КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Веляслава Менская – пісьменьніца Старое Беларусі

Ураньні мне патэлефанаваў Якаў Пятровіч Стывенсан і агаломшыў пытаньнем: «Серёжа, ты знаешь писательницу Велеславу Менскую?» Спрасоньня падумалася, што гэта ўсяго толькі нядзельны жарт вядомага гомельскага калекцыянэра старасьвеччыны, каб ня даць мне адаспацца ў апошні дзень законнага адпачынку. У адказ я прамармытаў, што зараз спэцыялізуюся выключна на паэтцы Бажэне Мацюк і ніякіх Веляславаў ня ведаю. Спадар Стывенсан расьсьмяяўся і ўдакладніў, што гаворка пра пісьменьніцу канца XІІ – пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Мой сон прапаў, як і не было. Я зразумеў, што Якаў Пятровіч прапануе мне чарговыя сэнсацыйныя зьвесткі з гісторыі даўняй беларускай культуры. «Со мной связался один мой грузинский коллега, – казаў ён. – Он сообщил, что отыскал доселе неизвестный средневековый документ, в котором говориться о поездке Шоты Руставели в Киев. Среди прочего там упоминается его беседа с некой менской книжницей Велеславой. Я не сумел ему ответить ничего внятного по этому поводу. Хотя вполне возможно, что в одном из моих фондов какие-то данные о Велеславе Менской и содержатся». Такім вось ненавязьлівым чынам мне было прапанавана пакорпацца ў тым фондзе. Я ня стаў адмаўляцца і пасьля конаўкі кавы ды двух дзяжурных бутэрбродаў паляцеў чатырнаццатай маршруткай у другі канец горада.

Якаў Пятровіч Стывенсан

Якаў Пятровіч сустрэў мяне на прыпынку і правёў да таемнага сховішча старажытных артэфактаў. Фонд, у якім мне давялося досыць апэратыўна працаваць, складаўся з падборак аркушаў ад розных рукапісаў ХІІІ ст. Я нават прысьвіснуў, прадчуваючы, як закапаюся ва ўсім гэтым шчасьці з галавою. «Свистунам завтра получка будет», – паўшчуваў мяне калекцыянэр і блаславіў на пошукі. Блаславёным я пачаў працу. Першыя дзьве гадзіны не далі ніякага плёну, апроч узмоцненага жаданьня ударыцца галавой аб сьценку. Аднак акурат на такі выпадак сховішча абабіта плюшам. На трэцюю гадзіну справа пайшла добра, і да вечара я здолеў назьбіраць пэўную колькасьць пісьмовых сьведчаньняў пра Веляславу Менскую. Спадар Стывенсан быў усьцешаны вынікам маёй працы і дазволіў зьмясьціць у маім блогу кароткую біяграфію старабеларускай пісьменьніцы.

Дакладная дата народзінаў Веляславы Менскай навуцы невядома. У розных крыніцах годам народзінаў называюцца 1182 і 1184 гады. Пры гэтым аўтары паведамленьняў падкрэсьліваюць, што падчас зьяўленьня будучай пісьменьніцы на сьвет адбываліся дзіўныя праявы: «вълкы вкруг дома звучне завываше» (запіс манаха Сідара Ізяслаўльскага), «воронки и соловье с пеяньем кружаше» («Травник славен»), «жаба плигне да бычий пузырь в окне порва» («Дивосил»). Падобнымі вобразамі яны жадалі падкрэсьліць неардынарнасць падзеі. Бо той жа Сідар Ізяслаўльскі яшчэ і зазначыў, што ў яе асобе «явил Господ Бог вполню протиположност Евфросиньи Полоцькой».

Богаслужэбная кніга з надпісам на маргіналіях

Мяркуючы па ўсім, Веляслава належала да княскага роду. Пра гэта ўскосна сьведчыць кніжнік Архіп Смаляніч, згадваючы яе «княжи власа» і «черлены княжи уста». Зрэшты, тут мы можам мець справу не з фіксацыяй рэальнага сацыяльнага становішча, а з пэўнага кшталту паэтычным тропам. У кожным разе яна была вельмі адукаванай для свайго часу жанчынай. Зусім верагодна, што нейкі час яна адукоўвалася ў Полацку, працуючы ў бібліятэцы і скрыпторыі, заснаваных за часы Еўфрасіньні. Прынамсі, на маргіналіях адной з богаслужэбных кнігаў, якая паходзіць з тагачаснай Полаччыны, ўтрымліваюцца надпісы: «Велеслава взыщет славу», «Из Менеска Велеслава суть не Путятична Забава», «Язык Велеславы, яко адская лава». Хто б ні пакінуў гэтыя надпісы, зь іх адназначна вынікае неадназначнасьць характару пісьменьніцы.

Асьветнік Акінф Цьвярскі паведамляе, што Веляслава Менская чытала і нават спрабавала перастварыць («кусилася толмачити») на тагачасную кніжную «рускую» мову заходнеэўрапейскія эпічныя творы «Песьня пра Ралянда» і «Сьпеў пра нібэлюнгаў». А вось Феафраст Слуцкі сьцьвярджае, што яна была ў захапленьні ад «Слова пра паход Ігараў» і быццам бы нават «до Чернигова хаживала», каб пабачыцца зь яго аўтарам. Калі верыць Феафрасту, яна «хотяше понести» (зацяжарыць) ад аўтара «Слова», але «бывает, иже держати писало легше, нежьли зачати дитя».

