КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ЛЮБОЎ НАРОДНАЯ: АРТЫКУЛЫ, ІНТЭРВІЮ, ГУТАРКІ

Фэнтэзійна-фантастычныя густы

Напярэдадні Новага году вельмі хочацца чагосьці касмічна-фантастычнага, нерэальна-іншапланетнага… Жыццё здаецца казкай, у якую вельмі хочацца паверыць. Можна пераглядзець “Салярыс” ці перачытаць “Уладальніка пярсцёнкаў”. Яшчэ адзін варыянт: замовіць у Дзеда Мароза ўсяго “Гары Потэра” – і ваша жыццё стане суцэльнай фантастыкай… Што яшчэ можна пачытаць-паглядзець-паслухаць, я запыталася ў нашых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Яны ж падзяліліся са мной сваімі фантастычнымі й фэнтэзійнымі густамі.

Алесь Аркуш:
– У юнацтве любіў раман Курта Вонегута “Сірэны Цітана”.. Але шчыра прызнаюся, ня быў вялікім аматарам фантастыкі. Мяне цікавіла толькі інтэлектуальная фантастыка, дзе захапляе не сюжэт, а цікавыя, нестандарныя думкі. А ў фантастыцы за савецкім часам як раз у гэтым пляне пісьменьнік меў пэўную вольнасьць. Таму ў СССР гэты жанр меў шалёную папулярнасьць. Купіць у кнігарні кнігу з фантастыным творам было немагчыма, таму чыталі часопісы “Знания - сила” і іншыя. Аднак я больш любіў паэзію.

Уладзімір Сцяпан:
– Сучасную фантастыку і фэнтазі не люблю… Любімая кніга ў гэтым жанры - Біблія…

Славамір Адамовіч:
– У дзяцінстве чытаў Ж.Верна, цікавая была трактоўка жыцьця чалавека пад вадой, гэтыя падлодкі… Альбо Обручава і ягоны твор пра дагістарычную эпоху, усіх тых дыназаўраў-яшчураў…

А Зямля Саньнікава! Ну ,і вядома ж, пра Рабінзона Круза як не згадаць…

А “Чалавек-амфібія”! Быў аднайменны савецкі фільм у канцы 60-х, класнымі песьнямі ілюстраваны.: “І в Белых туманах скроются чёрные города”.

Кніжкай дзяцінства быў і двухтомнік нашага Янкі Маўра. Нават ужо дарослым перачытваў ягоны “Амок”, “У краіне райскай птушкі”… Пры гэтым я ніколі асабліва ня прагнуў у тыя фантастычныя сьветы, пра якія чытаў… Жыцьцё паказала, што меў рацыю, бо менавіта яно, рэальнае жыцьцё, і ёсьць самае наша неверагоднае і фантастычнае…

Не люблю папсовую фантастыку, усе гэтыя маштабныя сюжэты з рознымі галівудскімі чэленджарамі, якія нясуць амерыканскую праўду ў іншыя цывілізацыі…

Люблю тую фантастыку, дзе няма разрыву з рэальным жыцьцём… Гэта вышэйшы пілатаж. Ну а тое, дзе рэкламуецца чалавечая тэхналагічная пыха, самазадаволенасьць, перамога над Прыродай, а гэта значыць, і над самім сабой…- тое фтопку!

Андрэй Хадановіч:
– Не люблю фантастыкі й фэнтэзі як жанраў, але люблю некаторых фантастаў (Брэдбэры) ці аўтараў фэнтэзі (Толкіена). Пасьля такіх аўтараў звычайна прыходзяць эпігоны і ўсё апашляюць.

З усіх мастацтваў найбольш “торкае” джаз (голас Элы Фіцджэралд альбо Оскар Пітэрсан на фано), а таксама кіно. Улюбёнае: “Дарога” Фэліні, “Сёмая пячатка” Бэргмана, “Попел і дыямэнт” Вайды, “Люстэрка” Таркоўскага, “Лілі Марлен” Фасбіндэра, “Апошняе мэтро” Труфо, “Эўропа” фон Трыера, “Падвойнае жыцьцё Веранікі” Кесьлёўскага, “Арызонскія сны” Кустурыцы.

Сяргей Балахонаў:
– Фантастыку люблю, але, як той казаў, без фанатызму. Бывае, што ў пэўны пэрыяд жыцьця ў рукі трапляе тая ці іншая кніга, якая карэктуе сьвядомасьць, выцягвае з дрыгвы абыдзённасьці, дае надзею або наадварот сее сумнеў.

Здараецца, што такой кнігай зьяўляецца кніга фантастыкі. Яна мяне прываблівае ўяўнай аголенасьцю гульні розуму - з самага пачатку ты ведаеш, што ўдзельнічаеш у гульні, але, зазвычай, ня можаш вызначыць, куды цябе прывядуць гульнёвыя сьцежкі, бо правілы гульні зьмяняюцца без папярэджаньня.

Сярод кніг адзначу “Левую рука цемры” Урсулы Ле Гуін, “Адысэй пакідае Ітаку” Васілія Зьвягінцава, “Нашэсьце квантавых катоў” Фрэдэрыка Пола.

