НЕ ХВАЛЮЙСЯ МАЦІ
ЗА СЫНА
Ня верылася, што пачуцьці насамрэч абвострацца
так, як гэта ўласьціва для канца веку. Людзі, адыходзячы ад
адзначэньня навагодніх і постнавагодніх сьвятаў, прысьвяткаў ды
псэўдасьвятаў, патрапілі ў сьвет дэнамінаваных грошай. На мільёны
лічыць было вой як лёгка, а на тысячы, дык ніяк разабрацца ня
могуць. Едзеш у тралейбусе, а нейкі мужычок пытае: «Малады
чалавек, ня скажаце, 5х6=30 чы па-іншаму?» Ну, вядома ж. Пачынае
нешта лічыць ужо без маёй дапамогі.
Шлындаю апошнія дзянькі на
цывілі па крамах-магазынах у пошуках прыстойнай збольшага кілбаскі
ды сякой-такой гарэлкі. Слухаю народ. Цэнтральны гомельскі
ўнівэрсам — набываю тую самую кілбасу. Раптам аддзел ахінаецца
крыкам якойсьці бабкі: «Аб’ядзяняйцеся ўсе западныя рэспублікі
супроціў жыдоў! Аддайце мне майго жывога сына, якога морыць
голадам жонка-жыдоўка ў 17-м мікрараёне! Ня верце царкве, бо там
сядзяць жыды!» Памітынгаваўшы без завадаў хвілін 7, старая пайшла
рабіць тое ж у іншым аддзеле. Вот уж дземакрація, меджду протчым.
Справа ня ў жыдох, а ў глуздох.
Глёбус у «Новым Дамавікамэроне»
пісаў пра мужыка, што прымерз да русалкі. Ага, дзядзька, тутака
прыляпляесься безь нічога ніякага адразу да некалькіх земнаходных
кабетак, што ўвесь арганізмус разам з душою заходзіцца ад
экзыстэнцыйнай роспачы. Няма фатальнасьці, ё войска, куды шыбую,
удакон заблытаны ў думках і сэнтымэнтах. Яны такія розныя. Кажуць,
што чакацьмуць. Разьбяромся, таварышч. Але ж, бліны-ладачкі, як
спамінаць іхныя вусны пад крыкі якіх сяржантаў ці старшын?!! Ня
ведаю... А стары настаўнік расейскай літаратуры чамусь нагадвае,
што «злой чечен точит нож». Унутры паўнюткая Чачэнія.
Войска.
Яно не было цягам доўгага часу актуаліяй для маіх мазгоў.
Турбавала паўсядзёншчына, руская дзяўчына, Белае Балота,
падрыхтовіны да гістарычнай канфэрэнцыі. А цяперака, што завецца:
ку-ку, mein lieber Frеund! Клясе ў трэцяй разьвязвалі задачку:
«Колькі вам будзе гадоў у 2000-м годзе?» Дзіцячае сэрцайка
зьнібела ад подумаў аб тым далёкім канцы веку, мярэсьцілася нешта
страшнаватае. Сёньня, наконадні адпраўкі ва ўзброеныя сілы, больш
за ўсё страшна выпасьці зь беларускага кантэксту. Галава ня
цяміць, як гэта можна жыць без рэгулярнага чытаньня «Нашай Нівы»,
«ARCHE», «Спадчыны»... Служу Рэспубліцы Беларусь, халера ясная. А
насамрэч: «No pasaran», як кажуць улюбёныя нашымі бацькамі жанчыны
з водарам кавы. Не хвалюйся, маці, за сына. Я
прашу.
СЭРЦА ПАТРЫЁТА
Рыхтуючыся да
адпраўкі ў войска, я, мабыць, падсьвядома маніўся сурочыць гэтую
падзею. Належным часам я прыбыў на абласны зборны пункт. Наўкол
ужо тоўпіліся шматлікія праважатыя, між якіх засталіся мае бацькі,
браты і дзядзька Коля. У т.зв. «спальным пакоі прызыўнікоў», куды
мяне скіраваў ласкавы таварышч ахвіцэр, ужо кучкавалася колькі
чалавек. Нехта тужліва зерыў у вакно. Хтосьці з іранічнай
пасьмешкай лузаў белыя семкі. Пара чалавек, размаўляючы на знаёмай
па Белым Балоце гутарцы, пасядалі на ўскрайку драўляных
двухпавярховых нараў, якія станавілі дамінанту «спальнага пакою».
