль не прыбіваецца да бальшавікоў.

Андрэй Мрый «Запіскі Самсона Самасуя»
Чыноўнік Самасуй хоча скарыстацца службовым становішчам і заняцца любоўю зь яўрэйкай Крэйнай. Але яна кахаецца з больш важкай рыбай.

Вацлаў Ластоўскі «Лябірынты»
Пасьля бутэлькі і размовы з аматарамі полацкай гісторыі герой патрапляе пад зямлю, дзе ёсьць артэфакты магутнай крыўскай цывілізацыі.

Іван Мележ «Людзі на балоце»
Цяжкасьці каханьня Ганны Чарнушкі і Васіля Дзятліка на тле калектывізацыі беларускага Палесься.

Уладзімір Караткевіч «Каласы па сярпом тваім»
Князь Аляксандар Загорскі з-за спэціфічных мэтадаў выхаваньня вырастае Алесем, любіць Беларусь, хоча свабоды для ўсіх, кахае Майку Раўбіч.

ВасільБыкаў «Знак бяды»
Старая і стары церпяць зьдзекі нямецка-фашысцкіх акупантаў, успамінаючы, што пры бальшавіках ім было не на шмат лепш.

Адам Глёбус «Дамавікамэрон»
Розныя дэманы і пачвары любяцца і кахаюцца зь людзьмі. Ну, і людзі ад іх не адстаюць.

Альгерд Бахарэвіч «Ніякай літасьці Валянціне Г.»
Літаратурнага крытыка рознымі спосабамі даймае і цкуе пісьменьніца ў інвалідным вазочку. Крытык наважваецца на крайнія меры супрацьдзеяньня.

18.05.2009 г.

P.S. Спадзяюся, што непапраўным гультаям і рознашорсным ненавіднікам беларускае літаратуры зь ліку шкаляроў і студэнтаў, чые пальцы сьцёртыя дашчэнту ад тайпаньня ключавых словаў "в сокращении", "сокращенка" і да т.п., гэтая анталёгія безьмежна спадабаецца.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.