КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАННІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Культурныя вынікі - 2009

Пяць замежных фільмаў + пяць жартаў на тэму айчыннага кіно
З замежнымі фільмамі збольшага ўсё ясна – іх вельмі шмат, яны дамінуюць, імі завалены лакальныя сеткі, дый у белнэце іх можна без праблем знайсці. З беларускімі фільмамі – бяда. Іх нібыта і здымаюць, але пабачыць іх практычна немагчыма. А калі магчыма, то толькі аднойчы, бо жаданне пераглядаць узнікае не так часта.

Дык якую ж пяцёрку замежных фільмаў 2009 года я назаву лепшай? Будзеце смяяцца, але яна выглядае дужа прадказальна.

Кіно і немцы

1. «Ганебныя збяёдкі» (арыгін. назоў «Inglourious Basterds», у рус. пер. «Бесславные ублюдки»). ЗША-Нямеччына, 2009. Рэжысёр – Квенцін Таранціна (Quentin Tarantino).
Фармальна – гісторыя пра дыверсійную групу амерыканскіх габрэяў, якія здымаюць скальпы ці выразаюць на лобе свастыку нямецкім нацыстам у Францыі, а ўрэшце спрычыняюцца да пагібелі кіроўнай верахвіны Трэцяга Райху ў адным з французскіх кінатэтраў. У маім разуменні – фільм пра кіно як сродак прапаганды/прамывання мазгоў/масавізацыі культуры, а таксама пра ілюзорнасць падмурку паліткарэктнасці, якую вызнае сучасная заходняя цывілізацыя.

2. «Аватар» (арыгін. назоў «Avatar», у рус. пер. «Аватар»). ЗША, 2009. Рэжысёр – Джэймс Кэмеран (James Cameron).
Карпарацыя, якая, верагодна, давяла Зямлю да экалагічнай катастрофы, імкнецца здабыць нейкі суперкаштоўны карысны выкапень на планеце Пандора. Пандарыянцы, якія жывуць у гармоніі з прыродай супрацьстаяць пасланцам неба. Фільм поўны паралеляў з рэаліямі зямное сучаснасці. У выніку нетыповы для сучаснай кінафантастыкі момант – іншапланетнікі выглядаюць больш чалавечнымі, чым самі людзі. Зрэшты, вядзецца не пра вайну між планетамі, а пра вайну хіжай зямной карпарацыі супраць іншапланетнай язычніцкай расы. Выдатныя спецэфекты суправаджаюць ўсю дзею ад пачатку да канца, але яны толькі даважак да ідэалагічнай антыімперыялістычнай асновы фільма.

3. «Раён №9» (арыгін. назоў «District 9», у рус. пер. «Район №9»). ЗША, 2009. Рэжысёр – Ніл Бломкамп (Neill Blomkamp).
Фармальна фільм пра казяўкападобных іншапланетнікаў, якія з прычыны паломкі іх агромністага касмаплаву апынуліся на Зямлі каля Ёханэсбургу, дзе працягам колькіх дзесяцігоддзяў мусяць жыць у рэзервацыі і трываць непрыязнае стаўленне людзей да сябе. Рэальным пасланнем фільма ёсць, напэўна, клопат пра ўсё тую ж славэтную паліткарэктнасць, якая жарэ сённяшнюю еўрапейскую цывілазцыю. Рэжысёр спрабуе намацаць у гледача стрункі ксенафіліі. У некаторых момантах яму гэта ўдаецца.

4. «2012» (арыгін. назоў «2012», у рус. пер. «2012»). ЗША-Канада, 2009. Рэжысёр – Роланд Эмерых (Roland Emmerich).
Фільм, які з аднаго боку, нібыта і падагравае апакаліптычныя настроі зямлян, але з іншага робіць гэта так камічна, што даць веры ў тое, што дзеіцца на экране вельмі а вельмі цяжка. Замест драматычнага фільма-катастрофы атрымаўся камедыйны фільм-катастрофа. Не магу зразумець, ці гэта задума рэжысёра ці ягоны пралік. У кожным разе ў хуткі канец свету пасля прагляду фільма верыш мала.

5. «Юлечка» (арыгін. назоў «Юленька»). Расія, 2009. Рэжысёр – Аляксандр Стрыжэнаў (Александр Стриженов).
Страхаморнік пра настаўніка, які прыязджае працаваць у правінцыйны расійскі гарадок і сутыкаецца з загадкавымі небяспечнымі для жыцця праявамі, крыніцай якіх з’яўляецца маленькая школьніца Юлечка. Часам сапраўды страшна і нават вусцішна, часам проста смешна, часам суцэльнае раздражненне (асабліва ад найгранай мітусні героя Марата Башарава). А агулам цікава яшчэ і тое, што сцэнар да яго напісаў беларуска-рускі літаратар Андрэй Курэйчык. Усё думаю, ці многа Беларусі ён кантрабандай зацягнуў у свой сцэнар...