Усе апранутыя ў старызну — тэхналёгія бо вяртаньня альбо
захаваньня вопраткі прызыўнікоў вельмі няпэўная. Сэрца троху
трымцела ад прадчуваньня майго пераходу ў новую якасьць. Хутка
пакой запоўніўся аж занадта. Бальшыня хлапцоў была ў ладным
пахмельлі.
Неўзабаве нас паклікалі на мэдычны агляд. Дык жа
праверыўшыся ў акуліста ды распрануўшыся пасьля да майткоў колеру
хакі, я зь біты час трываў чаргу да тэрапэўта. Раз-пораз у
калідоры сноўдалі ахвіцэры розных родаў войскаў у пошуках сярод
прызыўное гушчы нейкіх асобных пэрсаналіяў. Аднаго дзецюка ў чарзе
замліла, і таго адаслалі на прамыцьцё страўніка. Я ж круціў-вярцеў
у рукох сваю асабістую справу, у правым куце якой была пазначаная
група прыдатнасьці «2» ды шыфр адпраўкі: К-5525. Душыў нэрвовы
сьмех — ня верылася, што йду служыць міліцыянтам у Гомелі. Калі ж
падышла мая чарада, я заўважыў, што цётачка надта пільна разглядае
маю кардыяграму. Пасьля яна хвілін пяць выслухоўвала маё сэрца,
каб урэшце выправіць на даабсьледаваньне ў кардыялягічны
дыспансэр. Там мусілі спраўдзіць альбо абвергнуць два меркаваныя
дыягназы, сярод якіх быў і спрыродны хіб сэрца. Зразумела, што ў
войска я ня трапіў. Родныя былі ўсьцешаныя. Я ж пачуваўся зь
мёртвых паўсталым, так хораша было мне. Увечары завітаў на
сяброўскую «Талаку», прыхапіўшы торцік і салодкую вадзіцу з
бурбалкамі. Гарэлка, знаеце, за палову студзеня досыць
астабрыньдзела ўжо.
Наступным днём я паехаў у кардыялягічны
дыспансэр, што на другім канцы Гомеля. Мяне ўжо мала што
бянтэжыла: ані платная кардыяграма, ані адсутнасьць паказальнікаў
аб месьцішчы прыбіральняў. Людзёў жа было паўненна. Хтосьці з
гораду, хтосьці з раёну. Кожны жаліцца, кожны скардзіцца. Адная
кабета спамянула ліхім словам дзядзьку Сашу: маўляў, яму б у хакей
свой гуляць ды Японіі ўсялякія наведваць, а людзі хай сабе
дохнуць. Хітраваты лекар-кардыёхірург хуценька зьняпраўдзіў
дыягназ аб спрыродным хібе, прымусіўшы распрануцца да поясу ў
прысутнасьці студэнтачак. Ля-ля-ля. На ЎЗІ высьветлілася, што ў
майго нацыяналістычнага сэрца павялічаная левая вэнтрыкула.
Патрэбную для даабсьледаваньня шпіталізацыю прызначылі на 28
студзеня. Але ж адпраўка ва Ўзброеныя сілы заканчваецца двума
днямі раней. Назаўтра ў сваім ваенкамаце мне было нялёгка
тлумачыць сутнасьць справы. Жанчына — галава мэдычнае камісіі —
ласкава паведаміла, што з такімі дыягназамі зазвычай даюць
чацьвертую групу прыдатнасьці. Прысутны маёр К. пацьвердзіў шыфр
адпраўкі і, пасьля некаторага валаводжаньня, мне выпісалі чародную
позву для чарговай адпраўкі. Поруч праходзілі камісію школьнікі,
якія дужа саромеліся свайго амаль аголенага стану. Дзеткі, а
кароль жа голы!
ДАСЬЦЁБКІ
Рэальнае
вайсковае быцьцё грунтуецца на прынцыпе: «Дасьцябацца можна й да
слупа». Дасьцёбкі таму маюць самы шырокі распаўсюд. Навабраныя
ваякі ня маюць права хаваць рукі ў кішэні. Для парушальнікаў
прадугледжваецца дзейсная санкцыя — зашываньне кішэняў на пэўны
тэрмін (звычайна на 1—2 дні, бо потым сяржанты забываюцца).
Гэтаксама не ўхваляецца, калі ў жаўнераў незашпілены які-кольвек
гузік. У такім разе ён адрываецца ці адразаецца лязом.