Сярод фільмаў: “Госьця з будучыні”, “Тэрмінатар”, “Твін Пікс”, “Паўсталыя зь пекла”, “Матрыца”.

У жывапісе: касьмічная сэрыя Язэпа Драздовіча, прыкладам, “Гуканьне вясны на Сатурне”.

Сярод кампутарных гульняў: сэрыя “Silent Hill”.

Да фэнтэзі ня стаўлюся ніяк, бо яно прайшло міма мяне зусім незаўважна. Хаця спадарыня Рублеўская і назвала мяне аднойчы сярод аўтараў, што працуе ў гэтым напрамку.

Зміцер Вішнёў:
– У свой час я вельмі захапляўся гэтым жанрам. вельмі падабалася жорстка фантастыка Гары Гарысана, напрыклад. Браты Стругацкія – гэта проста класіка. але апошнія 7 год я чытаю іншую літаратуру. З беларускіх пісьменнікаў хочацца адзначыць Сяржука Мінскевіча. Яго фантастычныя творы найбольш выбітныя ў сённяшняй беларускай літаратуры.

Ганна Кісліцына:
– Падлеткам я чытала Станіслава Лема, Артура Кларка, Урсулу Ле Гуін, Рэя Брэдбэры, Кліфарда Саймака, Роберта Шэклі. А вось Айзека Азімава не любіла. Як і рускіх Яфрэмава і Булычова.

З рускіх фантастаў я любіла Стругацкіх. “Слімак на схіле”, “Пікнік на ўзбочыне”… Але самы любімы твор, перачытаны дзесяткі разоў - “Населеная выспа” (гэта я калькую “Обитаемый остров”). Злавесны вобраз Кантролю і крытыка спажывецтва як філасофіі - тое, што прыцягвала ў іх кнігах. Адпаведна і самым любімым фільмам доўгія гады быў “Сталкер”… Пазней любімцам сярод фантастаў стаў Гары Гарысан.

У дарослым узросце спрабавала чытаць Лукьяненку, Пехава, Прозарава. Не ўражвала, не ведаю чаму.

Здараецца, чытаю Толкіена - яго тэксты мяне супакойваюць… Вельмі люблю яго ілюстратараў - братоў Хільдэбрандтаў. Сярод мастакоў яшчэ Барыса Валеджо (сама сябе я асацыірую з яго “Першабытнай прынцэсай”) і Нарыошы Ахраі.

На жаль, не чытала Шыціка… А дарма: мяркуючы па ЖЖ-тэстах, усе беларускія блогеры — гэта сучасныя “шыцікі”. Затое чытала Лірніка Ліра і спадзяюся, што з яго вырасце нацыянальны “фэнтазіст”!

Югася Каляда:
– Для мяне жанры фантастыкі й фэнтэзі кардынальна разьмяжоўваюцца. Фантастыка - гэта ўвесь той безьліч жанраў, які ў маім дзяцінстве трапляў пад азначэньне “Навуковая фантастыка”: тут і Стругацкія, і Булычоў, і Лем, і Брэдберы, і нават Уэлс… (Вось, уласна, я і назвала любімых аўтараў.)

А фэнтэзі я не люблю й не разумею. Я не атрымліваю ніякай асалоды ад падрабязнасьцяў існаваньня шматлікіх паралельных сусьветаў, ад бясплённага аналізаваньня ўчынкаў галоўнага героя - якія ўсё адно не адпавядаюць ніякай звыклай лёгіцы. Я не люблю тэкстаў, сюжэт якіх не падпарадкоўваецца агульначалавечым законам паводзінаў.

Як вынік - чытаць фэнтэзі мне нецікава; я нават “Валадара пярсьцёнкаў” не адолела зь некалькіх спробаў, хаця чытала пра Толкіена і магу ацаніць, наколькі скрупулёзную працу зрабіў аўтар для стварэньня свайго сусьвету.

А мае прыхільнасьці ў фэнтэзі – не адрозьніваюцца арыгінальнасьцю й разнастайнасьцю: я чытала ўсе кнігі й глядзела ўсе фільмы пра Гары Потэра; і тое, мяркую, мая цікаўнасьць выкліканая тым, што Роўлінг пасяліла чараўнікоў побач са звычайнымі людзьмі й яны паводле сюжэту ўвесь час камунікуюць.

Віка Трэнас:
– Калі вы хочаце, шаноўныя сябры, даведацца мае літаратурныя густы, то прызнаюся: ні фантастыка, ні фэнтэзі мне не блізкія. Праўда, у раннім падлеткавым узросце, як і многія іншыя, чытала Гары Гарысана, Рэя Брэдберы, Герберта Уэлса, братоў Стругацкіх. Але гэта, паўтаруся, было надта даўно. Цяпер не цікаўлюся.

