КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАННІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Культурныя вынікі - 2009

Пяць беларускіх кніг
Прызнаюся, што на тых паліцах, якія ёсць у мяне дома даўно няма вольнага месца для новых кніг. Таму кнігі я набываю амаль толькі тыя, што ад пачатку мяне цікавяць або змаглі мяне заінтрыгаваць розгаласам у медыях. Праўда, розгалас розгаласу розніца. Наўмысна сфабрыкаваная і штучна ўзнятая хваля захаплення пэўнай кнігай адчуваецца за тры вялікалітоўскія вярсты. Ясна, што без піяру сёння нікуды. Але выяданне вачэй спажыўца літаратурнага прадукту рэкламнымі захадамі без розуму ды фантазіі моцна бянтэжыць і выклікае адпрэчанне. Аднак на сённяшні дзень нормай літаратурнага піяру па-беларуску сталіся хітражопасць і тапорнасць.

Зазначу, што пяцёрцы наступных кніг не спатрэбілася амаль ніякая рэклама, каб апынуцца ў маіх руках і скласці ўрэшце спіс найлепшых беларускіх кніг 2009 года.

Удзячны чытач

1. Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан...: перакладная белетрыстыка Беларусі XV–XVII стст. Мінск: Беларуская навука, 2009.
Нарэшце многае з літаратурнай старабеларушчыны, што ў студэнцкія гады ўзрушвала нейроны майго мозгу і падымала ў высі зоркалёты маіх крозаў, было сабрана пад адной вокладкай. Гэта важкая кніжная цагліна на доўгі час будзе мне і крыніцай натхнення, і містычным дарадцам. Магчыма, у сваёй эпосе сабраныя ў кнізе творы і выконвалі функцыю белетрыстыкі, як гэта падкрэсліў укладальнік зборніка Алесь Бразгуноў. Але за столькі стагоддзяў яны паспелі набрыняць значнасцю, атрымаць арэол таямнічасці, бо выжылі – захаваліся ў бязлітасным агні айчыннае гісторыі.

2. Замовы. Мінск: Беларусь, 2009.
Яшчэ адна кніга, пра якую я даўно марыў. Частка нашай традыцыйнай магіі, да якой нельга дакранацца без трымцення. З нядаўніх часоў – мая настольная кніга. Не спяшайцеся выклікаць паліцаяў з начнога дазору – я толкам не чарую. Проста чытаю ўголас і атрымліваю асалоду.

На сінім моры прыстол стаіць,
За тым прыстолам сам Гасподзь Бог сядзіць,
Кніжку гартае і малітву чытае...


Спрабаваў, праўда, адной дзяўчыне парэзаны пальчык адной замовай падлячыць. Што было далей, лепей і не прыпамінаць.

3. Васючэнка Пятро. Ад тэксту да хранатопа: артыкулы, эсэ, пятрогліфы. Мінск: Галіяфы, 2009.
Заўсёды зайздросціў Пятру Васючэнку за майстэрства праводзіць парадаксальныя паралелі, бачыць у беларускай літаратуры тое, што многім з розных прычын убачыць немагчыма. Кніга «Ад тэксту да хранатопа» споўнена гэтым майстэрствам. І ад таго захапляльна сустракаць імёны любімых беларускіх пісьменнікаў (Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Караткевіч) у нечаканых кантэкстах. Тэксты гэтага зборніка – і жывая глеба для роздумаў, і гатовая шпаргалка для адшукання пэўных творчых хадоў.

4. Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім. Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша: Апокрыф-правакацыя. Мінск: Галіяфы, 2009.
Даўняя задума буржуазных беларускіх літаратараў была даведзена да ладу. Перад намі ўзор сатырычнага пераасэнсавання гісторыі трох народаў, якіх усё яшчэ называюць усходнімі славянамі. Сатыра выключна з’едлівая, без найменшага намёку на літасць. У творы добра распазнаюцца вядомыя падзеі, канцэпцыі, лозунгі, але яны падаюцца пад такім вострым соусам, што ніводзін ура-патрыёт з Беларусі, Украіны і Расіі не здолее гэткую падачу вытрымаць. Зрэшты, кожны, хто насамрэч і любіць сваю радзіму, і паважае сваіх суседзяў, зместам кнігі будзе ўсцешаны. Мне ж ён цікавы яшчэ і як прыклад літаратурнай-гістарычнай містыфікацыі іншага кшталту, чым ствараю я сам.

5. Уласевіч Вікторыя, Даўгалевіч Наталля. Слоўнік новых слоў беларускай мовы. Мінск: ТетраСистемс, 2009.
Іншы час – іншы квас, як казалі нашы продкі. У беларускай мове назбіралася шмат словаў, якіх раней не было. Шаноўныя спадарыні аўтаркі пазбіралі іх і склалі слоўнік. Цікава, што крыніцамі, з якіх чэрпаліся новых словы, сталі не толькі традыцыйная папяровая перыёдыка – газеты і часопісы, але інтэрнэт-рэсурсы – сайты і блогі. Кніга цікавая і карысная, асабліва для тых, хто без памяці любіць слоўнікі. А акурат так я слоўнікі і люблю.

Карцінка: dropdroping

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.