«Па
духані» (у першыя месяцы пасьля прызыву) нельга гучна выяўляць
свайго жаданьня вярнуцца дадому. Іначай можа быць сарганізаваны
адмысловы «шлях дамоў» — «дух» (малады салдат) уздымаецца на
руках, трымаючыся за сьпінкі ложкаў, над падлогай і выконвае рухі
нагамі (імітацыя дарогі). Шлях можа дужа зацягнуцца: салдат
«прыходзіць дамоў», а дома нікога няма, дык ён мусіць «ісьці» да
мамы (таты, брата і г.д.) на работу па ключы. Акром таго, ня варта
выказваць сваю ахвоту чаго-небудзь зьесьці. У адказ звычайна можа
прагучаць : «Што, не падабаецца?» Калі на гэты запыт будзе
адказана станоўча, тады ладзіцца «кармёжка». Зазвычай гэта бохан
чорнага хлеба, які трэ зьесьці за вызначаны час, пасьля чаго
выпіць 1—1,5 л сырое вады. Спажываньне хлеба (ці булкі) можа
адбывацца ў працэсе адцісканьня ад падлогі. Накормленыя звычайна
скардзяцца саслужыўцам на хуткае спаражненьне страўніка праз
ванітаваньне.
Дасьцёбкі становяць нед’емную частку ацэнкі
разнастайных работаў у войску. Як бы ты ні чысьціў боты, шараваў
«очкі», мыў падлогу, камандзір абыклым парадкам можа адцеміць
маладастатковасьць выкананай работы. Пры гэтым адбываецца апэляцыя
да нейкіх мітычных «армейскіх мерак». Пры шыхтаваньні, ставячы
роту на «зважай», сяржанты патрабуюць спыніць усе варушэньні, што
выканаць практычна немагчыма. Акром таго, як бы ты ні стаў на
«зважай», можа адбыцца загад падняць галаву вышэй. «Вот там,
пацаны, ваш дзембель», — паказваючы на нябёсы альбо столь,
навучаюць маладых байцоў сяржанты.
Агулам армія ёсьць лесьвіцай
дасьцёбак, якія пачынаюцца адразу, ад шарагоўцаў. Шарагоўцы
дасьцёбваюцца адзін да аднаго. Адметнае праявішча гэтага —
дзедаўшчына.
КВАДРАТНЫ СЬНЕГ Вайсковае
быцьцё перапоўненае рэчамі, якія чалавеку з цывільля падаюцца
чыстым вар’яцтвам. Чалавецтва ля брамы ў ХХІ стагодзьдзе, а ў
войску да гэтай пары выкарыстоўваюцца анучкі для ног заміж
шкарпэтак. З анучкамі на нагах што і за мабільнасьць можа быць?
Шкарпэткі, кажуць нам сэржанты, згодна з статутам недазволеныя.
Замотваньне анучак мусіць займаць па 7 сэкундаў на кожную нагу.
Рэальна цяпер ніхто за столькі не пасьпявае. Таму, акром
замотваньня, існуе іншы спосаб адзяваньня анучак, званы
«парашутам», — жаўнер папросту ўскоквае ў боты, на якіх
накладзеныя анучкі. У кажным разе мазалі маладым
забясьпечваюцца.
На дзень прымушаюць засьцілаць ложак так, каб
палоскі, што на адным з краёў сіняй коўдры, аказаліся ў галовах. У
часе ж адыходу да сну гэтыя палоскі мусяць знаходзіцца ў нагах.
Памылкі дапусьціць нельга, могуць пакараць. А на што патрэбныя тыя
палоскі наагул?
У мыйні цячэ толькі халодная вада. Іншай не
прадугледжана. У мыйні ж мядзяныя кранікі пастойна трацяць бляск.
Адтварэньне бляску адбываецца праз дружнае націраньне кранікаў
папругамі.
У войску, мабыць, чулі пра разнастайныя мыйныя
рэчывы, але жаўнер чысьціць усё жоўтым пясочкам. Адылі эфэкту
ладнага з гэтага, ясна, нямашака.
Зіма — нялюбая пара
беларускіх жаўнераў; асабліва калі яна няпэўная. Кожная завіруха —
прадвесьце работаў па вычышчэньні прылеглай тэрыторыі. Апатэоз
сьнегаачышчэньня — выпрастоўваньне сьнегу, адкінутага на ўзбочыны.