Увогуле ж Веляслава любіла падарожнічаць. У 1203 г. яна наведала Тураў і над магілай япіскапа Кірылы «чтяху слово свое о велих книжниках и басниках» (Сергій Туроўчык «Блюдения»). У 1206 г. яна пабывала ў Бранску, дзе «даша в ухо и порваша срачицу» (дала поўху і парвала сарочку) прапаведніку Дземетрыю Грэку за «гордость его превелику» («Бряньскый святоянник»). Сярод іншых гарадоў, дзе пісьменьніца «наследиша много», называюцца Смаленск, Ноўгарад, Матраха (Тмутаракань), Кіеў. І мабыць, гэта зусім ня поўны сьпіс. Якім жа чынам Веляслава Менская «наследиша много» у названых гарадах? На жаль, мы маем вельмі цьмяныя недатаваныя зьвесткі.

У Смаленску Веляслава незразумелым чынам «выиграше» ва ўсходняга купца 1000 дырхемаў і выдаткавала іх на «книгы мирськие» (то бок нецаркоўныя) для смалян. У Ноўгарадзе яна ўздатнілася кагосьці жорстка скрытыкаваць («облаяти по жести»). Навуковец А.К.Моркаўка прыпісвае ёй аўтарства знакамітай ноўгарадзкай берасьцяной граматы №330, дзе нібыта сваё частковае адлюстраваньне знайшла тая жорсткая крытыка. У Матрасе пісьменьніца зь невядомай прычыны «ныряше в море до исткуна» (маецца на ўвазе затопленая антычная статуя аднаго са старажытнагрэцкіх багоў).

Адна зь меркаваных выяваў Веляславы Менскай

Калі ж верыць старагрузінскаму дакумэнту «Хроніка Міміно», у Кіеве «пасьля вінапіцьця» Веляслава перастрэла каля Сафійскага Сабора аўтара паэмы «Рыцар у тыгравай шкуры» Шату Руставэлі і папрасіла, каб той ёй «надрапаў пару словаў на першай-лепшай шкурцы». Вялікі грузін зразумеў мянчанку не зусім слушна і палічыў за «вулічную дзеўку», з чаго атрымаўся пэўны канфуз. Большых падрабязнасьцяў іх сустрэчы ў дакумэнце няма. Дасьледніца Таісія Віняхоўская лічыць, што Шата Руставэлі ўсё ж пакінуў старабеларускай пісьменьніцы свой аўтограф на кавалку пэргаміну, які знаходзіцца зараз у сховах Калініградзкага музэю (Расея). На яе думку словы Руставэлі «Какая у тебя печатлительная глаза, милая. Ты пистельница, да?» адрасаваны акурат Веляславе Менскай. Аднак гісторык літаратуры Антон Варанецкі лічыць, што адрасатам гэтых словаў была іншая кніжніца – Аксенія Чачэрская.

Што тычыцца ўласна творчага даробку Веляславы Менскай, то тут інфармацыі яшчэ меней. Паводле Севасьцея Мсьціслаўскага яна была аўтарам «изборника» пад нестандартнаю для той эпохі назваю «Бусяки сторонния плодныя». Творы, што былі ў яго ўключаны, мелі самы шырокі жанравы разьбег: песьні, навэлы, афарызмы ды інш. Сучасьнікі ацэньвалі іх па-рознаму. Але ў бальшыні крыніц, якія захаваліся да нашага часу, пераважае даволі стрыманая, а то і шчыра непрыязная рэакцыя. Нікіфар Віцебскі крытыкаваў яе за «блядьню скоморошью» у песьнях пра «цветии розы» і «лето в веси» (лета ў вёсцы). Зь ім быў салідарны Сава Пінскі. Нехта з удзельных князёў быў гатовы яе «пугой пригостити» за навэлу «О прузях в шеломах князевых» («Пра тараканаў у княскіх шаломах»). На полацкім вечы 1208 г. усур’ёз абмяркоўвалася пытаньне аб росшуку і запратораньні ў вязьніцу менскай пісьменьніцы за «лихокрывство» (фальшаваньне) у адным зь яе твораў жыцьця князёўны Рагнеды. А вось сьвецкі кніжнік Няўзор Неглюбскі творчасьць Веляславы Менскай любіў і называў «солнцем меж церковной тьмечи».

Нястача гістарычных крыніцаў не дазваляе напоўніцу прасачыць жыцьцёвы і творчы шлях выдатнай літаратаркі Старое Беларусі. Застаецца да рэшты нявысветленым уплыў Веляславы Менскай на далейшае разьвіцьцё старабеларускае літаратуры. Паасобныя дасьледнікі лічаць, што ейны ўплыў быў па-сапраўднаму агромністым. Літаратуразнавец Пятро Малубайка схільны лічыць, што менавіта Веляславе належыць знакавы выраз: «Усеагульная абыякавасьць і млявасьць да жыцьця». Што праўда, невядома, як ён гучаў першапачаткова. Хачу спадзявацца, што маё сьціплае нядзельнае дасьледваньне без абеду і падвячорку стане адпраўным пунктам для далейшых навуковых адкрыцьцяў.

16.08.2009 г.

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.