Дмітрый Дзмітрыеў:
– Я добра памятаю, як мне ў рукі трапіў культавы зборнік фантастыкі, перакладзенай на беларускую (той самы, дзе была надрукавана “Планэта малпаў”). Гэта быў ледзь ня першая мая кніга фантастыкі. Але ж маё захапленьне фантастыкай збольшага засталося ў падлеткавым ўзросьце.

Летась я прачытаў зборнікі аповедаў Брэдбэры і Шэклі - гэта першыя кнігі фантастыкі за апошнія 10 год, напэўна.

Што тычыцца кінафантастыкі, то я і тут застаўся ў падлеткавым узросьце, бо зьбіраю савецкую кінафантастыку (ад “Аэліты” пачатку 20 стагодзьдзя да фільмаў Рычарда Віктарава). З апошніх здабыткаў – славацкі сэрыял “Spadla z oblakov” пра іншапланецянку Майку (памятаеца, яна там таямніча сьвяціла вачыма, хадзіла па столі і кланіравала розныя рэчы іншапланэтным прыстасаваньнем). А вось фільмы а-ля “Матрыца”, “Эквілібрыюм” мяне не кранаюць. Я іх праглядзеў, яны мяне па-свойму ўразілі, але не больш за тое. Мо з-за шаблонаў сучаснага кіно.

Наконт фэнтазі мне сказаць няма чаго, бо адзіны фэнтэзійны літаратурны твор, які я адолеў – “Уладар пярсьцёнкаў”. Спадабаўся. І ягоная кінавэрсія спадабалася. Спрабаваў чытаць расейскага “Валкадава”, але там нейкая жабрацкая мова. А вось фільм пра Валкадава ўпрыгожыў адзін з маіх вечароў. Наўрад ці я буду глядзець працяг, але разумею, што вечар тым фільмам не быў сапсаваны.

Але ж больш фэнтазі я чытаць не буду. Мо толькі не надрукуюць твор невядомага мне хлопца, які, па чутках, дасылаў свой твор на “пэнаўскі” конкурс маладых літаратараў – яго я пачытаю абавязкова.

Аксана Бязлепкіна:
– Я не належу да ліку людзей, якія фанатычна адсочваюць усе фантастычныя і фэнтэзійныя навінкі.

Да фэнтэзі наогул стаўлюся абыякава, а прыязнае стаўленне да фантастыкі абумоўлена ў першую чаргу тым, што я з задавальненнем агорала “цагліну” “Фантастика века” (1995, Полифакт).

Я, натуральна, чытала А. Беляева, А. Азімава, братоў Стругацкіх, С. Лема, з прыхільнасцю стаўлюся да твораў маладога беларускага фантаста Андрэя Паўлухіна, але з фантастычнай літаратуры мне чамусьці запамінаюцца не прозвішчы аўтараў, а сюжэты. Магчыма, таму што ў фантастыцы мяне вабіць найперш рэпрэзентацыя не толькі бязмежнай фантазіі, але і выяўленне бездакорнай логікі. Казаць пра любімыя творы складана: тое, што выклікала захапленне ў 15 гадоў, сёння не выклікае той жа рэакцыі. Да таго ж і прафесійны погляд часам замінае. Гэта, ведаеце, як пластычны хірург глядзіць на прыгожую жанчыну і думае: “Як удала ў яе зроблены нос, а вушы можна было б перарабіць”.

Валярына Кустава:
– Я не з’яўляюся палымянай прыхільніцай жанру фантастыкі, асабліва ў яе чыстым выглядзе. Мне бліжэй да сэрца фантастыка з элементамі прыпавесці, міфа, легенды, казкі…

Але калі казаць пра тое нешматлікае, што мяне ўсё ж заваблівае… То гэта “Салярыс” С.Лема, прачытаўшы які, я цэлы месяц хадзіла пад моцным уражаненнем. Аднайменны фільм, які зняў А.Таркоўскі па матывах твора С.Лема, пераставіўшы акцэнты на свой лад, мне таксама глянуўся, як, зрэшты, і ўсе астатнія фільмы гэтага геніяльнага рэжысёра.

З вялікмі задавальненнем прачытала ананімную эпічную паэму эпохі Сярэднявечча “Песня пра Нібелунгаў” — які да гэтага часу мяне невымоўна захапляе! — гэта гістарычны фантастычны эпас з усімі рысамі адпаведнага жанра, створаны на аснове германскіх казак, паданняў, легендаў… Але у сілу спецыфікі сваёй прафесіі (па адукацыі я - кінадраматург), спачатку, як і ў выпадку з “Салярысам”, мне выпала азнаёміцца з кінаверсіяй твора, таленавіта перакладзенага на кінамову нямецкім рэжысёрам Фрыцам Лангам. Як і “Салярыс”, “Нібелунгаў” я пераглядала неаднаразова.

З маленства падабалася кніга Д.Свіфта “Падарожжы Гулівера”, а калі перачытала яе ўжо ў больш сьвядомым узросце, адкрыла і правяла шмат цікавых і новых аналогій з рэчаіснасцю, гісторыяй і філасофіяй.

Апытвала Ася Паплаўская, UFF-by.org. 29.12.2007.

Глядзі таксама:

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне










Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.