Яму адмыслова надаюцца абрысы прастакутніка. Квадратны сьнег —
адна з самых пацешных бязглузьдзіц.
Паленьне ў войску
дазваляецца ў адмысловых альтанках, што завуцца курылкамі.
Шарагоўцы кураць разам пасьля т.зв. «прыёму харчу». І ў курылцы
мусяць тлуміцца ўсе, нат тыя, хто не паважае нікатыну. Для апошніх
кожны «перапал», асабліва вечарком, прыносіць шмат
«радасьці».
ДНІ, НІБЫ КРАКАДЗІЛЫЯ — жаўнер
нутраных войскаў, спадкаемца слаўнага НКВД. Рэжым яўна штурхае на
шчыльнейшую калябарацыю. Чорт яго ведае, якім чынам гэта гукнецца
надалей.
Дні паляцелі, нібы шалёныя кракадзілы сноў Зыгмунда
Фройда. Першага часу стала на тое, каб ясна ўцяміць, што навокал
адно цырк на дроце. Дарослыя людзі з сур’ёзным выглядам займаюцца
ўсялякай бздурай. Кшталту стаяньня зьвязу перад сталоўкай «на
зважай». Шыхтавая падрыхтоўка была адным з найгалоўных элемэнтаў
курсу маладога байца (КМБ). І вось мы ўжо аўтаматычна рухаемся
толькі шыхтавым парадкам.
Калі некаторыя вайскоўцы, кажуць, за
ўвесь тэрмін службы ні разу не страляюць, дык нам, жаўнерам
нутраных войскаў, мусова мець выбітныя паказьнікі ў агульнай
падрыхтоўцы. Найперш дзеля таго, каб у патрэбным часе застрэліць
ці хаця б параніць зэка-ўцекача. Канвой і ахова зьняволеных — адна
з галаўнейшых функцыяў нутраных войскаў. І вось за КМБ нам
давялося ажно тры разы выяжджаць на палігон. Я — настаўнік
гісторыі і нямецкай мовы — адстрэльваўся на выдатна. Гэта
часьцяком выклікала пакепваньні між службоўцаў: «Учыцель, нямецкі
зная, пісьмы па-нямецку палучая (сяброўка прыслала ліст і
валянцінкі беларускай лацінкай), страляя п*здата. Мабыць ета
шпіён якісьці». Шпіёнаманія. Мы запаўнялі мноства анкетаў, якімі
нас, што завецца, правяралі на вашывасьць — сувязь з крымінальным
сьветам, маладзёвымі групоўкамі (пад гэтую дэфініцыю падпадаюць і
БПСМ, і МФ, і РНЕ, і сатаністы).
Шматлікія прагаліны пустога
часу запаўняліся напісаньнем лістоў, рамонтам апраткі (дзякуй
Богу, што ў нас нямашака шынэляў і гімнастэрак!) ды пуставойцкімі
размовамі ні аб чым, дакладней, абы аб чым: жанчыны і сэкс, ежа і
гарэлка, войска і «гражданка». Апавяданьні пра жанчынаў спрэс
парнаграфічныя. Настрой розумаў — чыста патрыярхальны. Ровень
адукаванасьці службоўцаў у КМБ агулам даволі нізкі. Усё армейскае
жыцьцё ўгрунтаванае на лаянцы і самых брутальных мацюках, почасту
аднак вельмі цікавых філялягічна. Размаўляць жа даводзілася
па-расейску з ладным ухілам у трасянку. Вось жа і ўчыцель на
трасянцы ўмее. Хлопцы ж з нашай роты значнай сваёй часткаю —
вяскоўцы. Прэцэдэнтаў кшталту «ты деревня, а я — горожанин» мне
назіраць не даводзілася. Хаця сяржанты, бывала, кпілі зь
«някаючых» магілёўцаў. Кампанія падабралася рознашорсная.
Некаторыя ня грэбавалі каўтнуць адэкалёнчыку за нястачай
сапраўднай вогненнай вады. Адзін нат дзяліўся сваім цывільным
досьведам ужываньня «калёнскае вады»: «Глаўна, каб з вадой не
мяшаць, а, выпіўшы, сахарком заесьць вельмі добра».