Вось такая, як вы ўбачылі, пяцёрачка. А цяпер давайце паспрабуем уявіць сітуацыю, што гэтыя ж самыя фільмы ўзяўся б здымаць «Беларусьфільм». Паехалі!

1. «Славные сыны»
У кіраўніцтва Беларускага штабу партызанскага руху прыходзіць інфармацыя пра тое, што амерыканскія дыверсанты, якія называюць сябе бесславными ублюдками, запланавалі знішчыць Гітлера і яго набліжаных у часе кінасеансу ў адным з гарадоў Францыі. З блаславення Цэнтральнага штабу партызанскага руху і Стаўкі фарміруецца спецыяльная група, якая адпраўляецца ў Францыю, каб перашкодзіць амерыканцам павярнуць ход вайны. Урэшце яны сустракаюцца на вузкай сцяжынцы ў Булонскім лесе. «У вас не выйдет отнять у нас наше 9 мая!» – катэгарычна заяўляе камандзір савецкай групы Алесь Жуковіч (актор – Аляксандр Балуеў). Пачынаецца бой. Перамагае мацнейшы.

2. «Элеватор»
Беларускія навукоўцы высвятляюць, што на далёкай планеце Пандора ёсць якасны сілікон для стварэння ў рэспубліцы паўнавартаснай сіліконавай даліны. Урад Беларусі накіроўвае на Пандору аб’яднаную групу навукоўцаў і спецназаўцаў на чале з крэпкім хазяйственнікам Іванам Францавічам Паддубным (актор – Анатоль Кот). Па прыбыцці высвятляецца, што здабыць сілікон праблематычна – радовішча сцерагуць ружоваскурыя пантэрападобныя волаты, якія жывуць у гармоніі з прыродай і лазяць па дрэвах. Дамовіцца з імі Паддубны ніяк не можа. Тады ён ідзе на скрайнюю меру – загадвае сваім падначаленым засеяць пяць тысяч гектараў пандарыянскай зямлі бульбай і цвёрдымі гатункамі зерневых. Для абарыгенаў гэта становіцца няпростым выпрабаваннем.

3. «Шабаны №9»
Над Мінскам з прычыны паломкі завісае касмаплаў казяўкападобных іншапланетнікаў. Яны хутка плодзяцца і патрабуюць паляпшэння жыллёвых умоў. Дзяржава імкнецца урэгуляваць гэтую праблему: сярод прышэльнікаў пашыраюцца два мільёны білетаў «Супер Лото», па якіх яны маюць выйграць па асобнай кватэры ў элітных новабудоўлях сталіцы «Шабаны №9». Аднак правядзенне чарговага тыражу латарэі пад пагрозай – тэлевізійны чыноўнік-перараджэнец незадоўга да эфіру выкрадае барабан з шарамі для розыгрышу латарэі...

4. «2012»
Беларускі спадарожнік «Вавёрка» перахоплівае сакрэтную інфармацыю пра хуткі надыход канца свету. Урад Беларусі прымае рашэнне выратаваць усю краіну. Навукоўцы шукаюць розныя спосабы, але не могуць знайсці. Урэшце ў спецыяльную камісію прыходзіць член союза писателей, исполненный духовности і дорыць старшыні сваю кнігу, дзе той знаходзіць ідэю выратавання Беларусі праз стварэнне над ёю купалу са звыштрывалага крышталю айчыннае вытворчасці...

5. «Алесенька»
Настаўнік прыязджае працаваць у здавалася б добра развіты аграгарадок. Аднак сярод яго падапечных ёсць вучаніца Алесенька. Яна апантаная цёмнымі сіламі і прымушае дрыжаць ад страху і школу, і ўвесь аграгарадок з бліжэйшымі вёскамі ўключна. Разумеючы, што ў такіх умовах працаваць немагчыма, настаўнік наважваецца ўступіць у БРСМ і арганізуе ў школе гурток па вывучэнню праваслаўнай культуры. Хітрасцю ён заваблівае туды Алесеньку і прымушае яе ўступіць у піянеры. Але толькі настаўнікаў расказ пра радетеля православия Александра Васильевича Суворова пачынае нешта мяняць у д’ябальскіх паводзінах дзяўчыны...

Карцінка: Grinch7

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.