КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАННІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Культурныя вынікі - 2009

Пяць феноменаў у беларускім культурным жыцці
Ад бязмежнай плыні інфармацыі, якая штодзённа праз мільярды невідочных трубаў і патрубкаў імкнецца прамыць табе мозг, галава сур’ёзна пухне. З усіх сілаў ты намагаешся не страціць крытычнае ўспрыманне рэчаіснасці. Але ўсё адно раз-пораз брытаеш сябе думкай: твая рэчаіснасць сфармавана найперш той самай інфармацыйнай плынню, якая так старанна клапоціцца пра вымытасць твайго мозгу. Падобныя развагі, дасягаючы пэўнае глыбіні, могуць выклікаць дэпрэсію, дадаць лішнюю пайку цынічнасці ці папросту ўзрушыць фантазію. Праўда, якой бы твая рэакцыя ні была, у яе смузе праступаюць абрысы разумення банальнае рэчы: ты да ўсяго звык, і цябе мала што здзіўляе.

Калі максімальна згусціць фарбы, то ўсё вышэйапісанае – чыстая праўда, і няма нават найменшага прасвету. Але прасветы ўсё-ткі бываюць, і трапляецца тое, што па-сапраўднаму здзіўляе. Паспрабую назваць пяць феноменаў культурнага (у вельмі шырокім сэнсе) жыцця Беларусі 2009 года, якія нямала мяне здзівілі.

Творыцца нешта дзіўнае

1. Трыумф гарадскога фальклору
Гарадскія легенды (яны ж – сучасныя сагі) існуюць не адно дзесяцігоддзе і маюць сусветную пашыранасць. Другая палова восені 2009 года ў Беларусі сталася часам, калі гарадскі фальклор забуяў самымі вычварнымі суквеццямі. Эпідэмія пачварнага грыпу памножаная на адсутнасць вартай даверу інфармацыі выцягнулі з падсвядомасці беларускага жыхарства першабытныя страхі. І даводзілася штодня чуць пра тысячы смяротна хворых, якіх з прычыны нястачы месцаў размяшчаюць у актавых залах. Пра запоўненасць больнічных моргаў. Пра тое, што труны выраблялі, працуючы ў тры змены.

2. Поспех Юры Дземідовіча на нацыянальным этапе конкурсу «Дзіцячай Еўравізіі»
З’яўленне і трыумфальнае шэсце Юры Дземідовіча з песенна-акторскім нумарам «Волшебный кролик» сталася для Беларусі нечаканым феноменам 2009 года і дагэтуль працягвае выклікаць спрэчкі. Як бы там ні было, але Юра – выпадкова ці заканамерна – сваім нефарматным нумарам змог прыўнесці рэвалюцыйны струмень у тую багну, якая завецца айчыннай {дзіцячай} эстрадай.

3. Актуалізацыя разваг пра нацыянальную ідэнтычнасць у звязку з перамогай на конкурсе «Еўравізія» нарвежца беларускага паходжання Аляксандра Рыбака
Перамога на конкурсе «Еўравізія» нарвежца беларускага паходжання спарадзіла ў нашым грамадстве дыскусіі, якія ў такім маштабе здаваліся зусім немагчымымі. Людзі рознага веку на вуліцы і ў транспарце, на працы і на прагулянцы, у традыцыйных медыях і ў сеціве спрачаліся пра тое, ці варта цешыцца перамогай Аляксандра Рыбака, лічачы яго беларусам. Гэтыя спрэчкі акуталізавалі ў грамадскай думцы спектр праблемаў звязаных з нацыянальнай ідэнтычнасцю.

4. Распрананне як сродак public relations
Хто толькі з актараў культурнага жыцця на Захадзе і ў Расіі ні распранаўся перад аб’ектывамі фотакамер! Нельга сказаць, што ў Беларусі такога ніколі не было. Было, але мела спарадычны, несістэмны характар. 2009 год у гэтым сэнсе прадэманстраваў выразна сістэмныя хвалі. Распрануліся пэўныя беларускія пісьменнікі-мужчыны для календара «Канец словаў». Распранулася жаночая зборная Беларусі па баскетболу для календара фабрыкі слодычаў «Спартак». Распрануліся Сяргей Міхалок і Святлана Зелянкоўская для нестандартнага кліпа на песню «Зорачкі». Грамадства на гэта рэагуе (калі рэагуе ўвогуле) супярэчліва. Але тэндэнцыя, відаць, ужо няспынная.

5. Папулярнасць кніг Стэфані Майер
Кнігі амерыканскай пісьменніцы Стэфані Майер (Stephenie Morgan Meyer) з цыклу гісторыі кахання дзяўчыны да вампіра ў 2009 годзе набылі шалёную папулярнасць сярод беларускай моладзі: раманы ў рускіх перакладах «Сумерки», «Новолуние», «Затмение» і інш. Прычыны гэтага феномену не зусім зразумелыя. Прынамсі, адным уплывам на моладзь фільмаў паводле першых двух раманаў яго патлумачыць нельга. Дзіва, якое патрабуе пільнай увагі і стараннага вывучэння, асбліва з боку беларускіх пісьменнікаў.

Карцінка: -seed-

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.