У нашай
роце 4 чалавекі (разам зы мной) з вышэйшай адукацыяй. Кожны
імкнуўся нейкім чынам адгарадзіцца ад вясковага сыр-бору. Адзін,
юрыст, выпускнік Інстытуту сучасных ведаў, паскардзіўся неяк:
«Дома куча праблемаў, жонка цяжарная, а я так мушу хірнёй
страдаць. Тупею штодня». Мабыць, і мне было б цяжка ў войску, каб
я ня ведаў, хто такі Мартын Гайдэгер.
Ідэалягічна казармы
вытрыманыя як мае быць. Вісіць сьцяг, герб драздоўскі, партрэт
ППРБ. Ён жа ў сяржанцкім пакоі. Даводзіцца быць маўклівым
апазыцыянэрам, каб не наклікаць на сябе загадзя дзедаўшчыну. Калі
сам буду дзедам, дык заб’ю вялікі ржавы цьвік на «шакалаў» і буду
называць рэчы сваімі імёнамі. Беларускімі. Каб быць тут і ня
стацца калябарантам.
СІВЕР
Праз пару дзён
пасьля прысягі вучэбныя роты былі расфармаваныя, а я ў ліку двух
дзясяткаў чалавек з Баранавічаў быў разьмеркаваны ў адзін з
батальёнаў нутраных войскаў, што месьцяцца ў горадзе Н. Едучы ў
Н., сэрца гістарычнай Літвы, я цьмяна ўяўляў свае абавязкі
надалей. На курсе маладога ваякі нас былі пужалі службай вышкароў
(то бок ахоўнікаў зоны на вышках), баялі байкі пра неспакойны
нораў вязьняў, якія, маўляў, калі-нікалі шпурляюць у бок вышак
усялякую трасцу накшталт так званых заточак. Камандзіры Н-скага
батальёну адразу паспрабавалі згасіць падобныя ўяўленьні. Зрэшты,
даводзілі да ведаму розныя выпадкі, што здараліся раней і былі
пэўна выняткамі з агульнай плыні смутнацелых правілаў. Прыкладам,
у прамысловай частцы Н-скай калёніі суворага рэжыму зэкі аднойчы
прымацавалі ў шчамлёткі прыдбаны недзе патрон. А як што вокны цэху
выходзілі проста на вышкі, кемлівыя вязьні скіравалі шчамлёткі ў
бок вышкара ды байданулі па пятцы патрона малатком. Грымнуў стрэл,
ад якога вышкар ледзьве не нарабіў у порткі. Гэта было даўно.
Нядаўна ж, кажуць, на адной з зонаў выявілі пару самаробных
аўтаматаў, што па сваіх характарыстыках не саступалі ізраільскім
«Узі», нават перасягалі іх. Насельнікі калёніі людзі ўмелыя.
Добра, што гэтай халеры не знайшлося ўжытку.
Рыхтуючыся да
службы на вышцы, трэба ясна здаваць справу з таго, што раней ці
пазьней можа надарыцца момант уцёкаў, якія трэба перапыніць.
Перапыніць зброяй. То ж варта быць псыхалягічна падрыхтаваным
страляць у чалавека, хаця б і асуджанага. Камандзіры даводзяць,
што на ўцёкі торгаецца толькі ўсялякая плюга-мярзота. Накшталт
тых, хто атрымаў вялізныя тэрміны. Але ж нярэдка спробы ўцячы
робяць і тыя, хто прайграўся. За гэта ім касуюць віну. Нам жа за
перапыненыя ўцёкі мусяць даваць крыж МУС Беларусі «За самаадданую
службу» ды дзён 10 адпачынку. Як жартаваў старлей К., «можна
настраляць і на цэлы месяц». Галоўнае — правільна ўжыць зброю, а
то сам можаш апынуцца па той бок «лініі аховы». А гэта ўжо будзе
ня цукрам і нават не гарчыцай. За кратамі былому ахоўніку
гамон.
Салдацікі трапляюцца самыя розныя. Адзін на недалёкай
зоне застрэліў сябе ўжо па першым самастойным нясеньні службы на
вышцы. Высьвятляць сталі і выясьнілі, што хлопчык сам сабой
сатаністам быў, да войска ў сшытках ўсялякіх чорцікаў-дэманаў
маляваў з адпаведнымі слоўнымі атрыбутамі. У Н-скім жа батальёне
імкнуцца ўнікнуць такіх калізіяў. Падазроных «схільнікаў да
самагубства» ў каравул не пускаюць, пакідаючы на
гаспадарча-кухонных справах. Каб палічылі цябе гэткім схільнікам,
дастаткова ўсяго нейкай драбніцы. Адзін дык на шкле вышкі пальцам
нейкі мэлянхалічны вершык вывеў, за які яго перасталі дапушчаць у
каравул. Акром таго, перад зыходам на сёдні ў каравул (ці, як тут
кажуць, «да каровы») салдатам ніколі не выдаюць пісьмаў, каб тыя
не засмуцілі іх і не выклікалі суіцыдаў весткамі пра шлюбы
сябровак, цяжарнасьці тых самых сябровак ад іншых ці яшчэ
якіх-кольвек неспадзяванак з цывільля. Паколькі мусяць усе за
малым выняткам мець справу з баявой зброяй, «нестатуцыя» бытуе
тутака ў мяккіх, але даволі-ткі подлых па сутнасьці формах. Нам,
новаму прызыву, спрабавалі грузіць пра «сямейсцьвеннасьць».
Знайшлі чыстыя вушы для жоўтай локшыны! Адзінае, што сапраўды
падабаецца мне з тутэйшых традыцыяў, дык гэта прывітаньне ў
батальёне зьвязу, што вярнуўся з каравулу, поціскамі рук.
Нармалёвая мужчынская завядзёнка, толькі ня ўсе яе ўспрымаюць
па-сур’ёзнаму. Гэта й бянтэжыць, як той халодны паўночны вецер,
што выдувае цяпло з казармы Н-скага батальёну, якая месьціцца на
ўзгорку над «падапечным» аб’ектам...
Халодна.
НАША РУСЬ, ЭМАНЮЭЛЬ І АДАМ ГЛЁБУС
Зразумела, што ўсе хібы й заганы дзяржаўнага
беларускага радыё можна валіць на агульную запалітызаванасьць СМІ.
Але што казаць пра тых людзей, якія штодня, выношваючы
ідэалягічную замову рэжыму, выносяць у эфір несуградную плюгату?
Прыкаваны да радыёкропкі, за час трансьляцыі праграмаў БР
міжволі траціш часавую прывязку да гістарычнай эпохі. Згадкі пра
нейкую «нашу Русь» ды традыцыі «нас-рускіх» складаюць цэлую
сыстэму і пералазяць зь перадачы ў перадачу. Канечне, вядучыя й
дыктары часьцяком гавораць па-беларуску. Аднак для мастацкай
ілюстрацыі якой-небудзь думкі аб «вечнасьці й тленнасьці» цытуюць
заўсёды расейскіх паэтаў, пра якіх нават многія абазнаныя людзі ня
чулі. Гэткія маніпуляцыі падспудна выкрэсьліваюць беларушчыну з
кантэксту развагаў аб «узьнёслых матэрыях».
Няўжо гэта сьвядомы
выбар і, прамаўляючы тое, што яны прамаўляюць у мікрафон, яны
выказваюць сваю асабістую думку? Ці разумеюць яны ўласную
другаснасьць, заслоненасьць собскага «я» ідэалягічным хлудам?
Верагодна, што вялікую ролю тут граюць страхі, якія змушаюць
ладную частку радыйнай грамады да калябарацыі. Сам не без заганы
(нашу на кукардзе ня свой герб), мушу сказаць, што акурат страх
затыкае рот і прывучае да канфармізму. Але ж гэта ў армейскіх
умовах. Відаць, для нашых радыйнікаў даўно настала ваеннае
становішча, ад якога няма спасу ні ім, ні «нашай Русі».
Іншым
разам, праўда, і на БР, як на тую дзеўку з прымаўкі, бывае грэх,
калі ў эфір трапляюць імёны людзей з нашай Беларусі, а ня «нашае
Русі». Неяк адна жанчына, тэлефануючы на адну музычную праграму,
прыгадала Андрэя Мельнікава. Гаварыла па-расейску, але выказала
захапленьне творчасьцю беларускага барда. Людзі здатныя захапляцца
беларушчынай. Але для гэткай беларушчыны на БР дзьверы
пазамыканыя. Залезьці можна адно праз фортку ці вэнтыляцыйную
шахту.
Гэткім чынам аднаго разу героем развагаў якойсьці
«шляхетнае спадарыні» стаў ведамы пясьняр Адам Глёбус. Цётачка аж
захліствалася ў ацэнках «Новага Дамавікамэрону». Казала пра
«змрочны сьвет» Глёбуса, які «населены прывідамі і зданямі», што
надзеленыя плоцьцю, і плоцьцю агрэсіўнай. Не ўнікнула яна і
традыцыйнай савецкай догмы пра «цнатлівасьць беларускай
літаратуры». Ясна, што пра аўтарскае права ўспрымаць навакольныя
зьявы ў завостраным выглядзе там не ішлося. Вось жа і мазгуй,
спадарства, ці такі ўжо далёкі дзядзька Адам са сваім «змрочным
сьветам» ад адлюстраваньня рэаліяў сёньняшняй Рэспублікі Беларусі,
якая чыста гмізіць паталёгіямі, што, між іншага, патрапляюць і ў
радыёэфір.
Чаго толькі вартыя ўсе гэтыя «курлы-курлы»
радыё-пташак, якія мядовымі тырадамі расьцякаюцца па розьверці
героя нашага ўрэмені. Зусім нецнатліва выглядаюць сцэны, калі
дарослыя мужыкі дазваляюць сябе «трахаць» рахмана, паслухмяна і,
што самае цікавае, публічна, а БР тыражуе сюжэты пра гэта. Радыё з
дня ў дзень паўтарае пра маральнасьць і прыстойнасьць
«нас-рускіх». Ды пры ўсім гэтым хвальшаваным маралізатарстве, што
выдае жаданае за ўяўнае, у віншавальнай старонцы праграмы «Ў
абедзенны перапынак» віншаваньні пэнсіянэрам і вэтэранам гучаць на
тле цудоўнай мэлёдыі з добра знанай колькім апошнім пакаленьням
парнушкі «Эманюэль». А вы кажаце пра «пачварнага Глёбуса», не
схаваўшы як сьлед свае хвасты і
рожкі.
ЛАЗЬНЯ
Імкненьне эўрапейскага
чалавека да трывалага падтрыманьня чысьціні свайго цела стала
абазначылася ў эпоху Асьветніцтва. Войска, чые камандзіры часта
выступаюць апалягетамі чысьціні, мусіла б як мага пільней сачыць
за станам салдацкіх целаў. Насамрэч гэтага не адбываецца. Вымыцьцё
салдацікаў праходзіць у памяшканьнях, якія па традыцыі, незалежна
ад наяўнасьці парыльні ў іх, завуцца лазьнямі (дакладней —
«банямі», дзеля расейшчыны). Пры вымыцьці салдата тэарэтычна, а
часьцяком і практычна чакае праблема наяўнасьці вады, як цёплай
(летняй), так і халоднай. Апэлюючы да вайсковых катэгорыяў, вам
могуць сказаць вымытыя ў хатніх ваннах камандзіры: «У салдацкай
лазьні ня можа быць вады халоднай ці гарачай, тут вада альбо
ёсьць, альбо яе няма».
Мыйныя памяшканьні ня дужа вялікія,
дзеля чаго натуральным зьявішчам у лазьневым дні стаюцца чэргі
ротаў (дый зьвязаў) на мыцьцё (у вялікіх падразьдзяленьнях).
Адстаяўшы чаргу, салдат мусіць ісьці даводзіць да ладу сваё цела,
на што, залежна ад ліміту часу ды інтэлектуальнага роўню
камандзіраў, можа давацца ад 10—15 да 20—30 хвілінаў. Жаўнеры на
гэтую аказію павінны атрымаць па 25 грамаў мыла на брата. То бок
звычайны брусочак мыла мусіць быць разрэзаны на таненькія кубікі.
Рэальна гэтага няма. Салдаты, што мыюцца, адзержываюць пару цэлых
брускоў мыла і карыстаюцца імі супольна. Ясна, што нормы асабістай
гігіены ў такіх умовах нядбаюцца. Адным і тым самым мылам
націраюць сабе галовы, вымываюць геніталіі і крумянкі ад чатырох
да васьмёх чалавек (залежна ад велічыні падразьдзяленьня). З
собскага досьведу таксама мушу зазначыць надта гідкае адчуваньне
ад міжвольных крананьняў мужчынскіх целаў, калі дзесяць чалавек
спрабуе памыцца пад адным душам альбо чалавек дваццаць намагаецца
адкарэць у маленечкай парыльні. З усяго гэтага стаецца зразумела,
што адным з асноўных жаданьняў беларускага жаўнера (апроч гарэлкі
і жанчынаў) стаецца ахвота ўзяць нармалёвую ванну, лёгшы ў
гарачэнную пенную духмяную вадзіцу на некалькі
гадзінаў.
АЛСУ, АЛЕСЯ І БЕЛАРУСАФОБІЯ
Раскволеныя доўгачаканаю парыльняй, размаўляюць
салдаты-вышкары, вартавыя зьняволеных ваўкавыскае калёніі:
“Сягоньня на сьвіданку [на афіцыйна дазволеную сустрэчу зь
вязьнем. — С.Б.] прыехала адна кабыла — вылітая Алсу”. — “Ды ну? А
сьвіданка працяглая?” — “Ага!” — “Ну, то я яе шчэ пабачу”. Мае
спаслужцы часта-густа апэруюць праўдзівымі і фальшывымі сымбалямі
расейскае мас-культуры. Расейская сьпявуня ў гэтым пляне нашмат
даражэйшая ім за тую ж Алесю. Пра існаваньне Алесі яны ведаюць,
але называюць няйнакш як “вусатая”. Гледзячы зрэдку праз TV
беларускія канцэрты, даводзіцца чуць такое: “Краля нічаго сабе, і
цыцкі нармальныя. Толька пачэму ана па-беларускі поёт?” Гэта пра
нейкую сьпявачку. А адзін мой “дзед” нават быў перакананы, што
шматлікія канцэртныя праграмы накшталт “Зорнай ростані” здымаюцца
ў пустой залі, а ўжо для TV робіцца мантаж, дзе прыклейваюць
карціну з гледачамі, каторыя пляскаюць у ладкі выканаўцам. “Ну кто
попрётся слушать белорусское?” — шыпеў глуздануты “дзед”.
Вышэйшасьць расейшчыны затлуміла галовы беларускіх хлопцаў аж да
таго, што сваю асабовую рэалізацыю, выбудову сваёй кар’еры многія
бачаць на прасторах усходняй суседкі. “Эх, был бы у меня голос,
поехал бы в Россию песни петь да бабки загребать”, — уздыхаў адзін
мой “чэрап”, звар’яцелы на “нестатуцыі”…
За ўсім гэтым бачыцца
постаць беларусафобіі. Непрыманьне беларушчыны навідавоку: “І ў
нас ёсьць такія, што гаварат: “Я выбіраю бел. мову!”. Сука,
кажацца, ё*нуў бы ў зубы, штоб ваабшчэ нікакой мовы не была”. Іншы
прыклад: “Пойдёшь в “увал”, купишь мне открытку. Только гляди
нормальную или типа того”. Во трасца вашай матары, цяперака ж і зь
“Віншую!” някепскія паштоўкі штукуюць! Але ім трэба,
відзіце лі,
па-расейску. Зрэшты, аднойчы белмоўную паштовачку з маёй тумбачкі
сьцебанулі.
Часьцяком бываюць хвіліны, калі я проста чмурэю з
таго, што сярод усяго батальёну я адзін беларусафіл, беларускі
нацыяналіст. Але ж да гэтага часу я мушу, як і раней, хавацца.
Хаця капэрты зь беларускімі надпісамі, адрасаваныя мне, нярэдка
трапляюць сяму-таму на вочы… Маўчаць. Можа сярод гэтай гушчы ёсьць
яшчэ нехта зь беларускаю арыентацыяй? Гэта як гульня ў выведку.
Калі-нікалі я адмыслова насьвістваю мэлёдыі белмоўных песьняў — а
раптам хтось падтрымае, азваўшыся, нібы на пароль…
Сэржанцік
паказвае сьвятлопіс сваёй дзяўчыны, усе глядзяць на яе, я ж між
іншага кідаю позірк на інтэр’ер, дзе яна здымалася, і заўважаю аж
занадта знаёмую мне налепку на дзьвярох: “Stopluka!” Што гэта?
Можа быць і яно. Зразумела, цяжка перабываць доўгім часам у
варунках канцэнтраванае беларусафобіі. Цешыць толькі адно, што да
гэтага часу ў нашым батальёне ані разочку не праводзілася
антыбеларускае прапаганды на афіцыйным роўні. Хаця афіцэры і
прапаршчыкі батальёну яўным чынам настальгуюць па СССР. “Во дзе
яшчэ адна праблема!” — любіў (ды, напэўна, любіць і зараз)
усклікаць мой дэкан, і меў рацыю.
2000 г.